Попел ляцiць у вечнасць

Маленькая дзяўчынка Соня Яскевіч цудам выратавалася ў вогненнай Хатыні...
Зразумела, многае з тых жудасных падзей Соф’я Антонаўна ўжо не памятае. Бо 73 гады мінула, як жыве ў нашых сэрцах боль і памяць пра Хатынь, вёсачку, якую разам з жыхарамі спалілі фашысцкія вырадкі. Ды й самой дзяўчынцы Соні тады было ўсяго дзевяць гадоў, зусім яшчэ дзіця, яна не магла поўнасцю ўспрымаць тую трагедыю. Але ж заўжды, у сакавіцкія дні, калі надыходзіць чарговая страшная дата, той горкі боль становіцца больш вострым для жанчыны, якая размяняла ўжо, дзякуй богу, дзявяты дзясятак.


Абеліск у Хатыні

Абсалютна няправільна сцвярджаць, што беларуская Хатынь памерла. Яна жыла, жыве і будзе жыць. Ёсць такая ісціна: чалавек жыве да той пары, пакуль пра яго памятаюць. А тут — цэлая вёска і яе 149 жыхароў, якая стала хвалюючым сімвалам непакорнасці, мужнасці і сілы беларускага народа. Як ні вар’яцелі, ні стараліся фа­шысцкія каты знішчыць усё і ўсіх у Хатыні, гэта ім не ўдалося. Цудам выратаваліся ў той жахлівы дзень некалькі жыхароў. Пяцёра былі дзецьмі: Валодзя Яскевіч, яго родная сястрычка Соня, пра якую наш аповед, Антон Бараноўскі, Аляксандр Жалабковіч, Віктар Жалабковіч.

З самага адкрыцця мемарыяльнага комплексу я збіраю матэрыял пра трагедыю Хатыні, шмат разоў быў тут з рознымі дэлегацыямі, у тым ліку і замежнымі. Калі расказваю ім, што ў хатынскіх дзяцей, якія выратаваліся, ёсць ужо свае дзеці, унукі і праўнукі, ніхто не верыць. “Як жа маглі яны выратавацца ў тым пекле? — здзіўляюцца людзі. — Іх жа палілі жывымі…”

Асабліва недаверліва ўспрымалі мой расказ тыя, хто прыехаў у Хатынь з-за мяжы, прасілі яшчэ раз паўтарыць тое, што я сказаў. Ім цяжка было паверыць, што ў час такіх карных аперацый, арганізацыю якіх фашысцкія вырадкі давялі да дасканаласці, хто-небудзь мог вырвацца з іх рук. У Хатыні гэта змаглі дзеці, значыць, ёсць на свеце вышэйшая справядлівасць. Гэтыя жывыя сведкі трагедыі праз дзесяцігоддзі нясуць страшную праўду Хатыні. На жаль, з тых пяцярых, цяпер з намі толькі двое — Соф’я Яскевіч (па мужу Фіохіна) і Віктар Жалабковіч.


Соф’я Яскевіч, ацалелая жыхарка вёскі Хатынь

Даўно ведаю сям’ю Соф’і Антонаўны і своечасова пастараўся запісаць усё, што яна расказала пра дзень 22 сакавіка 1943 года, пра свой далейшы лёс. Кожны раз, калі слухаю яе, праз маё сэрца нязменна праходзіць гарачы боль: як магла перажыць жанчына тое, што выпала на яе долю. Так здарылася, што ў хаце Яскевічаў тады было дзве сям’і. Бацька Антон Антонавіч і маці Алена Сідараўна, малодшыя сястрычкі Ванда і Надзейка, старэйшая сястра Вера са сваім мужам Віктарам i сыночкам Уладзікам, якому было толькі сем тыдняў. Усе яны згарэлі жывымі…

— А мы з братам Валодзем начавалі ў сваёй цёткі Ганны Сідараўны, — успамінала Соф’я Антонаўна. — Калі ў вёсцы закрычалі, што прыйшлі немцы, Валодзя выскачыў з хаты і пабег у поле. Карнiкi стралялі па ім, але не трапілі, і Валодзя схаваўся. Я ж засталася з цёткай, яна не ведала, што рабіць, бо вельмі спалохалася. Заперла ў хаце дзверы, але ж немцы ўжо грукаталі. Цётка паспела кульнуць мяне ў пограб, і яе тут жа расстралялі. Немцы нікога не знайшлі ў хаце, пограб не заўважылі і пайшлі.

Я сядзела і баялася паварушыцца. Раптам у пограб палез дым, я пачала задыхацца. Трэба выбірацца наверх, а калі ўбачаць мяне немцы? Нарэшце выбралася з пограба, бо там заставацца было ўжо немагчыма, і ад таго, што ўбачыла, мяне ахапіў такі жах, такі страх. Усе хаты гараць, дым, агонь, чуваць выстралы, нейкія страшныя крыкі. Вырашыла бегчы з хаты ў густым дыме, і правільна — немцы мяне не заўважылі. Выбралася з вёскі, пабегла на хутар. Прыбегла, а там мой брат Валодзя. Так мы і выратаваліся…

Спачатку добрыя людзі, потым дзяржава не пакінулі Валодзю і Соф’ю Яскевічаў у бядзе. Некаторы час жылі яны ў цёткі, потым у дзетдоме. Пасля вайны Соф’я скончыла  рамеснае вучылішча, працавала тэлеграфісткай на Брэстчыне, затым паштальёнам у Мінску. Шчаслівая падзея ў яе жыцці прыйшлася на 1964 год — выйшла замуж за Мікалая Фіохіна, ён родам з Уладзімірскай вобласці. Атрымалі кватэру і шмат гадоў працавалі ў Мінску: Соф’я Антонаўна на пошце, муж — слесарам на заводзе. У 1983 годзе па стане здароўя вымушана была пайсці на пенсію.

Такому роду, як Яскевічы з Хатыні, няма пераводу, што вельмі сімвалічна. А род Соф’і Антонаўны немалы. Старэйшы сын Ігар Мікалаевіч 22 гады працуе слесарам на Мінскай птушкафабрыцы. Яго жонка Наталля Аляксееўна шмат гадоў аддала гэтаму прадпрыемству. Іх дачка Алена — эканаміст. А сыну Алегу, гэта значыць праўнуку Соф’і Антонаўны, яшчэ толькі тры гадочкі. Малодшы сын Фіохіных Аляксандр доўгі час працаваў газазваршчыкам.

Паўтараю, Соф’і Антонаўне цяпер, на жаль, нялёгка размаўляць, таму гутару з яе сынам, Ігарам Мікалаевічам.


Спіс загінулых у агні родных Соф’і Яскевіч

— Маці  часта ўспамінае Хатынь? Цягне яе туды?

— Ёй ужо цяжка. І ўсё ж, нягледзячы на стан здароўя і ўзрост, яна сабралася з сіламі і летась паехала ў Хатынь. Я з дачкой Аленай яе суправаджалі. Пастаялі мы на тым месцы, дзе была хата Яскевічаў, паклалі кветкі. Маці плакала, вельмі плакала…

— А як асабіста вы ўспрымаеце гора маці?

— Балюча. Усё ж гэта сваё, роднае. Дачка Алена таксама перажывае і вельмі шкадуе бабулю. Ну а ўнук яшчэ зусім малы, але ж калі падрасце, звозім яго ў Хатынь. Пастараемся на Дзень Перамогі, калі будзе цёпла…

Англійскі паэт Пэм Мейстар так пранікнёна-ўсхвалявана напісаў пра беларускую Хатынь: 

Сэрца, суцішся.

Замры на хвілінку, астынь,

Мужнасць набудзь і рашучасць…

Попел і гора тваё, Хатынь,

Многаму нас навучаць.

Мужная, ты не дазволіш,

Каб зноў без віны

Гінулі ў вогненных вёсках старыя і дзеці

І каб надрыўна звінелі званы

На спапялёнай Планеце.

На жаль, вельмі трывожна i ў наш час. Шмат дзе канфлікты, нават войны, ахвярамі якіх становяцца мірныя людзі. Таму ў сумным перазвоне Хатыні — не толькі наш боль і памяць, але і перасцярога. Таму і наканавана лёсам, каб доўга была сярод нас сведка хатынскай трагедыі Соф’я Антонаўна. Трэба жыць і помніць.

Міхаіл Шыманскі

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter