Пошта гарантуе: пiсьмо матулi прынясуць своечасова

Адзiн за другiм распакоўваюцца мяхi i скрынкi, у якiх шчыльна i не вельмi суседнiчаюць канверты. Гэта пьмы з замежных краiн ад родных, блiзкiх i знаёмых. Пры ўсiх выгодах iнтэрнетаўскай i тэлефоннай сувязi многiя па-ранейшаму паведамляюць пра свае справы на звычайным аркушы паперы, каб матуля цi каханая, узяўшы яго ў рукi, нават праз акiян адчулi цеплыню дарагога чалавека. Iншая справа, што доўгачаканая вестачка можа доўга дабiрацца i прыйсцi ў не вельмi прывабным выглядзе або наогул згубiцца на мiжнародных паштовых шляхах. Пастаянна ўдасканальваючы сваю працу, беларуская пошта iмкнецца звесцi такiя выпадкi да мiнiмуму.I штогод трымае своеасаблiвую справаздачу, праводзячы традыцыйную акцыю "Уваходзячае пiсьмо". Паўдзельнiчаць у ёй запрашаюць прадстаўнiкоў сродкаў масавай iнфармацыi i клiентаў, каб тыя на ўласныя вочы пабачылi, якая карэспандэнцыя паступае ў нашу краiну з-за мяжы.Абмяркоўваюцца таксама пытаннi развiцця беларускай пошты, праблемыi шляхi iх вырашэння.
Сёлета акцыя праводзiцца сёмы раз. I хоць многае на працягу мiнулых гадоў змянiлася ў лепшы бок, ёсць што ўдасканальваць i адпрацоўваць. У прыватнасцi, зазначыла намеснiк генеральнага дырэктара РУП “Белпошта” Iрына Саксонава, маюцца нараканнi ад клiентаў на доўгiя тэрмiны праходжання мiжнароднай пiсьмовай карэспандэнцыi як у нашу краiну, так i з яе. Пэўна ж, каму можа спадабацца, калi вiншаванне з Беларусi ў суседнюю Расiю iдзе тры-чатыры тыднi цi пiсьмо ў Малдову “паўзе” цэлых 12 дзён? Такога пры Савецкiм Саюзе не было, сцвярджаюць пажылыя людзi. Яно так, але з таго часу многае змянiлася, у тым лiку i ў паштовых зносiнах. Усе былыя рэспублiкi Саюза сталi суверэннымi дзяржавамi, i абмен поштай памiж iмi адбываецца па мiжнароднаму прынцыпу. Напрыклад, усе пiсьмы i пасылкi з Расii ў Беларусь накiроўваюцца спачатку ў месца мiжнароднага паштовага абмену ў Маскве, у якiм праходзiць апрацоўка пошты. Адтуль яна паступае ў аналагiчную ўстанову ў Мiнску, дзе сартыруецца i накiроўваецца адрасатам нашай краiны. Гэтак жа накiроўваецца ўся пошта з Беларусi ў Расiю. Нават у суседнiя вобласцi цi раёны абедзвюх краiн пошта павiнна iсцi праз Мiнск i Маскву. Таму i тэрмiны праходжання даўжэйшыя.
Аднак калi па Беларусi вызначаны дакладныя кантрольныя тэрмiны праходжання пiсьмаў i пасылак 2—4 днi, то, у прыватнасцi, па той жа Маскве, здараецца, ад аднаго раёна да другога пошта iдзе да трох тыдняў. РУП “Белпошта” неаднаразова звярталася ў “Пошту Расii” з просьбай звярнуць увагу на “доўгую дарогу” пiсьмаў i бандэроляў. А з 6 лютага гэтага года паштовыя прадпрыемствы абедзвюх краiн удзельнiчаюць у пастаянным кантролi якасцi, якi праводзiць Мiжнароднае бюро Сусветнага паштовага саюза.
На Бухарэсцкiм кангрэсе (2004 год) Сусветнага паштовага саюза, у якi ўваходзiць i наша краiна, прынята рашэнне ўстанавiць сусветны стандарт якасцi мiжнароднай паштовай службы Д+5 (Д — дзень падачы пiсьма, 5 — пяты працоўны дзень пасля дня падачы, за выключэннем выхадных). Захаванне гэтага стандарту больш чым на 65% вырашана дасягнуць да 2008 года. Сусветны стандарт Д+5 ужо выконваецца больш чым на 88% пры перасылцы пошты з Беларусi ва Украiну, Данiю, Кыргызстан, Лiтву, Польшчу i Фiнляндыю, больш чым на 75% — у Арменiю. Мiж тым вельмi складана выбраць найбольш хуткi i аптымальны маршрут дастаўкi пошты, асаблiва калi няма прамых транспартных зносiн, як з Малдовай. Пошта iдзе транзiтам праз Украiну: да Кiева, затым у Адэсу, дзе Малдова робiць абмен. Такiм чынам, ад Мiнска да Кiшынёва, хоць адлегласць не вельмi вялiкая, пiсьмы iншым разам iдуць 12 дзён.
Турбуе беларусаў i тое, што адпраўленыя iмi або да iх пiсьмы, бандэролi i пасылкi недзе губляюцца.
— За мiнулы год паступiла 2475 заяў ад грамадзян, прадпрыемстваў i арганiзацый i 3773 рэкламацыi ад замежных паштовых адмiнiстрацый аб вышуку мiжнародных паштовых адпраўленняў, — паведамiла Iрына Iгнатаўна. — Было ўстаноўлена, што 508 пiсьмаў, дробных пакетаў i пасылак згублена па вiне паштовых адмiнiстрацый iншых краiн: больш за iншых знiкла ў ЗША — 239. У Беларусi за год згублена толькi адно заказное пiсьмо. Усiм нашым клiентам выплачана кампенсацыя.
Трэба адзначыць, што простыя пiсьмы не вышукваюцца, бо яны не рэгiструюцца i перасылаюцца па больш нiзкiх тарыфах.
Што ж робiцца для таго, каб кожнае пiсьмо цi бандэроль траплялi да адрасата? З пачатку гэтага года ў Беларусi ўкаранёна сiстэма, што сочыць за шляхам мiжнародных паштовых пасылак. Звязаўшыся са сваiм паштовым аддзяленнем, жыхар нашай краiны можа прасачыць, дзе знаходзiцца пасылка. Да канца года такая ж сiстэма, за выключэннем простых пiсьмаў i паштовак, будзе дзейнiчаць на нацыянальным узроўнi. Беларускiя паштавiкi спадзяюцца, што яна значна павысiць якасць работы службы i будзе садзейнiчаць захаванасцi пошты.
Што датычыць захаванасцi, то наконт яе, як i тэрмiнаў дастаўкi, нiколькi не турбуюцца клiенты мiжнароднай паскоранай пошты EMS Беларусь. Яна мае прыярытэт як у апрацоўцы i перавозцы, так i ў мытным кантролi. Хуткасны i бяспечны паштовы абмен ажыццяўляецца больш чым з 200 краiнамi свету. На базе мiжнароднай паскоранай пошты з мiнулага года дзейнiчае i ўнутрырэспублiканская экспрэс-пошта. Прынцып яе работы “сёння — на заўтра”.
I хуткасць, i бяспечны шлях яшчэ не гарантуюць таго, што пiсьмо цi пасылка прыйдуць акуратнымi. Упакоўку ж выбiрае адпраўшчык пiсьма цi пасылкi. I ў цэху пiсьмовай карэспандэнцыi вытворчасцi “Мiнская пошта” мы нагледзелiся ўсялякага.
Пры разборы мяхоў з поштай з iншых краiн траплялiся парваныя пiсьмы i пакеты з Вялiкабрытанii, Iзраiля, Венгрыi. Хтосьцi надумаўся пакласцi дыскi ў звычайны канверт, iншы так усяго напхаў у бандэроль, што папера парвалася. Чамусьцi людзi не задумваюцца пра тое, што пошта праходзiць доўгi шлях i некалькi дзесяткаў рук.
— У нашай краiне нiякiх раскраданняў не можа быць, — сцвярджае Мiкалай Жакаў.
Упэўнены ў гэтым i яго калегi, прэстыж беларускай пошты для якiх — не проста словы. Яны пацвярджаюць гэта штодзённай працай, пастаянна ўдасканальваючы яе дзеля зручнасцi клiентаў. У 2004 годзе РУП “Белпошта” атрымала сертыфiкат якасцi. Беларускiя паштавiкi спадзяюцца сёлета атрымаць сертыфiкат кiравання якасцю мiжнароднай паштовай службы Мiжнароднага бюро Сусветнага паштовага саюза. А што датычыць зручнасцi, то сёлета паэтапна ўсе аддзяленнi паштовай сувязi Мiнска будуць пераведзены на работу без абедзеннага перапынку. Толькi ў першым квартале ў сталiцы 25 аддзяленняў будуць чакаць клiентаў бесперапынна. I яшчэ з пачатку гэтага года ў рамках праграмы Сусветнага паштовага саюза мiжнародныя пасылкi, якiя паступаюць у нашу краiну, дастаўляюцца на дом клiентам бясплатна.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter