Пра хакей, вясковыя заробкі і лазню на беразе Асалоды

Што за дрэвы пасадзяць латвійскія балельшчыкі ў рыжскім парку пасля вяртання з беларускага Палесся?

(Заканчэнне. Пачатак у нумарах  за 22 і 24 мая.)

ШКАДА, што нельга везці ў Латвію мясныя вырабы, — заклапочана аўтар сельскіх праграм на латвійскім тэлебачанні Дацэ Славінска. — Трашчалі б нашы ванзэлкі ад беларускіх прысмакаў. Мне, як арганізатару гэтай вандроўкі, не было асаблівых клапот. На кожным кроку нам добразычліва тлумачылі, падказвалі. Пры ўездзе ў нас не ставала аднаго дакумента, гэта выявілася ў шэсць гадзін раніцы на беларускай мытні. Заставалася вяртацца назад. Але мытнікі звязаліся з Мінскам, паднялі намесніка міністра, які даў дазвол на пропуск групы.

Розных прафесій, узросту і фінансавых магчымасцей латвійскіх хакейных фанатаў яднала гарачае жаданне падтрымаць сваю каманду на прэстыжных спаборніцтвах. Дзеля такой вандроўкі штогод ад свайго адпачынку яны адрываюць тыдзень. У паўтары-дзве тысячы еўра абышоўся гэты тур для кожнага з сарака чалавек латвійскай групы. Акрамя матчаў, ім пашчасціла  зазірнуць у беларускую глыбінку.

Пасля Мірскага замку і Нясвіжскага палаца Радзівілаў, шыкоўнага прыёму ў СВК «Гарадзейскі» вядомы не толькі на Гомельшчыне кіраўнік КСУП «Саўгас «Камуніст» Ельскага раёна Рыгор Бабчанок запрасіў латвійскіх гасцей на самы поўдзень Палесся, дзе на месцы былых непраходных балот раскінуліся ўгоддзі сучаснай вялікай гаспадаркі. Па няблізкай дарозе ў Зашыр’е завіталі ў СВК «Лучнікі» Слуцкага раёна, якім ужо некалькі гадоў кіруе Барыс Клешчукевіч. Лучнікоўскі гід Іван Жогла, які ўжо на пенсіі, але жыве клопатамі гаспадаркі, сустрэў латвійскіх гасцей. Яго арыгінальны экскурс у гісторыю калгаса, напоўнены ўласнымі вершамі, успрымаўся цудоўна. Дзе яшчэ можна ўбачыць карцінную галерэю хлебаробаў, кіраўнікоў гаспадаркі. У кнізе наведвальнікаў госці выказалі свае пачуцці. Арыгінальным быў сняданак у калгасным рэстаране пад жывыя вершы, якія няўрымслівы Іван Сяргеевіч дэкламаваў.

З гасцінных Лучнікоў шлях ляжаў праз Салігорск, старажытны Тураў у аддалены куточак Палесся.

КІРАЎНІК зашырскай гаспадаркі Рыгор Бабчанок сустракаць выехаў амаль за сотню кіламетраў. Стужка асфальту віляла сярод нізіннага лесу, пранізвала шырокія палі, перасякала шматлікія меліярацыйныя каналы і прывяла да сапраўднага аазіса сярод палескага ландшафту. Два паркі і восем фантанаў, арыгінальная царквушка і вясковы музей, гандлёвы цэнтр і шыкоўны Палац культуры, аптэка і бальніца, сярэдняя школа і дзіцячы садок, жылыя дамы з акуратнымі кветнікамі і галасістыя пеўні на падворках — такім прадстаў аграгарадок. На бетоннай сцяне здалёк відаць радкі: «У Зашыр’і жыць не гожа — незаможна, не прыгожа», якія належаць дырэктару гаспадаркі. Ён паспяхова спраўляецца і кіраваць вялікім калектывам, і вершы пісаць, і на спевы здатны. Нядаўна другі зборнік вершаў выдаў.

Ладзяцца справы на палях і фермах. Летась атрымалі па 32 цэнтнеры збажыны на небагатых землях, надаілі каля пяці тысяч кілаграмаў малака ад каровы. Лепшыя працаўнікі штогод атрымліваюць узнагароды на Рэспубліканскім свяце-кірмашы «Дажынкі». За мінулы год сярэдні заробак склаў амаль пяць мільёнаў рублёў. Тым не менш выпускнікі мясцовай школы штогод пакідаюць аграгарадок, шукаюць шчасце ў гарадах. Толькі некаторыя з іх працягваюць справу бацькоў. Як і ў суседняй Латвіі, урбанізацыя вымывае вясковую моладзь. На думку Рыгора Бабчанка, толькі высокімі заробкамі можна спыніць гэты працэс. Пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі ён атрымліваў у звычайнай гаспадарцы амаль удвая больш, чым у той час мелі гараджане. А ў канцы года даплачвалася некалькі месячных акладаў. Таму і не было жадання пакідаць вёску.

— А якая цяпер прапорцыя заробкаў у Беларусі? — пацікавіліся госці.

— На жаль, праца вяскоўца аплачваецца ніжэй, чым гараджаніна, — канстатаваў Рыгор Бабчанок. — У горадзе вакансіі прыбіральшчыц з акладам у пяць мільёнаў. У нас за такія грошы трэба шчыра выкладвацца. Пасля службы ў арміі рэдка хто з нашых землякоў вяртаецца дамоў. Хаця ўмовы жыцця і працы пастаянна паляпшаем. Завяршаем будаўніцтва новай малочна-таварнай фермы на 360 галоў. Усё камп’ютарызавана. Летась здалі першую чаргу, хутка другая пачне дзейнічаць.

— А які ў вас клопат пра пенсіянераў?

— Састарэлыя маюць шмат ільгот. Забяспечваем восенню бульбай, сенам для кароў, усе гаспадарчыя паслугі пенсіянеры аплачваюць напалову. А як у Латвіі?

— Адразу на пахаванне выдзяляюцца сродкі, — іранічна адказала тэлежурналіст Дацэ Славінска. — Мы сталі жыць па іншых законах.

Латвійскіх гасцей многае цікавіла. Рыгор Уладзіміравіч толькі паспяваў адказваць на пытанні. Расказваў, за якія сродкі і якой вытворчасці гаспадарка набывае тэхніку, як вядзецца спаборніцтва, хто вызначае пераможцаў. А на ганку шыкоўнага Палаца культуры гасцей ужо чакалі з духмяным палескім караваем. Аўтэнтычнымі спевамі і жывой музыкай віталі самадзейныя зашырскія артысты латвійскіх фанатаў хакея, у якіх слязіліся вочы ад сялянскай шчырасці. Пасля невялікага канцэрта дырэктар Зашырскага Палаца культуры Яўгенія Шадрына правяла экскурсію па арыгінальным музеі, дзе ўсе экспанаты выраблены рукамі мясцовых умельцаў.

Крыху прытомленых гасцей Рыгор Бабчанок запрасіў на рукатворнае зашырскае возера, каб зняць стому. Летам на берагах Асалоды яблыку няма дзе ўпасці ад турыстаў. Акультураны пляж, катамараны, паруснік «Надзея», гасцявыя домікі ўздоўж берага сведчаць пра дбайнага гаспадара. Тут, ля возера, Рыгор Уладзіміравіч уручыў бацькам латвійскіх хакеістаў Маі і Янісу Рэдліхсам саджанцы палескіх дубкоў і бэзу для пасадкі ў спецыяльным парку Рыгі, дзе пасля вяртання з чарговага чэмпіянату свету фанаты саджаюць дрэўцы з краіны правядзення першынства. І яшчэ адна традыцыя ні разу не парушалася ў іх — адкрыццё купальнага сезону. На чэмпіянаце свету па хакеі ў Швецыі тэмпература вады не перавышала шэсць градусаў, але традыцыю не парушылі і акунуліся ў ледзяную ваду Балтыкі. У Зашыр’і гасцей чакала лазня з бярозавымі венікамі на беразе Асалоды, чыстая водная прастора, цёплы майскі дожджык і наварыстая юшка.

ПАЧУЦЦІ перапаўнялі сэрцы. Сціплая зубны тэхнік з Рыгі прадставілася Антрай, і яе было не ўтрымаць ад захаплення. Вельмі ўразіў канцэрт зашырскіх самадзейных артыстаў. Вяскоўцы ў глыбінцы ўмеюць абагачаць сваё жыццё і іншых радаваць.

— А мо, што і не падабалася вам у Беларусі? — пытаюся ў Антры.

— Усё так арганізавана, што дзіву даешся. Не магла толькі звыкнуцца з грашовымі купюрамі, зашмат нулёў. Увесь час блыталася. Але гэта нішто перад тым, як нас прыняла Беларусь і што мы тут убачылі. У вашых вёсках яркія колеры, дамы пярэста пафарбаваныя, чаго не сустрэнеш у Латвіі. Вы любіце ўсё яркае. Мы больш стрыманыя. Нашы сяляне ў асноўным жывуць па хутарах. А вашы вёскі па-сучаснаму абсталяваны.

— А беларуская прырода?

— Амаль аднолькавая, толькі балот у вас болей і палі больш шырокія і прасторныя. Усе засеяныя, ні аднаго пустуючага кавалачка зямлі не ўбачылі.

— Беларуская кухня нечым адрозніваецца ад латвійскай?

— Адрозніваецца, — сцвярджае былы капітан латышскай прафесійнай арміі Марцыс Славінскіс. — Нас частавалі беляшамі. Не памятаю, калі такія смачныя еў. Натуральнае мяса, як прывітанне з далёкага дзяцінства. Мы больш гародніны і садавіны ўжываем. Нашы народы вельмі падобныя і перанеслі многае на сваім вяку. Мой бацька пасля распаду Саюза набыў у паўсотні кіламетраў ад Рыгі 35 гектараў зямлі. Гаспадарыў на ёй, перадаў мне ў спадчыну, а я здаю яе ў арэнду.

— Ваша самае яркае ўражанне ад чэмпіянату?

— Калі двойчы гучаў дзяржаўны гімн Латвіі. Мы спявалі яго на «Мінск-Арэне» са слязьмі на вачах. Мы выйгралі ў фінаў і амерыканцаў. Наша краіна вельмі маленькая, і кожны такі выйгрыш — вялікая падзея. А беларусаў хочацца шчыра павіншаваць не толькі з высокай арганізацыяй сусветнага першынства, але і з моцнай камандай, якая ўпэўнена выйшла ў сусветныя лідары. Міжнародная федэрацыя па хакеі пакуль не вырашыла, якая краіна будзе прымаць чемпіянат 2019 года. Галоўнае пажаданне латвійскіх фанатаў хакея — каб зноў сталіцай сусветнага чэмпіянату стаў гасцінны Мінск.

Уладзімір СУБАТ, «СГ»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter