За апошні час колькасць непаўналетніх захавальнікаў спайсаў вырасла амаль у тры разы

Праблема з зацяжкай

Станцыя метро «Каменная Горка». Падземны пераход. Увагу супрацоўнікаў патрульна-паставой службы па ахове Мінскага метрапалітэна прыцягнуў занадта марудлівы юны пешаход. Ён няўпэўнена прабіраўся ўздоўж сцяны і ўвесь час азіраўся па баках. «Не выспаўся», — апраўдальна прамармытаў хлопец мiлiцыянерам... Праз некалькі хвілін у кішэні соннага падлетка, вучня 11-га класа адной з мінскіх школ, знайшлі скрутак з рэчывам карычневага колеру і фольгавую трубку. Хлопец зусім не супраціўляўся і пацвердзіў, што гэта спайс. Вось і ўсё. На адзін скалечаны лёс у нашай краіне стала болей. Замест выпускнога балю — тэрмін за незаконнае набыццё і захоўванне наркотыку.

За апошні час колькасць непаўналетніх захавальнікаў спайсаў, якіх прыцягнулі да крымінальнай адказнасці, вырасла амаль у тры разы. Для памочніка камандзіра ўзвода роты патрульна-паставой службы УУС па ахове Мінскага метрапалітэна Максіма Касалапава гэты падлетак стаў 17-м затрыманым, супраць якога распачалі крымінальную справу. Асабістыя назіранні міліцыянера такія: істотны працэнт ад гэтай лічбы складаюць юныя спайсмены 16—17 гадоў. Дарэчы, за апошнія 10 месяцаў у падземцы сінтэтычныя наркотыкі канфіскоўвалі 43 разы. Самы буйны спайс-улоў — міксавая ўласнасць беспрацоўных жыхароў Брэсцкай вобласці: 23 грамы курыльных сумесей, альбо 50 доз. У арсенале супрацоўнiкаў метрапалітэна  —  свае метады «сканіравання» пасажыраў. Але часцей за ўсё, каб апынуцца ў зоне павышанай увагі міліцыі, дастаткова падазронага знешняга выгляду і нязграбнай паходкі. Што, дарэчы, і падвяло «соннага» Мішу, якога з метрапалітэна направілі ў аддзяленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Маскоўскага РУУС Мінска.

Пазней высветлілася: у хлопца пры сабе знаходзіліся курыльныя сумесі, якія ўключалі 0,19 г небяспечных псіхатропных рэчываў МВА (N) -CHM і альфа-PVP, пацвердзіў начальнік аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Маскоўскага РУУС Дзмітрый Манько. Мала? Аказваецца, дастаткова для таго, каб гадоў пяць глядзець на неба ў клетачку. «Такія выпадкі сёння не рэдкасць, — заўважае Дзмітрый Леанідавіч. — Нядаўна 16-гадовы падлетак пакурыў у школе на перапынку, пасля чаго яму стала дрэнна. Калі настаўнік заўважыў неадэкватныя паводзіны хлопца, выклікаў «хуткую дапамогу» і супрацоўнікаў міліцыі. У вучнёўскім партфелі мы знайшлі 4 пакеты са спайсамі». 

Прыгадаем яшчэ адзін свежы выпадак з непаўналетнім мінскім спайс-злачынцам. У свае 16 ён дзейнічаў зусім па-даросламу. Арганізаваў закрытую групу ў сацыяльнай сетцы і з яе дапамогай рэалізоўваў свой наркатавар. Сустракаўся хлопец толькі з праверанымі кліентамі, прычым кожны раз яго суправаджаў асабісты целаахоўнік з пнеўматычнай зброяй. Так працягвалася 5 месяцаў. Зараз школьнік рызыкуе атрымаць да 8 гадоў пазбаўлення волі. Дарэчы, сёлета за набыццё і захоўванне міксаў затрыманы больш за 60 непаўналетніх мінчан.

Навошта? Для чаго? Пытанняў — сотня, пераканаўчых адказаў — нуль. Можа, дзеці не ведаюць, што крымінальная адказнасць у нашай дзяржаве наступае з 16 гадоў? А можа, справа ў юнацкім максімалізме: маўляў, я разумнейшы, мяне пранясе? Вядома, можа, і пранясе, але, хутчэй за ўсё, занясе на нары.

Анастасія АМЯЛЮСІК

omelusia@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter