Савет Бяспекі ААН з-за высокай напружанасці на Карэйскім паўвостраве тэрмінова рыхтуе новую рэзалюцыю па КНДР

Пошук ворагаў

З надыходам 2016-га ў сусветным парадку дня не адбылося прынцыповых змяненняў. Акрамя чарговага зніжэння да мінімальных паказчыкаў кошту нафты. Аднак міжнародную супольнасць больш устрывожыла іншая падзея — выпрабаванне Паўночнай Карэяй “вадароднай бомбы”. Савет Бяспекі ААН з-за высокай напружанасці на Карэйскім паўвостраве тэрмінова рыхтуе новую рэзалюцыю па КНДР. Тым часам лідар гэтай краіны Кім Чэн Ын заклікаў да рэзкага павелічэння ядзернага патэнцыялу КНДР для ўдару па ЗША. 

У сваю чаргу прэзідэнт Барак Абама ў штогадовым звароце да амерыканскага народа і Кангрэса запэўніў: “Калі размова ідзе аб пытаннях міжнароднага значэння, людзі свету не глядзяць у бок Пекіна альбо Масквы — яны звяртаюцца да нас”. На яго думку, сёння Злучаныя Штаты з’яўляюцца найбольш моцнай дзяржавай на Зямлі.

На еўрапейскім субкантыненце не змаўкаюць страсці па мігрантах. Асабліва пасля іх злачынных дзеянняў у адносінах да жанчын Германіі. Цяпер на саміх мігрантаў ажыццяўляюцца напады тутэйшых, актывізаваліся ўльтраправыя партыі. Пошук ворагаў працягваецца на знешнім і ўнутраным узроўні. Нават канцлер Ангела Меркель, выступаючы супраць закрыцця межаў унутры Шэнгенскай зоны,  паскардзілася: “Еўропа не гатовая да такога выкліку, як паток бежанцаў”. Дарэчы, па звестках ААН, летась у свеце налічвалася 244 мільёны мігрантаў, уключаючы 20 мільёнаў бежанцаў.

Па-ранейшаму не змяншаецца тэрарыстычная пагроза. Толькі за апошні год, лічыць былы галоўны разведчык ЗША Майкл Морэл, значна ўзрасло (з 20 да 36 тысяч) чысло баевікоў “Ісламскай дзяржавы”. Прадстаўнік ЦРУ ўдакладніў: “філіялы” джыхадзістаў цяпер ёсць у 20 краінах. Апошні такі “халіфат” быў створаны на востраве Мінданао на Філіпінах. Зараз ён пагражае не толькі бяспецы гэтай краіны, але і ўсёй Паўднёва-Усходняй Азіі і Аўстраліі. Да таго ж, згодна з сакрэтным дакладам НАТА, ваенна-палітычнае становішча ў адной з гарачых кропак планеты — Афганістане — нездавальняючае. 

Цяпер краіны Сярэдняй Азіі разам з Расіяй павінны будуць самастойна стрымліваць на сваіх паўднёвых межах магчымыя правакацыі і напады радыкальных ісламістаў.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter