Председатель Совета Республики Национального собрания Михаил Мясникович встретился с литераторами объединения "Союз писателей Беларуси"

Пра лiтаратуру без пратакола

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч сустрэўся з літаратарамі аб'яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

Без пратакола — так вызначылі фармат удзельнікі гутаркі, якая працягвалася каля дзвюх гадзін.

У ходзе размовы Міхаіл Мясніковіч закрануў пытанні бягучай сітуацыі ў краіне, перспектыў і асноўных прыярытэтаў далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця, спыніўся на пытаннях маладзёжнай палітыкі, адносінах у Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі.

Фота БЕЛТА

Пісьменнікі ў сваю чаргу дзяліліся надзённым. Успаміналі нядаўні з'езд творчай арганізацыі і зноў уздымалі пытанне аб неабходнасці ўвядзення адлічэнняў ад продажаў завозных кніг, што магло б падтрымаць фінансава беларускую літаратуру і яе аўтараў. 

У чарговы раз старшыня Саюза пісьменнікаў Мікалай Чаргінец паскардзіўся на адсутнасць узаемаразумення з  дзяржаўнымі СМІ, маўляў, не звяртаюць увагі на творцаў. Але ж хіба магчыма штодзённым грамадска-палітычным выданням кожны раз услаўляць адных толькі пісьменнікаў? Калі ёсць нагода ці навіна якая — калі ласка. Вунь і з’езд мінулы газеты асвятлялі, і рэцэнзіі напярэдадні яго друкавалі, і інтэрв’ю, існуюць пастаянныя тэматычныя рубрыкі. У холдынгу «СБ-Беларусь сегодня» — дакладна. Незразумела — чаму ўсё мала? Канешне, «ЛіМ», «Звязда» ці «Культура» даюць больш, але ж на тое яны і культуралагічныя выданні. Хіба не так?

Гаварылі пра справы дзяржаўнага выдавецтва «Мастацкая літаратура» і прапаноўвалі надаць яму статус нацыянальнага, аб размеркаванні дзяржпрэмій, сярод лаўрэатаў якіх даўно не было пісьменнікаў, раіліся аб магчымасці ўключэння ў праграму Саюзнай дзяржавы літаратурных праектаў, звязаных з творчасцю сучасных аўтараў дзвюх краін.

Некаторыя з акрэсленых пытанняў Міхаіл Мясніковіч, паводле яго слоў, возьме ў прапрацоўку.

У якасці пажадання майстрам мастацкага слова Міхаіл Мясніковіч сказаў:

— У літаратуры заўсёды былі папулярныя творы пра сучаснікаў. На мой погляд, і сёння такія тэмы былі б запатрабаваны. Добра, што шмат увагі ў нашай літаратуры надаецца мінуламу — далёкаму і не вельмі, ёсць сярэднія вякі, ёсць перыяд Айчыннай вайны, сёе-тое пасля гэтага, але далей — абрыў. Мне здаецца, трэба больш пісаць пра сучаснікаў, пра тое, чым жыве сёння наша грамадства. Такія творы будуць блізкія, зразумелыя і настаўніку, і ўрачу, і работніку сельскай гаспадаркі, у іх героях яны будуць прама ці ўскосна бачыць сябе, свае праблемы. Разумею, тэма сучаснасці далікатная, часам вострая, раптам не туды зацягне аўтара. Але для таго вы і творцы, каб шукаць і спрабаваць.

Міхаіл Мясніковіч параіў літаратарам быць больш актыўнымі ў «раскрутцы» сваіх твораў і шукаць новыя формы размовы з чытачом:

— Вядома, хочацца часам узяць у рукі кнігу, пачытаць нешта новае або перачытаць старое. Але, можа, павінна быць і нейкая новая форма падачы літаратурнага твора, інтэрактыўная. Вось глядзіце: і моладзі, і сярэдняму пакаленню падабаюцца кнігі на дысках, калі ў метро можна слухаць не толькі музыку, але і кнігі. Ці вось расійскі пісьменнік Эдвард Радзінскі з тэлеэкрана як займальна распавядае. А чаму нашы творцы так не могуць? Трэба шукаць шляхі. Разумею, што вы не камерсанты, але трэба нешта думаць, каб «раскручвацца».

«Раскручвацца» пісьменнікі, канешне, не супраць. Але спадзявацца, што гэта адбудзецца па чыёйсьці ўказцы, усё ж не варта. Рупіцца трэба самім, а перш за ўсё мець адметныя творы, за такія піяршчыкі самі ўчэпяцца. Але напісаць іх — справа літаратараў.

svirko@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter