Ксёндз Кірыл Бардонаў. Прабачэнне — справа моцнага чалавека

Прабачэнне – справа моцнага чалавека

Тэма прабачэння ўзнікае ў людскіх адносінах рэгулярна, але яна для нас з'яўляецца малаважнай у тых выпадках, калі дараваць трэба штосьці малаістотнае, напрыклад, калі нам у грамадскім транспарце наступаюць на абутак. Сталеючы, хочам ці не, мы сутыкаемся з сітуацыямі, калі крыўда пакідае ў нас вялікія раны і боль. Што хрысціянства кажа пра прабачэнне?

У Евангеллі ёсць цікавы дыялог Хрыста з апосталам Пятром. Пётр спытаўся, колькі разоў прабачаць крыўдзіцелю — ці дастаткова сямі? Хрыстос адказаў на гэта, што прабачаць трэба не сем разоў, а сем­дзесят сем. Для іўдзейскай культуры лічба «сем» сімвалізавала поўню, цэласнасць. Таму адказ Хрыста можна зразумець не інакш як заахвочванне прабачаць неабмежаваную колькасць разоў.

Чаму мы часам хочам так, як Пётр, увесці ліміт на прабачэнне? Можа быць таму, што пад прабачэннем мы разумеем ігнараванне зла. Прабачыць — не азначае забыць. У Бібліі мы можам знайсці шмат месцаў, дзе дрэнныя чалавечыя выбары ці схільнасці называюцца па імені.

Хрыстос некаторыя рэчы з жыцця чалавека залічвае да непрымальнага, грахоўнага. На паверхні для хрысціян грахоўным з'яўляецца тое, што звязана з цялеснасцю: забойства, п'янства, распуста, крадзеж, падман і г.д. «Я нікога не забіў, нічога не ўкраў, то, можа, са мной усё ў парадку?» — магчыма, мы часамі так разважаем.

Ёсць дзве групы грахоў, якія ў навучанні Хрыста лічацца больш сур'ёзнымі, чым «цялесныя грахі». Першую групу можна назваць «закамянеласцю сэрца». У гэтым часцей за ўсё абвінавачваліся кніжнікі і фарысеі. Гэта іх перакананне ў самадастатковасці, няўдзячнасць, фальшывая рэлігійнасць і вера ў Бога, пазбаўленая любові.

Другая група такіх грахоў якраз звязана з адсутнасцю прабачэння. Гэта нянавісць, прага помсты, страх перад ворагам, патрабаванне справядлівасці любой цаной. У Старым Запавеце ёсць простае правіла захавання справядлівасці: «вока за вока, зуб за зуб». Яно азначае сувымернасць пакарання ўчыненаму злачынству. Давайце прызнаем, што нам цяжка прытрымлівацца гэтага правіла. Новы Запавет прапануе зрабіць нам яшчэ адзін крок наперад.

Прабачэнне з'яўляецца формай любові да бліжняга. Той, хто нас крыўдзіць, сам глыбока пакрыўджаны. Мы можам не толькі старацца не патануць у нашым болі, але і пажадаць дабра крыўдзіцелю. Убачыць у ім таго, хто патрабуе дапамогі. Супрацьлегласцю прабачэння не з'яўляецца гнеў, раззлаванасць. Антыпод прабачэння — гнеў, які не мае меры, становіцца жаданнем помсты і знішчэння іншага. Самае страшнае — нянавісць да груп, народаў, калі ўсе людзі становяцца аднолькавымі. Калі мы заўважаем канкрэтнага чалавека, усё выглядае па-іншаму.

Кожная сітуацыя, якая звязана з прабачэннем, індывідуальная. Хочацца падкрэсліць, што гэта ні ў якім выпадку не стан бязвольнага чалавека, аб якога выціраюць ногі. Калі, напрыклад, у нейкай сям'і муж-тыран здзекуецца з жонкі і дзяцей, то гэтай жанчыне трэба фізічна аддаліцца ад мужа, хаця б на некаторы час, каб даць яму моцны сігнал, што так нельга паступаць, падштурхнуць да выпраўлення. Тады яна можа ўратаваць сябе, дзяцей і свайго крыўдзіцеля.

У беларускай мове сінонімам слова «прабачэнне» з'яўляецца «дараванне». Прабачэнне — гэта бескарыслівы дар для пакрыўджанага і для крыўдзіцеля. Калі хтосьці не прымае дар нашага прабачэння, ён страчвае многае, можа страціць нават сваю чалавечнасць.

Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter