Унікальнасці традыцый у розных кутках нашай краіны можна падзівіцца: што ні раён -- свая асаблівасць

Пра ружу і гусей

Фота: medi-tour.it
Толькі адкрыла гліняны мінія­цюрны сувенірны флакончык, і пакой напоўніўся незвычайным пахам балгарскай ружы. Яго не зблытаеш ні з чым. Усяго 1 мілілітр — а які водар! 

— Маслічная ружа дамасцэна — прызнаная царыца кветак. Масла з яе самае дарагое ў свеце, яго нават называюць вадкім золатам. Сапраўдны эліксір, змяшчае звыш 300 каштоўных рэчываў, — з веданнем справы прадставіла прэзент суседка.

Яна нядаўна падарожнічала па Балгарыі, напачатку чэрвеня пабывала на знакамітым фестывалі Ружы і была ад усяго там убачанага ў вялікім захапленні: паветра, натоленае казачным водарам, тысячы прыгожых кветак радуюць вока, лунае шэлест пялёсткаў ружы, душа спявае, а ногі самі просяцца ў традыцыйны балгарскі карагод «хора» — за гэтымі ўражаннямі госці з усяго свету прыязджаюць у Казанлык і Карлава ўжо 114 гадоў. Гісторыя фестывалю пачалася ў 1903-м. Свята Ружы — нацыянальны гонар Балгарыі. Яго мяркуюць уключыць у Спіс сусветнай нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА.

— Ну а ты што тут? — пытанне сяброўкі бы спусціла з неба на зямлю.

А што я — нічога, працую, да адпачынку яшчэ далёка, вось з камандзіроўкі толькі вярнулася. І тут успомніла: я ж там таксама пра цікавае свята даведалася. Праўда, зімовае і не такое вядомае, як той фестываль Ружы. Але хто ведае, можа, гэта толькі пакуль, а праз колькі часу…

Карацей, ці чулі вы пра народны кірмаш «Гусінае свята»? Яго ладзяць на Касцюкоўшчыне ў аграгарадку з прыгожай назвай Белая Дуброва. Менавіта ў гэтых мясцінах каля маляўнічай ракі Бесядзь спрадвеку разводзілі памногу гусей, гагаталі яны ці не ў кожным двары. Тут ведаюць усе тонкасці вырошчвання гэтай птушкі, яе звычкі. А таксама — што найсмачней з гусінага мяса прыгатаваць, як правільна пер’е і пух на падушкі і пярыну скубці, у які дзень, барані Бог, нікому сваіх гадаванцаў не паказваць і шмат іншага. 

Мясцовыя гаспадыні здаўна спрачаюцца наконт таго, чые гусі лепшыя.  Такія спрэчкі — адзін з эпізодаў адроджанага старадаўняга абраду. Але галоўны яго момант — дзяленне гусі. Для гэтага ў печы гатуюць фаршыраваную па спецыяльным рэцэпце птушку. Гусяціна тая, кажуць, сакавітая, духмяная, смачная, язык праглынуць можна. Таму за пачастунак дзякуюць госці гаспадыням добрымі пажаданнямі. Вакол гэтай абрадавай дзеі ладзяцца гульні, конкурсы, танцы з песнямі, іншыя забавы. Натуральна, усё звязана з гусінай тэмай. А жывыя гусі — у цэнтры ўсеагульнай увагі, галоўныя ўдзельнікі свята. Невыпадкова ж адзначаецца яно традыцыйна пад канец студзеня — на Апанаса, якога лiчылi ахоўнiкам гусей. 

Адроджаны абрад дзякуючы ўдзельнікам мяцовага народнага фальклорнага калектыву. Сёння «Гусінае свята» — брэнд Касцюкоўшчыны. 

Наогул унікальнасці традыцый у розных кутках нашай краіны можна падзівіцца. Што ні раён — свая асаблівасць. 

Глыбокае называюць «вішнёвай сталіцай». Тут практычна не знойдзеш дворыка без вішняў, і ягады растуць надзвычай смачныя, больш салодкія і сакавітыя, чым дзе. Мясцовыя жыхары свае вішні называюць «Лапыровымі», па прозвішчы вядомага глыбоцкага агранома Баляслава Лапыра, і летам ладзяць прыгожы Вішнёвы фестываль.

Візітнай карткай суседняга Шаркаўшчынскага раёна стаў Яблычны Спас у Алашках, на радзіме вядомага садавода-селекцыянера Івана Сікоры. 

Толькі ў пасёлку Акцябрскім на Гомельшчыне ў час фальклорнага фестывалю «Берагіня» можна пабачыць сапраўдныя народныя танцы і пачуць аўтэнтычныя спевы, перададзеныя ад носьбітаў традыцый моладзі, як кажуць, з нагі ў нагу і з голаса ў голас.

Калінкавіцкія Аўцюкі збіраюць у госці да Каласкоў і Калінак — так здаўна прынята тут звяртацца да мужчын і жанчын, ураджэнцаў гэтых мясцін, лепшых гумарыстаў і жартаўнікоў.

«Мотальскія прысмакі» — свята-конкурс, што ла­дзіцца на Іванаўшчыне, знаёміць гасцей з унікальнымі старажытнымі кулінарнымі традыцыямі, тут можна пакаштаваць знакамітыя мотальскія каўбасы і караваі. А якая асалода для вуха — самабытная мясцовая заходнепалеская гаворка! 

Мо сабрацца ды адправіцца на такі «смачны» фестываль? Праўда, чакаць яго яшчэ доўга — аж да жніўня. А што бліжэй? Ліпень пачынаюць харавое «Пеўчае поле» ў Мядзелі, рыцарскі фэст «Гонар продкаў» у Вілейцы, этнапікнік у скансэне каля Азярца пад Мінскам. А там і маляўнічае Купалле пакліча ў Александрыю.

Лета — фестывальная пара. Дык дзе сустракаемся?

svirko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter