Cпеўны стыль жыткавіцкага аграгарадка Рычоў прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі

Пра што лясная песня?

Рычоўская “Дубравіца” здзіўляе ўнікальным рэпертуарам і “вянкамі” песень
АГРАГАРАДОК Рычоў Жыткавіцкага раёна — самая звычайная вёска. Але гэта толькі на першы погляд. Багатая яна на ўнікальны спеўны стыль, які навукоўцы называюць строем тураўскага міжрэчча Прыпяці — Сцвігі. Гэтыя песні па традыцыі перадаюцца ў спадчыну ад пакалення ў пакаленне. А носьбітамі спеўнага стылю з’яўляюцца жыхары аграгарадка — удзельнікі народнага фальклорнага ансамбля “Дубравіца” Рычоўскага цэнтра традыцыйнай культуры.

У іх і пацікавілася карэспандэнт “СГ”, чым адметная культура палескай вёскі.

Сучасны касцяк “Дубравіцы”.

З КАЛЕКТЫВАМ давялося пазнаёміцца на рэпетыцыі. “Дубравіца” актыўна ездзіць не толькі па Жыткавіччыне, але і выступае на розных фэстах па-за межамі раёна. Таму на творчыя “трэніроўкі” даводзіцца збірацца рэгулярна, каб расставіць апошнія штрыхі ў нумарах, аздобленых і традыцыйнымі побытавымі танцамі.

— Хаця мы іх і так ведаем літаральна з закрытымі вачыма, але трэба збірацца, каб голас і ногі памяталі, — заўважае мастацкі кіраўнік “Дубравіцы” Ганна Бурак. — Амаль усе ўдзельнікі родам з нашай мясцовасці, таму і песні, і танцы ўвабралі, як гаворыцца, амаль што з малаком маці. І рэпертуар таксама разнастайны — вучылі песню, якую традыцыйна спявалі менавіта ў сем’ях артыстаў. Гэта вельмі цэнна, бо атрымліваецца, што кожны разумее: толькі разам зможам захаваць тыя старадаўнія традыцыі продкаў, якія закладзены ў нашай культуры. Хай і ў сферы аматарскай творчасці, але так мы абаронім ад знікнення нашу ідэнтычнасць.

Гісторыя “Дубравіцы” налічвае ўжо больш за шэсць з паловай дзесяцігоддзяў. Гурт утвораны ў 1950 годзе настаўнікам мясцовай школы Васілём Лукашэвічам, а сваю назву атрымаў ад таго, што Рычоў размяшчаецца каля дубровы, што ўздоўж берага Сцвігі. Ганна Мікалаеўна колькі сябе памятае, заўсёды ў ансамблі ўдзельнічала: скончыла Гомельскі саўгастэхнікум, працавала бухгалтарам, але заўсёды займалася самадзейнасцю. Калі паўстала пытанне ўзяць кіраўніцтва калектывам, яна, не вагаючыся, згадзілася.

У ліку старажылаў і Марыя Лазіцкая, якая працавала ў сельскай гаспадарцы брыгадзірам і таксама заўсёды спявала ў “Дубравіцы”. З цягам часу калектыў абнаўляўся, у яго прыходзілі новыя ўдзельнікі, таму сёння ў складзе ансамбля прадстаўнікі розных прафесій. І мясцін. Напрыклад, бібліятэкар Галіна Кавалевіч з суседніх Хільчыцаў, а Вольга Кірыловіч са Стараселля, што ў Горацкім раёне. У Рычове яна кіруе паштовым аддзяленнем. Сюды выйшла замуж, а ўнікальныя спевы палюбіла душой і працягвае спяваць у “Дубравіцы”. Людміла Талянін — родам з Лельчыцкага раёна. Яе да суседзяў таксама прывяло каханне.

Рычоўскі ансамбль пад кіраўніцтвам Васіля ЛУКАШЭВІЧА ў 60-я гады ХХ стагоддзя.

— Цікава, здавалася б, Жыткавіцкі раён з Лельчыцкім  побач, — кажа Людміла Аляксандраўна, — а калі сюды прыехала, здзівілася, наколькі рознымі могуць быць культуры. Вось касцюмы. Да прыкладу, у нас спадніца можа быць блакітная, бардовая, чорная, зялёная, а тут толькі чорная. І складкі стаяць “рабром”, абавязкова ў касцюме патрэбны “кабацік” — спецыяльная камізэлька. І абавязкова белыя шкарпэткі. Што можна казаць і пра песні, якія тут захавалі і якім нас навучылі, — яны тут незвычайныя. Вось вы, напрыклад, ведаеце, пра што лясная песня? І я не ведала, пакуль сюды не прыехала. Паслухайце тое, што нідзе больш не пачуеце.

“Дубравіца” зацягвае “Каліну- маліну”:

Ой, выйду я на вуліцу погуляць,

На вуліцы ўсёй трава-мурова.

Дзе ні гляну — то чужа

сторона...

Лясныя песні выконвалі жанчыны падчас збору грыбоў, ягад. Адны з іх — сумныя і тужлівыя, гавораць пра няшчасную долю жанчыны ў чужой старонцы, далёка ад роднага дому і бацькоў. Іншыя — больш рытмічныя і аптымістычныя. Але ўвесь гэты пласт рэпертуару і робіць “Дубравіцу” адметнай. Самабытная мясцовая песенная культура раскрываецца найперш праз шырокую жанравую разнастайнасць. Акрамя жанраў каляндарна-земляробчага цыкла (калядныя, веснавыя песні), надзвычай шырока прадстаўлены вясельны цыкл, у тым ліку каравайныя песні. Калекцыі з іх удзельнікі называюць “вянкамі”.

З традыцыйных стыляў прадстаўлены і адзіночныя, і сумесныя спевы. Для некаторых песень характэрна паўтарэнне слоў у канцы радка. Асаблівасць спеўнага стылю выканання — яшчэ і тое, што песні спяваюцца сумесна жанчынамі і мужчынамі. Хоць у “Дубравіцы” ўсіх 14 удзельнікаў, мне давялося пазнаёміцца з касцяком. У яго складзе Міхаіл Рыдзецкі, акампаніятар. Гарманіст-самавучка, душа ансамбля, у калектыве таксама колькі сябе памятае. Поруч з ім 50-гадовая ўкраінская Марычка…

Ці хочуць удзельнікі “Дубравіцы” стаць знакамітымі? Пытанне. Тое, што спевакі паважліва ставяцца да зберажэння сваёй традыцыі, спрыяе захаванню духоўнай каштоўнасці, гэта факт. Ганарацца сваёй адметнасцю рычоўцы, цікавяцца імі і знаўцы культуры, гісторыі. Нават на тэлебачанні “засвяціўся” ансамбль. Два разы Белтэлерадыёкампанія здымала пра яго праграму “Наперад у мінулае”. Спрабавала “Дубравіца” прабіцца і ў іншыя тэлепраекты, але пакуль што не атрымалася. Прасоўванне на вялікую сцэну, мабыць, на дадзеным этапе і не мэта для калектыву: запісаць бы дыск — вось справа трапная, але не такая і танная.

Ёсць у ансамбля калектыў-спадарожнік “Усмешка”. У ім дзеці ва ўзросце 8—15 год навучаюцца мясцовым песням і танцам. Але гэта адкрытае пытанне, ці будуць тыя навучэнцы працягваць справу “Дубравіцы”. Мяняецца традыцыйны вясковы ўклад, адыходзяць у нябыт традыцыйныя заняткі, якія суправаджаліся спевамі, — ручное земляробства, ткацтва. Моладзь пераважна арыентавана на гарадскую культуру. “І нічога з гэтым не зробіш, — разводзяць рукамі ўдзельнікі калектыву, — будзем спяваць самі, колькі нам адмерана”.

uskova@sb.by

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter