ПОМНI IМЯ СВАЁ

Нядаўна мае аднакласнікі і аднакурснікі напомнілі, што наступны год для нас юбілейны. І мы абавязкова павінны сустрэцца. Значыць, хутка патрэбна пачынаць пошукі. Як гэта робяць тыя, хто звяртаецца на сумесны пошукавы праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё”. Яны нястомна шукаюць сяброў, аднакласнікаў і аднакурснікаў, а мы гатовы нястомна ім дапамагаць.
Раскідала па планеце

“З розных куточкаў Беларусі, Расіі, Украіны, Прыбалтыкі летась сабраліся выпускнікі 1968 года Савініцкай СШ Клімавіцкага раёна. На  сустрэчу прыехалі тыя, хто закончыў школу 45, 35, 30, 25 гадоў таму і ў іншы час. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС жыхары многіх  вёсак перасяліліся ў іншыя месцы. Не стала і нашай школы. У час сустрэчы нас гасцінна прымала Ціманаўская СШ. Але ў Савінічы мы ўсё роўна з’ездзілі, пакланіліся родным мясцінам, узгадалі сваю маладосць, настаўнікаў. Створаны камітэт па арганізацыі сустрэч выпускнікоў Савініцкай СШ. Ён паведамляе, што 6—7 чэрвеня адбудзецца сустрэча выпускнікоў 1948—1949 года, першага пасляваеннага выпуску. Запрашаем усіх, хто заканчваў 7—10 класаў з 1949 па 1991 год,  а таксама іх дзяцей, унукаў, аднавяскоўцаў. Анастасія Васільеўна Судзілоўская-Бандаркова, Магілёў”.
“Звяртаюся ад імя выпускнікоў 1964 года сярэдняй школы саўгаса “Любанскі”. Жыццё раскідала нас па ўсёй планеце. Прыйшла пара сустрэцца і ўспомніць тыя цудоўныя гады, калі былі маладыя. Просім адгукнуцца Тамару АСІПОВІЧ, Алену КІСЕЛЬ, Георгія ЗАБРОДСКАГА, Зінаіду ІЎЛЕВУ, Марыю КАВАЛЬЧУК, Нэлі ТАРАСЕВІЧ. Сустрэча адбудзецца 12 чэрвеня. Запрашаем выпускнікоў і настаўнікаў, якія працавалі ў той час з намі. Алена Каўшар, Любанскі раён”.

Ні сну, ні спакою

“Звяртаюся ад імя сваёй сястры Ганны Паўлаўны Гарахавік. Просім адшукаць яе сына, а майго пляменніка Уладзіміра Станіслававіча ГАРАХАВІКА, 1959 года нараджэння. У 1989 годзе ён паехаў на заробкі ў Іркуцкую вобласць. Доўгі час пісаў маці. У адным з лістоў паведаміў, што ажаніўся. Але ўжо гадоў шэсць ад яго няма пісьма. Я яму напісала на адрас, які быў пазначаны на канверце. Адказу не было. Пазней яго жонка напісала, што Уладзімір у камандзіроўцы.  Пасля гэтага ні слыху ні дыху. Марыя Паўлаўна Сівец, Лагойскі раён”.
“Прапаў без вестак мой сын Аляксандр Сяргеевіч КАЗАЧОНАК, 1959 года нараджэння. Ён жыў у ваенным гарадку ў Лідзе, служыў бортрадыстам на верталёце. Потым служыў у Германіі і Новасібірску. У 1993 годзе пайшоў на пенсію. А ў студзені 1995-га выйшаў з дому ў Лідзе — і прапаў. У яго засталіся жонка і два сыны, якія таксама не ведаюць, дзе Аляксандр. Па якой прычыне ён пайшоў з дому, невядома. Можа, што здарылася ў сям’і, можа, пасварыліся. Але яго жонка нічога не расказвае. Магчыма, мой сын першыя дні ў каго-небудзь жыў, а можа, хто бачыў яго ў цягніках, паведаміце. Мая душа неспакойная, я страціла сон. Вера Вікенцьеўна Казачонак, Докшыцкі раён”.

Сто гадзін шчасця

* “Шукаю свайго любімага чалавека Васіля Рыгоравіча БАНДАРЭВІЧА з вёскі Парасляны Пружанскага раёна. Мы разам вучыліся ў Пружанскім педагагічным вучылішчы. Пазнаёміліся на танцах. Васіля з другога курса забралі на тэрміновую службу. Мы перапісваліся. Але нашы жыццёвыя шляхі разышліся. Я выйшла замуж за другога, а Васіль шукаў мяне. Закончыў вучылішча, жыў у Літве ці Латвіі і выкладаў у школе матэматыку. Вольга  Іванаўна Люкевіч, Узда”.
* “Чалавеку, якога я шукаю, ужо за 80. На падставе сваіх сноў я чагосьці пабойваюся. Мы рассталіся больш за паўстагоддзя таму, у 1955 ці 1956 годзе. Аляксандр ПЕТРУСЕВІЧ, 1926 года нараджэння. У 1950—1955 гадах вучыўся ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі на факультэце “Механізацыя сельскай гаспадаркі” ў Горках Магілёўскай вобласці. Па размеркаванні быў накіраваны на работу ў Навагрудак. Па некаторых звестках, ён працаваў у Навагрудскім вучылішчы механізацыі сельскай гаспадаркі № 5, але вельмі непрацяглы час і недзе з’ехаў. Пра гэта мне ўдалося даведацца ў выніку пошукаў. А ў сне я Аляксандра шукала амаль кожную ноч, але не бачыла ні твару, ні яго. Але адзін сон мяне вельмі ўстрывожыў. Нібы іду я па дарозе і чую голас: “Зараз убачыце таго, каго ўвесь час шукаеце”. Быў ясны сонечны дзень. Я спынілася тварам на поўдзень і бачу двух хлопцаў, якія ідуць да мяне. Адзін з іх — ён, нават апрануты так. Я стаяла і не магла сысці з месца, нічога не сказала яму, а толькі глядзела. Ён усміхаўся, і раптам яны паварочваюцца і вяртаюцца туды, адкуль выйшлі. А быў гэта белы аднапавярховы будынак накшталт мехмайстэрні. Было гэта гадоў пяць таму, а можа, і больш. Пасля ніводнага сна пра яго не бачыла. Хочацца ведаць, як склаўся лёс майго знаёмага Аляксандра Васільеўна, Лёзна.”
* “Я — ураджэнка вёскі Камаровічы Петрыкаўскага раёна. Прашу знайсці сябра юнацтва Аляксандра АЛЕКСІЕВІЧА, 1919 года нараджэння. Мы пазнаёміліся ў Навасёлкаўскай школе: я тады была ў восьмым класе, а ён — у дзесятым. У 1939 годзе Аляксандр паступіў вучыцца ў сталічную вышэйшую навучальную ўстанову. Праз год пайшоў у армію. Служыў у Ленінградзе, станцыя Левашова. Увесь гэты час мы перапісваліся. Але пачалася вайна, і галоўнае было — выжыць. Аднак і падчас яе мы не забывалі адно пра аднаго. Пасля перамогі перапіска аднавілася. Сустрэліся ў 1946 годзе ў вёсцы Капцэвічы Петрыкаўскага раёна. Тады я вырашыла, што нашы шляхі разышліся, і выйшла замуж за другога. Пазней у нас з Аляксандрам былі кароткія сустрэчы ў кампаніях. Але пагаварыць не давялося. А зараз хачу даведацца пра лёс свайго сябра. Усё жыццё захоўвала яго пісьмы і фотаздымак як памяць пра шчаслівае каханне. Марыя Андрэеўна Лубко (Акуліч), Петрыкаўскі раён”.
* “У 1954 годзе я пазнаёміўся з Эльвірай Яфімаўнай КРАСНОВАЙ (прозвішча дзявочае), прыкладна 1937 года нараджэння. Мы разам вучыліся ў Віцебскай аднагадовай сельскагаспадарчай школе бухгалтараў, якая знаходзілася ў мястэчку Хаценічы. Сябравалі. У 1955-м былі ў суседніх вёсках на стажыроўцы. Летам таго ж года мяне прызвалі на тэрміновую службу. З Эльвірай перапісваўся. У адным з лістоў я напісаў, што буду паступаць у ваеннае вучылішча. А яна адказала, што не стане чакаць і выйдзе замуж. Пазней Эльвіра жыла ў  Віцебску. Я вельмі перажываў з-за расстання і ўвесь час яе шукаў. Уладзімір Іванавіч Міцько. Люберцы Маскоўскай вобласці (РФ)”.
* “Мару сустрэцца з Іванам Іванавічам ЗАТОНСКІМ, 1934—1935 года нараджэння, родам з Ліпецкай вобласці. Мы пазнаёміліся ў пасёлку Леанідава на Сахаліне ў 1958 годзе. Ён быў штурманам, лятаў на ваенных самалётах. Пазней трапіў пад скарачэнне, і яго перавялі ў горад Станіслаў ва Украіне. Доўгі час мы перапісваліся, але сувязь абарвалася. Тамара Якаўлеўна Лазоўская, Магілёў”.
* “Майго сябра юнацтва завуць Васіль ФРАЛОЎ. Родам ён з горада Слаўгарада. Вучыўся ў Магілёўскім машынабудаўнічым інстытуце. Я ў той час  працавала на будоўлі. Мне было 20 гадоў, а яму — 19. Паміж намі былі самыя чыстыя адносіны. Пісалі адно аднаму вершы. Вось гэтыя радкі я запомніла на ўсё жыццё: “Знаешь, Галя, я тебя / Часто хочу видеть! / Как к сестренке отношусь / И боюсь обидеть!..”
Фотаздымак, які мне калісьці падарыў на памяць Васіль, я часта бяру ў рукі, паказваю сыну і ўспамінаю той летні лівень, калі мы пазнаёміліся на прыпынку на плошчы Леніна. Мой сябар тады жыў на вуліцы Касманаўтаў, а я — на Будаўнікоў. Цікава, як склаўся яго лёс, дзе ён цяпер жыве, ці мае сям’ю. Галіна Дзмітрыеўна Шульц, Магілёў”.

Ні ў спісе забітых, ні ў спісе жывых...

“З фронту не вярнуліся два мае родныя браты Анатоль Сяргеевіч і Віталь Сяргеевіч КУЗНЯЦОВЫ, абодва 1924 года нараджэння, ураджэнцы вёскі Кудрына Котласкага раёна Архангельскай вобласці.  Віталь служыў у гвардзейскай часці, палявая пошта № 24596ш. Ён быў сяржантам. Нумар палявой пошты Анатоля 57914ж. Пазней прыйшло паведамленне, што Віталь прапаў без вестак, а Анатоль загінуў і пахаваны пад Ленінградам, у горадзе Колпіна. Я ездзіла туды, але яго магілу не знайшла. Дзіна Сяргееўна Салодкіна (Кузняцова), Магілёў”.
“Шукаю месца пахавання свайго брата Мікалая Іванавіча ЖАНДАРАВА, 1924 года нараджэння, з вёскі Руднецкае Рагачоўскага раёна. У партызаны прайшоў 23 жніўня 1943 года, быў у 258-м атрадзе 8-й Рагачоўскай брыгады. Загінуў 18 студзеня 1944 года ў Быхаўскім раёне паблізу населеных пунктаў Дзедава, Езва, Вязьма, Дунаёк, Барсукі. Іван Іванавіч Жандараў, Жлобінскі раён”.
“У 1938—1940 гадах я працавала на заводзе імя Куйбышава ў Ніжнім Тагіле Свярдлоўскай вобласці. Там жа фармоўшчыкам быў Іван Зіноўевіч ЗВЯГЛАЎ (Звяглоў) — адзін з лепшых лыжнікаў, гуляў у валейбол, футбол, займаўся ў розных гуртках. Пазней пайшоў у армію, ваяваў, быў паранены. Апошняе пісьмо прыслаў у маі 1944-га з Беларускага фронту. У 1965 годзе я спрабавала знайсці яго. З Міністэрства абароны СССР прыйшло паведамленне, што радавы Іван Зіноўевіч Звяглаў (Звяглоў), 1920 года нараджэння, ураджэнец вёскі Крыўна Веліжскага раёна Смаленскай вобласці, загінуў 29 снежня 1944 года і пахаваны ў вёсцы Пжытулы Навагрудскага раёна Беластоцкай вобласці. Хачу даведацца, ці ёсць яго прозвішча на помніку. Алена Барысаўна Палудніцкая, Смалявіцкі раён”.
“Шукаю звесткі пра бацьку Канстанціна Сцяпанавіча ТАЛЮКА. Ён пайшоў на фронт з Хойніцкага райваенкамата ў пачатку вайны. У кнізе “ Памяць” напісана, што забілі яго ў 1942 годзе. Нічога невядома таксама пра бацькавага брата Данііла Сцяпанавіча ТАЛЮКА. Аляксандра Канстанцінаўна Сянько, Хойніцкі раён”.
“Мой бацька  Абрам Самуілавіч БАРАНАЎ, 1904 года нараджэння,  4 ліпеня 1941 года быў накіраваны на фронт. З Падольска паведамілі, што ён прапаў без вестак у красавіку 1945-га. Ігар Абрамавіч Баранаў, былы вязень гета, Віцебск”.
“Майго бацьку Сямёна Аляксеевіча ЛАКЦЮШЫНА, 1891 года нараджэння, ураджэнца Масквы, у першыя дні вайны накіравалі на фронт. Сувязь з ім родныя страцілі адразу ж. У 1946-м прыйшло паведамленне, што тэхнік-інтэндант
1-га рангу стралковага батальёна С.А. Лакцюшын прапаў без вестак у чэрвені 1941 года. З Падольска паведамілі, што ён праходзіў службу ў 21-м запасным палку і трапіў у палон пад Дзянісаўкай. А ў іншых дакументах ёсць запіс, што Сямён Аляксеевіч 16 кастрычніка 1941 года прыбыў з лагера 111 горада Крамянчуга, а 24 красавіка 1942-га памёр ад цынгі ў лагеры ваеннапалонных. Хачу атрымаць дакладныя звесткі пра лёс бацькі. Валянціна Сямёнаўна Фінагеева, Бабруйск”.
“Шукаю звесткі пра брата Івана Андрэевіча ЛАЗАРА, 1919 года нараджэння, ураджэнца вёскі Загрыцькава Дзераўноўскага сельсавета Слонімскага раёна. Ён у 1939 годзе пайшоў на тэрміновую службу. Быў у горадзе Горкі (Расія). Аляксей Андрэевіч Лазар, Слонім”.
“Мой бацька Андрэй Мікалаевіч ВАЛАДЗЬКО, 1918 года нараджэння, да вайны быў прызваны на тэрміновую службу Глускім райваенкаматам з вёскі Падлужжа і служыў у Беластоцкай вобласці па спецыяльнасці. Ён быў медыкам. Восенню 1941-га павінен быў вярнуцца дадому, але пачалася вайна. З Цэнтральнага архіва горада Падольска паведамілі, што старшына Валадзько прапаў без вестак у жніўні 1944 года. Марыя Андрэеўна Вярбіцкая, Салігорск”.
“Шукаю звесткі пра бацьку Валянціна Ануфрыевіча КРУПЯНКОВА, 1909 года нараджэння, ураджэнца Украіны. Выхоўваўся ў дзіцячым доме, закончыў педагагічны інстытут або тэхнікум. Яго накіравалі на працу ў школу вёскі Янушкавічы Лагойскага раёна. Адтуль пайшоў на вайну, і з таго часу пра яго нічога невядома. Марыя Валянцінаўна Крупянкова, Лагойск”.
“Не маю ніякіх звестак пра ваенны лёс і месца пахавання родных людзей: сястры Веры Іосіфаўны АДЫНЕЦ і дзядзькаў Уладзіміра Палікарпавіча АДЫНЦА, 1907 года нараджэння, з Мінска і Міхаіла Палікарпавіча АДЫНЦА, прыкладна 1905 года нараджэння, з вёскі Яркова Мінскага раёна. Галіна Іванаўна Баранец, Мінск”.

Дарагія сябры

“Шукаю свайго аднакласніка Валерыя МІКЛАША, прыкладна 1965—1967 года нараджэння. Мы разам вучыліся ў канцы 1970-х гадоў у Германіі ў школе № 79. Вадзім Алейнік”.
“Хачу знайсці  Галіну ТАРАПАНАВУ  з Маладзечна. Мы разам у 1973 годзе вучыліся ў Мінску на прадаўца. Пасля заканчэння Галя паехала ў Мурманск, а мяне накіравалі працаваць у Бараўляны. Праз год сяброўка вярнулася з дачкой Таняй. Ганна Уладзіміраўна Далідовіч (Зянько), Орша”.
“Шукаю Ванду Барысаўну БАБІЦКУЮ, 1943 года нараджэння, ураджэнку вёскі Уша Маладзечанскага раёна. Закончыла культасветвучылішча, затым вучылася ў Ленінградзе. Хачу таксама даведацца пра лёс Міхаіла Канстанцінавіча КАРПОВІЧА, 1943 года нараджэння, які працаваў у міліцыі горада Баранавічы. Тамара Канстанцінаўна Рымарава (Пальчык), Лідскі раён”.
“Дапамажыце знайсці адрас аднакурсніка, сябра маладосці, з якім не бачыліся больш за 30 гадоў. Генадзь Барысавіч ГОВІН, 1934 года нараджэння, мінчанін, хутчэй за ўсё, і зараз жыве ў сталіцы. Клаўдзія Раманаўна Мушыц, Камянец”.
“Даўно выпісваю “Народную газету” і заўсёды чакаю матэрыялы пра пошук людзей. Хачу знайсці блізкага чалавека Мікалая ШАПЯЛЕЎЦАВА (Шапелеўцава), 1923 года нараджэння, сябра майго брата. Яны разам вучыліся ў школе ў гарпасёлку Карма і ў Гомельскім музычным вучылішчы. У 1941 годзе закончылі першы курс і ў ліпені 1941-га разам пайшлі на фронт. Мой брат загінуў у сакавіку 1942-га пад Ленінградам, а Мікалай вярнуўся з вайны. Я была ў яго доме ў Гомелі, калі вучылася ў музвучылішчы, у 1946 годзе. Больш Мікалая не бачыла. Соф’я Адамаўна Вярэніч (Глухоўская), Лельчыцы”.

Добрая памяць

“З лістапада 1943 года ўрад БССР і ЦК КП Беларусі знаходзіліся ў горадзе Навабеліца Гомельскай вобласці. Частка супрацоўнікаў гэтых апаратаў была размеркавана па прыватных дамах. У нашым доме пражывалі работнікі ЦК Васіль Іванавіч ТОЛСЦІКАЎ, Іван Сяргеевіч КРАЎЧАНКА, Іосіф Сямёнавіч БРЭЛЬ, БАРМОТАЎ (ці Борматаў, Барматоў), КРАСОЎСКІ. Да гэтага часу выразна памятаю іх твары, некаторыя эпізоды, размовы, добрыя іх справы. З вызваленнем сталіцы яны паехалі з Гомеля, пакінуўшы добрую памяць пра сябе ў нашых сэрцах. У 1947 годзе да нас зазірнуў Бармотаў і аказаў істотную дапамогу нашай сям’і. У 1957-м я быў у гасцях у Івана Сяргеевіча Краўчанкі. Былі спробы сустрэцца з Іосіфам Сямёнавічам Брэлем, але не ўдалося. Спадзяюся, што іх родныя зацікавяцца гэтым паведамленнем і звернуцца да мяне, каб яшчэ раз успомніць гэтых цудоўных людзей і іх справы. Васіль Андрэевіа Жукаў,  Гомель”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter