Помста за праўду

Як зрэнку вока берагу і захоўваю каштоўную рэліквію — пасведчанне пазаштатнага карэспандэнта “Сельской газеты”, выдадзенае аўтару гэтых радкоў у красавіку 1978 года рэдакцыяй. І хаця на працягу апошніх 11 гадоў з’яўляюся супрацоўнікам галоўнай сялянскай газеты рэспублікі, тым не менш кожны раз, калі бяру яго ў рукі, адчуваю глыбокае непадробнае хваляванне, трапяткую гордасць за тое, што ў свой час і я меў дачыненне да кагорты добраахвотных памочнікаў перыядычнага друкаванага выдання — селькараў. Прынамсі, сярод іх у розныя гады былі і прадстаўнікі стаўшага для мяне родным Пухавіцкага раёна. А самымі першымі актыўнымі памочнікамі газеты, якая абараняла інтарэсы сялян і з годнасцю працягвае рабіць гэта і сёння, сталі прадстаўнікі рэгіёна Рыгор Жлобіч і Савелій Ляпіч. Вось толькі непрацяглым было супрацоўніцтва перыядычнага органа друку са сваімі актыўнымі памочнікамі: у росквіце сіл кулацкія кулі абарвалі жыцці Рыгора і Савелія. Але памяць аб іх жыве ў нашых сэрцах і сёння. Рознымі былі гэтыя людзі, кожны са сваім характарам, індывідуальным творчым почыркам. Іх яднала адно агульнае — імкненне да новага жыцця. У хлопцаў хапала тэм для допісаў у рэдакцыю: ураджэнцы сельскай мясцовасці, яны добра ведалі праблемы сялян на крутым пераломе жыцця беларускай вёскі. І Рыгор, і Савелій лічылі сваім грамадзянскім абавязкам знайсці пасля працяглага працоўнага дня гадзіну-другую, каб сесці за вышчарблены ад даўніны стол і пры цьмяным святле керасінавай лямпы, якая пастаянна чадзіла, агрызкам алоўка на аркушы дрэннай паперы літару за літарай вывесці словы, з якіх і складаліся чарговыя нататкі ў “Беларускую вёску” і іншыя рэспубліканскія газеты. Як правіла, матэрыялы селькараў былі злабадзённымі . У іх яны расказвалі пра шматлікія добрыя перамены ў жыцці вяскоўцаў, выкрывалі і ганьбілі тых людзей, што супрацьстаялі ўсталяванню новага ладу гаспадарання на зямлі.

На другі дзень пасля забойства селькараў усе рэспубліканскія газеты прысвяцілі гэтай трагедыі першыя палосы.

Як зрэнку вока берагу і захоўваю каштоўную рэліквію — пасведчанне пазаштатнага карэспандэнта “Сельской газеты”, выдадзенае аўтару гэтых радкоў у красавіку 1978 года рэдакцыяй. І хаця на працягу апошніх 11 гадоў з’яўляюся супрацоўнікам галоўнай сялянскай газеты рэспублікі, тым не менш кожны раз, калі бяру яго ў рукі, адчуваю глыбокае непадробнае хваляванне, трапяткую гордасць за тое, што ў свой час і я меў дачыненне да кагорты добраахвотных памочнікаў перыядычнага друкаванага выдання — селькараў. Прынамсі, сярод іх у розныя гады былі і прадстаўнікі стаўшага для мяне родным Пухавіцкага раёна. А самымі першымі актыўнымі памочнікамі газеты, якая абараняла інтарэсы сялян і з годнасцю працягвае рабіць гэта і сёння, сталі прадстаўнікі рэгіёна Рыгор Жлобіч і Савелій Ляпіч. Вось толькі непрацяглым было супрацоўніцтва перыядычнага органа друку са сваімі актыўнымі памочнікамі: у росквіце сіл кулацкія кулі абарвалі жыцці Рыгора і Савелія. Але памяць аб іх жыве ў нашых сэрцах і сёння. Рознымі былі гэтыя людзі, кожны са сваім характарам, індывідуальным творчым почыркам. Іх яднала адно агульнае — імкненне да новага жыцця. У хлопцаў хапала тэм для допісаў у рэдакцыю: ураджэнцы сельскай мясцовасці, яны добра ведалі праблемы сялян на крутым пераломе жыцця беларускай вёскі. І Рыгор, і Савелій лічылі сваім грамадзянскім абавязкам знайсці пасля працяглага працоўнага дня гадзіну-другую, каб сесці за вышчарблены ад даўніны стол і пры цьмяным святле керасінавай лямпы, якая пастаянна чадзіла, агрызкам алоўка на аркушы дрэннай паперы літару за літарай вывесці словы, з якіх і складаліся чарговыя нататкі ў “Беларускую вёску” і іншыя рэспубліканскія газеты. Як правіла, матэрыялы селькараў былі злабадзённымі . У іх яны расказвалі пра шматлікія добрыя перамены ў жыцці вяскоўцаў, выкрывалі і ганьбілі тых людзей, што супрацьстаялі ўсталяванню новага ладу гаспадарання на зямлі.

Стрэлы ў цемры

КАРОТКАЕ жыццё Рыгора Жлобіча выдалася бурлівым. Інакш і быць не магло, яно выпала якраз на крутые перамены, што адбываліся ў беларускай вёсцы ў 20-х гадах мінулага стагоддзя. Тады малады хлопец працаваў сакратаром Навасёлкаўскага сельсавета. У мясцовым клубе сабраліся амаль усе жыхары адміністрацыйнага цэнтра. Прыйшлі людзі з хутароў, з навакольных населеных пунктаў. Яшчэ б: на парадку дня стаяла пытанне аб стварэнні калектыўнай гаспадаркі. Спрачаліся да хрыпаты ў голасе. Адны даказвалі, што абагульненне маёмасці ў калгас нічога добрага не дае, пакуль што, дзякуй Богу, і так нядрэнна жывецца. Бяднейшыя, а такіх было большасць, настойвалі на сваім, маўляў, досыць ужо гібець на кулацкіх загонах, настаў час сабрацца разам. І ў якасці доказу перавагі калектыўнага гаспадарання на зямлі прыводзілі прыклад эфектыўнай работы першых у раёне камуны “Звязда” ў фальварку “Шчамысліца” і саўгаса ў суседняй вёсцы Блонь. Не ўстрымаўся, выступіў на сходзе і Жлобіч.

— Савецкая ўлада дала нам зямлю, волю, — усхвалявана гаварыў Рыгор. — У хуткім часе пачнуць паступаць трактары і машыны, якія ні ў якім разе не павінны працаваць на кулака. Іх месца — на шырокіх калгасных гонях.

— Малайчына, Рыгор! Правільна! — падтрымалі яго аднавяскоўцы-батракі.

Жлобіч меў пэўную рацыю гаварыць так. Ураджэнец вёскі Блужа, ён з маленства спазнаў цяжкую працу батрака. Быў кемлівым, цягнуўся да вучобы. Бацькі яго — беднякі — цяжка хварэлі. А тут адзін за другім памерлі. Суседзі і падказалі сіраце: “Ідзі, Рыгорка, на хутар да Ліпніцкага, неяк выжывеш”. Пайсці парабкам у заможную гаспадарку — звычайны пачатак працоўнага жыцця многіх тагачасных беларускіх падлеткаў. А наш герой не баяўся працы, усё рабіў: пасвіў коней, вазіў сена і дровы, капаў бульбу… Свабоднага часу амаль не было. Але і пры такіх абставінах знаходзіў гадзіну-другую, пераважна ноччу, каб пачытаць кнігі, да якіх быў вельмі ахвочы.

Рэвалюцыйныя падзеі ды перамены жыцця ў сельскай мясцовасці абудзілі ў хлопца спадзяванні на лепшую долю. Рыгор усёй душой пацягнуўся да новага, да сялянскіх сходаў. І ўжо ў 1923 годзе адным з першых у акрузе ўступіў у камсамол.

— У камсамольцы запісаўся? Марш з майго двара, каб і духу тут твайго не было, — так адрэагаваў Ліпніцкі на ўчынак батрака. — Разлік? Трасцы табе... — і для яскравай перакананасці паказаў хлопцу камбінацыю з трох пальцаў. І ўжо тады Жлобіч зразумеў, што ўсталяванне новага жыцця ў вёсцы не будзе мірным і гладкім.

НЕЗАДОЎГА да гэтай падзеі ў жыцці Рыгора Жлобіча моладзь Блужы, з якой той падтрымліваў сяброўскія сувязі, па яго прапанове настаяла перад мясцовай уладай на закрыцці ў вёсцы царквы і прыстасавала яе пад клуб. Адзін з самых вялікіх пакояў папа адвялі для хаты-чытальні. Юнака, страціўшага службу ў заможнага гаспадара, на сваім сходзе новыя паплечнікі абралі загадчыкам адзінага на той час у акрузе асветніцкага цэнтра. У бакавушцы хаты-чытальні ён і жыў. Менавіта на гэтай пасадзе праявіліся арганізатарскія здольнасці хлопца. Жлобіч стварае камсамольскую ячэйку ў Блужы. Яго с нецярпеннем чакаюць не толькі моладзь, але і сяляне навакольных вёсак, якім даводзіць навіны ў краіне, свеце, чытае газеты і кнігі, тлумачыць сэнс перамен у сельскай мясцовасці, арганізоўвае падпіску на газеты і журналы. Рыгор добра ўсведамляе, што перыядычнаму друку адведзена вялікая роля ў перавыхаванні чалавека. У рэдакцыі “Беларускай вёскі” нават здзівіліся, калі той паказаў падпісны ліст на 200 экземпляраў рэспубліканскіх газет і журналаў, якія распаўсюдзіў на тэрыторыі трох сельсаветаў раёна. І было ад чаго, вунь колькі часу, сіл і энергіі прыйшлося патраціць чалавеку для правядзення падпісной кампаніі сярод непісьменных сялян навакольных вёсак. Матэрыялы для сваіх нататкаў сельскі карэспандэнт чэрпае на месцы, а таксама са шматлікіх рэгіянальных і раённых нарад, у якіх як актывіст і важак камсамольцаў прымаў непасрэдны ўдзел. Рыгор Жлобіч недаверліва адносіцца да кіраўнікоў, якія кормяць людзей абяцанкамі. У яго разуменні такімі паводзінамі яны толькі выклікаюць у людзей недавер да сябе. Уздымаць народ на добрыя справы, пастаянна быць разам з ім — жыццёвае крэда нашага героя, яго пазіцыя ў грамадстве. Каб не быць шматслоўным, скажу толькі, што па ініцыятыве Рыгора камсамольская арганізацыя, сакратаром якой ён быў, на адным са сваіх сходаў прыняла рэзалюцыю аб абавязковым уступленні ў калгас усіх яе членаў без выключэння.

ПА НАКІРАВАННЮ райкама камсамола Рыгор Жлобіч як актыўнейшы член саюза моладзі едзе працаваць у Навасёлкаўскі сельскі Савет. Спачатку — рахункаводам, потым — сакратаром. Праз некаторы час тутэйшая моладзь абрала яго сваім важаком.

Спраў хапае. Агітацыя сялян за арганізацыю таварыстваў па сумеснай апрацоўцы зямлі, камун і калектыўных гаспадарак, правядзенне сходаў у вёсках, клубная і бібліятэчная работа. І ўсе ж Рыгор знаходзіць свабодную хвіліну, каб напісаць артыкул у “Беларускую вёску” і іншыя выданні краіны. На іх старонках пастаянна з’яўляюцца матэрыялы селькара. Некаторыя з іх падпісаны псеўданімам Рыгор Асака.

Не хацелі мірыцца заможныя сяляне і кулакі з тым, што камсамолец, селькар Рыгор Жлобіч агітуе моладзь, растлумачвае палітыку партыі і ўрада. Аднойчы, калі той працаваў яшчэ загадчыкам хаты-чытальні, нехта падсунуў пад дзверы пісьмо, дзе няроўнымі літарамі было напісана: “Калі ты, камсамолец, не перастанеш лезці куды цябе не просяць, не мінуць табе смерці”. Яно было без подпісу. На працягу двух тыдняў хлопец падняў з падлогі яшчэ з паўдзесятка такіх папярэджванняў.

НЕЯК позна вечарам, калі Рыгор сядзеў за чарговым допісам у рэдакцыю, за сцяной пачуліся крокі і ў цемры акна мільганула постаць. Хлопец маланкай адскочыў ад стала, патушыў газоўку. І ў гэты момант грымнуў стрэл. На падлогу пасыпаліся асколкі шкла. На гэты раз ён уратаваўся ад смерці.

…Той апошні сход у жыцці Рыгора закончыўся позна. Жлобіч правёў да хаты Марыльку, з якой пасябраваў праз некоторы час пасля прыезду на працу ў Наваселкі і якая запала ў яго сэрца. Развітаўшыся з дзяўчынай, хлопец накіраваўся ў цэнтр вёскі, дзе кватараваў. Наперадзе мільгануў агеньчык. І тут заўважыў, як да яго набліжаецца нейкі мужчына. ”Напэўна, ён таксама пасля сходу недзе затрымаўся”, — падумалася яму. Калі той параўняўся, у постаці яго Рыгор прызнаў Івана Кунца, сына кулака, у якога нядаўна знайшлі і канфіскавалі лішкі хлеба. “І чаго гэта ён сярод ночы бадзяецца. На сходзе, здаецца, Іван не прысутнічаў,— мільганулі трывожныя думкі. — Можа …” І тут цемру ночы разарваў асляпляльны слупок агню, які вырваўся з абрэза. Грымнуў стрэл. Балюча апякло плячо. Хлопец тварам павярнуўся да забойцы. У таго трэсліся рукі. І ў гэты момант адна за другой кулі ўпіліся ў грудзі. Рыгор паваліўся на мяккі снег, які белай коўдрай укрываў вясковую вуліцу. Так і перастала біцца сэрца 19-гадовага юнака, змагара за светлае будучае беларускай вескі.

Газета “Беларуская вёска” за 2 сакавіка 1926 года паведаміла сваім чытачам: “У ноч з 24 на 25 лютага ў Навасёлкаўскім сельскім Савеце Пухавіцкага раёна забіты наш актыўны селькар Рыгор Жлобіч (псеўданім у газеце “Асака”). Малады хлопец, батрак, камсамолец працаваў справаводам Навасёлкаўскага сельскага Савета”.  Дарэчы, паведамленні аб забойстве селькара надрукавалі і іншыя рэспубліканскія сродкі масавай інфармацыі. У гэтым жа нумары ў галоўнай сялянскай газеце рэспублікі з’явіўся і апошні матэрыял Рыгора Жлобіча.

За газетную заметку — куля з абрэза

КЛАСАВАЯ барацьба ў 20-х гадах мінулага стагоддзя ў Пухавіцкім раёне, як і ва ўсёй краіне, была бязлітаснай. Яшчэ ў лютым 1923 года ў вёсцы Пярэжыр па-зверску (шкворанам разбілі галаву) расправіліся з грамадскім актывістам Філановічам. Праз тры гады ахвярай стаў Рыгор Жлобіч. Але гэта не палохала тых, хто поруч з імі змагаўся за лепшае жыццё сялян, жыў іх марамі і надзеямі.  Пры пахаванні Рыгора Жлобіча пакляўся прадоўжыць яго справу жыхар вёскі Скрыль Савелій Ляпіч. І хаця па ўзросту ён у два разы быў старэйшы за Рыгора, тым не менш яны сябравалі. Пазнаёміліся ж барацьбіты за новае жыццё ў хуткім часе пасля таго, як Жлобіч стаў супрацоўнікам Навасёлкаўскага сельскага Савета. І ў гэтым няма нічога дзіўнага. Вёска Скрыль знаходзілася ў адміністрацыйным падпарадкаванні органа ўлады, у які і атрымаў накіраванне на службу Жлобіч. Яшчэ ў пачатку 20-х гадоў Ляпіч прымаў удзел у пераразмеркаванні панскай зямлі паміж сялянамі, стаў прыхільнікам карэнных перамен у вясковым жыцці. Хлопцы хутка знайшлі агульную мову, інтарэсы, гарой стаялі адін за другога. Больш за тое, аднойчы Ляпіч выратаваў жыццё Жлобічу.

А было гэта так. У час канфіскацыі хлеба ў кулака Кунца пад сапрэлай саломай у пуні Рыгор знайшоў патаемную схованку хлеба. Той схапіў вілы і з перакошаным ад злосці тварам і крыкам “Заб’ю!” кінуўся на прадстаўніка мясцовай улады. Але на яго шляху стаў Савелій. Падаспеўшыя на дапамогу мужчыны звязалі раз’юшанага гаспадара пуні. З таго дня сяброўства іх стала больш моцным. Пасля забойства Рыгора Савелій прадоўжыў яго справу. Так сталася, што і Ляпіча напаткаў такі ж лёс, як і яго сябра.

...Сям’я Савелія Ляпіча пры цьмяным святле газоўкі збіралася вячэраць. Праз вокны, на якіх адсутнічалі фіранкі, добра бачна, што робіцца ў хаце. Колькі хвілін гаспадар углядаўся ў цемру ночы, але нічога падазронага не заўважыў. Павярнуўся да акна спінай і запрасіў дзяцей да стала. І ў гэтае імгненне грымнуў стрэл. Узмахнуўшы рукамі, Ляпіч паваліўся ля стала. Ад страху жонка і дзеці аслупянелі.

У ТОЙ ЧАС вёска Скрыль была невялікай. Сталыпінская рэформа раскідала яе па хутарах. Вядома, што землі там і па ўрадлівасці, і па плошчы былі неаднолькавыя. І людзі там жылі розныя. Адзін з іх — Саўка Палашкоў. Моцны серадняк, меў 12 дзесяцін зямлі, дзве каровы і два кані, некалькі парсюкоў і больш за пяць дзесяткаў хатняй птушкі. Жыві сабе і багацей, ніхто не перашкаджае. Але з якой пагардай ён ставіўся да беднаты, мнагадзетных! А тут і пасаду лесніка атрымаў. Зусім страціў сумленне чалавек, амаль кожны дзень выпіваў за чужы кошт, збіваў сялян. Ляпіч узяў і напісаў заметку пра Палашкова ў газету, у якой выкрыў п’яніцу, дэбашыра і хабарніка. Знялі таго з пасады. І чалавек пачаў помсціць селькару. Суд прызнаў Палашкова непасрэдным выканаўцам забойства Савелія. Былі ў яго і памагатыя. Яшчэ да фізічнай расправы з мэтай прыніжэння і пазбаўлення аўтарытэту Ляпіча як селькара яны распусцілі злосную хлусню пра яго. Больш за 10 “добразычліўцаў” даслалі ў раённую камісію па чыстцы радоў партыі заяву, у якой ва ўсіх зямных і незямных грахах абвінавачвалі крыштальна чыстага чалавека. Паклёп на актывіста не прайшоў, таварышы па партыі правільна ацанілі сітуацыю, не дапусцілі траўлі агітатара за новы лад жыцця сялянства.

Савелій Ляпіч амаль штодня адчуваў, што ворагі новай улады рыхтуюць над ім расправу. Аб усіх пагрозах ён паведамляў у раённую міліцыю, але яна, на вялікі жаль, не прыняла неадкладных мер па папярэджванню бяды. І вось яна прыйшла не толькі ў сям’ю актыўнага змагара за лепшае будучае беларускай вёскі, але і да ўсіх тых, хто марыў і прыкладаў шмат намаганняў для яго здзяйснення.

На другі дзень пасля забойства амаль усе рэспубліканскія газеты на першай старонцы надрукавалі: “24 лістапада 1929 года ў Пухавіцкім раёне стрэлам праз вакно забіты актыўны селькар “Беларускай вёскі” Ляпіч Савелій. Як член партыі і бядняк ён рашуча змагаўся з усімі тымі, хто шкодзіў сацыялістычнаму будаўніцтву. Выкрываў самагоншчыкаў, хуліганаў, змагаўся з недахопамі на вёсцы. На 41-м годзе яго забілі злачынцы. Забілі яшчэ аднаго актывіста”.

У тыя дні газета “Беларуская вёска “ пісала: “Мы выказваем думку шматлікіх сходаў працоўнага сялянства Пухавіцкага раёна і іншых вёсак, патрабуем ад пралетарскага суда суровага пакарання — расстрэлу як непасрэдных, так і ўскосных забойцаў Ляпіча”. Жорсткае патрабаванне, але людзі і газета, як бачна, трымаліся мудрасці продкаў: што пасееш, тое і пажнеш…

Мікалай ГРЫГАРОВІЧ, “БН”

НА ЗДЫМКУ: артыкул з дваццатага нумара газеты «Беларуская вёска» за 1926 год.

Копія прадастаўлена Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter