Как проходят тест на алкоголь нетрезвые хулиганы

Праўда з першых вуснаў

Мінску кругласутачна працуюць два кабінеты экспертызы алкагольнага і іншых відаў ап’янення. Карэспандэнт «Р» даведалася, наколькі запатрабаваны іх паслугі, хто і навошта звяртаецца сюды за абследаваннем.


— Мы праводзім медыцынскі агляд грамадзян для выяўлення алкагольнага і наркатычнага ап’янення, — расказвае Таццяна Дзмітрыеўна, урач-псіхіятр-нарколаг. — Людзі трапляюць да нас па-рознаму: іх прывозяць супрацоўнікі міліцыі, ДАІ, яны прыходзяць самі, калі трэба засведчыць свой стан, напрыклад тыя ж вадзіцелі. Стан нецвярозасці вызначаецца адразу, аналіз на знаходжанне ў арганізме наркатычных сродкаў праводзіцца ў лабараторыі за два-тры дні.  

Даследаванне абавязкова прапануюць прайсці ўсім, хто падазраецца ў здзяйсненні злачынства: ад хуліганаў і хатніх дэбашыраў да забойцаў. У многіх выпадках стан ап’янення з’яўляецца кваліфікуючай прыкметай альбо абцяжваючымi віну абставінамi. Што датычыць вадзіцеляў, то злачынствам з’яўляецца ўжо сам факт знаходжання за рулём нецвярозага чалавека. 

Зрэшты, супрацоўнікаў кабінета экспертызы не цікавіць, у чым вінаваты іх наведвальнікі, — яны павінны толькі засведчыць стан чалавека. Медыкі з усімі паводзяць сябе ветліва, роўна і стрымана. Незадаволеныя бываюць, але іх, як правіла, суправаджаюць супрацоўнікі міліцыі.

Надвячорак нядзелі. Супрацоўнікі ДАІ ўводзяць у памяшканне нецвярозага мужчыну. Насцярожаны і змрочны, ён, аднак, не спрачаецца, моўчкі выдыхае паветра ў трубку аналізатара канцэнтрацыі пароў алкаголю. Вынік уражвае: 2,4 праміле. У такім стане 37-гадовы мінчанін кіраваў аўтамабілем, у якім знаходзіліся яшчэ жонка і малое дзіця. Дарэчы, яго спадарожніца яшчэ сварылася з міліцыянерамі: маўляў, няўжо вы не бачыце, што ён цвярозы, як шкло?! Што тут скажаш?.. З улікам таго што дапушчальная за рулём норма не павінна перавышаць 0,29 праміле, у бліжэйшы час гэтаму вадзіцелю, відаць,  давядзецца перакваліфікавацца ў пешахода. 


— Калі пілі? Што?  — цікавіцца ўрач.

— Учора… Саракаградусную… Гарэлку.

— Колькі выпілі? 

— Не ведаю… — мужчына ліхаманкава разважае, як бы не нашкодзіць сабе адказамі. — Грамаў дзвесце — трыста, мабыць… 

Здаецца мне, што чалавек крывіць душой, але медыкі пакідаюць яго словы без каментарыяў, толькі просяць пад-пісаць заключэнне.

Праходзіць літаральна некалькі хвілін — і ў кабінеце зноў наведвальнікі: амапаўцы прывезлі вясёлага маладога мужчыну. Высвятляецца, што на вуліцы ён хуліганіў, лаяўся і ўвогуле паводзіў сябе непрыстойна. Гэта хлопца ніколькі не засмучае, ён ахвотна, з жартамі выконвае патрабаванні медыкаў, прызнае, што некалькі гадзін таму выпіў бутэльку гарэлкі, і нават спрабуе знаёміцца з дзяўчатамі. Праўда, энтузіязму заляцанні такога кавалера ні ў каго не выклікаюць…

Затым працэдуру хуценька праходзіць вадзіцель, якому патрэбна ехаць у рэйс. Ён з цікаўнасцю аглядаецца, паведамляе, што на Перадавой упершыню, а сёння заехаў, таму што «без выхадных і кругласутачна». 

Дарэчы, тыя, хто праходзіць агляд па ўласнай ініцыятыве, за гэтую паслугу павінны плаціць. Але некаторыя транспартныя фірмы адразу заключаюць з кабінетам дагавор на абслугоўванне сваіх супрацоўнікаў. 

Служачыя ўнутраных войск дастаўляюць у кабінет мужа і жонку. Абое ўзрушаныя:

— Нам патэлефанавалі, сказалі, што сябар памёр. Мы паехалі да яго маці. Уяўляеце, за паўгода жанчына чацвёртага сына хавае! — эмацыянальна расказвае Ганна, высокая, стройная жанчына ў светлым плашчы з яркім вясеннім шалікам і стыльным рукзачком за спіной. — Памянулі сябра… Я выхо-джу — а мужа б’юць каля пад’езда! Я сама міліцыю выклікала, і вось цяпер нас як злачынцаў возяць.

— Мяне білі, куртку парвалі, — яе муж Павел дэманструе сапсаваную вопратку, сінякі на грудзях. — Нават у бальніцу не адвезлі, каб пабоі зняць.

Што ж, бывае, на даследаванне прывозяць і пацярпелых — у спрэчных выпадках, калі адразу незразумела, чыя праўда, а хто вінаваты. Да таго ж так лягчэй высветліць, наколькі чалавек усведамляе, што адбыва-ецца. 

Аналізатар паказвае, што алкаголь Павел не ўжываў. Расфакусіраваны позірк, няўпэўненая гаворка наводзяць на думку, што ён знаходзіцца ў стане наркатычнага ап’янення. Яму давядзецца прайсці дадатковае абследаванне. 

Ганна прызнае, што выпіла некалькі чарак гарэлкі, і аналізатар гэта пацвярджае, але ёй таксама патрэбна здаць аналізы на прысутнасць у арганізме наркатычных рэчываў — як высвятляецца, муж з жонкай стаяць на ўліку як опійныя наркаманы. 

Да будынка наркалагічнага дыспансера пад’язджае мікрааўтобус, з якога выскокваюць амапаўцы. За імі выходзіць расхрыстаны малады хлопец. Ён просіць цыгарэту, а заадно скардзіцца, што нічога дрэннага не рабіў — толькі піў піва на вуліцы. Затым з машыны літаральна вывальваецца яшчэ адзін мужчына. Чамусьці на абследаванне ён ісці не хоча, падціскае пад сябе ногі, так што даводзіцца амапаў-цам пад рукі весці яго ў памяшканне.

Вечар нядзелі выдаецца ў супрацоў-нікаў кабінета насычаным. Зрэшты, як заўсёды…

— У Мінску два кабінеты — на Перадавой і на Мініна, — расказвае Алена Швец, загадчык аддзялення медыцынскага агляду для выяўлення алкагольнага і іншых відаў ап’янення. — За суткі кожны абслугоўвае ад 30 да 60 наведвальнікаў. Пік прыходзіцца, канешне, на выхадныя дні — у асноўным у начную пару. 80% састаўляюць людзі, якія пілі алкаголь, астатняя доля належыць тым, хто ўжываў наркотыкі. 

nevmer@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter