Прачытаць у Лужках праз 50 гадоў

Паўтысячны юбілей справілі ў мінулыя выхадныя Лужкі — першы аграгарадок у Шаркаўшчынскім раёне

Паўтысячны юбілей справілі ў мінулыя выхадныя Лужкі — першы аграгарадок у Шаркаўшчынскім раёне.


Кажуць, што сапраўды ім — куды больш. Але так, як упершыню ўпамінаюцца ў летапісе ў 1514 годзе, то і адлік свайго ўзросту вядуць ад гэтай даты. У розныя часы Лужкамі валодалі графы Сапегі, Чапскія, Плятэры, Жабы. Славіліся Лужкі сваімі багатымі кірмашамі і майстрамі. Усёй краіне быў вядомы Іван Лютынскі, які рабіў гармонікі. З Лужкоў выйшлі Эліэзер Пелерман, заснавальнік сучаснай яўрэйскай мовы, Іван Краснадубскі, заслужаны артыст БССР, Міледзій Андзілеўка, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, уладальнік  медаля Францыска Скарыны  нумар 1.

Святкаванне пачалося з богаслужэння ў царкве і касцёле, потым вяскоўцы ўсклалі вянкі і кветкі да брацкай магілы воінаў, загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну пры вызваленні населенага пункта.

Лужкоўцаў павіншаваў старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама  Мікалай Баговіч. Былі ўшанаваны жыхары, якія сваёй руплівай працай унеслі найбольшы ўклад у развіццё аграгарадка, а дырэктар вясковай школы Ларыса Гараніна і яе вучні ўручылі старшыні сельвыканкама Таццяне Краснадубскай пасланне нашчадкам, якое наканавана прачытаць праз 50 год.

Прафесійна зробленая тэатралізаваная мастацкая кампазіцыя нагадала святкуючым аб перыпетыях гістарычнага шляху, які прайшлі Лужкі за пяць вякоў.

Фота Сяргея РАЙЧОНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter