Поступ і росквіт «Айчыны»

НА ЎСКРАЙКУ Пружан узвышаецца дзевяціпавярховы гмах будучай гасцініцы. Сваёй велічнай постаццю яна прываблівае здалёк, хаця пакуль і не дабудавана. Што цікава, адзін з самых сучасных і запатрабаваных аб’ектаў у райцэнтры ўзводзіць адкрытае акцыянернае таварыства «Айчына» Пружанскага раёна, і гэта далёка не першая яго «ластаўка» ў тутэйшых мясцінах. Само сельгаспрадпрыемства сёння вядома за межамі Пружаншчыны, і, пабываўшы тут, можна адразу ўпэўніцца, што яно стала своеасаблівым люстэркам перамен, якія адбыліся ў аграрным сектары нашай краіны за апошнія дзесяцігоддзі.

Тут, на Пружаншчыне, за гады суверэннай Беларусі адбыліся грандыёзныя перамены, дзякуючы якім слава аб гаспадарцы выйшла далёка за межы рэгіёна

НА ЎСКРАЙКУ Пружан узвышаецца дзевяціпавярховы гмах будучай гасцініцы. Сваёй велічнай постаццю яна прываблівае здалёк, хаця пакуль і не дабудавана. Што цікава, адзін з самых сучасных і запатрабаваных аб’ектаў у райцэнтры ўзводзіць адкрытае акцыянернае таварыства «Айчына» Пружанскага раёна, і гэта далёка не першая яго «ластаўка» ў тутэйшых мясцінах. Само сельгаспрадпрыемства сёння вядома за межамі Пружаншчыны, і, пабываўшы тут, можна адразу ўпэўніцца, што яно стала своеасаблівым люстэркам перамен, якія адбыліся ў аграрным сектары нашай краіны за апошнія дзесяцігоддзі.

СУСТРАКАЮЧЫ нас, дырэктар ААТ «Айчына» Уладзімір Бандарэнка тлумачыў:

— Асаблівасць нашай гаспадаркі ў яе шматгаліновасці. Прыярытэтны накірунак — вытворчасць малака і мяса. Вельмі сур’ёзна займаемся вырошчваннем зерневых і зернебабовых культур, кукурузы, бульбы. 8 гадоў таму заклалі сад інтэнсіўнага тыпу з кропельным арашэннем, узвялі сучасныя збудаванні для захоўвання ўраджаю, камбікормавы і крухмальны заводы, іншыя вытворчыя аб’екты.

Моцная прамысловая база дазваляе развіваць сацыяльную сферу. За апошняе дзесяцігоддзе ў ААТ «Айчына» адбыліся такія перамены, якія не параўнаць з усім перыядам існавання невялікіх гаспадарак, што ўзяў пад сваё крыло сучасны гігант. Для спецыялістаў сельгаспрадпрыемства пабудавана звыш ста дамоў сядзібнага тыпу. Прывабны і ўтульны выгляд набылі мясцовыя вёскі, з вуліц якіх зніклі старэнькія, аджыўшыя свой век дамкі. За ўласныя сродкі ў «Айчыне» паклалі асфальт больш чым на 50 кіламетрах дарог. У аграгарадку Кабылаўка, дзе знаходзіцца цэнтральная сядзіба гаспадаркі, вырас прыгожы спартыўны комплекс «Русалачка» з двума басейнамі, пабудаваны за свае грошы. Яго пастаянна наведваюць мясцовыя жыхары — вучні школ і работнікі «Айчыны». Ёсць у гаспадаркі ўласныя магазіны, утульная гасцініца, пакояў у якой хапае для прыезджых гасцей. А ў Пружанах тым часам будуецца новая, на 108 нумароў.

— Нашто сельгаспрадпрыемству такі вялікі аб’ект, тым больш размешчаны ў горадзе? — цікавімся ва Уладзіміра Бандарэнкі.

— Гэта яшчэ адзін напрамак, за развіццё якога мы ўсур’ёз узяліся, — адказвае ён. — У Пружанах многа сучасных спартыўных аб’ектаў, якія ўжо сёння гатовы наведваць госці не толькі з самых аддаленых рэгіёнаў Беларусі, але і з Расіі. Азнаёміўшыся з мясцовай спартыўнай базай, расіяне выказалі жаданне трэніраваць тут сваіх спартсменаў. А вялікай гасцініцы, дзе іх можна было б размясціць, няма. Вось мы і ўзяліся за яе ўзвядзенне. Дарэчы, разлічана яна будзе не толькі на спартсменаў, але і на турыстаў, якіх у наш край завітвае нямала.

КАЛІ параўнаць, што сельгаспрадпрыемства ўяўляла сабой гадоў 10—15 назад і якім стала цяпер, можна заўважыць вялікі кантраст. Калгас «60 гадоў БССР», на базе якога ў снежні 2001 года было створана ААТ «Айчына», на Пружаншчыне быў не горшай гаспадаркай. Аднак даволі праблемнай.

Дырэктар дэманструе альбом 30-гадовай даўніны, дзе ёсць фотаздымкі будынка праўлення былога калгаса, фермы «Навасёлкі», вясковай вуліцы, на якой за гарамі пяску праглядаюцца шэрыя каробкі будуемых катэджаў. Як бачым, жыццё ў Кабылаўцы і навакольных населеных пунктах паляпшалася і тады, але, канечне, не такімі тэмпамі і не так якасна, як у апошнія гады.

Едзем на крухмальны завод, побач з якім размешчана бульбасховішча, разлічанае на 8500 тон. Яшчэ гадоў 8—10 назад у гаспадарцы лічылі, што другім хлебам займацца не выгадна. Пад яго адводзілі ўсяго 10 гектараў. Ураджайнасць мелі на ўзроўні 120—140 цэнтнераў з гектара. Сем гадоў таму сельгаспрадпрыемства ўзначаліў Уладзімір Бандарэнка, пачаў падбіраць спецыялістаў, фарміраваць каманду прафесіяналаў, якія маглі б трымаць адказ за кожнае прынятае рашэнне.

Плошчы бульбы за некалькі гадоў пашырылі да 500 гектараў. На пачатковым этапе насенне шукалі дзе толькі маглі, перабіралі ўручную, саджалі той тэхнікай, якая была. Але адначасова набывалі новае абсталяванне і ўкаранялі сучасныя тэхналогіі. У апошнія гады з кожнага гектара ў «Айчыне» атрымліваюць звыш 300—400 цэнтнераў бульбы як айчыннай («скарб», «журавінка», «брыз»), так і замежнай («альбатрос», «астэрыкс», «рэд-скарлет») селекцый. Адметна, што беларускія гатункі па ўраджайнасці і смакавых якасцях часта не саступаюць замежным аналагам. Як заўважае галоўны аграном гаспадаркі Алена Яраш, да мясцовых кліматычных асаблівасцей яны, як правіла, прыстасаваны лепш. А калі дакладна выконваць тэхналагічныя патрабаванні, дык ураджай будзе высокім.

Для ўборкі клубняў у сельгаспрадпрыемстве ёсць магутныя самаходныя камбайны. Маецца лінія па прыёме і сарціроўцы бульбы, складскія памяшканні з пастаянна кантралюемым мікракліматам. Каб прадукт даходзіў да пакупніка ў прывабным таварным выглядзе, у «Айчыне» набылі галандскую лінію па сарціроўцы і ўпакоўванні бульбы прадукцыйнасцю 8 тон у гадзіну. Для патрэб гаспадынь, якія аддаюць перавагу ачышчаным клубням, працуе лінія па вытворчасці сырой ачышчанай сульфіцыраванай бульбы. У продаж таксама адпраўляецца крухмал класа «экстра». Частка гэтай прадукцыі пастаўляецца для медыцынскіх устаноў.

Пакупнікі з Расіі, Украіны ды іншых краін адзначаюць, што Беларусь заўсёды славілася сваім другім хлебам. Аднак тое, як яго вытворчасць наладжана ў ААТ «Айчына», захапляе ўсіх. Самыя перадавыя тэхналогіі ў гаспадарцы   спяшаюцца ўкараняць і загадзя стараюцца падлічыць, які будзе ад іх эканамічны эфект.

ПРА малочную галіну трэба сказаць асобна. Яна працуе з высокай рэнтабельнасцю. Сёлета ў першым паўгоддзі доля малака,   рэалізаванага   на перапрацоўку гатункам «экстра», дасягнула 90 працэнтаў. Астатняе малако з комплексаў і фермаў на малаказавод адпраўлялі вышэйшым гатункам, а што такое першы і другі, у ААТ «Айчына» даўно забылі.

«Як можа малако быць няякасным, калі карова дае яго самым лепшым гатункам? — здзіўляюцца спецыялісты гаспадаркі. — Усё астатняе — так званы чалавечы фактар».

У структуры жывёлагадоўчай галіны сельгаспрадпрыемства ёсць комплекс па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы на 8500 месцаў, 5 малочна-таварных комплексаў, комплекс па вырошчванні цялушак. Усе аб’екты адпавядаюць сучасным патрабаванням і працуюць з высокай рэнтабельнасцю. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы тут самае высокае ў краіне — 20 тысяч галоў. «Айчына» з’яўляецца племянным прадпрыемствам па развядзенні мясной абердзін-ангускай пароды буйной рагатай жывёлы і някепска спраўляецца са сваімі задачамі.

Яшчэ адна адметнасць гаспадаркі — яблыневы сад інтэнсіўнага тыпу з сістэмай кропельнага арашэння, закладзены ў 2005 годзе. Агульная яго плошча складае звыш 200 гектараў. Тут штогод атрымліваюць высокі ўраджай яблыкаў гатункаў «айдарэд», «лігол», «чэмпіён», «імрус». Усё большым попытам у пакупнікоў карыстаюцца і айчынныя яблыкі — «поспех», «вербнае», «беларускае салодкае» ды іншыя.

Аднак не толькі гэты тавар гарантуе гаспадарцы стабільны прыбытак. Зараз садаводы займаюцца зборам клубніцы, чорнай парэчкі, садовых суніц. Пачынае спець маліна. Неўзабаве настане чарга буякоў. У «Айчыне» ўпэўніліся, што ягады карыстаюцца высокім попытам у пакупнікоў, вырошчваюць найбольш урадлівыя і смачныя гатункі, закладваюць усё новыя і новыя плантацыі, ведаючы, што попыт абавязкова будзе.

Тэхніка, якая працуе на палях сельгаспрадпрыемства, зусім не тая, што была 10—15 год назад. Машыны, якія адслужылі свой век, замянілі на сучасныя магутныя агрэгаты айчыннай і замежнай вытворчасці. Камбайнавы парк налічвае звыш 20 адзінак. У асноўным гэта беларуская тэхніка, якая ўжо гатова да ўборкі ўраджаю збожжавых. Ён сёлета, па словах галоўнага агранома Алены Яраш, абяцае быць неблагім. Напэўна, не горшым, чым у мінулым годзе, калі з кожнага гектара ў гаспадарцы атрымалі каля 55 цэнтнераў збожжа з гектара. Валавы збор хлеба тады склаў звыш 17 тысяч тон, што стала добрай падтрымкай для жывёлаводаў. На камбікормавым заводзе з часткі атрыманага зерня вырабілі якасныя, пажыўныя кармы для жывёлы.

Магутны камбайнавы парк дае гаспадарцы магчымасць праводзіць жніво ў кароткі тэрмін. Масавая ўборка тут пачынаецца ў сярэдзіне ліпеня, а ўжо на пачатку жніўня скошваюцца апошнія з больш чым 3300 гектараў. Як па гадзінніку наладжана работа зернесушыльнага абсталявання. Калі такой магутнай тэхнічнай базы ў «Айчыне» не было, уборка доўжылася паўтара месяцы, а пры дрэнных умовах надвор’я — яшчэ больш. Цяпер дажджы працы асабліва не перашкаджаюць. Было б толькі жаданне шчыраваць. А яно ў мясцовых людзей ёсць.

ЗА СЕМ апошніх гадоў, на працягу якіх Уладзімір Бандарэнка ўзначальвае сельгаспрадпрыемства, колькасць работнікаў тут павялічылася ўдвая — з 300 да 600 чалавек. І гэта пры тым, што старых ферм, мехдвароў, дзе выкарыстоўвалася шмат ручной працы, ужо няма.       Працаўладкоўвалі людзей на новыя вытворчыя аб’екты, будавалі жыллё, падводзілі прыродны газ, стваралі ім камфортныя ўмовы. Стымулявалі кожнага спецыяліста, каб за лепшую работу ён атрымліваў большыя грошы. Такая методыка спрацавала някепска. Сёння па ўзроўні зарплаты «Айчына» — адно з лепшых сельгаспрадпрыемстваў не толькі ў Пружанскім рэгіёне, але і на ўсёй Брэстчыне.

Як затрымаць работнікаў, асабліва маладых, на сяле? На гэты конт Уладзімір Бандарэнка мае свой погляд. Ва ўзначальваемай ім гаспадарцы шануюць працоўныя дынастыі, будучых спецыялістаў заўважаюць яшчэ ў школе, падтрымліваюць іх у той час, калі яны набываюць вышэйшую ці сярэднюю спецыяльную адукацыю, знаёмяць з вытворчасцю. Так што маладыя спецыялісты, вяртаючыся пасля вучобы ў сваю «Айчыну», добра ведаюць, куды яны ідуць, бачаць перспектывы і вучацца ў ветэранаў вытворчасці.

На тэрыторыі сельгаспрадпрыемства зараз працуе тры школы. Іх магло быць менш, калі б некалькі гадоў таму тут не пачалі развіваць сацыяльную сферу, будаваць жыллё. У вёсцы Смаляны, дзе базавую школу збіраліся зачыніць, гаспадарка пабудавала 45 дамоў, праклала новыя асфальтавыя дарогі, адкрыла фірменны магазін. І вёска напоўнілася дзіцячым гоманам. Сёння пытанне аб закрыцці школы ўжо не паўстае.

Мы наведалі адну сям’ю. Мікалай Стасюк працуе механізатарам. Яго жонка Таццяна — брыгадзір мясцовага ўчастка Смаляны, цяпер у дэкрэтным адпачынку. У маладой сям’і выхоўваюцца дзве дачушкі, Анастасія і Валерыя. Стасюкі абжываюць новы дом, які ім выдзеліла кіраўніцтва ААТ «Айчына», і аб пераездзе на іншае месца жыхарства нават не думаюць. Ім і тут надзвычай падабаецца.

НАЧАЛЬНІК участка «Ясельда» Аляксандр Юзефовіч — адзін са старэйшых работнікаў сельгаспрадпрыемства. Помніць, як працавалі на старой тэхніцы, як у дажджлівае надвор’е па некаторых дарогах не маглі праехаць.

— Сёння наша «Айчына» перажывае свой росквіт, — з гонарам гаворыць Аляксандр Мікалаевіч. — Малочна-таварныя комплексы патанаюць у кветках і вабяць чысцінёй, вясковыя вуліцы выглядаюць такімі ўтульнымі, быццам на іх кожны дзень свята. Так і павінна быць, калі вёска перажывае другое нараджэнне.

Дарэчы, адразу пасля Дня рэспублікі ў ААТ «Айчына» адзначаць яшчэ адно свята — Дзень вёскі. Тут будуць сустракаць шматлікіх гасцей, а мясцоваму вакальнаму гурту «Надзея» не давядзецца ні дня адпачываць ад выступленняў. Артысты да такога напружанага рытму прызвычаіліся. Кажуць, добра, калі жыццё на вёсцы віруе.

Аляксандр КУРЭЦ, «БН»

НА ЗДЫМКАХ: кіраўнік гаспадаркі Уладзімір БАНДАРЭНКА: «Усё, што маем, стварылі самі»; галоўны аграном гаспадаркі Алена ЯРАШ сёлетняй кукурузай задаволена; сямейная дынастыя Аляксандра Мікалаевіча і Аляксандра  Аляксандравіча ЮЗЕФОВІЧАЎ: бацька працуе начальнікам участка, сын — загадчыкам аддзела маркетынгу; пра мінулае вёскі нагадваюць экспанаты этнаграфічнага музея — на экскурсіі вучні Навасёлкаўскай СШ Яна ГЕРАЦ, Дзіма РАДКЕВІЧ і Мікіта ВЯРЭНІЧ; маладая сям’я Мікалая і Таццяны СТАСЮКОЎ па дарозе дадому з крамы.

Фота Паўла ЧУЙКО, «БН»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter