Пра вусатых і паласатых

У Гродне адкрыецца выстава «Каты патрэбны для дабрыні!»

Адзначыць разам Сусветны дзень кошак запрашае Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі.

«Для чаго патрэбны каты?» — гатовы запытацца ў сваіх наведвальнікаў супрацоўнікі ўстановы культуры. Але адразу мусяць даць падказку: «Каты патрэбны для дабрыні!» Менавіта пад такой назвай 1 сакавіка ў 16 гадзін адкрыецца новая музейная экспазіцыя. Няцяжка здагадацца, што галоўнымі дзеючымі асобамі ў гэты дзень будуць каты, кошкі і кацяняты.

У час падрыхтоўкі выставы, прысвечанай вусатым і паласатым, супрацоўнікі музея вырашылі адысці ад звычайнай акадэмічнасці і сур’ёзнасці, таму і прапаноўваюць крыху пажартаваць і ўсміхнуцца разам з аўтарамі твораў. Катоў драўляных і керамічных, намаляваных і каваных прапанавалі ўвазе гледачоў мастакі, скульптары, разьбяры, кавалі, народныя майстры з аб’яднання «Гарадзенскі каларыт» — як даволі знакамітыя, так і тыя, хто толькі пачынае свой творчы шлях.

Цэнтральнай фігурай у першы вясновы дзень павінна стаць таксама агульная пястуха — кошка Персік. Яна даўно ўжо стала сімвалам музея, магніты з яе выявай карыстаюцца вялікім попытам у наведвальнікаў, а да адкрыцця выставы будзе падрыхтавана і серыя «кашэчых» паштовак.

Сваю інсталяцыю з фотаздымкамі кошак, якія засталіся на вуліцы і шукаюць новых любячых гаспадароў, прадставяць у гэты дзень валанцёры грамадскага аб’яднання «Адданае сэрца». Мастакі ў сваю чаргу плануюць арганізаваць выставу-продаж сувеніраў, а атрыманыя грошы ахвяраваць на дапамогу бяздомным жывёлам.

У суботу і нядзелю ў 11 і 13 гадзін для дзетак і дарослых разам з хатнім тэатрам «Мар’я-мастачка» будзе ладзіцца праграма выхаднога дня «Кошка ў гасцях у Шапітошкі».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter