Абвешчана, што ЗША і НАТА маюць намер супрацьстаяць Расійскай Федэрацыі і “пасля сыходу Пуціна”

Пра белага бычка

Брутальная палітычная рыторыка апошнімі днямі дасягнула свайго піку. Абвешчана, што ЗША і НАТА маюць намер супрацьстаяць Расійскай Федэрацыі і “пасля сыходу Пуціна”. Заява кіраўніка Пентагона Эштана Картара з гэтай нагоды сімвалічная: “Наперадзе яшчэ больш моцная напружанасць у стасунках, і змяненні ў ваеннай стратэгіі НАТА закліканы стрымліваць “расійскае ўмяшанне”.

Рэфрэнам з Брусэля прагучаў і новы тэрмін дзеяння антырасійскіх санкцый, уведзеных на паўгода, да 31 студзеня 2016-га. Захады еўрачыноўнікаў у “патрэбным кірунку” ўхваліў афіцыйны прадстаўнік амерыканскага Дзярждэпа Джон Кірбі, прамовіўшы, што “гэтыя санкцыі непасрэдна звязаны з поўнай рэалізацыяй Мінскіх дамоўленасцей”. Уладзімір Пуцін у адказ на дзеянні ЕС падпісаў указ з працягам адпаведных расійскіх абмежаванняў тэрмінам дзеяння адзін год. 

Тым часам афіцыйны Кіеў, згодна з нацыянальнай канцэпцыяй, назваў уступленне краіны ў Паўночнаатлантычны альянс “галоўнай мэтай у галіне бяспекі”.

Тэму ўкраінска-расійскага жыцця падхапілі іншыя выбітныя палітыкі. Экс-прэзідэнт Грузіі, губернатар Адэскай вобласці Міхаіл Саакашвілі лічыць, што “беднасць Украіны супярэчыць законам прыроды”. Кіраўнік паўднёвага ўкраінскага рэгіёна ўпэўнены: цяпер гэтая найбяднейшая краіна Еўропы толькі пры вельмі спрыяльных умовах праз дваццаць гадоў можа дасягнуць узроўню развіцця эканомікі 2013 года.

А дэпутат заканадаўчага сходу Ленінградскай вобласці Уладзімір Пятроў апантаны ідэяй аднаўлення манархіі ў Расіі. Нядаўна ён даслаў лісты нашчадкам царскага дома Раманавых з прапановай вярнуцца на радзіму. Парламенцкую карэспандэнцыю ў Іспаніі і Даніі атрымалі 61-гадовая княгіня Марыя Уладзіміраўна (унучка пляменніка Мікалая Другога) 

і 89-гадовы Дзмітрый Раманавіч (прапраўнук Мікалая Першага).

Піцерскі палітык упэўнены, што вяртанне царскіх асоб “згладзіць палітычныя супярэчнасці ўнутры краіны, якія засталіся з моманту Кастрычніцкай рэвалюцыі”, і адродзіць “духоўную моц народаў Расіі”. Зараз гэтым заканадаўчым органам Расіі рыхтуецца законапраект “Аб асобым палажэнні прадстаўнікоў царскай фаміліі”. 

У якасці афіцыйнай рэзідэнцыі Раманавых у Расіі прапануецца перадаць палац пад Санкт-Пецярбургам альбо 

ў Крыме.

Усё гэта адбылося на мінулым тыдні. Іншым разам здаецца: гэта нейкае дэжавю. Ці, можа, проста казка пра белага бычка? 

А вас, шаноўныя чытачы, цікавіць, што будзе далей? Пажывём — пабачым.

Сустрэнемся...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter