“Помнi iмя сваё"

Месяц таму нашы калегi з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, разам з якiмi мы ажыццяўляем сумесны пошукавы праект “Помнi iмя сваё...”, агучылi гiсторыю Ганны Iосiфаўны Кароль. Жанчына ўзгадвала жудасныя iмгненнi першага дня вайны. Тады яна была дзяўчынкай i адпачывала ў дзiцячым санаторыi. Расказвала, як дарослыя ратавалi дзяцей, прасiла адгукнуцца ўсiх, хто ў той час быў разам з ёй у санаторыi.

ЗНАЙСЦI ЧАЛАВЕКА
На запыт адклiкнуўся В.Н.Сочнеў з Гомеля.
— Аб падзеях, пра якiя расказала Ганна Iосiфаўна Кароль, я чуў значна раней ад сваёй жонкi Сiмы Iосiфаўны. На жаль, яе цяпер няма з намi, — паведамiў Вiктар Нiкiфаравiч. — Яна расказвала мне, нашым дзецям i ўнукам, як у чэрвенi 1941 года аказалася ў дзiцячым санаторыi ў пасёлку Горваль Рэчыцкага раёна i праз якiя выпрабаваннi прайшлi дзецi падчас эвакуацыi. Успамiнала пра самаахвярнасць суправаджаючых iх жанчын. Жонка паказвала нам дом, у якiм яны спынялiся ў Гомелi па дарозе на ўсход. Мы разам з дзецьмi ездзiлi ў Горваль у той санаторый. Калi я пачуў, што Ганна Iосiфаўна прасiла адгукнуцца тых, хто быў разам з ёй, то вырашыў пра ўсё гэта паведамiць — можа, яна памятае Сiму.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
Вера Георгiеўна Ярашова з Лепеля з першага дня вайны служыла ў 240-м асобным зенiтным артдывiзiёне 126-й стралковай дывiзii 22-й армii Заходняга фронту, дзе медыцынскую службу ўзначальвала фельчар Нiна КОЗЕЛ. Яе жанчына i хоча адшукаць, а таксама лейтэнанта, беларуса, звалi БАРЫСАМ, прадстаўляўся з “асобага аддзела”. Калi яны жывыя, Вера Георгiеўна запрашае iх да сябе ў госцi.
Жыхар Лагойскага раёна Iван Паўлавiч Астроўка просiць дапамагчы адшукаць Жэню ЗАНЬКО — сына палка  партызанскага атрада iмя Суворава брыгады “Мсцiўца”, якi базiраваўся ў Плешчанiцкiм (цяпер Лагойскiм) раёне. Тады яму было 10 гадоў, а яго брат быў разведчыкам i загiнуў у 14 гадоў. “Ён быў маiм сябрам. Вельмi хацеў бы даведацца, як склаўся лёс Жэнi i дзе ён зараз”.
“Звяртаюся да вас па просьбе мамы Вольгi Пятроўны Богдан (Якубовiч) з апошняй надзеяй даведацца пра нашых блiзкiх, якiя падчас вайны прапалi без вестак. Усё сваё жыццё мама шукае след свайго бацькi Пятра Кандратавiча ЯКУБОВIЧА i брата Рыгора Пятровiча ЯКУБОВIЧА, якiх па даносе здраднiка вывезлi ў гады вайны ў канцлагер у Германiю. Сям’я жыла на хутары, вакол былі лес, рэчка. Дапамагалi партызанам: дзядуля добра ведаў нямецкую мову (у час першай сусветнай цяжкапараненым трапiў у палон i быў там тры гады). Дзядуля збiраў звесткi для партызан, дапамагаў ваенным, якiя выходзiлi з акружэння, трапiць у партызанскi атрад. Аднойчы партызаны прыйшлi на хутар з цяжкапараненым таварышам, яго тэрмiнова трэба было пераправiць у атрад. Дзядуля запрог каня, раненага паклалi ў сена, i павёз. Праз некалькi дзён фашысты зрабiлi засаду каля хаты. На досвiтку яны ўварвалiся ў хату, пасцягвалi ўсiх з ложкаў, бiлi прыкладамi i дамагалiся, каб паказалi, дзе партызаны. Потым пагналi ў суседнюю вёску Дварэц, дзе стаялi немцы. У Дварцы iх закрылi ў хляве i вадзiлi на допыт. Аднойчы перакладчык сказаў, што немцы спешна адступаюць, таму нас адпусцяць, толькi бацьку i старэйшага брата павязуць з сабой. Пасля вайны да нас заходзiў чалавек, якi расказаў, што быў разам з нашымi роднымi ў адным лагеры, але апошнiя днi не бачыў iх: тэрыторыю моцна бамбiлi, а iх выганялi расчышчаць завалы ў розных месцах. Сказаў: “Чакайце, яны вернуцца”. Вось i чакаем, i шукаем усё жыццё”.
“Дапамажыце адшукаць без вестак прапаўшага падчас Вялiкай Айчыннай вайны майго брата Iвана Васiльевiча ДРАНIЦУ, 1921 года нараджэння. Да 1940 года ён жыў у вёсцы Нача Крупскага раёна. У гэтым жа годзе быў прызваны на тэрмiновую ваенную службу. Служыў у Растове ў дэсантных войсках. У газеце “Чырвоная змена” ад 18 жнiўня 1944 года быў надрукаваны ўказ Прэзiдыума Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджаннi ордэнамi i медалямi партызан i партызанак Беларускай ССР. У гэтым спiсе было i прозвiшча майго брата (газету я захавала). Магчыма, як дэсантнiк ён быў засланы ў тыл ворага. Можа, хто-небудзь застаўся жывым, з кiм ён служыў, ваяваў? Адгукнiцеся! Валянцiна Васiльеўна Дранiца, горад Мiнск”.
 Ядвiга Станiславаўна Пешчанок з Барысава спадзяецца знайсцi месца пахавання бацькi Станiслава Вiкенцьевiча СМАЛЕНСКАГА, 1915 года нараджэння, ураджэнца вёскi Смольнiца Лагойскага раёна. Бацька напiсаў з Германii, што хутка будзе дома. “А потым прыйшло пiсьмо i фотаздымак з Лiтвы. На фотакартцы стаяла дата 12 жнiўня 1945 года. Бацька прасiў яшчэ крышачку пацярпець. “Вось разбяромся з “ляснымi братамi” i вярнуся дадому”, — пiсаў ён. Бабуля казала, што бацька загiнуў пад Шаўляем. Звярталiся ў Лiтоўскi дзяржаўны архiў, але адказу не атрымалi. Бабуля i жонка шукалi другога сына Юлiя Вiкенцьевiча СМАЛЕНСКАГА, 1913 года нараджэння. Таксама адказу не атрымалi. А калi Барысаў святкаваў сваё 900-годдзе i выдалi кнiгу “Памяць”, у ёй я прачытала, што мой дзядзька — разведчык атрада iмя Дзяржынскага брыгады “Дзяцькi Колi” загiнуў каля возера Палiк 15 чэрвеня 1944 года”.
Соф’я Францаўна Бяльковiч з Магiлёва шукае магiлку бацькi Франца Вiкенцьевiча ГУРЫНОВIЧА, 1897 года нараджэння, ураджэнца вёскi Маладзеева тады Бягомльскага раёна Мiнскай вобласцi. “Падчас Вялiкай Айчыннай ён быў палiтруком роты ў партызан брыгады “Жалязняк” другога атрада. За баявую партызанскую дзейнасць бацьку ўзнагародзiлi ордэнамi Чырвонага Сцяга i Чырвонай Зоркi. Вядома, што ён быў паранены i накiраваны за лiнiю фронту”.
“Вельмi хочацца даведацца, дзе пахаваны мой дзядзька Iосiф Аляксандравiч ФУРС, якi прапаў без вестак. Да вайны жыў у вёсцы Ястрамбель Баранавiцкага раёна. Дакладна года нараджэння не ведаю,  мая мацi — ужо нябожчыца — казала, што яму тады споўнiлася 19 гадоў. У якiм годзе пайшоў на вайну, таксама не ведаю, ды i спытаць няма ў каго — з усiх яго родных засталася я адна. Лiдзiя Мiхайлаўна Кабушка, Iвацэвiцкi раён”.
Марыя Фёдараўна Маляваная (Iвараўская) з г.п. Карма просiць дапамагчы адшукаць магiлу брата Уладзiмiра Фёдаравiча IВАРАЎСКАГА, 1919 года нараджэння. У лютым 1944 года сям’я атрымала паведамленне, што ён прапаў без вестак.
ДАПАМАЖЫЦЕ АДШУКАЦЬ
У 1944 годзе ў Куранецкую раённую кантору сувязi Вiлейскай вобласцi была накiравана тэлеграфiстка (марзiстка) Тамара Барысаўна ГРЫНЦЭВIЧ, 1931 года нараджэння. Мяне з ФЗО накiравалi ў Вiлейскую кантору сувязi. У 1947-м Куранецкi раён быў лiквiдаваны, i Тамару накiравалi да нас на працу. У 1949—1950 годзе яна паступiла ў Гродзенскi педагагiчны iнстытут, а мяне прызвалi ў армiю. Мы зрэдку перапiсвалiся, а потым сувязь абарвалася. Казалi, што пасля вучобы ў iнстытуце яе накiравалi на працу настаўнiцай у Iўеўскi раён. Калi што-небудзь вядома пра лёс гэтага чалавека, паведамiце на адрас праекта. В.А.Корсак, горад Вiлейка”.
“Дапамажыце знайсцi стрыечнага брата Мiкалая Iванавiча БАГАЦЕНКУ, прыблiзна 1934 года нараджэння. Ён з сям’ёй жыў у Магiлёве. Бацька Мiкалая Iван Яфiмавiч працаваў у педiнстытуце ў Магiлёве, загiнуў на вайне. Мацi Алена Антонаўна Багаценка (Барысевiч) таксама працавала ў гэтым iнстытуце, была загадчыцай кабiнета “марксiзму-ленiнiзму”. Да 1950 года мы з ёй перапiсвалiся, а потым перапiска спынiлася. Пасля аварыi на Чарнобыльскай АЭС нас перасялiлi з Брагiнскага раёна. З павагай Кацярына Пляскач, горад Беразiно”.
АДГУКНIЦЕСЯ!
“Хачу даведацца, як склаўся лёс былога салдата Мiкалая МАТКОЎСКАГА, якi ў 1948—1950 гадах служыў у Беларусi ў лётным батальёне са сваiм земляком Васiлём МУРЗАКОМ. Абодва дэмабiлiзавалiся ў маi 1950 года. Маткоўскi паехаў дадому ў Малдавiю. Дакладнага адраса не памятаю. Ведаю, што ён працаваў старшынёй сельскага Савета. Яго сябар Васiль ажанiўся з маёй сяброўкай Валянцiнай ПРАКУШЭНКАВАЙ, якая ў той час працавала бухгалтарам у Жалудоцкай райветлячэбнiцы. У канцы 1951 года я паехала ў Магiлёўскую вобласць, i сувязь з iмi абарвалася. Нягледзячы на тое, што з таго часу мiнула 55 гадоў, спадзяюся даведацца пра iх лёс i месца жыхарства. Маё дзявочае прозвiшча Карусева Лiдзiя Цiханаўна. Вельмi прашу iх адгукнуцца”.
“Я, Ганна Канстанцiнаўна Капшай (Кошэль), хачу знайсцi сяброўку юнацтва Ванду Станiславаўну ШУНЕВIЧ, 1940 года нараджэння. Апошнi раз мы бачылiся дзесьцi ў 1960 годзе. Пасля таго, як Ванда выйшла замуж, перапiска спынiлася. Яна пакрыўдзiлася на мяне, што не прыехала на вяселле. Да шлюбу Ванда працавала ў Полацку на заводзе “Шкловалакно” i жыла ў iнтэрнаце. Мы ў 1957—1958 годзе закончылi 25-е мiнскае чыгуначнае вучылiшча i былi размеркаваны на працу на Паўднёвы Урал, у Курган. Адпрацаваўшы два гады, вярнулiся дамоў: я ў Мiнск, а Ванда ў Вiцебскую вобласць. Вось так мы i згубiлiся...”
“Мы вучылiся ў Клiмавiцкiм саўгасе-тэхнiкуме Магiлёўскай вобласцi. Вельмi хачу, каб адгукнулiся мае аднагрупнiкi, а менавiта спецгрупы 35-га заатэхнiчнага аддзялення, гады вучобы 1980—1982-гi. Стараста групы Барыс Мiкалаевiч КУШУШЫН, а таксама Уладзiмiр Мiхайлавiч СТАРАВОЙТАЎ, Аляксандр Юр’евiч ДЗIМIТРЫЕЎ, Уладзiмiр Мiхайлавiч ВЕНГЕРАЎ, Генадзь Дзмiтрыевiч КУРШАЎ i iншыя, хто ўспомнiць свае студэнцкiя гады. У дзяўчат, вядома ж, прозвiшчы змянiлiся, таму ўзгадаю толькi адно, любiмае — Наталля Леанiдаўна МАIСЕЕНКА. Хачу папрасiць, каб даравала мне i абавязкова адгукнулася. Васiль Сяргеевiч Голдзiн, Быхаўскi раён”.
“Да вас звяртаецца Вера Свiрыдаўна Куляшова (Рамановiч) — выпускнiца фельчарскага аддзялення Аршанскага медвучылiшча. Наш выпуск, 50 гадоў таму, у вучылiшчы быў першы. Па размеркаванню з нашага фельчарскага аддзялення 13 выпускнiкоў былi накiраваны ў Туркменiю, астатнiя — у Мiнскую i Вiцебскую вобласцi. Пяцёра дзяўчат, у тым лiку i мяне, накiравалi ў Чэлябiнскую вобласць, у ваенны шпiталь. Але мы не паехалi: час быў цяжкi, ды i грошай не ставала на дарогу. Вельмi хочацца адзначыць юбiлей у сценах нашага вучылiшча. Вядома, усе мы ўжо ў сталым узросце, можа, каго i няма на гэтым свеце, але ўсiх, хто ёсць, прашу адклiкнуцца: Юлю АМБУРГ, Лiду СЛIЖОВУ, Любоў ГАЛЬБЕРГ, Сафiю РУДНОЎСКУЮ, Еву ФУРСМАН, Марыю КАРАСІВУ, Дзiану КОНАВУ, Геральда ЛIПКIНА, Люду ЭЙДЭЛЬШТЭЙН, Марыю ПАНЦЮХОВУ, Уладзiмiра МIЛАСЭРДНАГА, Галю БЕРАСНЕВIЧ, Уладзiмiра СЕНЧЫЛА, Лiду ЛУКАШЭВIЧ, Тамару МАКАРЭВIЧ, Уладзiмiра ЯКIМКОВА, Леанiда СЕВАСЦЬЯНАВА, Уладзiмiра СIДАРЭНКУ, Шуру АБУХОЎСКУЮ, Марыю ЖУКАВУ, Зiну БЕЛЕНЬКУЮ, Анатоля ВАСIЛЕЎСКАГА, Яўгена МАСКАЛЕВIЧА, Тамару ЖЫХАРЭВIЧ, Вольгу СКАЗЕЦКУЮ, Сафiю СЕЛЯДЦОВУ, Леанiда IВАНОВА, Уладзiмiра МIНЧАНКУ. Я звярнулася да адмiнiстрацыi медвучылiшча. Яны таксама будуць рады сустрэцца з нашым выпускам i дапамогуць у пошуках. А таксама вялiкiя надзеi ўскладаем на праект “Помнi iмя сваё...”
Жыхар Брэста Аляксей Сяргеевiч Панцэвiч паведамляе, што спаўняецца 30 гадоў, “як мы закончылi Мiнскi кааператыўны тэхнiкум, аддзяленне “таваразнаўства кнiгi”, класны кiраўнiк Нiна Андрэеўна БУНЯК, стараста групы Таццяна Яфiмаўна ТАРАБЕШ (па мужу БУЛАШ). Дапамажыце, калi ласка, адшукаць Ганну Андрэеўну РАДКЕВIЧ, Людмiлу Барысаўну БУЛАЦКУЮ, Надзею ХАНКЕВIЧ, Клаўдзiю Iванаўну ШЧУКIНУ (прозвiшча па мужу)”.
“Пiша вам жыхарка Гомеля Раiса Iванаўна Асiпенка (дзявочае прозвiшча Лапiцкая). У гэтым годзе споўнiцца 40 гадоў, як я закончыла Свяцiлавiцкую сярэднюю школу Гомельскай вобласцi. Клас наш быў вельмi дружны. Гора i радасць дзялiлi разам. За ўсё гэта дзякуй класнаму кiраўнiку Мiкалаю Васiльевiчу Язерскаму, якi, на жаль, памёр ужо. Нас, вучняў, пасля заканчэння школы жыццё раскiдала, як кажуць, па ўсiм свеце. А так хочацца ўбачыць тых дзяўчынак i хлапчукоў, якiя ў 1966 годзе былi выпускнiкамi нашай школы. Дарэчы, 15 мая плануецца iх сустрэча ў Гомелi. Будзем з нецярпеннем чакаць усiх i спадзяёмся, што праект “Помнi iмя сваё...” дапаможа нам здзейснiць гэту мару”.
Былых аднакласнiкаў, выхаванцаў Адампальскай школы-iнтэрната Навагрудскага раёна адшуквае Валянцiна Сцяпанаўна Урбановiч. Спадзяецца, што яны напiшуць цi патэлефануюць. Жанчына паведамляе, што падтрымлiвае сувязь з Iванам Кашчанкам, якi жыве ў Расii i таксама ўспамiнае аднакласнiкаў, чакае ад iх пiсьмаў.
З ВЕРАЙ I НАДЗЕЯЙ
“Мой сын Уладзiмiр Анатольевiч КАРПОВIЧ, 1962 года нараджэння, з 1980 па 1983 год служыў у Ваенна-марскiм флоце ў горадзе Балтыйску Калiнiнградскай вобласцi. Пасля армii ўладкаваўся на працу ў Балтыйскi Рэфтрансфлот i хадзiў у мора. Вясной 1994 года ў раёне Фалклендскiх астравоў судна “Скалiсты бераг”, на якiм Валодзя працаваў электрыкам, стаяла на якары. Да правага борта быў прышвартаваны лiтоўскi танкер “Ленкува”, а да левага — карэйскi траўлер “Алегрыя”. I вось 23 мая ў 6 гадзiн 40 хвiлiн мой сын выйшаў з трума i знiк. Была паднята трывога. Падзення ў ваду не было зафiксавана, на лiтоўскiм танкеры пабочных асоб не было выяўлена. Пра гэта нам расказалi ў Калiнiнградзе, куды прыбыў экiпаж. У гэтым годзе 23 мая будзе роўна 11 гадоў, як прапаў наш сын. Я звяртаюся да стваральнiкаў праекта “Помнi iмя сваё...”, а таксама да ўсiх людзей — дапамажыце нам адшукаць сына або даведацца хоць што-небудзь пра яго. З павагай Валянцiна Андрэеўна Карповiч, Драгiчынскi раён”.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi
дарагiх людзей, хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых, землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул.Б.Хмяльнiцкага, 10а, з паметкай “Помнi iмя сваё...”.
Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул. Чырвоная, 4, перадача “Помнi мя сваё...”;
e-mail:poisk@radio.tvr.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter