Пра печанага ката і чыгун паронак

ЯКІЯ Каляды без вясёлых забаў і гульняў, што доўжыліся да самага Новага года па старым стылі. На Вілейшчыне старажылы яшчэ памятаюць цікавы абрад, які называўся «Пячы ката». Аб чым вы падумалі, пачуўшы такую назву? Правільна, і я на ўсялякі выпадак удакладніла яе семантыку ў Сяргея ГАНЧАРА (на здымку), дырэктара Вілейскага краязнаўчага музея.

Як адраджаюцца старажытныя звычаі і нараджаюцца новыя

ЯКІЯ Каляды без вясёлых забаў і гульняў, што доўжыліся да самага Новага года па старым стылі. На Вілейшчыне старажылы яшчэ памятаюць цікавы абрад, які называўся «Пячы ката». Аб чым вы падумалі, пачуўшы такую назву? Правільна, і я на ўсялякі выпадак удакладніла яе семантыку ў Сяргея ГАНЧАРА (на здымку), дырэктара Вілейскага краязнаўчага музея.

Разам з тлумачэннямі сэнсу гэтай каляднай гульні для дарослых ён прывёў адзін насамрэч анекдатычны выпадак. Аднойчы за сямейным сталом Сяргей Мікалаевіч, заўзяты збіральнік народных традыцый, дапытваўся ў сваёй бабулі пра абрад з такой незвычайнай назвай: «Ці пяклі вы ката?» — «Так-так», — маладзела з твару бабка, успамінаючы юначыя забавы. «І на бэльку падвешвалі?» — не сунімаўся ўнук. «Падвешвалі», — адказвала тая. У сядзеўшага побач брата, які чуў іх размову, спачатку акругліліся вочы, а потым вырваўся вокліч: «Ну і жывадзёры!»

На самай справе ў некаторых мясцовых вёсках існавала традыцыя выпякаць пернік у форме гэтай хатняй жывёліны, а потым збірацца ў кагосьці з аднавяскоўцаў на вечарыну, падчас якой з кандытарскай фігуркай вырабляліся ўсялякія штукарствы. Напрыклад, ката падвешвалі на бэльку, і хлопцы, падскокваючы, спрабавалі дастаць яго ці адкусіць кавалачак. Пры гэтым дзяўчаты і жанчыны ўсяляк перашкаджалі ім, смяшылі, адцягвалі ўвагу жартамі.

— Добра было б адрадзіць уласцівую толькі нашай мясцовасці забаву, — разважае Сяргей Ганчар. — Атрымалася б не менш цікавай за семежаўскіх «Цароў», якія занесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Толькі вось вёскі, дзе яна была пашырана, бадай, апусцелі, няма каго збіраць на вечарыну.

Затое на Вілейшчыне адроджаны многія мясцовыя вясельныя абрады. Скончыўся пост, і маладыя зноў пачынаюць лёсавызначальны рытуал. Тыя, хто бяруць шлюб, ахвотна заказваюць народнае суправаджэнне сямейнаму святу ў музеі. У супрацоўнікаў, якія задзейнічаны па сцэнарыю вясельнага абрада, літаральна не бывае ніводнай вольнай суботы. Як некалі існавалі «клоны» «Ласкового мая», так і музейных сватоў ужо створаны тры брыгады, каб магчыма было адначасова праводзіць вяселле ў розных месцах.

У 2008 годзе на базе музея пачала працаваць студыя вілейскіх народных абрадаў і традыцый «Краявід», якая ў 2010-м атрымала званне «народны аматарскі калектыў». Сваю дзейнасць аматарскае аб’яднанне распачало з этнаграфічных экспедыцый па збіранні ўзораў народных песень, запісу легендаў і паданняў, якія бытавалі і бытуюць на Вілейшчыне, збору прадметаў побыту, ткацтва, салома- і лозапляцення. За апошнія тры гады ўдзельнікі студыі праехалі дзясяткі вёсак раёна, запісалі вялікую колькасць вясельных, купальскіх, пятроўскіх, веснавых, восеньскіх і іншых песень.

Так, у архіве з’явіўся абрад народнага вяселля «Вянок». Былі зроблены падрабязныя апісанні найбольш значных этапаў гэтага дзейства, багата сабрана прадметаў (адзенне, музычныя інструменты, папяровыя кветкі для вяночка маладой, шаргуны для коней), якія так ці інакш выкарыстоўваліся падчас свята, а таксама шлюбных фотаздымкаў канца ХІХ—ХХ стагоддзяў. «Вянок» не застаўся толькі на паперы, ён жыве сярод местачкоўцаў.

На падставе сабранага матэрыялу і складаюцца зараз сцэнарыі розных святаў. У тым ліку «Горка — па-беларуску». Кожную суботу (акрамя паста) ў музеі ў беларускай хатцы і на культурна-турыстычным аб’екце «Вільянін  хутар»  ладзяцца  вяселлі.  У   абрадзе ўдзельнічаюць не толькі маладыя, але і ўсе госці. Кожны момант, кожны крок — гэта не выдуманая дзея, а вернутыя да жыцця традыцыі, што бытавалі на Вілейшчыне.

— Выкарыстоўваем самыя цікавыя звычаі, — гаворыць Сяргей Ганчар. — Напрыклад, з воза маладая ступала не на зямлю, а ў лубку з зернем, па разасланым  палатне ішла ў хату, стаяла пад вянцом у царкве, і падчас службы гэтую дарожку дзяўчына павінна была паціху ссунуць да сябе. Каб больш дзевак потым замуж выйшлі. З вялікім энтузіязмам абрад успрымаецца і сучаснай моладдзю. Хоць і нязручна на высокіх абцасах яго выконваць, ды падганяюць незамужнія сяброўкі. Цікава, што даўней вянок маладой рабіўся з рознакаляровых кветак, а белыя ўказвалі на сіроцтва дзяўчыны. Аб усім гэтым я і расказваю на вяселлі.

Спецыяльна для вясельных абрадаў у горадзе нават пабудавалі хату, каваную браму для маладажонаў, альтанкі са сталамі на турыстычным аб’екце «Вільянін хутар». Маладых частуюць медавухай, яны праходзяць пад аркай шчасця — на дабрабыт і доўгае жыццё, іх абсыпаюць збажыной. Уручаецца «чыгун паронак для маладога, каб не глядзеў на чужых жонак, а чыгун буракоў для маладой, каб не заляцалася да чужых мужыкоў». Такімі дыяментамі-прыказкамі і жартамі сваты сыплюць на працягу ўсяго дзейства. А музейныя экспанаты і сапраўды ажываюць.

У «запасніках» віляйчан маецца і яшчэ адзін інтэрактыўны праект — Art-Vileyka, за які летась гэта рэгіянальная культурная ўстанова была ўганаравана на Першым нацыянальным форуме «Музеі Беларусі», што адбыўся напрыканцы года ў Гродна, у намінацыі «Лепшая культурна-адукацыйная праграма». Прычым яна перамагла сярод 40 прэтэндэнтаў. На сцэне падчас уручэння дыплома Сяргей Ганчар стаяў побач з такімі саліднымі намінантамі, як прадстаўнікі Мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж».

Праект «Арт-Вілейка» далёкі ад краязнаўства, але хто ведае, магчыма, у будучым аб ім будуць таксама гаварыць як аб традыцыі. На працягу года раз у месяц у райцэнтр прыязджалі вядучыя спецыялісты ў галіне сучаснага мастацтва з лекцыямі, якія праходзілі ў форме дыялогу ці нават дыскусіі. Былі закрануты ўсе яго віды. Гасцямі сталі дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталля Шаранговіч, заслужаны дзеяч мастацтваў, загадчык кафедры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Слабодчыкаў, які расказваў пра сучасную скульптуру, вядомы фотамастак Сяргей Плыткевіч. Потым віляйчане спасцігалі таямніцы іканапісу, анімацыі, перфамансу і г.д.

— Кожны раз зала была перапоўнена, чаго мы, скажу па шчырасці, не чакалі, бо нікога спецыяльна не запрашалі, — узгадаў дырэктар. — Але напярэдадні размяшчалася інфармацыя ў раённай газеце, Інтэрнэце: уводзіны ў маючае адбыцца  мерапрыемства, аснову таго, што можа быць на гэтай лекцыі, рабіла наша маладая супрацоўніца Кацярына Сушко, а пасля чарговай сустрэчы яшчэ і рыхтавала выснову, якую таксама размяшчалі ў СМІ.

Па кожным выступоўцы распрацоўваўся арыгінальны флаер. Напэўна, усё гэта разам і пераканала журы. Галоўнае, запала ў сэрцы ўсім, хто далучыўся праз праект да мастацтва, бо на падагульняючым «круглым стале» віляйчане выказалі пажаданне працягваць такія сустрэчы. І падобныя да іх іншыя нестандартныя па форме мерапрыемствы.

Алена КЛІМОВІЧ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter