Ксендз Кирилл Бардонов о том, были ли крестовые походы попыткой защитить восточных христиан

Пра крыжовыя паходы

Кожны, хто вучыўся ў школе, на ўроках гісторыі падчас вывучэння перыяду Сярэдневякоўя чуў пра крыжовыя паходы. Гэта былі ў асноўным узброеныя паходы з мэтай вызвалення Іерусаліма і ўсёй Палестыны ад мусульман і падпарадкавання іх хрысціянскаму кіраўніцтву. Забойствы і іншы гвалт, якімі суправаджаліся крыжовыя паходы, у свядомасці многіх людзей кладуць цень на Каталіцкі Касцёл, паколькі многія паходы адбываліся па ініцыятыве таго ці іншага Рымскага Папы.

Для адэкватнага разумення з’яўлення феномена крыжовых паходаў неабходна ўзгадаць гістарычны кантэкст, які папярэднічаў першаму з іх. У 638 годзе Іерусалім быў захоплены мусульманамі. Нягледзячы на гэта, у святым горадзе больш за 400 гадоў адносна мірна суіснавалі іслам і хрысціянства. Еўрапейскія пілігрымы, якія наведвалі Іерусалім, паведамлялі пра некаторыя цяжкасці, але гэта не былі шматлікія ці сур’ёзныя скаргі. Сітуацыя змянілася пасля 1072 года, калі Іерусалім захапілі туркі-сельджукі. Мусульмане гэтага этнасу пачалі значна ўскладняць жыццё хрысціян на Блізкім Усходзе, а паломніцтва ў Іерусалім стала небяспечным для жыцця. Апрача гэтага, туркі-сельджукі сталі захопліваць тэрыторыю хрысціянскай Візантыі.

Дзеля абароны сваёй дзяржавы і хрысціян на Усходзе імператар Візантыйскай імперыі Аляксей І звярнуўся да Рымскага Папы Урбана ІІ з просьбай аб арганізацыі ўзброенай абароны ўсходніх хрысціян. Папа вырашыў абвясціць паход з гэтай мэтай. Ён і ўвайшоў у гісторыю як першы крыжовы паход. Папа Урбан ІІ лічыў, што такая дапамога паспрыяе кансалідацыі заходніх і ўсходніх хрысціян.

На жаль, розныя ўдзельнікі першага і наступных крыжовых паходаў мелі свае мэты. Для некаторых гэта была магчымасць узбагаціцца, здабыць зямлю ці славу, прыкрываючыся рэлігійнымі матывамі. Гэта часта выражалася ў рабаваннях і ахвярах сярод невінаватых людзей. Ніводзін Папа не ўхваляў такіх дзеянняў. Ход крыжовых паходаў не быў падкантрольны рымскім пантыфікам, хоць стэрэатып у многіх склаўся адваротны. Таму складана ўскласці на іх адказнасць за злачынствы і злоўжыванні падчас спроб абароны ўсходніх хрысціян.

З другога боку, кожная чалавечая ахвяра, кожнае злачынства, якое ўчынена вернікамі, кладзе цень на Касцёл (Царкву), асабліва калі з гэтым звязаны іерархі Касцёла (Царквы). «Просім прабачэння за гістарычныя грахі, учыненыя католікамі», — звярнуўся да ўсяго свету ў 1999 годзе Папа Рымскі Ян Павел ІІ, дадаючы, што Каталіцкі Касцёл не адкідае сваёй гісторыі і хоча чэрпаць з яе добрае ды пазбягаць паўтарэння памылак.

Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter