Пра Мiнск падрабязна…

"З пачуццём бояззi ўзяў у рукi таўсценную, амаль на 700 старонак «Гiсторыю Мiнска». Пачаў чытаць i — захапiўся…"

Не ведаю чаму, але з дзяцiнства пабойваюся тоўстых кнiг, адношуся да iх з нейкай бояззю. Шчыра кажучы, менавiта з такiм пачуццём узяў у рукi таўсценную, амаль на 700 старонак «Гiсторыю Мiнска». Пачаў чытаць i — захапiўся… Выданне сур’ёзнае,  навукова-папулярнае, але ж колькi тут цiкавага, малавядомага цi наогул невядомага пра наш родны Мiнск, ад сiвой даўнiны да нашых дзён! 

У кнiзе падрабязна расказваецца пра ўзнiкненне горада, яго развiццё ў часы ранняга сярэдневякоўя, у складзе Вялiкага княства Лiтоўскага, Рэчы Паспалiтай i Расiйскай iмперыi, як сталiцы БССР i суверэннай Рэспублiкi Беларусь. Аўтарскiм калектывам сабраны, сiстэматы-
заваны i абагулены вялiзны, змястоўны i цiкавы канкрэтна-гiстарычны матэрыял. У iм адлюстраваны ратны i працоўны подзвiг жыхароў Мiнска, iх побыт, традыцыi i культура. 

Увесь матэрыял размяшчаецца ў васьмi раздзелах на беларускай мове з iдэнтычным перакладам на рускую. У канцы кожнага раздзела – рэзюмэ на рускай i англiйскай мовах, а таксама пералiк выкарыстаных крынiц i лiтаратуры. Кнiга добра iлюстравана – на яе старонках шмат здымкаў, малюнкаў, рэпрадукцый. Доктар гiстарычных навук, прафесар Яўген Новiк, якi быў афiцыйным рэцэнзентам кнiгi, адзначае, што “многiя раздзелы i параграфы кнiгi напiсаны добрай лiтаратур-най мовай, лёгка i з цiкавасцю чытаюцца. У цэлым работа аўтарскага калектыву заслугоўвае станоўчай ацэнкi”. 

Аднак звернемся да зместу кнiгi. Даволi ўсебакова выпiсана гiсторыя Мiнска ў старажытны перыяд. Тут шмат цiкавага, а на думку  некаторых даследчыкаў, i спрэчнага. Так,   упершыню Мiнск (тады Менск) згаданы ў летапiсе “Аповесць  мiнулых гадоў” пад 1067 годам, а значыць, хутка будзе адзначацца 940-годдзе горада. Але аўтары кнiгi лiчаць, што ён мае больш старажытную гiсторыю. Археалагiчныя раскопкi i даследаваннi сведчаць, што  папярэднiк горада, а магчыма, i сам Мiнск узнiк раней  i ў iншым месцы: не на беразе Свiслачы, а на адлегласцi 16 кiламетраў – у вярхоўi Пцiчы, дзе ў яе ўпадае невялiкая рачулка Мена (Менка), цяпер амаль перасохлая.  Менавiта ад яе, мабыць, i пайшла назва горада. Там захаваўся цудоўны археалагiчны комплекс – гарадзiшча, селiшча, пахавальныя курганы… I толькi пазней на беразе Свiслачы, там, дзе ў яе ўпадае  Нямiга, была ўзведзена крэпасць, вакол якой i стаў складвацца горад, якi захаваў сваю назву… Так яно цi не — не будзем спрачацца, але зразумела адно: гiсторыя нашай сталiцы пачынаецца намнога раней, чым першая згадка аб Мiнску ў летапiсе. 

Асаблiвая ўвага ўдзяляецца гiсторыi Мiнска ў гады Вялiкай Айчыннай вайны. Мабыць, упершыню ў навукова-папулярнай лiтаратуры так шырока паказаны ўклад мiнчан у Вялiкую Перамогу.  Прыводзяцца такiя звесткi: за гады вайны членамi падпольных груп i арганiзацый  горада праведзена больш за 1500 баявых аперацый. У падполлi дзейнiчала больш за 6000 чалавек. Мiнск быў адзiным горадам на акупiраванай тэрыторыi, дзе ва ўмовах падполля выходзiла антыфашысцкая газета “Звязда”. Горад стаў адным з галоўных цэнтраў станаўлення i развiцця партызанскага руху ў Беларусi. З дапамогай мiнскiх падпольшчыкаў да канца 1942 года  было створана больш за 20 партызанскiх атрадаў i брыгад.  Роль Мiнскага падполля  ў вызваленчай барацьбе атрымала высокую ацэнку дзяржавы i грамадскасцi. Мiнску прысвоена ганаровае званне “Горад-герой”. 

У кнiзе падрабязна расказваецца пра тытанiчныя намаганнi мiнчан, якiя з дапамогай усёй краiны ўзнялi з попелу родны горад, аднавiлi народную гаспадарку. I, зразумела, пра сённяшнi дзень сталiцы, блiзкiя i далёкiя перспектывы яе развiцця. 

Варта дадаць: кнiгу выпусцiла выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя iмя Петруся Броўкi”. Матэрыялы кнiгi падрыхтаваны Мiнскiм навукова-даследчым iнстытутам сацыяльна-эканамiчных i палiтычных праблем. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter