Пра хакей, робатаў на ферме і газоны замест бульбы

Чаму латвійскія балельшчыкі збіраюцца яшчэ раз прыехаць да беларускіх аграрыяў

Працяг. Пачатак у нумары за 22 мая.

ПАКУЛЬ аўтобус імчаў па роўнай, як стол, аўтатрасе, пасажыры абмяркоўвалі хакейныя баталіі, дзяліліся ўражаннямі ад стылю забудовы праспектаў, ары- гінальнага ўзвядзення жылых кварталаў. Маладзейшыя паспелі наведаць начную дыскатэку ў студэнцкай вёсцы, ад якой былі ў захапленні. А рыжскага інжынера Мартынса Ліфанава засмуціла, што на фоне бездакорнай арганізацыі чэм- піянату малавата таннай сувенірнай прадукцыі. Хацеў набыць недарагія сувеніры ў кіёсках «Мінск-Арэны», але не паспеў прыгледзіцца, як іх раскупілі. Дацэ Легзда некалькі дзён шукала брэндавы сувенір чэмпіяната — маленькае зубраня, але ні ў адным кіёску пасля першых дзён яго ўжо не было. Інжынер Райтыс Мазяныс радаваўся, што ўсё ж знайшоў фірменны магазін фабрыкі «Камунарка» і набыў там арыгінальныя шакаладныя канькі і шайбу. У кіёсках «Мінск-Арэны» гэтыя сувеніры ў момант раскупілі.

Але нашых гасцей яшчэ чакалі сувенірныя лаўкі ў Міры і Нясвіжы.

ПРЫ ўездзе ў Мір ланцужком уздоўж вуліцы выцягнуліся новыя катэджы. Пасыпаліся пытанні пра жыццё сялян. Здзіўленнем для гасцей было не толькі тое, што кожны катэдж займае адна сям’я, але і што гаспадары могуць яго прыватызаваць. У Латвіі большасць хутароў, многа сялян сталага ўзросту. Мужчыны і жанчыны ў 65 гадоў маюць права на пенсію. Але ёсць праблема з пенсійным фондам. Насельніцтва старэе, моладзь шукае, дзе лепей. Таму сем’і імкнуцца мець сваю справу, каб не залежыць ад дзяржавы.

Хакейны фанат Якаў Сінюткін, выхадзец з сялянскай латгальскай сям’і, служыў у Рызе паліцэйскім. Як толькі выйшаў у адстаўку, вырашыў заняцца авечкагадоўляй. Да Другой сусветнай вайны ў Латвіі было больш як мільён авечак. Цяпер пагалоўе не перавышае 70 тысяч, авечкагадоўля толькі пачынае аднаўляцца. Былы паліцэйскі плануе на бацькоўскім хутары завесці атару і кашэрнае мяса пастаўляць у рыжскія рэстараны. Можна прадаваць і ў еўрапейскія краіны. Еўрасаюз згодзен фінансаваць развіццё галіны ў Латвіі, бо зямля ў Еўропе дарагая і разводзіць авечак эканамічна невыгадна.

А вось буйную рагатую жывёлу па ўказанні Еўрасаюза латвійскія гаспадары маюць права трымаць прапарцыянальна колькасці ўгоддзяў. 

Невялікі гурт свойскіх кароў пасвіўся каля старажытнага Мірскага замка. На прызамкавай плошчы гандляры прапаноўвалі сувеніры з гліны, саломкі, дрэва, скуры, косці і іншых матэрыялаў. У карчме і буфетах разнастайныя прысмакі, гарачыя беларускія стравы. Нас чакаў загадзя замоўлены гід Людміла Муха, якая з першых слоў зачаравала цікавымі гісторыямі пра старажытны Мірскі замак, што ў 2000 годзе ўключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЭСКА. Ад гадзіннай экскурсіі па збудаванаму амаль пяць стагоддзяў таму замку засталося добрае ўражанне. Кожны з гасцей прыклаў руку да ўмураваных у сцяну шматтонных валуноў, дзе можна было загадаць жаданне.

ЁСЦЬ паданне, што ад Мірскага замка вядзе падземная дарога да Нясвіжскага палаца Радзівілаў. Побач з ім — унікальны касцёл Цела Гасподня, які яшчэ называюць Фарным — архітэктурны помнік ранняга барока, першы іезуіцкі касцёл на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Унутраныя сцены храма раскошна распісаны. Немаладога веку манашка і дзясятак хлопчыкаў і дзяўчынак развучвалі касцёльныя спевы. Калі святарка даведалася, што госці з суседняй Латвіі, шчыра прапанавала агледзець усыпальніцу Радзівілаў, дзе вякамі пакоіцца прах прадстаўнікоў магнацкага роду. Пачулі мы і гісторыю пра тое, як у сярэдзіне мінулага стагоддзя адкрылі адну з дубовых дамавін, дзе ляжала прыгожая дзяўчына. Быццам спала. Але праз імгненне прах рассыпаўся. Тэмпература тут круглы год пастаянная, і паўтысячагадовыя дамавіны непадуладны часу.

Латвійскія госці параўналі Нясвіжскі фарны касцёл, які ўзводзіў італьянец Ян Марыя Бернардоні, са старэйшым на чатырыста гадоў Рыжскім Домскім саборам, які народ называе Домам Бога. Як касцёл Цела Гасподня ўзвышаецца над старажытным Нясвіжам, так і Домскі сабор — высотная дамінанта Старой Рыгі.

Праз возера за каталіцкім храмам ззяе золатам дах Палаца Радзівілаў, каля сцен якога — Вечны агонь на магіле загінуўшых воінаў- вызваліцеляў Нясвіжа ад нямецка-фашысцкіх захоп- нікаў. Прыпыніўся ля абеліска рыжанін Мартынс Ліфанаў, дзед якога з Чырвонай Арміяй адступаў да Масквы, а потым вызваляў савецкія гарады і вёскі ад фашысцкіх акупантаў. Двойчы быў паранены: пад Старай Русай і пры вызваленні Латвіі.

— У нас шмат агульнага ў гісторыі, і гэта не варта забываць, — ціха разважала латвійская настаўніца Дацэ Якабсан, ад якой я пачуў, што сённяшнія вучні амаль не ведаюць рускай мовы. Вучаць англійскую, нямецкую, французскую, а рускай мала хто валодае. Выпускнікі школ імкнуцца паступаць на вучобу ў еўрапейскія краіны.

У СТАРШЫНІ СВК «Гара- дзея» Мікалая Салаўя латвійскія госці спыталі, дзе яго дзеці вучацца. І пачулі ў адказ, што старэйшы сын некалькі гадоў працуе ўрачом, а меншы — студэнт Акадэміі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, марыць працаваць на радзіме. Амаль дваццаць гадоў кіруе Мікалай Аляксандравіч гаспадаркай, якая стала адной з найбольш моцных на Міншчыне. Многае ўразіла гасцей. Сярэднія заробкі тут амаль 550 долараў у месяц.

— Дарогі ў вас лепшыя, чым у нас, — не вытрымаў латвійскі інжынер Мартынс Ліфанаў. — А гаспадарка ваша якой формы ўласнасці?

— У савецкія часы гэта быў саўгас, цяпер — сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў, — адзначыў Мікалай Салавей. — Я старшыня па кантракту. Закончыцца тэрмін, раённае кіраўніцтва прыме рашэнне. Таму імкнуся працаваць, каб мяне цанілі. За апошнія гады мы пабудавалі дзве новыя жывёлагадоўчыя фермы, якія абслугоўваюць некалькі жывёлаводаў.

Разам з кіраўніком гаспадаркі хакейныя фанаты з цікавасцю назіралі, як каровы самастойна падыходзілі да робата і пачыналася даеннне.

— Я ў Ніжняй Саксоніі такое ўбачыў і ў гасцініцы ўсё занатаваў, — расказваў Мікалай Салавей. — Яшчэ глядзеў па тэлевізары, як Пуцін наведваў новую ферму ў Калужскай вобласці. Там вырабляюць такія кароўнікі. Кошт аднаго з тэхнічным напаўненнем — мільён восемсот тысяч еўра. Падлічыў, калі штодня прадаваць на 2 тысячы еўра малака, то за 5 гадоў можна вярнуць затраты. Робаты дазваляюць атрымліваць прадукцыю экстра-класа, якую мы пастаўляем у школы, дзіцячыя садкі.

Латвійскія госці сталі засыпаць Мікалая Аляксандравіча пытаннямі.

— Па якой цане купляюць вашу прадукцыю і ці маеце права дыктаваць сваю цану?

— Дзяржава забірае нашу прадукцыю па гарантаваных цэнах у залежнасці ад якасці. На адной тоне малака сортам «экстра» мы можам атрымаць дадаткова 600 еўра. Высокай якасці і ялавічына, але расійскія закупшчыкі імкнуцца знізіць цану. Калі будзе попыт на дарагое мяса, будзем вырошчваць, а пакуль гэта невыгадна.

— У нас такая ж сітуацыя, — адзначыла латвійская тэлежурналістка Байба Весялоўска. А пытанні ўсё сыпаліся да старшыні.

— Ці можаце вы планаваць гадавы бюджэт згодна дзяржаўным закупачным цэнам?

— Падводзіць інфляцыя, чаго ў вас няма. І яшчэ ў нас высокая банкаўская стаўка — 35—40 працэнтаў. Зато на будаўніцтва жылля дзяржава выдзяляе крэдыт пад 3 працэнты на 15 гадоў. І палову кошту тэхнікі субсідзіруе дзяржава.

— Здзіўляе, што пры дзяржаўнай уласнасці так высока трымаеце культуру вытворчасці.

— Прыватнаму гаспадару трэба самаму пра ўсё думаць. А наш аграрны сектар падтрымлівае дзяржава, так што ёсць магчымасць і пра культуру вытворчасці дбаць.

— Колькі такіх гаспадарак у Беларусі?

— У кожным раёне ёсць такія.

— Які век кароў на вашых фермах?

— У Даніі — 3 гады, а ў нас пакуль 2,7.

— Ці сталі вашы працаўнікі больш ініцыятыўнымі ў параўнанні з тым, што было раней?

— Сталі больш дысцыплінаванымі. Яны хочуць мець дом, машыну, на выхадныя паехаць і адпачыць. 15 гадоў таму ў нас было 385 кароў на падворках. Сёння толькі 24. Маладыя добра зарабляюць і могуць сабе дазволіць усё купіць.

— Едуць у вольны час гуляць у хакей?

— Едуць у горад на экскурсію, у тэатры.

— Кіраўнік увесь час клапоціцца аб гаспадарцы. А людзі таксама думаюць?

— Працэнтаў 25 усё ж такі думае.

— Як у вас праводзяцца культурныя мерапрыемствы?

— Часта запрашаем сталічныя калектывы з канцэртамі, ладзім свае святы, адзначаем лепшых. Купілі музычную апаратуру даволі дарагую, дзеці на ёй займаюцца.

— А што яшчэ моладзі прапануеце?

— Розныя гурткі ў Доме культуры, ёсць футбольная каманда, якая гуляе ў першай лізе Беларусі. Футбалістам плацім па 600—800 долараў у месяц. На развіццё спорту сродкаў не шкадуем. Сын нашага механізатара Аляксей Абрагімовіч ужо іграе ў «Тарпеда» Жодзіна. Я ў дзяцінстве пра гэта толькі марыў.

— Ці маюць вашы працаўнікі прысядзібныя ўчасткі?

— Мы саджаем бульбу для ўсіх у полі. Калі не хочаш апрацоўваць яе ці плаціць за апрацоўку, восенню кожнаму прывозім па 400 кілаграмаў.

— А гародніну людзі вырошчваюць?

— На кожнай сядзібе па 15—20 сотак у большасці пад газонамі і кветнікамі. На тэрыторыі гаспадаркі сем вёсак. Штогод скупляем старыя дамы, гаспадароў якіх не стала. Зносім і на іх месцы ўзводзім новыя.

ШМАТ іншых пытанняў адрасавалі латвійскія госці старшыні Мікалаю Салаўю. Калі развітваліся, яшчэ доўга ў аўтобусе абмяркоўвалі ўбачанае і пачутае. Байба Весялоўска шмат гадоў рыхтуе тэлепраграмы пра латвійскіх аграрыяў і хоча прыехаць у гарадзейскую гаспадарку, каб расказаць тэлегледачам пра кіраўніка, які ўпэўнена кіруе калектывам.

Інжынер Мартынс Ліфанаў вучыўся ў політэхнічным тэхнікуме, практыкаваўся ў фермераў Даніі. Але і для яго было адкрыццём прыехаць на хакей, каб убачыць поўнасцю аўтаматызаваную жывёлагадоўчую ферму ў звычайным беларускім калгасе.

Дарэчы, гэта былі яшчэ не ўсе здзіўленні латвійскіх сяброў. Праз дзень іх чакала вандроўка на гомельскае Палессе і сустрэча з кіраўніком, які не толькі апантана працуе на зямлі, але і ўслаўляе яе шчырымі паэтычнымі радкамі.

Але пра гэта — у наступным нумары...

Уладзімір СУБАТ, «СГ»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter