Помнiм каранi свае

У Смаргонi поўным ходам iдзе падрыхтоўка да Дня беларускага пiсьменства

Падрыхтоўка да святкавання Дня беларускага пiсьменства поўным ходам iдзе ў Смаргонi. Ужо вядома праграма мерапрыемства, якое распачнецца 2 верасня ў Мiнску, дзе возьме пачатак Рэспублiканская навукова-асветнiцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга. Яе шлях праляжа праз знакавыя для Беларусi мясцiны: Святое Поле Баранавiцкага раёна, Лельчыцы на Гомельшчыне, Нароўлю, Мазыр, Петрыкаў, Чэрвень i Смалявiчы на Мiншчыне, вёску Багушы Смаргонскага раёна i завершыцца ў Смаргонi. Менавiта тут адбудуцца сёлета асноўныя падзеi Дня беларускага пiсьменства.

У першы дзень, 5 верасня, за круглым сталом збяруцца беларускiя i замежныя пiсьменнiкi. Прадоўжыць тэму навукова-практычная канферэнцыя “Смаргонскiя чытаннi”. Затым гледачоў запросiць Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусi пад кiраўнiцтвам народнага артыста Беларусi Мiхаiла Фiнберга.

Дзень 6 верасня пачнецца з Божай Лiтургii ў саборы Праабражэння Гасподняга. Затым адбудзецца афiцыйная цырымонiя адкрыцця свята, будуць урачыста ўручаны ўзнагароды пераможцам Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнiгi”, “Залаты фалiянт” i Рэспублiканскага конкурсу на лепшы твор у галiне паэзii, прозы i драматургii.

Адной з важных падзей стане адкрыццё помнiка Францiшку Багушэвiчу, якi правёў непадалёку, у Кушлянах, апошнiя гады свайго жыцця i пахаваны ў вёсцы Жупраны. У гiсторыка-краязнаўчым музеi адбудзецца выстава з фондаў Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi, прысвечаная 70-годдзю аб’яднання Заходняй i Усходняй Беларусi.

Эпiцэнтрам жа свята стане фестываль кнiгi i прэсы ў гарадскiм парку. Тут будуць працаваць павiльён “Беларуская кнiга”, кнiжныя пляцоўкi “Шлях да ведаў” i “Году роднай зямлi прысвячаецца”. У Гарадку прэсы гасцей запросяць на прэзентацыi кнiг i выдавецтваў, перыядычных выданняў, фотавыставы, сустрэчы з пiсьменнiкамi, паэтамi, выдаўцамi, журналiстамi, распаўсюджвальнiкамi прэсы, на выставу “Прэса Гродзеншчыны – учора i сёння”.

Для маленькiх чытачоў будзе наладжана асобнае свята дзiцячай кнiгi i прэсы, для дзяцей i дарослых – спартыўнае свята.

Усе жадаючыя падчас Дня беларускага пiсьменства змогуць наведаць сядзiбу-музей Францiшка Багушэвiча ў Кушлянах.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter