Прачытай і раскажы другому

Што агульнага паміж сіратой, салдатам і краязнаўцам? Усе яны — сталыя наведвальнікі бабруйскай бібліятэкі імя Еўфрасінні Полацкай. Кніжны дом існуе ўжо сорак год, а з нядаўняга часу з хаты-чытальні ператварыўся ў нефармальны грамадска-культурны цэнтр горада.

Сапраўднае жыццё ў біблі-ятэцы пачынаецца ўвечары. Калі сюды прыходзяць незвычайныя чытачы. Яны прыносяць прачытаныя ад коркі да коркі кнігі, заказваюць новыя. Але не ідуць дадому, а застаюцца, каб узяць удзел у творчай вечарыне, дыспуце, дамовіцца пра сумесны “культпаход”.
— У сваёй рабоце мы не сталі абмяжоўвацца выпісваннем картак і білетаў для наведвальнікаў, — кажа Таццяна Трапязон, загадчыца бібліятэкі № 8 імя Еўфрасінні Полацкай. — Нашы супрацоўнікі пачалі цікавіцца асобамі сваіх “кліентаў”, і так з часам, шукаючы адзін аднаго па інтарэсах, мы аб’ядналіся з чытачамі адразу ў некалькі клубаў. Гэта патрэбна, каб людзі адчулі: яны не самотныя ў сваіх думках, могуць па-
дзяліцца ўражаннямі ад прачытаных кніг. А ў кожнай сацыяльнай групы часта спецыфічная зацікаўленасць у літаратуры.
Яшчэ ў 2005 годзе з’явіўся клуб “Беларускія традыцыі”. Яго ўдзельнікі не толькі чытаюць даследаванні па традыцыйнай культуры, але ўжо сабралі багатую калекцыю рэчаў з гарышчаў хат сваякоў.
Дзеці-сіроты са спецшколы-інтэрната № 2, застаўшыся без бацькоў, знайшлі ў бібліятэцы спагаду і новых сяброў. Цяпер яны разам ладзяць дні нараджэння і нават навучыліся адзначаць царкоўныя святы — нездарма ж бібліятэка носіць імя Святой Еўфрасінні. Для хлопцаў і дзяўчат з шостых—дзесятых класаў арганізаваны клуб, дзе яны могуць тое, пра што прачыталі ў кнігах па мастацтву, зрабіць сваімі рукамі.
Мабыць, найбольш ары-гінальны гурток арганізавалі вайскоўцы. “У салдата выхадны” — у клубе з такой назвай штомесяц сустракаюцца воіны з в/ч 5227.
— Салдат не толькі службу нясе, цяпер чалавек у пагонах яшчэ мусіць быць і дасведчаным у гісторыі ваеннай справы. Чытачы ў форме, якія прыхо-
дзяць у нашу бібліятэку, — сапраўдныя знаўцы сваёй прафесіі, — адзначае Таццяна Іванаўна.
Цяпер бібліятэка рыхтуецца да 65-годдзя вызвалення Беларусі. Напярэдадні свята будзе арганізавана унікальная выстава, прысвечаная жанчынам Бабруйска. Усім жыхарам горада варта абавязкова прыйсці паглядзець на рарытэтныя матэрыялы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter