Тэлеканал АНТ з 16 мая пачынае паказ 12-серыйнага фільма «Ой, ма-мач-кі!»

Пра дзевяць чароўных месяцаў

Тэлеканал АНТ з 16 мая пачынае паказ 12-серыйнага фільма «Ой, ма-мач-кі!». Нягледзячы на тое што зняты ён у садружнасці з ра-сійскай кінакампаніяй, гэта па-сапраўднаму айчынны прадукт: сцэнарый напісалі вядомая пісьменніца Юлія Лешка (яе пяру належаць кнігі, якія сталі сцэнарыямі фільмаў «Сяброўка Восень», «Пяшчотная зіма», «Рыфмуецца з каханнем») і журналістка, галоўны рэдактар часопіса «На экранах» Людміла Перагудава. Паставіў фільм рэжысёр Іван Паўлаў, вядомы гледачу сваімі работамі «Свежына з салютам», «Глыбокая плынь», «Спакуса», «На спіне ў чорнага ката», «Усё, што нам трэба», зняў серыял беларускі кінааператар Вячаслаў Дунаеў. Здымкі праходзілі ў РНПЦ «Маці і дзіця», знакамітым мінскім радзільным доме № 7 і ў павільёнах «Беларусьфільма».

Нарэшце, у карціне занята шмат нашых артыстаў і ці не ўпершыню ў стужцы сумеснай вытворчасці галоўную ролю выконвае не маскоўская зорка, а наша вядомая актрыса тэатра і кіно Вера Палякова. У яе фільмаграфіі гэта першая роля такога маштабу, і справілася яна з ёй выдатна. Дарэчы, у карціне Вера Палякова не толькі іграе. У яе выкананні за кадрам гучыць цудоўная песня пра дзевяць чароўных месяцаў на словы Юліі Лешка і музыку Сяргея Сухамліна. 

Галоўная гераіня філь-ма — Вера Міхайлаўна Стральцова, урач-гінеколаг у аддзяленні паталогіі цяжарнасці  аднаго з гарадскіх радзільных дамоў.  У яе  няпростая і адказная работа – дапамагчы будучым мамачкам вынасіць і нарадзіць здаровых дзетак. Сярод пацыентак Веры Міхайлаўны — мамы вельмі розныя: нехта чакае дзіця ў шчаслівым шлюбе, нехта хоча нарадзіць, нягледзячы на сур’ёзныя праблемы з уласным здароўем, нехта — не зважаючы на адгаворы родных, а нехта наогул збіраецца адмовіцца ад будучага першынца... Ва ўсіх гэтых мамачак — зусім маладзенькіх і тых, каму ўжо за трыццаць, — свае гісторыі: кранальныя і хвалюючыя, радасныя і сумныя, але абавязкова поўныя надзеі. 

У Веры Міхайлаўны таксама свая жаночая гісторыя. Яна выдатны спецыяліст, дзень пры дні на працягу 15 гадоў дапамагае нарадзіць іншым, але ў самой дзяцей няма, ад чаго пакутуе і яна, і яе муж... Хаця, мяркуючы па тым, што напрыканцы другой серыі на экране з’яўляецца слоік з салёнымі агуркамі, да канца фільма праблема доктара Стральцовай, будзем спадзявацца, шчасліва вырашыцца. 

У ролях мамачак гледачы пазнаюць многіх нашых тэатральных актрыс — Юлію Кадушкевіч, Верані-ку Пляшкевіч, Алесю Пухавую, Валянціну Гарцуеву, Таццяну Чардынцаву, Ганну Палупанаву, Алену Дуброўскую, Вольгу Скварцову… Як заўважаў на гэты конт Іван Паўлаў, такія здымкі проста мара рэжысёра, у радзільным доме ўвесь час цёпла і светла і вакол шмат прыгожых жанчын. 

Дарэчы, пра прыгажосць. Цікава, што да выканаўцаў мужчынскіх роляў у фільме былі патрабаванні асаблівыя. Ра-сійскія партнёры паставілі ўмову падбіраць у фільм акцёраў, ад якіх глядачкам, вобразна кажучы, захацелася б нарадзіць дзіця, словам, прыгажуноў і любімчыкаў жанчын. На экране ўбачым Канстанціна Салаўёва, Аляксандра Макагона, Ігара Сігова, Сяргея Астахава, Анатоля Кацянёва, Сяргея Чоні-швілі і многіх іншых.

Серыял быў зняты ў 2013-м. За гэты час яго двойчы — спачатку дзве першыя серыі, а летась ужо ўсе дванаццаць — паказалі ва Украіне, і прайшоў ён з даволі высокім рэйтынгам. Сёлета ў сакавіку фільм убачылі ў Расіі. Дзіўна, што на нашы тэлеэкраны ён трапіў толькі зараз. Як сумна жартуюць яго аўтары, немаўляты, якія нарадзіліся ў час стварэння фільма, ужо гаварыць навучыліся.  

«Ой, ма-мач-кі!» будзе выходзіць на экран АНТ па суботах і нядзелях у дзённым эфіры.

У тэму

Жанр карціны аўтары сцэнарыя між сабой называюць «бальнічны «Дэкамерон». Тэма мамачак, а ў рэальным жыцці менавіта так медперсанал бальніц называе парадзіх і цяжарных, якія ляжаць «на захаванні», паводле слоў Юліі Лешка, узні-кла невыпадкова. Яна сама даволі позна нарадзіла першынца, і ў памяці назаўсёды засталося ўсё, што было звязана з гэтай па-дзеяй, з тымі жаданымі, але і складанымі месяцамі надзеі і чакання. Многае з таго, што запомнілася: атмасфера бальніцы, адносіны медыкаў, гісторыі жанчын, якія чула, — яна старалася вывесці на экран. Дарэчы, у галоўнай гераіні фільма ёсць рэальны прататып — гэта адна з выдатных спецыялістаў РНПЦ «Маці і дзіця», у серыяле нават захавалі яе імя і імя па бацьку — Вера Міхайлаўна.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter