Пошук пачаўся. Цуды — знаходзяцца

Кiнуўшы напрыканцы мiнулага года поклiч да чытачоў:“Шукайце цуды ў сваёй Айчыне!”, мы, калi шчыра, не спадзявалiся на такую колькасць вашых водгукаў. Разумеючы, што працяг i ўвогуле iснаванне гэтага праекта толькi ад iх i залежыць, мы ўсё ж сумнявалiся: а раптам наогул нiхто не напiша? Не пра хлеб жа надзённы прапаноўвалi вам гэтым разам пагаварыць, не пра здароўе ды адукацыю, як звычайна, а пра цуды. Тыя, якiя ў нас жа перад вачыма кожны дзень, але на якiя не спяшаемся звяртаць увагу... З трывогай чакалi некалькi дзён пасля публiкацыi таго звароту, скептычна думаючы, а то й услых выказваючы падазрэннi: не будзе пiсьмаў. Каму якая справа да нейкiх там сямi цудаў, якiя раптам адна газета на Беларусi ў пiку цудам сусветным шукаць рашыла... З задавальненнем пасыпаем галовы попелам: выбачайце, памылiлiся... Вашы допiсы, якiя адзiн за адным пачалi iсцi пасля той публiкацыi, яшчэ раз пацвердзiлi, што чытачы нашы — самыя ўважлiвыя, самыя разумныя i кемлiвыя — адным словам, найлепшыя чытачы!

“Мы хочам, каб у спiс цудаў быў занесены не нейкi адзiн аб’ект, а цэлы горад — наш Рагачоў . Ён сапраўды таго варты”, — пiшуць Уладзiмiр i Нiна Шпадарукi. Што ж, нехта можа iм запярэчыць: маўляў, нiчога асаблiвага ў тым Рагачове няма, нават помнiкаў не засталося... Але хiба не дзiва тое, што кожны год Дняпро ў наваколлi горада вымывае на бераг наканечнiкi стрэлаў i чарапкi са стаянак першабытных людзей, якiя тут калiсьцi месцiлiся (адна са знаходак на здымку). I хiба нельга назваць дзiвам рагачоўскую Замкавую гару — самую, бадай, запамiнальную на Беларусi: акурат падпяразваючы яе, злiваюцца ля яе падножжа дзве нашы ракi-багатыркi — Дняпро i Друць. А калi ведаць, што на гэтым самым замчышчы стаяў раскошны палац, пабудаваны iтальянцамi па замове каралевы Боны Сфорцы, ды яшчэ пра тое, што ў адным з аднапавярховых дамоў на беразе Дняпра Уладзiмiр Караткевiч напiсаў творы, без якiх мы сёння не ўяўляем беларускую лiтаратуру... Карацей, Рагачоў як варыянт прымаецца.kn.jpg
“Для мяне найвялiкшым цудам з’яўляюцца Скарынавы кнiгi, — пiша бiблiятэкар з Уздзенскага раёна Таццяна Лiпнiцкая. — Многiя з нас яшчэ проста не ўсвядомiлi, якi гэта гонар — лiчыцца адным з першых у Еўропе народам, якi займеў сваю друкаваную кнiгу. Шкада толькi, што гэтыя выданнi раскiданыя па ўсiм свеце, па музеях ды калекцыях, а ў Беларусi iх зусiм няшмат. Але тое, што яны ёсць, што яны захавалiся для нас i для наступных пакаленняў праз паўтысячы год, — гэта сапраўды цуд”... Што ж, ад сябе можам толькi дадаць, што ў вёсцы Гудзевiчы Мастоўскага раёна, у музеi — двухсотгадовай хаце — замест абраза на куце вiсiць партрэт Скарыны. I наведвальнiкам музея раяць: малiцеся да Скарыны...
А Тамара Мiкалаеўна Мiхнюк з вёскi Стрыгiнь Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласцi прапануе ўключыць у шэраг беларускiх цудаў цар-дуб у Белавежскай пушчы, якому больш за тысячу гадоў, i саму пушчу. Валерый Iванавiч Пратасюк з Камянца да гэтых двух аб’ектаў дадае яшчэ адзiн, з пушчай па назве звязаны — Белую вежу. Усiм, праўда, ужо вядома, што яна не белая, а чырвоная, але не ўсе ведаюць пра тое, што яна стаiць на нашай зямлi ажно з 1272 года. Iншаземцы, што прыязджаюць у Камянец, не даюць таму веры: занадта шмат разбуральных войнаў па нашай зямлi пракацiлася, каб з тых далёкiх часоў вежа захавалася... А яна стаiць. Чым не дзiва, праўда?

lik.jpgМногiя нашы чытачы прапануюць у спiс унесцi сапраўдныя дзiвосы, з разраду невытлумачаных. Напрыклад, растучы крыж у Тураве. Цi з’яўленне выявы Збавiцеля на руiнах Пустынскага манастыра ля Мсцiслава. У пiсьме Наталлi Левановiч з Мiнска чытаем пра дзiвосныя камянi з адбiткамi нагi — так званыя следавiкi, пра якiя мы падрабязна расказалi якраз у мiнулым нумары. Кажуць, калi ў нейкай краiне пачынаюць адбывацца падобныя з’явы — гэта знак таго, што Бог любiць гэту зямлю, што ён жыве ў душах яе насельнiкаў. Добры для нас знак, праўда?
Былi ў вашых допiсах намiнанты, дзiўныя i нечаканыя. Да прыкладу, домiк I з’езда РСДРП у Мiнску. Але, калi задумацца, прааналiзаваць i ўспомнiць, што з гэтага домiка “растуць ногi” ўсёй нашай найноўшай гiсторыi, дык чаму б i не?..

zam.jpg“Чаму вы абвясцiлi толькi пра пошук сямi цудаў? — пытае Тамара Савiч з Гомеля. — Iх жа ў нашай краiне не сем, а семдзесят сем! Зрэшты, калi кожны чытач сваю версiю “сямёркi” прапануе цi хаця б па аднаму, iх яшчэ больш набярэцца...” Сама Тамара Сямёнаўна прапанавала абавязкова ўключыць у спiс палацава-паркавы ансамбль у Гомелi, вядомы на Беларусi як палац Румянцавых-Паскевiчаў. Сапраўды унiкальны помнiк, раскошная пабудова эпохi класiцызму варты таго, каб прэтэндаваць трапiць у спiс сямi беларускiх цудаў.

 

bib.jpgНiна Патапенка з Оршы, Анатоль Пятровiч з Чавусаў, Глафiра Аркадзьеўна Самусевiч з Капыльскага раёна, iншыя нашы чытачы настойлiва раяць у спiс прэтэндэнтаў трапiць у “Выдатную сямёрку” занесцi новы будынак Нацыянальнай бiблiятэкi. Што ж, спрачацца нiхто i не збiраецца. Наш “алмаз” — сапраўды цуд. Мы самi яшчэ не стамiлiся цешыцца i здзiўляцца, на яго гледзячы, што ж тады пра замежных гасцей казаць...

 

oz.jpg

Еўдакiя Рыгораўна Крышчановiч з Мiнска прапануе абавязкова ў цуды нашай краiны залiчыць шматлiкiя азёры i балоты, якiя па праву называюць “лёгкiмi Еўропы”. Што ж, маем права, ёсць чым ганарыцца. А калi ўлiчыць, што ў кожнага возера, у кожнага балота ёсць свая прыгожая рамантычная легенда (калi ведаеце такiя — не палянуйцеся, раскажыце!), дык тут не адно дзiва, а цэлы стос дзiвосаў (пра кожнае вы можаце напiсаць асобна)...

  Зрэшты, усё яшчэ толькi пачынаецца. Вы думаеце гэтаксама, як хтосьцi з працытаваных аўтараў? Пiшыце, аддайце свой голас за цуда, якое ўпадабалi. Сярод прыведзеных аб’ектаў i блiзка няма таго, якi лiчыце вартым назваць цудам вы? Тым больш пiшыце, настойвайце на змяшчэннi яго ў спiс намiнантаў, з якога пасля вы разам з iншымi чытачамi будзеце выбiраць сем самых-самых. Як бачыце, “тэматычных” абмежаванняў вашым думкам i iдэям няма: у адрозненне ад сусветных сямi цудаў сярод нашых могуць апынуцца не толькi выдатныя помнiкi архiтэктуры, але i прыродныя аб’екты, i цэлыя населеныя пункты, i прадметы культурнай спадчыны, i падзеi, i з’явы, i нават людзi. Калi, канешне, вы палiчыце патрэбным i не палянуецеся нам пра тое напiсаць. Чакаем вашых допiсаў на адрас рэдакцыi з пазнакай “Сем цудаў”. Не застаньцеся ўбаку ад нашага праекта, скажыце сваё важкае слова!


 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter