Источник: Знамя юности
Знамя юности

Мінску – 950. Вывучаем вядомыя ваколіцы горада з нуля

Пойдзем, паслухаем

Лічыце, што добра ведаеце Мінск і яго гісторыю? Вось і карэспандэнт «Знамёнкі» так думала, пакуль не трапіла на экскурсію «Вандроўкі ў мінулае. Free Walking Tours».


Зразумела кожнаму

Free Walking Tours – гэта бясплатныя пешаходныя экскурсіі па горадзе. Праект пачаў дзейнічаць у 2004 годзе ў Берліне, зараз ахоплівае 75 краін і 206 гарадоў. У 2013-м ён дабраўся і да нас, дзякуючы Паўлу Дзюсекаву: 

– У лютым звычайна няма працы, дома сядзець было сумна, таму падумаў сабраць народ і павадзіць па Мiнску. Першыя два гады збіраў знаёмых, распавядаў легенды, хадзілі разам па цэнтры. 

Па адукацыі Павел гісторык. Але матэрыялы збірае «як цуда-юда рыба-кіт»:

– Да мяне трапляе шмат інфармацыі, яе фільтрую, раскладаю па маршрутах. Шмат чаго знаходжу ў кнігах, інтэрнэце, штосьці даюць архівы. 

Павел стараецца пісаць універсальныя маршруты, каб іх зразумеў кожны. Аўдыторыя розная: дарослыя, моладзь, дзеці – усе, каму цікава даведацца нешта невядомае пра родны горад. Для школьнікаў падобныя экскурсіі і ўвогуле жывы падручнік па гісторыі. 

І зноў казінакі 

Пакуль вандруем па вуліцах горада, заўважаю дзіўную рэакцыю прахожых на вялікі натоўп людзей. Цікава назіраць за выразам іх твару, калі даведваюцца, што гэта не турысты, а жыхары Мінска. Але Павел на гэта не звяртае ўвагі.


– Я увесь праект раблю сам. Вандроўкі праходзяць кожны дзень – і так да кастрычніка. Потым распрацоўваю новыя маршруты. 

Раней такія вандроўкі ў нашай краіне не практыкаваліся. У большасці выпадкаў турыстычныя фірмы прапануюць паслугі за грошы. Павел стаў першым, хто пачаў рабіць гэта бясплатна. 

– Я дзялюся гісторыяй з тымі, хто не можа сабе дазволіць зрабіць гэта платна. Не кожны знойдзе дзесяць рублёў на экскурсію, якую праводзіць турагенцтва. Хтосьці можа потым аддзячыць, хтосьці не, але хоць цукерку ды прынясе. Сёння вось кнігу падаравалі. Была бабуля, якая кожны раз казінакі насіла. Не ведаю, куды ўжо ад іх дзецца. 

Малады чалавек лiчыць, што, каб нешта атрымаць, трэба спачатку аддаць. Напрыклад, правядзеш добрую экскурсію, а потым да цябе падыходзіць дырэктар турфірмы з візітоўкай – і ўжо за грошы робіш сваю працу. 

Так будзе хутчэй

У чым такая шалёная папулярнасць «Вандровак у мінулае»? Экскурсія праводзіцца, калі набіраецца група мінімум дзесяць чалавек. На практыцы жадаючых паблукаць па горадзе прыходзіць у разы тры-чатыры больш. Пасля ў спецыялізаваных суполках «ВКонтакте» і Facebook можна знайсці шмат водгукаў з падзякай. 

– Як гэта банальна ні гучыць, уся справа ў «бясплатнасці». Не ў тым сэнсе, што чалавек шукае халявы. Калі ён заплаціў і раптам пойдзе дождж, то паўстае перад выбарам: хадзіць потым мокрым або страціць грошы. А тут нічога не губляеш, можаш прыйсці паслухаць, а пасля сысці пасярэдзіне. І ніхто ад цябе нічога не будзе патрабаваць.

Пагадзіцеся, важна ўмець адаптаваць матэрыял, каб яго было цікава слухаць. ў гэтым плане Павел у захапленні, як працуюць Леанід Парфёнаў і Барыс Акунін. 

– Калі хадзіць і вельмі сур’ёзна распавядаць, то нічога добрага не атрымаецца. Напэўна, я крыху ўмею рабіць падачу цікавай. 

У планах Паўла праводзіць экскурсіі на роварах. Каб ад Плошчы Перамогі дабрацца пешшу да музея гiсторыi Вялікай Айчыннай вайны, спатрэбіцца 40 хвілін. На ровары даедзеш за дзесяць. 


Папулярнасць асобнай экскурсіі ў большасці выпадкаў залежыць хутчэй ад надвор’я і дня тыдня. Летам на выхадных людзей менш, а вясной і восенню больш. У гэтым годзе попытам карысталася экскурсія па Асмалоўцы.

– Я складаў гэты маршрут да таго, як стала вядома, што раён збіраюцца знесці. Ужо на другую экскурсію прыйшлі 50–80 чалавек, бо баяліся, што, калі яны не прыйдуць, квартал знясуць і больш яго не ўбачаць.

P.S. Раней мне не даводзілася быць у Асмалоўцы. Квартал я ведала па фотаздымках ды аповедах. Было крыху дзіўна бачыць невялікія дамы, якія выбіваюцца з агульнай карціны горада. А ў некаторых ёсць нават драўляныя балконы. Вы чулі, як спяваюць птушкі, напрыклад, у Каменнай Горцы? А тут пачуеце. Калі пашанцуе, нават і ўбачыце. Думаю, варта і мне пакінуць добры водгук. 

Месцы для крутых сэлфі

• Чырвоны дворык на вуліцы Рэвалюцыйнай.

• Парадны ўваход у Дом афіцэраў.

• Месца, дзе стаяла першая мінская царква, пабудаваная паміж 1069 і 1073 гг., за будынкам Дома фізкультуры. 

• Валун «Дзед» у Музеі валуноў.

• Архiкатэдральны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі (від збоку).

Ці ведаеце вы, што…

 У вядомым «Доме балерын» на вуліцы Пашкевіч, 5, не было ваннага пакою, а на кухні стаялі печкі. Толькі ў 1960-я гады, калі прыбіралі печы, пачалі ставіць ванны на кухні каля акна – больш нідзе яна не змяшчалася. 

 Існуе легенда, што раней у Свіслачы вадзіліся цмокі – велізарныя яшчары даўжынёй да пяці метраў. Іх нават трымалі ў кватэрах, але з распаўсюджаннем котак цмокі зніклі, бо трымаць дома маленькага мурлыку прасцей, чым велізарнага яшчара. 

 На беразе Свіслачы ў пачатку ХХ стагоддзя знаходзілася язычніцкая малельня. Яна ўяўляла сабой агароджаную з трох бакоў пляцоўку, на якой ляжаў ледніковы валун. Называлі яго «Дзед» і верылі ў магічныя ўласцівасці. 

 У Мінска ёсць Дух горада. І жыве ён у Музычным завулку. Цяпер тут пакладзена плітка, якая нагадвае ранейшую брукаванку. Калі вы пагрукаеце абцасамі, то пачуеце тое самае рэха, якое чулі нашыя продкі шмат гадоў таму. 

 У Чырвоным касцёле захоўваецца копія адной з галоўных хрысціянскіх святынь – Турынскай плашчаніцы. У 2002 годзе копію святыні падараваў Турынскі сабор. У параўнанні з іншымі копіямі наша плашчаніца найбольш набліжана да арыгінала: яна выканана ў поўны памер і ў той жа каляровай гаме.

 Расклад вандровак можна знайсці ў суполках «ВКонтакте» (vk.com/vandrouki_u_minulaje) і Facebook (facebook.com/groups/vandrouki.u.minulaje) 

tochickaya@sb.by, фота з асабістага архіва героя, vk.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter