Творчество нашего известного писателя Николая Чергинца широко известно во всем мире

Пра наша кроўнае

Мікалай Чаргінец
Творчасць нашага слыннага пісьменніка Мікалая Чаргінца шырокавядома ва ўсім свеце. Ён аўтар мноства мастацкіх кніг, шэрагу сцэнарыяў да кінафільмаў, п’ес. Творы Мікалая Чаргінца перакладзены на многія мовы свету, у некаторых краінах яны ў спісе самых запатрабаваных. Таксама ёсць дакладныя звесткі: у Беларусі пісьменнік мае найбольшую колькасць чытачоў, штогод — сотні тысяч… 

Кажучы гэта, я ні ў якім разе не хачу супрацьпастаўляць М. Чаргінца як творцу іншым пісьменнікам. У кожнага свой чытач. А канстатуючы факт, падкрэсліваю: літаратура наша настолькі багатая і разнастайная, што мы можам па праве ганарыцца і ёй, і асобнымі майстрамі слова. А то, здараецца, недаацэньваем сябе, «заглядваемся» на іншыя, нібыта «вышэйшыя», а ім няма ніякіх спраў да нашага жыцця, мінуўшчыны, да нашага ўнутранага свету, памкненняў. І тады хочацца сказаць: «Больш чытайма сваё, кроўнае, тое, што не адняць ад нашага жыцця! Чытайма, каб ганарыцца сваёй літаратурай, сапраўды чалавечнай…» У М. Чаргінца, калі ўжо так, такая літаратура. Як і ў многіх нашых творцаў розных пакаленняў.

А ўвогуле, калі казаць пра Мікалая Чаргінца, якога, паўтараю, чытаюць ва ўсім свеце, кожны ягоны твор, пачынаючы з першых дэтэктыўных, што друкаваліся ў нас у свой час тыражамі ў сотні тысяч і імгненна разыходзіліся, разыходзіцца і зараз, бо нікога не пакідае раўнадушным. Асабіста мяне, як і многіх яго чытачоў, перш за ўсё творы краналі і кранаюць не толькі і не столькі інтрыгай, загадкавасцю сюжэта, а найбольш паводзінамі чалавека ў розных жыццёвых абставінах. А яны вымагалі і вымагаюць развагі, мужнасці, чалавечнасці. 

Усё гэта прыгадваецца не выпадкова: пісьменнік Мікалай Чаргінец, дакладней, яго раманы «Вам — задание», «Илоты безумия», «Операция «Кровь» и «Сыновья» прадстаўлены на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Упэўнены, чытачы «СГ» ведаюць гэтыя творы, але ўсё ж хочацца спыніцца на найбольш хвалюючым для мяне і для многіх рамане «Операция «Кровь». Ён пададзены на мове напісання — рускай, на якой піша аўтар. (Ёсць пераклад на беларускую мову Алеся Марціновіча, часопісны варыянт.) Чаму мая ўвага менавіта гэтаму раману? Таму што напісаны ён на дакументальнай аснове і апавядае пра трагічныя старонкі жыцця нашых людзей розных нацыянальнасцей у гады вайны. І напэўна, галоўнае — пра трагедыі дзяцей вайны. Канкрэтна ў Мінску, у мясцовым гета, у так званым «дзіцячым інтэрнаце» ў вёсцы Сёмкава пад Мінскам, у іншых месцах. 

У Сёмкаве ў старажытным комплексе XVII—XVIII стагоддзяў фашысты, захоўваючы сакрэтнасць, стварылі той «інтэрнат», дзе забіралі ў дзяцей ад 6 да 12 гадоў кроў для сваіх салдат. Звяры ў чалавечых абліччах такім чынам пазбаўлялі жыцця…

Я не буду тут апеляваць лічбамі — кожнае жыццё, асабліва дзіцячае, гэта жыццё. І кожнае злачынства супраць дзіцяці, ды яшчэ пазбаўленне яго жыцця, не мае апраўдання. Яно — вечнае злачынства… І Мікалай Чаргінец у сваім рамане пастаянна нагадвае пра гэта. І калі так, то як тут не ўспомніць вялікага Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага, яго раман «Браты Карамазавы». Памятаеце ў ім гутарку братоў Івана і Алёшы, калі сцвярджаецца, што ніякая нібыта будучая сусветная «гармония» не варта слязінкі хаця б аднаго «замученного ребенка»?.. Фашысты ж знішчалі тысячы дзяцей дзеля свайго будучага... Дарэчы, у Беларусі яны планавалі знішчыць 75 працэнтаў насельніцтва. 

У так званым «дзіцячым інтэрнаце» ў Сёмкаве дзяцей было многа. Розных нацыянальнасцей. Уратаваць іх маглі толькі нашы людзі. І мясцовыя жыхары, якія там працавалі, і партызаны, і падпольшчыкі...

Мікалай Іванавіч Чаргінец нарадзіўся ў 1937 годзе ў Мінску. Дзіцём перажыў ліхалецце, назаўжды засталіся ў памяці жахі вайны… Ужо дарослым прайшоў вялікую жыццёвую школу, сфарміраваўся як грамадзянін сваёй Айчыны. Гэты твор пісьменнік пачаў пісаць толькі пасля таго, як дасканала вывучыў усё, звязанае з абставінамі не толькі фашысцкага «дзіцячага інтэрната» ў Сёмкаве, а і іншых «устаноў», дзе забіралі ў дзяцей кроў. А было іх на акупаванай фашыстамі тэрыторыі не мала. (У кнізе яны названы.) І часам, каб вызваліць дзяцей, трэба было праводзіць сапраўдную вайсковую аперацыю, як у дадзеным выпадку. Аперацыя гэта распрацоўвалася сумесна ў Маскве і ў канкрэтнай партызанскай брыгадзе. Прадугледжвалася ўсё: і тое, як пранікнуць у «інтэрнат», які моцна ахоўваўся і ў які немцы тэрмінова маглі кінуць войска, і тое, як вывесці зімой і дзе размясціць сотні дзяцей, пры гэтым не страціць ні аднаго… 

Канкрэтна пра тое, як праводзілася аперацыя «Кроў», — у рамане. Скажу толькі, што ажыццявілася яна паспяхова. Вядома, былі страты сярод тых, хто ў ёй удзельнічаў. І тыя, хто загінуў, безумоўна, як і ўсе, хто ў ёй удзельнічаў, ведалі, што могуць загінуць. І мірныя жыхары, і воіны, што прыбылі з-за лініі фронту, і партызаны. Але, як паказвае Мікалай Чаргінец, увогуле ў нашага чалавека, патрыёта па сваёй прыродзе, самаахвяраванне ў імя жыцця іншых, асабліва дзяцей, — у крыві. Яно перадаецца з пакалення ў пакаленне. І тут, між іншым, не важна, чалавек якой нацыянальнасці мае патрэбу ў выратаванні, тым больш калі дзіця…

Але вернемся да Мінска, да гета. Здаецца, пакуль так глыбока, як паказаў яго пісьменнік Мікалай Чаргінец, у нас у літаратуры яшчэ не было паказана. Мабыць, таму, што пакуль гэта тэма яшчэ так глыбока не распрацавана. Тут нельга нікога ў гэтым папракаць: неймаверна трагічная, жудасная, адказная… Падыходы да яе асаблівыя: ці змагу з усёй глыбінёй, як вымагае праўда… «Патрэбна асаблівая адказнасць, сабранасць і чалавечая мужнасць. Але раскажам пра вечнае абавязкова... Каб назаўжды запомніла чалавецтва». Такое выказванне правамернае, і чуў я яго ад канкрэтных пісьменнікаў, якія распрацоўваюць гэтую тэму. Чуў, калі ў свой час рыхтаваў да друку як рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя» беларускамоўны варыянт рамана М. Чаргінца і па некаторых пытаннях раіўся з тымі, хто пісаў на дадзеную тэму. І мы сыходзіліся на адным: чалавечая і грамадзянская мужнасць пісьменніка Мікалая Чаргінца дазволіла яму стварыць, безумоўна, непаўторны твор, у якім не толькі расказваецца пра жахлівыя падзеі ў гета, у «інтэрнаце», дзе фашысты фактычна знішчалі дзяцей, не толькі даецца панарама агульнанароднага змагання. Гэта твор, які стаў дакументальным і мастацкім дакументам, развенчваючым фашызм, які паказвае яго злачынствы супраць чалавечнасці… 

Я глыбока перакананы: раман будзе жыць у часе без абмежаванняў. Бясспрэчна, твор Мікалая Чаргінца, як і папярэднія тры раманы, названыя раней, заслугоўвае Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter