Инспекторы МЧС помогают сельчанам выявить узкие места в отоплении их домов

«Прад’явіце печ на праверку!»

Верасень пакуль дорыць цёплае надвор'е, але халады ўжо не за гарамі. З іх прыходам пачнецца і ацяпляльны сезон. У працу «ўключацца» ў тым ліку і печкі. Карэспандэнт «Р» разам з інспектарам інспекцыі нагляду і прафілактыкі Барысаўскага ГРАНС Вадзімам Цімаховічам адправіўся ў аграгарадок Перасады і праверыў, ці выконваюць мясцовыя жыхары правілы пажарнай бяспекі.

Інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Барысаўскага ГРАНС Вадзім ЦІмаховіч скрупулёзна сочыць за выкананнем гаспадарамі правілаў пажарнай бяспекі.
Фота аўтара

Падчас падамавога абходу інспектары не прапусцяць нікога. У першую чаргу правяраюць сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і шматдзетныя сем'і, адзінокіх людзей. У разгар будзённага дня многія дамы на замках, усе на працы, да таго ж шмат дачнікаў жыве ў аграгарадку. Таму па выхадных — дадатковыя абходы.

На двары брэша сабака. Яго гаспадар рамантуе старэнькі Фольксваген. Называемся і просім паказаць дом.

— На печцы нічога не захоўваеце? — пачынае аглядаць дом Вадзім Цімаховіч. — Бачу, ёсць прытопачны ліст ля печкі, гэта добра.

З другога пакоя выглядаюць дзеці, ім цікава, што за людзі ў форме прыйшлі да іх дадому. Дзядуля загадвае ім не выходзіць.

— Колькі ў хаце дзяцей пражывае? — працягвае інспектар.

— Пяць, мы нядаўна пераехалі, — дарэчы, гэта прыкметна: пярэдні пакой завалены рэчамі. 

— Памятаеце, нельга пакідаць дзяцей адных, — нагадвае простыя правілы Вадзім Цімаховіч. — Так, трэба наводзіць тут парадак, а вось і плафона няма на лямпачцы. 

Інспектар звяртае ўвагу на печ, адлегласць ад яе ўнутранага боку да столі. Трэба збоку выкласці пару цаглін, каб печ блізка не прымыкала.

— Калі будзеце рабіць рамонт, звярніце ўвагу і на праводку, яна павінна быць у корабах, — новая заўвага ад інспектара.

— У металічным, — з веданнем справы кажа і гаспадар дома.

— А комін як даўно чысцілі? Ён пабелены? 

— Даўно... не пабелены, — шчыра прызнаецца той.

— Ведаеце, што з запалкамі гуляць нельга? — звяртаецца да маленькіх жыхароў дома Вадзім Цімаховіч.

— Будзе пажар, непрыемнасці, — ціха прамовіла старэйшая з «квінтэта».

— А куды трэба тэлефанаваць у выпадку пажару? — цэлая віктарына ад інспектара.

— У 101, тата распавёў, — ужо гучна і ганарліва дэкламавала дзяўчынка.

За правільны адказ — размалёўка. Усім натоўпам пабеглі яе разглядаць. Мы заўважылі кучу недакуркаў на верандзе. Дзядуля сарамліва апускае вочы. 

— Паліце толькі на вуліцы, дрэнна затушыце цыгарэту, будзе бяда, — інспектар выпісвае рэкамендацыі па ліквідацыі недахопаў. Па гэтым адрасе ён яшчэ вернецца.

У другім доме жыве ветэран. Двор пакошаны. Ля адрыны акуратна складзены нарыхтаваныя да зімы дровы. На парозе сустракае сівавалосы дзядок, але салдацкую выпраўку гады не сцерлі. Уладзіміру Пятровічу 92, з трэцім Беларускім фронтам дайшоў да Кенігсберга, а з першым Украінскім — да Берліна. У прасторным доме чыста і светла. На століку фатаграфіі дзяцей і ўнукаў.

— Сацработнікі дапамагаюць па хаце, — тлумачыць Уладзімір Пятровіч.

Інспектар звярнуў увагу на фіранкі да печы.

— Калі распалю печ — прыбяру іх, — кажа ветэран.

На столі пажарны апавяшчальнік.

— Ён не працуе, — уздыхае гаспадар дома.

Прычына непаладкі простая — села батарэйка. Вадзім Цімаховіч прынёс з машыны новую і замяніў яе. У цэлым жа, у ветэрана ў доме з пажарнай бяспекай усё добра.

ikras@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter