"Помнi iмя сваё"

Да нашых пошукаў падключаецца ўсё больш i больш людзей, якiя лiчаць гэту справу вельмi патрэбнай i нават высакароднай. Нядаўна мы звярнулiся па дапамогу ў прэс-службу Мiнiстэрства лясной гаспадаркi, бо некалькi пiсьмаў было з просьбай вышукаць тых, хто так цi iнакш звязаны з лесам. Прэс-сакратар Ружэна Навiцкая, якая ў дадатак з’яўляецца галоўным рэдактарам часопiса “Лясная i паляўнiчая гаспадарка”, паабяцала не толькi адшукаць людзей, але i надалей усяляк садзейнiчаць сумеснаму праекту Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i нашай газеты “Помнi iмя сваё...” А нашы калегi выказваюць удзячнасць тэлефанiсткам “Белтэлекама” Галiне Пракапенi, Вользе Юрчак i Святлане Садыкавай.

ЗНАЙСЦI ЧАЛАВЕКА
Мы друкавалi лiст ад сям’i Спiчаковых з Магiлёва. Яны прасiлi дапамагчы адшукаць сына Юрыя Пятровiча Спiчакова. Днямi прыйшло пiсьмо-падзяка. Сын паведамiў бацькам пра сваё месцазнаходжанне.
Тамара Барысаўна Марозава з Кармянскага раёна Гомельскай вобласцi шукала брата М.Б.Марозава. Мiкалай Барысавiч жыве ў Кустанайскай вобласцi i перадае прывiтанне сястры. Яго дакладны адрас i нумар тэлефона накiраваны ў Кармянскi раён.
“Часта слухаю перадачу “Помнi iмя сваё...”, а таксама чытаю сумесныя матэрыялы  ў “Народнай газеце”. Вельмi ўдзячны за вашу працу. У 1956 годзе вучыўся я ў Копыскай сярэдняй школе. Сярод маiх аднакласнiкаў быў Аляксандр Лепяшынскi. Мы з iм сябравалi. А потым раз’ехалiся хто куды. Дапамажыце знайсцi яго”.
Такi лiст прыйшоў на адрас Беларускага радыё ад Анатоля Канстанцiнавiча Баяровiча з вёскi Стукацiчы Мiнскага раёна. Пошукi Аляксандра Паўлавiча Лепяшынскага завяршылiся паспяхова. Голас сябра ён змог пачуць па радыё. Узрадаваны Аляксандр Паўлавiч прапанаваў сустрэцца ўсiм класам, а таксама папрасiў адгукнуцца групу “Б” фельчарскага аддзялення Магiлёўскага медвучылiшча 1960 года выпуску i 1-ю групу лячэбнага факультэта Вiцебскага медiнстытута 1969 года выпуску.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
“Звяртаецца да вас жыхар Мiнска Пётр Несцеравiч Шубянок. Хачу даведацца пра лёс свайго брата Iвана Несцеравiча ШУБЯНКА, 1919 года нараджэння, ураджэнца вёскi Новая Грэбля Хракавiцкага сельсавета Брагiнскага раёна Палескай (цяпер Гомельскай) вобласцi. У 1939—1940-м гадах ён удзельнiчаў у вайне з Фiнляндыяй, а ў 1941—1944-м — з Германiяй. З
Брагiнскага райваенкамата, якiм ён i прызываўся ў армiю, мы атрымалi паведамленне, што брат прапаў без вестак у лютым 1944 года, што i было пацверджана праз пэўны час Савецкiм райваенкаматам на мой запыт у архiў Мiнiстэрства абароны СССР (даведка з яго № 528432 ад 15.02.1976 г.). Але, як стала вядома нядаўна з кнiгi “Памяць” Брагiнскага раёна (ст. 540), старэйшы брат загiнуў у лютым 1944 года, што супярэчыць атрыманаму папярэдне паведамленню. Хацелася б ведаць: калi ён прапаў без вестак, то пры якiх абставiнах, калi ж загiнуў, то дзе i калi пахаваны”.
“Хачу даведацца пра лёс сваiх братоў Фёдара Патапавiча (1909 года нараджэння) i Пракопа Патапавiча (1922 года нараджэння) ШАЎКОЎСКIХ. Фёдар з 1933 года жыў у Ленiнградзе. У 1935-м нарадзiлася ў яго дачка Тамара (па мужу Паўлава). Фёдар ваяваў пад Ленiнградам, прапаў без вестак. Пракоп у 1940 годзе паехаў у Еўпаторыю, плаваў на рыбацкiм судне. Куды пайшоў на фронт, не ведаю. Пiсаў брату ў 1943 годзе, што быў паранены ў руку, ляжаў у шпiталi ў Чэлябiнску. Гэта быў апошнi лiст ад яго. Мы доўгi час шукалi, цi ёсць браты ў спiсах загiнуўшых у Ленiнградзе i Чэлябiнску. Адказу не знайшлi. Таццяна Патапаўна Шаўкоўская, горад Магiлёў”.
Вацлаў Iосiфавiч Запаснiк адшуквае звесткi пра свайго брата Часлава Юзэфавiча (Iосiфавiча) ЗАПАСНIКА, 1918 года нараджэння. Ён служыў у армii ў Калiнiнскай вобласцi (прызваўся 26 сакавiка 1940 года) у пяхоце. “А на вайне быў разам з аднавяскоўцам, якi потым расказаў, што iх узялi ў палон. Калi гналi па шашы, немцы пачалi страляць. I брат, здаецца, быў паранены. Аднак дадому Часлаў не вярнуўся. I ў спiсах прапаўшых без вестак, вывезеных у палон за мяжу i расстраляных, няма — такiя даныя з Цэнтральнага архiва горада Падольска. Спадзяёмся, што засталiся яшчэ сведкi тых часоў”.
Валянцiна Мiхайлаўна Жукавец (Саўчанка) з Мiнска шукае месца пахавання свайго бацькi Мiхаiла Ануфрыевiча САЎЧАНКI, 1901 года нараджэння. Нарадзiўся ён у вёсцы Акцябр Крычаўскага раёна. На фронт прызваны, напэўна, Крычаўскiм ваенкаматам. “Прыйшло паведамленне, што ён без вестак прапаў у 1943 годзе пад Кiевам. А некаторыя вясковыя жыхары i мацi казалi, што загiнуў бацька ў пачатку вайны. Яшчэ ёсць звесткi, што знайшоў ён апошнi спачын пад Масквой”.
БАЛIЦЬ ДУША
“Мне 76 гадоў, амаль 60 з iх я шукаю свайго роднага брата Фёдара Несцеравiча ПОМАЗА (1942 года нараджэння, вёска Сямёнаўка Рэчыцкага раёна). У 1941 годзе бацька пайшоў на фронт. Мацi засталася са мной (мне было 11 гадоў) i маленькiм братам. У 1943-м мама памерла. Нас забрала да сябе бабуля. Праз некаторы час немцы ўсiх жыхароў сагналi ў Рэчыцу ў яўрэйскi лагер. Яўрэяў расстралялi. Астатнiх павезлi ў Германiю. Сярод iх апынулiся i мы з братам. Нас змясцiлi ў лагер “Штатэ”. У жнiўнi 1945 года нас вызвалiлi англiчане. Мы вярнулiся ў Рэчыцу. Родных нiкога не засталося, было голадна. Я вырашыла на некаторы час аддаць Фёдара ў дзiцячы дом, а сама пайшла працаваць. Спачатку яго змясцiлi ў Рэчыцкi дзiцячы размеркавальнiк, потым накiравалi ў дзiцячы дом “Чырвоны бераг” Гомельскай вобласцi (гэта было
12 красавiка 1946 года). Калi я туды прыехала, то мне адказалi, што такi не паступаў. Можа, яго хто ўсынавiў i мне не хацелi гаварыць. Так я згубiла свайго адзiнага брата. Адчуваю сваю вiну, аднак выйсця тады не было. Я сама не магла пракармiцца i спадзявалася, што за братам там будзе добры догляд. А аказалася зусiм не так... Прашу: дапамажыце знайсцi майго Фёдара. Таццяна Несцераўна Харко (Помаз), Вiцебская вобласць”.
ДАПАМАЖЫЦЕ
АДШУКАЦЬ
“Мой сын Мiхаiл Мiхайлавiч Каташэвiч у 1985 годзе закончыў Васiлькоўскае ваеннае авiяцыйна-тэхнiчнае вучылiшча на Украiне. Быў накiраваны на службу ў марскую авiяцыю. Сын вельмi хоча адшукаць свайго сябра па вучылiшчы Уладзiмiра ГАЛАБУРДУ, якi быў накiраваны на службу ў Маскву. Яшчэ вядома, што родам ён з Наваполацка. Ганна Серафiмаўна Каташэвiч, горад Бяроза”.
“Мая цётка Валянцiна Iльiнiчна КРУГЛЯКОВА, 1947 года нараджэння,  брат Сяргей Леанiдавiч КРУГЛЯКОЎ, 1961 года нараджэння, згубiлiся падчас вайны ў Чачнi. Яны жылi ў Грозным да жнiўня 1996 года. Спадзяёмся, што яны засталiся жывыя i пераехалi ў iншыя гарады цi краiны. А можа, яны прыехалi ў Беларусь? Генадзь Мiкалаевiч Аляксандраў”.
“Нiчога не ведаю пра лёс роднага дзядзькi па лiнii мацi Уладзiмiра Адольфавiча ДУДЗЕНIЧА, якi ў 30-х гадах паехаў на заробкi ў Амерыку. Апошнi лiст прыйшоў у 50-х гадах з Бразiлii. Можа, засталiся яго дзецi цi ўнукi? Яны, мабыць, i не ведаюць, што ёсць родныя ў Беларусi, у прыгожым куточку на Браслаўшчыне. Iх шукае Марыя Францаўна Кука”.
Ганна Iванаўна Макаўчык па просьбе стрыечнай сястры Марыi Пятроўны Карачун, якая жыве ў Кiеве, просiць дапамагчы адшукаць яе родную сястру Соф’ю Раманаўну КАРАЧУН, 1952 года нараджэння, ураджэнку вёскi Чурылава Уздзенскага раёна Мiнскай вобласцi. Пасля смерцi мацi дзяўчынак разлучылi. Соф’ю накiравалi ў дом немаўляцi горада Барысава. У 1954 годзе яе ўдачарылi. Ёсць прадчуванне, што яна жыве ў Мiнску.
“Я нiколi не бачыў сваiх стрыечных братоў, аднак вельмi хачу адшукаць Мiкалая Кiрылавiча i Iвана Кiрылавiча СIНIГАЕВЫХ. Бацька iх загiнуў на фронце, а мацi напрыканцы вайны памерла ад тыфу. Хлопчыкаў аддалi ў Лазавецкi дзiцячы дом, што ў Кармянскiм раёне (прыкладна ў 1945—1946 гадах). Было iм тады гадоў пяць старэйшаму i тры — малодшаму. Можа, iх усынавiлi? Хто прачытаў знаёмыя прозвiшчы i iмёны, адгукнiцеся. Iван Пятровiч Сiнiгаеў, Мiнская вобласць”.
“У 1960 годзе я служыў у ПДВ Баравуха-1, в/ч 93684 МН, у першай роце. Шукаю сваiх сяброў, якiя служылi ў трэцiм узводзе: масквiч КАБЫТАЎ, Васiль КУЛIКОЎ са Стаўрапольскага краю, ЗIЯЎДЗIНАЎ з Махачкалы, а таксама мiнчанiн АНТОНАЎ. Дарагiя гвардзейцы-дэсантнiкi, адгукнiцеся! Генадзь Будай, Мiнская вобласць”.
“Апошнi лiст ад сваёй стрыечнай сястры Нiны Аляксандраўны КЛIМЧЫНСКАЙ-СЯРОВАЙ я атрымала ў 1991 годзе. Тады яна жыла ў Ялце на вулiцы Цiмiразева. Пасля распаду Саюза перапiска спынiлася. Нiна нарадзiлася ў вёсцы Любовiчы Мсцiслаўскага раёна Смаленскай вобласцi. Потым пераехала жыць у Крым. Дапамажыце нам. Нiна Цярэнцьеўна Кавалёва-Наздрачова, горад Мiнск”.
“Прашу дапамагчы адшукаць сяброўку юнацтва Ганну Мiтрафанаўну НЕПАГОДЗIНУ. Мы разам вучылiся ў Харкаўскiм педiнстытуце, закончылi яго ў 1953 годзе. Пастаянна перапiсвалiся, а ў 1995 годзе са мной здарылася няшчасце i сувязь абарвалася. Валянцiна Мiкалаеўна Вайтовiч, горад Пiнск”.
“Шукаю сваiх стрыечных брата i сястру: Вiктара Якаўлевiча (прыкладна 1955 года нараджэння) i Тамару Якаўлеўну (1950 года нараджэння) ГЛАЗАВЫХ. Яны нарадзiлiся ў Тульскай вобласцi, горад Новамаскоўск. Апошнi раз мы бачылiся ў 1965 годзе. Адрас iх я згубiла. А так хочацца зноў убачыцца. Нiна Аляксандраўна Глазава, Мiнск”.
Сям’я Кулашко з Валожынскага раёна просiць адгукнуцца Марыю Вячаславаўну КАВАЛЬЧУК або яе дзяцей, якiя жывуць дзесьцi ў Рэспублiцы Адыгея. Апошняе пiсьмо ад iх было атрымана ў 2002 годзе.
АДГУКНIЦЕСЯ!
“Летам 1941 года наш дзiцячы садок вывезлi на дачу ў Калодзiшчы. Калi пачалася вайна, дзяцей схавалi ў лесе. А потым пагрузiлi ў таварны вагон i павезлi ў Маскву. Колькi часу ехалi, не памятаю. Фашысты пачалi бамбiць чыгунку, i ўсе пабеглi хто-куды. Мы, 15—20 дзяцей, трапiлi ў нейкую вёску, дзе нас накармiлi. Дабiралiся да Мiнска доўга. Дайшлi ўтраiх: я, Жорык i Фелiкс (было iм гадоў па сем, мне шэсць). Калi дабралiся да парку Чэлюскiнцаў, Фелiкс пайшоў да сваiх родных. Мы з Жорыкам — на Камароўку да маёй бабулi. Праз некаторы час Жору адправiлi да родных. Фелiкса я больш не бачыў. I пра Жору нiчога не чуў. Можа, хто пазнаў гiсторыю ваеннага дзяцiнства, адгукнiцеся. Вельмi хочацца сустрэцца з ФЕЛIКСАМ i ЖОРЫКАМ. Яўген Пятровiч Лазарчык, Мiнск”.
“Мы, выпускнiкi школы № 17 горада Мiнска, хочам у маi арганiзаваць вечар сустрэчы з нагоды 50-годдзя заканчэння школы. За гэты час прозвiшчы i адрасы многiх змянiлiся, таму цяжка адшукаць усiх. Вось нумары тэлефонаў (у Мiнску) нашага камсорга Юрыя Корчыка 294-18-10, а таксама Жэнi Фiлiпава 252-24-89. Адгукнiцеся, аднакласнiкi! Зоя Крук”.
З ВЕРАЙ I НАДЗЕЯЙ
Вельмi чакаю вестак ад свайго сыночка Сяргея Анатольевiча КОТАВА, 1966 года нараджэння, якi
13 жнiўня 2004 года паехаў на працу ў Ленiнград, i нiводнага лiста ад яго я не атрымала. 25 лiстапада мiнулага года па тэлеканале “Расiя” паказвалi сюжэт пра гастарбайтараў, якiя працуюць на будоўлi ў Санкт-Пецярбургу. Яны там, як у палоне. Рэпартаж я не бачыла. Але патэлефанавалi знаёмыя i сказалi, што сярод рабочых убачылi майго сына. Я спрабавала звязацца з гэтым тэлебачаннем, аднак безвынiкова. Можа, хто з гэтых рабочых працаваў там з маiм сынам i вярнуўся дадому, калi ласка, паведаміце. Таццяна Фёдараўна Котава, горад Магiлёў”.
“Мая дачка Ганна Сцяпанаўна КАРАЛЕЎНIНА, 1958 года нараджэння, з зяцем (Уладзiмiр Васiльевiч Каралеўнiн, 1952—1953 г.н.) жылi ў Севастопалi. Потым памянялi кватэру, пераехалi ў прыгарад, на нейкую  дачу. Што з iмi здарылася потым, не ведаю. Нiна Казак, горад Мазыр”.
“За тысячы кiламетраў ад дому ў Iзраiлi жывуць мая дачка Валерыя МУРОН, 1975 года нараджэння, яе муж Меер i iх дачушка Яна. Мы не бачылiся амаль дзесяць гадоў. А тэлефанавалi яны апошнi раз у красавiку 2003 года з Тэль-Авiва. Летась памёр мой муж, я засталася адна. Спрабавала звязацца з дзецьмi, адказу не атрымала. Чакаю iх. Вяртайцеся дадому! Ганна Дзмiтрыеўна Бiбiк, г. Мiнск”.
Жыхарка Мядзеля Валянцiна Iванаўна Цiханава шукае сына Васiля Васiльевiча ЦIХАНАВА, 1951 года нараджэння. “Апошнi раз я бачыла яго на пахаваннi бацькi 20 гадоў таму. Ён з сям’ёй жыў у Прыморскiм краi. З таго часу ад яго няма нiякiх вестак. А так хочацца ведаць пра свайго сыночка: як яго здароўе, як сям’я, мае ўнукi. I ўвогуле, цi жывы ён, бо жыць i столькi гадоў маўчаць немагчыма”.
Пётр Мiхайлавiч Варанчук з Брэста шукае ўнука Вiктара Андрэевiча ДЗЕМЧУКА, 1979 года нараджэння. Вясной мiнулага года ён паехаў са сваiмi знаёмымi адпачываць у дачны пасёлак Дубок Брэсцкага раёна, i з таго часу яго месцазнаходжанне невядома. Яго прыкметы: рост — нiжэй сярэдняга, моцнага целаскладу, быў апрануты ў светлы спартыўны касцюм.
ПРАЗ гады
“Шукаю Галю ЯЗОЦКУЮ, з якой пазнаёмiўся ў 1958—1959 годзе, калi прыязджаў на адпачынак. Тады я працаваў на шахтах. Кажуць, што Галя зараз жыве ў Салiгорску. Як склаўся яе лёс? Цi памятае яна мяне, Анатоля Дзмiтрыевiча Кляўзу? Я жыву ў Крупках i вельмi хачу даведацца, што адбываецца ў яе жыццi”.

ДАПАМАЖЫЦЕ АДШУКАЦЬ
“Перадаю фотаздымак армейскага сябра майго брата Мiхаiла Фёдаравiча Лiхачова. Брата ўжо няма сярод жывых. На фатаграфii напiсана: “Сябру i таварышу Мiхаiлу Лiхачову ад Мiхаiла Пушкарова. Памятай днi сумеснай службы ў Аўстрыi. Студзень 1947 года”. На фотакартцы ёсць i адрас Мiхаiла ПУШКАРОВА ў Смаленскай вобласцi. Я хацела б даведацца, як склаўся яго далейшы лёс. Алена Фёдараўна Лiхачова, Магiлёўскi раён”.

ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
“Шукаю брата Аляксандра Сцяпанавiча ШУМОВIЧА, 1921 года нараджэння. Яго ў 1942 годзе разам з суседам Аляксандрам Мiкалаевiчам Собалем павезлi ў Германiю. Забралi iх з вёскi Хрышчэнавiчы Iвацэвiцкага раёна Брэсцкай вобласцi. Брат не вярнуўся. Пасля вайны шукалi яго за мяжой. Але прыйшоў адказ, што яго там няма. Лiдзiя Сцяпанаўна Баран, горад Мiнск”.

ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
“Мая мацi да сённяшняга дня чакае свайго старэйшага брата Султана АЛАБАЕВА, 1918 года нараджэння. Пражываў ён у калгасе iмя Варашылава сельскага Савета Дышкi Калiнiнскага раёна Ташаузкай вобласцi Туркменскай ССР. У армiю прызваны
5 лютага 1940 года Калiнiнскiм райваенкаматам. Служыў у горадзе Батумi Закаўказскай ваеннай акругi, 45-я армiя, 9-я горнастралковая дывiзiя, 193-i стралковы полк, 4-я рота.  У сакавiку 1943 года быў паранены. Лячыўся ў ваенным шпiталi ў Махачкале. У адным з пiсьмаў пазначана цi Лiтва, цi Латвiя. Мацi атрымала пiсьмо ад 27 студзеня 1949 года за подпiсам начальнiка палявой канторы Дзяржбанка, у якiм  паведамлялася, што “ў банку маецца завешчаны вам астатак уклада... на iмя Алабаева Султана. З-за таго, што па гэтаму ўкладу працяглы час з 25 сакавiка 1945 года не было нiякiх аперацый, прашу паведамiць, што вам вядома пра яго лёс”. Гэта значыць, што ў сакавiку 1945 года ён быў жывы. Мацi расказвала, што ён прыслаў фотаздымак дзяўчыны Марыi. Пiсаў, што прыедзе дадому з ёй. Можа, жывая тая Марыя цi яе дзецi, родныя? Адгукнiцеся! Пляменнiк Мурад Турашоў”.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail: regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё:
220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4, перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail: poisk@radio.tvr.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter