Сестры Хатыни в бывшем Заславском районе Минщины — малоизвестные страницы трагедий минувшей войны

«Попел, не зерне, упаў на раллю…»

Гісторыя вёсак былога Заслаўскага раёна, спаленых фашыстамі разам з жыхарамі

Хатынь — сімвал вялікай трагедыі, якая навечна ў народнай памяці. Яна аддаецца не меншым болем у сэрцы кожнага новага пакалення, чым у сэрцах тых, хто перажыў усё гэта, быў сведкам страшных падзей. Не абмінула навала і вёскі Шаршунскага і Лашанскага сельсаветаў Мінскага раёна. 


У тыя гады наш сельсавет уваходзіў у склад Заслаўскага раёна. Лёс Хатыні раздзялілі вёскі Бахметаўка, Камкі і Агаркі. Апошняя з 28 мая 2013-га ўключана ў склад Лашанскага сельсавета. Пасля вайны яны адрадзіліся.

Бахметаўка прылягае да аграгарадка Шаршуны. Першыя ўпамінанні пра яе ў летапісе адносяцца да 1549 года. На пачатку вайны ў 1941-м тут налічваўся 141 жыхар. Трагедыя адбылася 4 красавіка 1943 года. У чатыры гадзіны раніцы карнікі напалі на вёску — спалілі 30 сядзіб, забілі 115 чалавек, у тым ліку 60 дзяцей. 

У 1967-м каля адміністрацыйнага будынка саўгаса «Савецкі» (сёння гэта ААТ «Шаршуны-Агра») устаноўлены помнік, які ўвекавечвае імёны жыхароў Бахметаўкі і Камкоў, што былі спалены разам з вёскамі ў 1943 годзе за сувязь з партызанамі. Яго двойчы рэканструявалі: у 1975-м расшырана ахоўная зона, у 1985-м з’явіліся дзве прамавугольныя тумбы, на якіх заменены мемарыяльныя дошкі з імёнамі загінулых. У кнізе «Нацистская политика геноцида и «выжженной земли» в Белоруссии», якая выйшла ў выдавецтве «Беларусь» у 1984 годзе пад рэдакцыяй У. Е. Лабанка, маецца ссылка на нямецкі дакумент. Ён пацвярджае факт спальвання Бахметаўкі і Камкоў. Гэта «Паведамленне начальніка зямельнага аддзела Заслаўскай раённай управы аб выніках карнай аперацыі» (чэрвень 1943-га), у ходзе якой знішчана 1419 чалавек, спалена 13 вёсак. Бахметаўка ў спісе пад нумарам пяць. Значацца тут і Камянец, Рогава, Дуброва (Даўбарова), Шаршуны (усе ўваходзяць у склад Шаршунскага сельсавета), бо іх жыхары таксама пацярпелі ад карных атрадаў фашыстаў.

Камкі знаходзяцца на адлегласці шэсць кіламетраў ад аграгарадка Шаршуны на ўсход. Назва паходзіць ад «камель, камлюк», што азначае ніжнюю частку дрэва. У 1941 годзе тут налічвалася 150 жыхароў. Камкі палілі два разы. У Нацыянальным архіве захаваўся акт, які састаўлены камандзірам атрада «Штурм», старшынёй вёскі і ўцалелымі жыхарамі. Па розных крыніцах, за два разы налётаў спалена 35 сядзіб, загінула як мінімум 86 чалавек, у тым ліку 35 дзяцей (так напісана на помніку ў Шаршунах). На пажоўклых ад часу лістках увесь боль жыхароў, што згубілі родных, сваю маёмасць.

Піянеры Шаршунскай сярэдняй школы каля помніка спаленым жыхарам вёсак. 

19 верасня 1943 года нямецкія самалёты 6 гадзін бамбілі гэты населены пункт запальнымі і фугаснымі бомбамі. Пацярпела 17 хатніх гас­падарак з 27. Ад пажараў згарэлі 8 дамоў, 11 такоў з хлебам, 8 хлявоў, 11 пунь з сенам і іншыя надворныя пабудовы. Загінулі карова і 23 курэй. Цяжка параніла аднаго мужчыну. У выніку без адзінай пабудовы, без хлеба і кармоў засталося 8 гас­падарак. 

Але гэтага было мала. 29 ка­стрыч­ніка 1943-га ў 6 гадзін раніцы на вёску напала больш за 100 немцаў з Казекаўскага гарні­зона. Забралі 27 кароў, 12 коней, 162 курыцы, 11 гусей, усю вопратку і, адыходзячы з вёскі, з кулямётаў і аўтаматаў расстралялі 82 чалавекі, у тым ліку 33 мужчыны, 49 жанчын, 26 дзяцей, 7 старых. Таксама спалілі 5 дамоў з 32 чалавекамі. Стралялі і па тых, хто імкнуўся збегчы з вёскі, паранілі васьмярых. 

Усе імёны забітых і спаленых жыхароў увекавечаны на невялікім помніку ў аграгарадку Шаршуны. У 2015 годзе нашчадкі тых, хто застаўся ў жывых, устанавілі яго на ўласныя сродкі. Помнік знаходзіцца на ўездзе ў вёску, на абочыне дарогі. Гэта вялікі валун, а на ім гранітная пліта з датай трагедыі і зваротам:

А мы, нашчадкі нашых продкаў,

Не маем права забываць.

І лёсы сваякоў забітых,

Каб нам ніколі не спазнаць.

Вёска Агаркі непадалёк ад сучаснай шашы Мінск — Маладзечна. Назва яе мае славянскія карані. «Агарак» — астатак недагарэлай свечкі, альбо лучыны, ці рэшткі будынка, які гарэў. У 1941 годзе тут было 56 жыхароў. 5 сакавіка 1943-га нямецка-фашысцкія акупанты прый­шлі ў вёску і арыштавалі тых, каго западозрылі ў сувязі з партыза­намі і ў каго ў партызанах былі ро­дзічы. Людзей сагналі да хлява, што стаяў на паўночна-заходнім ускрайку вёскі. Зачынілі яго і падпалілі, а хто хацеў вырвацца — расстрэльвалі. Усяго загінула 25 чалавек. Астанкі спаленых мясцовыя жыхары пахавалі на месцы трагедыі і ўстанавілі пяць надмагільных камянёў. У 1990 го­дзе іх замянілі на помнік з чырвонага граніту, паабапал якога стэлы з імёнамі загінулых жыхароў вёскі і ўказаннем іх узросту. Самаму малодшаму было ўсяго паўгода.

Бахметаўка і Камкі.

У Нацыянальным архіве «Белару­скія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны» ёсць дакумент, звязаны з гэтым паселішчам. Наогул, паводле гэтай крыніцы, Агаркі палілі тройчы: у сакавіку, кастрычніку і снежні 1943-га. У «Пратаколе допыту» запісана сведчанне Уладзіміра Пятровіча Сінькевіча, жыхара вёскі Шчарбіны Заслаўскага раёна, былога партызана і байца Чырвонай арміі, пасля вызвалення Беларусі. Пра яго паведамляецца, што ён «рядовой колхозник колхоза имени Буденного», мае ордэн Чырвонай Зоркі и тры медалі «За адвагу». У чэрвені 1941 года прызваны ў Чырвоную армію, атрымаў абмундзіраванне, але не зброю. Раён быў акружаны немцамі, і ўсе прызваныя разышліся па дамах, ён таксама. Да сакавіка 1943-га займаўся сельскай гаспадаркай, пасля пайшоў у партызаны. 

«В марте 1943 года нашу деревню Щербины окружили немцы с Заславльской жандармской комендатуры и полицейские, установили пулеметы и повели обстрел деревни, ворвавшись в деревню, стали расстреливать беззащитных людей и жечь постройки». У гэты дзень, па сведчанні Уладзіміра Пятровіча, забілі 17 чалавек, у тым ліку старых і малых, спалілі 20 хат, забралі да 35 кароў, 16 коней. Забілі яго жонку Кацярыну і яе сястру Анастасію. У ноч на 4 марта ён вывез іх целы і пахаваў у іншай вёсцы. Пакінутыя дамы былі абрабаваны немцамі. 

Таксама сведка дадае, што ў той жа дзень, 3 сакавіка, спалілі і вёску Агаркі, дзе не толькі расстрэльвалі мірных, але і ў адным доме спалілі 25 чалавек жывымі. Падобная трагедыя адбылася ў вёсцы Ермакі, але там расстралялі васьмярых. У красавіку тая ж жандарская камендатура арыштавала 9 чалавек, іх забралі ў Заслаўе. Назад у вёску Слабада яны не вярнуліся. 

Ідуць гады. Адыходзяць у вечнасць сведкі тых жудасных па­дзей. Нам застаюцца толькі скупыя запісы, што зберагаюцца ў архівах, і помнікі, помнікі, помнікі...

Сёстры Хатыні, спазнаўшыя полымя…

Попел, не зерне, упаў на раллю

Раннім світанкам. Заспаныя, голыя

Людзі палеглі ад куль і агню.

Мірныя сейбіты, мацеркі, дзеткі —

Чорнай навалы ніхто не чакаў.

Сціпла жылі вы на родных палетках.

Хто і за што вас так люта скараў?

Г. А. Маслыка

Ала ГАЕЎСКАЯ, бібліятэкар Шаршунскай інтэграванай бібліятэкі Мінскага раёна

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter