Пра хакей, Еўрасаюз і «Марусю»

НЕЗАДОЎГА да чэмпіянату свету па хакеі патэлефанавалі калегі з Рыгі. Паведамілі, што збіраюцца прыехаць у Беларусь, каб падтрымаць сваю каманду. А ў вольныя ад матчаў дні хацелі б наведаць беларускую глыбінку, убачыць Мірскі і Нясвіжскі замкі, пабываць у СВК. Ці не магла б рэдакцыя «Сельской газеты» дапамагчы. Група планавалася ў трыццаць чалавек. Сярод іх журналісты, інжынеры, урачы, педагогі. А напярэдадні чэмпіянату латышы паведамілі, што выязджае ажно сорак фанатаў хакея! У тым ліку і бацькі вядучых ігракоў зборнай Латвіі — абаронцы Екабса і нападаючага Мікеліса Рэдліхсаў. І трэці сын Маі і Яніса Рэдліхсаў, Крыш'яніс, таксама прафесійны хакеіст, які выступаў за латвійскую зборную на сочынскай Алімпіядзе. Мая і Яніс ганарацца сынамі. У іх творчай тэлевізійнай сям’і раней ніхто хакеем не цікавіўся. Здымкі, мантажы тэлепраграм захаплялі бацькоў. Поўнай нечаканасцю стала, калі васьмігадовы Крыш'яніс заявіў, што хоча стаць хакеістам. І меншыя браты за ім захапіліся гульнёй. А калі ўсе тры сыны ўвайшлі ў зборную Латвіі, бацькі сталі апантанымі прыхільнікамі хакея. І вядома ж прапусціць Мінскі чэмпіянат яны аніяк не маглі. — Прыемна, што на гэтым чэмпіянаце нашы сыны ў ліку больш выніковых ігракоў латвійскай каманды, — адзначае Яніс Рэдліхс. — Па шчырасці, мы чакалі большага ад нашай зборнай, якая пачала чэмпіянат з перамогі. Але не змагла выйсці ў чвэрцьфінал. Перамаглі мацнейшыя.

Што кранула бацькоў вядомых латвійскіх хакеістаў на беларускай зямлі

НЕЗАДОЎГА да чэмпіянату свету па хакеі патэлефанавалі калегі з Рыгі. Паведамілі, што збіраюцца прыехаць у Беларусь, каб падтрымаць сваю каманду. А ў вольныя ад матчаў дні хацелі б наведаць беларускую глыбінку, убачыць Мірскі і Нясвіжскі замкі, пабываць у СВК. Ці не магла б рэдакцыя «Сельской газеты» дапамагчы. Група планавалася ў трыццаць чалавек. Сярод іх журналісты, інжынеры, урачы, педагогі. А напярэдадні чэмпіянату латышы паведамілі, што выязджае ажно сорак фанатаў хакея! У тым ліку і бацькі вядучых ігракоў зборнай Латвіі — абаронцы Екабса і нападаючага Мікеліса Рэдліхсаў. І трэці сын Маі і Яніса Рэдліхсаў, Крыш`яніс, таксама прафесійны хакеіст, які выступаў за латвійскую зборную на сочынскай Алімпіядзе. Мая і Яніс ганарацца сынамі. У іх творчай тэлевізійнай сям’і раней ніхто хакеем не цікавіўся. Здымкі, мантажы тэлепраграм захаплялі бацькоў. Поўнай нечаканасцю стала, калі васьмігадовы Крыш`яніс заявіў, што хоча стаць хакеістам. І меншыя браты за ім захапіліся гульнёй. А калі ўсе тры сыны ўвайшлі ў зборную Латвіі, бацькі сталі апантанымі прыхільнікамі хакея. І вядома ж прапусціць Мінскі чэмпіянат яны аніяк не маглі. — Прыемна, што на гэтым чэмпіянаце нашы сыны ў ліку больш выніковых ігракоў латвійскай каманды, — адзначае Яніс Рэдліхс. — Па шчырасці, мы чакалі большага ад нашай зборнай, якая пачала чэмпіянат з перамогі. Але не змагла выйсці ў чвэрцьфінал. Перамаглі мацнейшыя.

На матчы зборных Латвіі і Расіі мне выпала сядзець побач з Рэдліхсамі, якія з першай хвіліны падтрымлівалі каманду разам з іншымі латвійскімі фанатамі. Кожны з іх дзеля паездкі на чэмпіянат узяў водпуск і ад сямейнага бюджэту адняў частку фінансаў, каб аплаціць камфартабельны аўтобус, пражыванне ў гасцініцы, харчаванне, білеты на матчы, сувеніры. Колькі радасці было на іх тварах, калі пасля перамог над зборнымі Фінляндыі і Казахстана гучаў гімн Латвіі! Слёзы выдавалі ўсплеск эмоцый.

— Мы захварэлі хакеем назаўсёды, — адзначае мая даўняя знаёмая Дацэ Легзда, якая ўсё працоўнае жыццё на Латвійскім тэлебачанні. — Вандруем за нашай хакейнай дружынай, падтрымліваем яе. Разумелі, што шансаў выйграць у зборных Расіі і Беларусі аніякіх, але сэрца прагла перамогі. Тыдзень на чэмпіянаце хутка праляцеў, а ўражанняў — быццам год тут былі.

— Як беларуская сталіца вас сустрэла?

— Першымі нас цёпла віталі прадстаўнікі беларускай мытні. Мяжу мы перасякалі раніцай 9 мая, у Дзень Перамогі. Зеляніна лугоў і палёў цешыла вока з вокнаў аўтобуса. Ехалі праз акуратны гарадок Глыбокае, праз невялікія вёсачкі і мястэчкі і з хваляваннем чакалі сустрэчы з Мінскам. Гмахі новабудоўляў і прасторныя вуліцы і праспекты беларускай сталіцы ўразілі. Кветнікі ў перамежку з зялёнымі газонамі, шырокія тратуары. Пасля нашай старэнькай Рыгі з вузкімі вулачкамі гэты размах адчувальны. Амаль дваццаць гадоў таму я прыязджала ў Мінск на міжнародны тэлефестываль сельскіх праграм. Горад вельмі змяніўся. Шмат вышынных будынкаў, якіх раней не было. Метро пашырыла свае межы.

— Часта ў Мінск прыязджалі нашы сыны-хакеісты, — адзначае Яніс Рэдліхс. — Яны сябруюць з лідарам вашай зборнай Міхаілам Грабоўскім. Ён таксама часта бываў у нас, начаваў нават, калі выступаў на спаборніцтвах усходнееўрапейскай юнацкай хакейнай лігі. Пры стварэнні яе было вырашана, каб удзе- льнікі спаборніцтваў жылі ў кагосьці дома. Так наш сын Мікеліс заўжды кватараваў у Мінску ў сям’і Грабоўскіх. Пра Мінск мы многа ведаем. Але сваімі вачыма ўбачылі беларускую сталіцу ўпершыню.

— Ваша ўяўленне супала з убачаным? — пытаюся ў жонкі Яніса Рэдліхса.

— Новыя мікрараёны, шмат зеляніны і кветак проста ашаламляюць. У Мінску жыхароў — як ва ўсёй Латвіі. Яшчэ зусім нядаўна мы ўсе былі грамадзянамі адной краіны. І як цудоўна, што нам не патрэбен перакладчык. А як нас частавалі ў беларускіх вёсках! Абсалютна чыстыя натуральныя прадукты, смак якіх мы забылі. Вельмі ўразіла сучасная ферма гаспадаркі «Гарадзея», дзе кароў дояць робаты. Такога я яшчэ не бачыла.

Аўтар сельскагаспадарчых праграм Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Латвіі Байба Весялоўска бывала ўжо ў беларускай глыбінцы. Разам з удзельнікамі міжнароднага тэлефестывалю сельскіх праграм «Аграсвет» наведвала гаспадаркі Мінскай і Брэсцкай абласцей. Але на ферме, дзе кароў дояць робаты, таксама была ўпершыню.

— Пакуль не ўбачыла сваімі вачыма, складана было ўявіць гэты працэс, — прызнаецца Байба Весялоўска. — Прасторнае памяшканне з абсалютна чыстым паветрам, сытыя каровы павольна ходзяць па ферме. Механізмы пастаянна чысцяць памяшканне. А робаты, акрамя даення, выдаюць кожнай карове сваю норму камбікорму. Чыстае малако без дотыку людскіх рук паступае ў халадзільнікі і ахалоджаным адпраўляецца на перапрацоўку. Такіх ферм у Латвіі пакуль няма.

— І гаспадарак буйных, напэўна, у вас малавата?

— Пасля распаду агульнай краіны нашы калектыўныя гаспадаркі былі распушчаны. Зямля перайшла ў прыватную ўласнасць і стала таварам. Яе можна купіць-прадаць ці здаць у арэнду. Многа былых калгасных зямель дзічэе. Калі мы ехалі з Мінска ў Мірскі замак, а потым у Гарадзею і Нясвіж, у Слуцк і на беларускае Палессе, я глядзела ў акно аўтобуса. Ні адзінага кавалачка пустуючай зямлі не ўбачыла. Усё засеяна, пасевы дагледжаныя. Жоўтым дываном квітнеюць рапсавыя палі ўперамежку з азімымі і яравымі збожжавымі. Роўненькія радкі кукурузы і цукровых буракоў. На палях парадак і чысціня. У нас, на жаль, далёка не так.

— Тое, што зямля стала таварам, дапамагло развіццю сельскай гаспадаркі?

— Балюча было глядзець, як нішчылася маёмасць у былых калгасах і саўгасах. Транжырылі ўсё, а калі растранжырылі, разбурылі, то схамянуліся, што няма чым апрацоўваць зямлю. Вясковая моладзь кінулася па ўсёй Еўропе ў пошуках заробкаў. Многія сталі рабіць бізнес на куплі-продажы зямлі. Яе скупляюць і перапрадаюць. На акультураных меліяратарамі масівах новыя гаспадары саджаюць хуткарослы лес, каб атрымаць драўніну. Ёсць інфармацыя, што шведы са сваёй зямлёй так па-вар’яцку не паступаюць, а толькі на набытых у Латвіі землях нішчаць усё дзеля прыбытку. Улада дазваляе. Ужо тысячы гектараў засаджаны асінай, карані знішчаюць меліярацыйныя збудаванні.

— А міністэрства сельскай гаспадаркі Латвіі як да гэтага ставіцца?

— У дзевяностыя гады сяляне атрымалі зямлю ў прыватную ўласнасць. Каб апрацоўваць яе, патрэбна тэхніка. А грошай на набыццё няма. Гаспадары вымушаны ці здаваць у арэнду свае надзелы, ці прадаваць. Міністэрства дае дазвол на пасадку прамысловых лясоў і нават выдзяляе бясплатна саджанцы дрэў. А вось каб вярнуць лес у сельгасугоддзі, неабходна заплаціць 6 тысяч еўра за гекатар. У Латвіі не хапае ворыўнай зямлі, але пры гэтым нічога не робіцца, каб па-гаспадарску яе выкарыстоўваць. Таму штогод усё меней застаецца пасяўных плошчаў. Міністэрства сельскай гаспадаркі гэта не хвалюе. Яго місія зведзена да выканання ўказанняў Еўрасаюза.

— Ці ёсць праблема з кадрамі на вёсцы?

— Кожная пара працоўных рук у сельскай гаспадарцы Латвіі на вес золата, — уключаецца ў размову Дацэ Славінска, якая таксама рыхтуе тэлепраграмы на аграрную тэматыку на Латвійскім нацыянальным тэлебачанні. — Моладзь амаль уся выехала ў пошуках заробкаў у замежжа. Таму кожны гаспадар імкнецца стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для рабочых. Для іх устройваюцца замежныя вандроўкі, экскурсіі, агульныя святы. Часта ў выхадныя вяскоўцы паромам адпраўляюцца ў Швецыю. Паездку аплачвае гаспадар. Ці заказваецца на выхадныя рэстаран і запрашаюцца даяркі, конюхі, механізатары, садаводы. Наймаецца прафесійны вядучы, гучыць жывая музыка. Фермер ідзе на расходы, бо разумее, што без рабочага не будзе мець поспеху. Зразумелі, што селяніна трэба песціць.

— А спецыялістаў хапае?

— У нашых навучальных установах скарачаюць тэрмін навучання, але ўсё роўна поўнага набору няма. Скасавалі размеркаванне пасля вучобы. Дыпламаваныя ветэрынары едуць у горад лячыць сабачак і катоў, бо заробяць болей. Дзяржава траціць грошы ўпустую на падрыхтоўку кадраў.

— Колькі аграрных вышэйшых навучальных устаноў у Латвіі?

— Адзіны Латвійскі сельскагаспадарчы ўніверсітэт у Елгаве рыхтуе спецыялістаў-аграрыяў. Нашы выпускнікі школ маюць права вучыцца ва ўсіх еўрапейскіх вышэйшых навучальных установах. У школе яны вывучаюць замежную мову і потым без праблем паступаюць на вучобу за мяжу. Сярэдніх спецыяльных устаноў па падрыхтоўцы аграрных кадраў мала, і тэндэнцыя, што іх увогуле не будзе.

— Якая галоўная праблема латвійскага вясковага гаспадара?

— Рэалізацыя прадукцыі. Вось мы былі ў СВК «Гарадзея» Нясвіжскага раёна, і кіраўнік Мікалай Салавей расказаў пра вытворчую дзейнасць калектыву. Я запомніла, што на чатырох тысячах гектараў сельгасугоддзяў гаспадарка ўтрымлівае каля дзевяці тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Штодня з ферм гараджанам пастаўляецца больш як 23 тоны малака. А валавы збор збожжа летась там перавысіў дванаццаць тысяч тон. І кіраўніка не хвалюе рэалізацыя прадукцыі. У нас гэта самая важная праблема ў аграрным сектары. Пасля ўваходу ў Еўрасаюз наш рынак запоўніўся еўрапейскай прадукцыяй. Палякі запаланілі гароднінай і мяснымі вырабамі, сабекошт якіх у іх значна ніжэйшы за наш. Еўрасаюз іх вытворцаў падтрымлівае субсідыямі, а для нашых фермераў яны меншыя.

— Чаму? Вы ж члены Еўрасаюза?

— Мы толькі ўвайшлі ў гэты саюз і не маем вялікай магчымасці свой рынак ахоўваць. За рэалізацыю і перапрацоўку нашай сельгаспрадукцыі здымаецца вельмі вялікі працэнт.

— Дзяржава не рэгулюе гэтыя працэсы?

— Перапрацоўчую галіну трымаюць у сваіх руках еўрапейцы, і яны дыктуюць нашым вытворцам свае ўмовы. Некалі ў нас былі тры цукровыя камбінаты. Іх закрылі. Цукровыя буракі перасталі вырошчваць, закупляем замежны дарагі цукар. А ў вас чатыры цукровыя камбінаты працуюць на поўную магутнасць. Каб нам вярнуць цукровыя плантацыі і запусціць цукровыя камбінаты, неабходна еўрапейская квота. Яе атрымаць не так і проста. Як і на вырошчванне лёну. Спрадвеку Латвія, як і суседнія Літва і Беларусь, славілася льнаводствам. Цяпер гэтая культура ў нас у заняпадзе. Еўрасаюз вызначыў квоту вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, і лішкі малака мы прадаём Літве, там яго перапрацоўваюць і прадаюць нам сыры і іншую малочную прадукцыю па сваіх цэнах.

— У Беларусі ёсць тэрмін — харчовая бяспека краіны. У Латвіі яна існуе?

— Мы маглі сябе забяспечыць, але наша сельскагаспадарчая прадукцыя вырабляецца згодна з квотамі Еўрасаюза і паступае на агульнаеўрапейскі рынак. Мы не маем права парушаць гэтыя квоты. Еўрасаюз займаецца харчовай бяспекай усіх краін-удзельніц.

— У нас вітаюць павелічэнне вытворчасці прадукцыі палёў і ферм, а ў вас абмежаванне на гэта?

— Так. Ніякіх самастойных крокаў нашы аграрыі не маюць права рабіць без узгаднення з Еўрасаюзам. Нашы заводы славіліся цудоўным латвійскім сырам. Цяпер мы яго купляем у Літве. Гэта нонсэнс. У нашых магазінах вялікі выбар прадуктаў харчавання, але ўвесь тавар завазны.

— Беларускія прадукты ў вас прадаюцца?

— Нічога беларускага няма, акрамя гарэлкі і цукерак. З прамысловых тавараў карыстаецца попытам беларускі абутак і бытавыя электратавары. Вашы прадукты натуральныя. Мы купілі ў Мінску таматны сок, так ён жа сапраўдны. Чыстыя таматы. А якія смачныя сардэлькі беларускай вытворчасці. У іх няма ніякіх дабавак.

— Што Латвія пастаўляе ў Еўрасаюз?

— Абмежаваную колькасць малака, мяса і збожжа. Летась сабралі 4 мільёны тон зерня. Гародніну вырошчваем толькі для сваёй краіны. Вельмі хацелася б, каб вашы прадукты атрымалі шлях на наш рынак. І многія прамысловыя тавары беларускай вытворчасці ў нас запатрабаваны. Мы выпадкова ў Мінску патрапілі ў спецыялізаваны магазін «Маруся» і набылі там цудоўныя дзіцячыя тавары. Кіраўніцтву сеткі магазінаў «Маруся» раім шукаць шлях на латвійскі рынак.

Здавалася б, яшчэ нядаўна мы жылі ў адной краіне. Але за два дзесяцігоддзі шмат што змянілася, вырасла новае пакаленне людзей. Вось і маладых латвійскіх фанатаў хакея многае здзіўляла ў Беларусі. А паездку ў беларускую глыбінку ўсе латвійскія госці чакалі з нецярпеннем. І як толькі выдаўся вольны ад хакея дзень, мы накіраваліся з імі на Міншчыну. Пра гэта — у наступным нумары газеты.

Уладзімір СУБАТ, «СГ»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter