Помнi iмя сваё

Для тых, хто шукае родных, блізкіх, знаёмых, няма межаў: ні дзяржаўных, ні ўзроставых. Як толькі з дапамогай пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё...” арганізоўваюцца сустрэчы, на іх прыязджаюць у любым узросце і з розных краін. І хочацца дапамагаць зноў і зноў, каб такія сустрэчы былі найчасцей.
Пошукi i знаходкi
Ірына Аўсеенка (Чарнышова), якая ў 1982 годзе скончыла СШ №17 горада Сумгаіта, што ў Азербайджане, ездзіла ў Маскву на перадачу “Жди меня”. Адразу пасля прыезду яна патэлефанавала. І расказала, што расійскім калегам удалося сабраць прадстаўнікоў некалькіх выпускаў яе роднай школы:
— Сабралася 24 чалавекі з нашай школы. З нашага класа, праўда, было толькі чацвёра. З паралельнага класа прыехалі, а таксама на год старэй і маладзей за нас. Было вельмі прыемна сустрэцца. Адразу адзін аднаго не пазналі, а затым пачаліся школьныя ўспаміны. Пасля здымкаў мы сабраліся ўжо шасцёра на ВДНГ. Успаміналі астатніх аднакласнікаў. Толькі на сустрэчы ў Астанкіне я даведалася, што наша аднакласніца, якую я прасіла адшукаць з вашай дапамогай, жыве ў Мінску, у мікрараёне Сухарава. Калі вярнулася з Масквы, мы з ёй сустрэліся пасля 25-гадовага расстання. У Беларусі (нібыта ў Бабруйску) павінна жыць яшчэ Валянціна Малчанская (Асецкая). Хочацца, каб адгукнулася яна і іншыя нашы аднакласнікі. Можа, каму патрэбна дапамога, ці проста сустрэцца, даведацца пра лёсы.
Ала Данілаўна Андрэева з Полацка звярталася да нас па просьбе сваячкі Лідзіі Дзмітрыеўны Андрэевай (Чарняўскай), якая жыве ва Украіне. Яна шукала роднага брата па бацьку Анатоля Дзмітрыевіча Чарняўскага, 1946 года нараджэння. Іх бацька Дзмітрый Чарняўскі пайшоў на фронт. Дома, ва Украіне, засталася жонка і трое малых дзяцей. Дзесьці ў канцы вайны бацька прыязджаў дадому з другой жонкай Марыяй, з якой пазнаёміўся ў шпіталі ў Бабруйску. У яе была дачка Тамара. Праз некаторы час Марыя вярнулася ў Беларусь, а за ёй і бацька Ліды. У 1946 годзе ў іх нарадзіўся сын Анатоль. Пра гэта Лідзіі Дзмітрыеўне расказала маці перад сваёй смерцю. Быў пазначаны адрас, дзе раней жыла сям’я Чарняўскіх: вёска Селішча Бабруйскага раёна (ці тады вобласці). У рэдакцыю патэлефанавала Тамара Мікалаеўна — жонка Анатоля Дзмітрыевіча Чарняўскага. Муж крыху саромеецца, тлумачыла жанчына, таму яна сама вырашыла разабрацца ў гэтай гісторыі. Калегі перадалі ім усе адрасы. Былі тэлефонныя размовы з роднымі з Украіны. А ў канцы мая брат сустрэўся з сястрой.
— Лідзія Дзмітрыеўна прыехала са сваёй дачкой Вольгай з Масквы, — узгадвае Тамара Мікалаеўна. — На гадзіну раней прыбыла Ала Данілаўна з Полацка, яны замужам за роднымі братамі. Сястра на пероне сказала, што пазнала б яго абавязкова, бо мой муж вельмі падобны на старэйшага брата. Сустрэча была са слязамі на вачах ад радасці. Столькі размоў, што не хацелася класціся спаць. За чатыры гады да смерці іх маці сказала, што ў Беларусі ёсць брат і яны павінны шукаць сваю крывінку. Вось і заняліся пошукамі. І дзякуючы праекту “Помні імя сваё...” знайшлі. Анатоль Дзмітрыевіч вельмі хваляваўся — я столькі гадоў пражыла з ім і такога не бачыла. З’явіліся ў яго родныя, а былі ж толькі ён і сястра. Цяпер вось яшчэ сястра. І двое братоў жывуць у Харкаўскай вобласці. Яны тэлефанавалі, запрашалі ў госці, бо аднаму з іх ужо 71 год, не зможа даехаць. Сустрэчу прызначылі на жнівень. Мы абавязкова паедзем да іх.
Трывога i боль
“Наш родны чалавек Іван Васільевіч НОВІКАЎ 27 мая каля 17 гадзін пайшоў з дому, і да гэтага часу пра яго нічога невядома. Ён жыў у Мінску на вуліцы Чарвякова, дом 2, корпус 3, кв. 197. Івану Васільевічу 69 гадоў, рост 170 см. Пакутаваў на склероз: можа не памятаць сваё імя і прозвішча, а таксама адрас. Быў апрануты: пінжак у шэрую клетку, кашуля бела-салатавая, чорныя спартыўныя штаны, чаравікі на шнурках. Валасы сівыя, быў без капелюша, вочы блакітныя. Ходзіць павольна. Сям’я Сарагавец-Новікавых”.
“Не ведаю, дзе мой сын Аляксандр Юр’евіч ПАСТУХОЎ, 1957 года нараджэння. Гадоў дзесяць таму ён прыязджаў да мяне са сваёй сям’ёй (у яго былі два сыны, прыкладна 1976 і 1982 гадоў нараджэння). Не ведаю, што ў іх з жонкай адбылося, аднак яны раптоўна паехалі дадому ў Перм. Там жыла мая сястра, яна спрабавала адшукаць сям’ю сына — безвынікова, быццам бы ён развёўся з жонкай і некуды паехаў. Не было салодкага жыцця ў майго сыночка, бацька (мой муж) заўсёды гуляў. Але я старалася рабіць усё, каб ён не ведаў ні ў чым патрэбы. Калі здарылася з ім бяда, чаму ж ён не патэлефанаваў мне, не паведаміў. Я б пераадолела сотні-тысячы кіламетраў, прыехала б і забрала яго. Унукі ўжо дарослыя, можа, яны што і ведаюць пра свайго бацьку, аднак не пішуць мне. Адна надзея на вас і добрых людзей.  Калі хто ведае, дзе зараз мой сынок, паведаміце. Валянціна Паўлаўна Пастухова, Гродзенская вобласць”.
Прапалi без вестак
“Да вас звяртаецца сын радавога, кулямётчыка 17-й асобнай зенітна-кулямётнай роты Аляксея Цімафеевіча СУХА-ВЕЯ, 1914 года нараджэння, ураджэнца вёскі Кудзінавічы Капыльскага раёна. Я не страчваю надзеі знайсці звесткі пра бацьку. Куды я толькі ні звяртаўся, дакладнага адказу не атрымаў, усяго некалькі слоў. Бацька прапаў без вестак 2 лютага 1945 года. А з Цэнтральнага архіва наогул прыйшло паведамленне, што такі чалавек не значыцца ў спісах прапаўшых без вестак і загінуўшых. Ведаю, што бацька быў у партызанскім атрадзе сувязным. Магчыма, засталіся былыя аднапалчане, адгукніцеся. Георгій Аляксеевіч Сухавей”.
“Шукаю месца пахавання бацькі Трафіма Макаравіча БУГЛАЁВА, 1907 года нараджэння, ураджэнца вёскі Уланава Шклоўскага раёна. Летам 1941 года прывёз ён нашу маці з бальніцы з нованароджанымі двайнятамі (хлопчыкам і дзяўчынкай), развітаўся з трыма дочкамі, што засталіся дома, і пайшоў на фронт. На развітанне абяцаў “абавязкова вярнуцца і паставіць на ногі гэтых немаўлят”. Спачатку пісаў дадому пісьмы, а потым перапіска абарвалася. Ужо ў мірны час мы атрымалі паведамленне, што ён прапаў без вестак у жніўні 1943 года. Магчыма, яго прозвішча ёсць у спісах загінуўшых і пахаваных на тэрыторыі Польшчы, праверце. Ларыса Трафімаўна Буглаёва”.
Валянціна Паўлаўна Пастухова шукае месца пахавання свайго бацькі Паўла Ільіча ТРАФІМУКА, 1908-1909 года
нараджэння. “Мы спачатку жылі
ў Польшчы: Беластоцкая вобласць, сяло Белкі. У сям’і было чацвёра дзяцей, потым пераехалі ў
 Расію, там быў голад, і мы перабраліся ў Беларусь. Пачалася вайна, бацька пайшоў на фронт. Маці перапісвалася з бацькавай сястрой, тая паведаміла, што наш тата загінуў пад Масквой. Адкуль у цёткі былі такія звесткі — невядома. Я таксама не ведаю, дзе пахаваны бацька”.
“Нам вядома, што бацька Іван ЕРАФЕЕЎ (імя па бацьку напісана неразборліва), 1905 года нараджэння, ураджэнец Магілёва, у 1940-м служыў начальнікам абозна-рэчыўнага забеспячэння 4-га танкавага палка 2-й танкавай дывізіі. Мае бацькі жылі ў Літве, перапіска з татам абарвалася ў чэрвені 1941 года. Мая Іванаўна Ерафеева”.
“Да вайны мы жылі ў вёсцы Лешчанка Кіраўскага раёна тады Бабруйскай вобласці. Мой бацька Мірон Ануфрыевіч КОНАНАЎ быў старшынёй калгаса “Капусціна”, а яшчэ вучыў салдат баявым навыкам. Калі пачалася вайна, усё ўзбраенне, што знаходзілася ў бацькі, забралі на фронт. Змагацца з ворагам пайшоў і тата. Дадому не пісаў. Мой дзядзька Ульян Ануфрыевіч Конанаў, калі вярнуўся з вайны, расказаў, што бачыў бацьку ля вёскі Одэр, яго неслі параненага. Ён спытаў, каго нарадзіла яго жонка. Дзядзька адказаў, што сына, а дачку Паліну (мяне) забралі немцы ў Германію. У кнізе “Памяць” Кіраўскага раёна напісана, што Мірон Ануфрыевіч Конанаў, 1909 года нараджэння, старшына 18-га запаснога стралковага палка, прапаў без вестак у снежні 1944 года. Аднак мы не ведаем, дзе ён пахаваны. Паліна Міронаўна Міхайлава”.
“У 1944 годзе амаль усе мужчыны з нашай вёскі Навасёлкі Пружанскага раёна пайшлі на фронт. Сярод іх быў і мой бацька Міхаіл Аляксеевіч ГРЫШКЕВІЧ. Спачатку яны спыніліся на Броннай Гары (Бярозаўскі раён), а потым іх павезлі далей. Бацька напісаў дадому некалькі пісьмаў. Быў паранены, апошні ліст прыйшоў ад яго ў красавіку 1945 года, а потым цішыня. Пасля вайны прыйшло паведамленне, што бацька прапаў без вестак. Разам з ім на фронт пайшоў родны брат Аляксандр Аляксеевіч Грышкевіч. Ён таксама прапаў без вестак, аднак у 1960-я гады мы знайшлі яго магілу ў Карэліі. Магчыма, там ёсць і бацькава магіла, паведаміце. Сям’я Антановічаў”.
“Да 1940 года я служыў у 9-м асобым дывізіёне ў горадзе Самаркандзе. Там было шмат беларусаў. У красавіку 1941-га мяне накіравалі на будаўніцтва аэрадрома каля вёскі Дакудава Крупскага раёна. Пачалася вайна. Па заданні мы адыходзілі да Ярцава Смаленскай вобласці. Увесь час бамбілі. Мы дайшлі да Дакумаўскага аэрадрома, прозвішча камандзіра Касьян. У Вязьме было нас вельмі мала, салдат 20. Памочнік камандзіра ўзвода быў Нагацько. Магчыма, хтосьці застаўся жывы з нашых аднапалчан, хто прайшоў увесь баявы шлях, адгукніцеся. Хачу таксама даведацца, што здарылася з маім дзядзькам Васілём Іванавічам ЛЕСУНОМ, прыкладна 1905 года нараджэння. Ён і яшчэ некалькі чалавек збіралі зброю, якая заставалася пасля баёў, і хавалі ў лесе, потым перадавалі нашым. Сярод такіх памочнікаў быў здраднік, які ўсё расказаў немцам. Дзядзьку забралі, потым, па некаторых даных, расстралялі. Ці так гэта на самай справе, не ведаю. Яшчэ я шукаю звесткі пра Мікалая Арцем’евіча ЛЕСУНА, 1916 года нараджэння; Мітрафана Ціханавіча ЛЕСУНА; Ціта Цітавіча ЛЕСУНА. Дапамажыце даведацца, што здарылася з гэтымі людзьмі. Іван Рыгоравіч Лясун”.
“У 1941 годзе мяне і трох братоў Дзмітрыя Данілавіча (1925 года нараджэння), Пятра Данілавіча (1930 года нараджэння) і Міхаіла Данілавіча ГРАБАРАВЫХ эвакуіравалі з Ленінграда. У 1942-м вывезлі нас у Казахстан: Кустанайская вобласць, Фёдараўскі раён, пасёлак Бекелек. Дзмітрый пайшоў на фронт, ён загінуў. А сувязь з братамі Пятром і Мішам згубілася. Як склаўся іх лёс, дзе яны? Больш чым паўстагоддзя шукаю адказ на гэтыя пытанні. Алена Данілаўна Грабарава (Конанава), Калінкавічы”.
“Уладзімір Сцяпанавіч АГЕЕНКА, 1923 года нараджэння, да вайны жыў у вёсцы Тур’е Чэрыкаўскага раёна. “Уладзімір пайшоў на фронт у першыя дні вайны. Бацькам не пісаў. Пасля вайны прыйшло паведамленне: прапаў без вестак. Іван Сцяпанавіч Агеенка”.
Месца, дзе загінуў і пахаваны Васіль Фролавіч ГАЛІНОЎСКІ, прыкладна 1907 года нараджэння, ураджэнец вёскі Вялікія Лазіцы Шклоўскага раёна, хоча знайсці дачка Лідзія Галіноўская. “Пасля вайны мы атрымалі дзве пахавальныя на бацьку. У першай было пазначана, што ён прапаў без вестак у жніўні 1941-га, у другой — у жніўні 1943 года. Магчыма, ён трапіў у палон. Нам перадавалі, быццам яго бачылі ў Быхаўскім палоне. Маці, як пачула пра гэта, адразу туды паехала, аднак палонных ужо не было. Калі ж дакладна загінуў бацька? Можа, засталіся людзі, якія ведалі яго, хай паведамяць”.
Аднакласнiкi, сябры
“Сёлета спаўняецца 50 гадоў, як я скончыў 10 Б клас Вязанскай сярэдняй школы Дзяржынскага раёна. Гэта была вясковая школа ў старым барачным будынку. Гады вучобы былі самымі цікавымі, радаснымі, хоць і цяжкімі. Мы дапамагалі калгасу імя Фалько, убіралі ўраджай. Увесь верасень мы працавалі на палях, а потым вярталіся за парты і хуткімі тэмпамі даганялі школьную праграму. У нас былі цікавыя школьныя вечары. З мастацкай самадзейнасцю ездзілі па вёсках. Паўстагоддзя мінула з апошняга званка. Вельмі цікава, як склаўся лёс многіх маіх аднакласнікаў. Хачу сабраць усіх. Адгукніцеся, сябры. Уладзімір Антонавіч Палякоўскі, Мінск”.
“У 1972—1973 гадах я вучылася ў Гомельскім кааператыўным вучылішчы, жылі з дзяўчатамі ў інтэрнаце на вуліцы Сялянская (ці Вясковая), 22, пакой 81. Аднойчы, калі я вярталася з дому, у дызелі пазнаёмілася з маладым чалавекам, звалі яго Павел (родам быў з вёскі Паўловіч Клімавіцкага раёна). Ён тады працаваў і жыў у Гомелі. Павел быў вельмі добрым чалавекам, заўсёды жартаваў, частаваў цукеркамі. Але ў нас нічога не склалася. Часта ўзгадваю студэнцкія гады, сваіх сябровак Соню ДАБРАВОЛЬЦАВУ, Галю ЛЫСКОВУ, Люду КАНДРА-ЦЕНКА. Дзе яны, як жывуць? Хай адгукнуцца. Буду рада сустрэчы. Марыя Буянава (прозвішча дзявочае), Крычаў”.
“Пасля заканчэння тэхнікума я працавала на шаўковай фабрыцы ў Магілёве і жыла ў заводскім інтэрнаце. У пакоі разам са мной былі дзве дзяўчыны Люба і Соня. Мы пазнаёміліся з маладым чалавекам Сашам БАЙКОВЫМ (прозвішча можа быць недакладным). Ён быў вельмі прыгожы: светлавалосы, з блакітнымі вачыма, працаваў кантралёрам на мэблевай фабрыцы. Часта прыходзіў да нас у госці. Жыў у прыгарадзе Магілёва з маці і дзядулем. Бацька Сашы загінуў на фронце. Увосень 1955 года я паехала з Магілёва, з таго часу нічога пра яго не ведаю. Год таму была ў Магілёве, ехала ў тралейбусе, успамінала юнацтва і, калі зірнула ў акно — нібы ўбачыла Сашу, таго самага маладога чалавека, толькі ва ўзросце. А можа, мне гэта падалося? Калі Саша ўзгадае сваіх сябровак у фабрычным інтэрнаце, чакаю адказу. Лідзія Курзянкова-Галіноўская, Гродна”.
“Шукаем сваіх сяброў МАЛЫШАВЫХ, з якімі разам служылі ў Германіі: Аляксандра Сяргеевіча і Лідзію Іванаўну (прыкладна 1937 і 1944—1945 гадоў нараджэння), іх дзяцей Алену і Сяргея. Дачка іх нарадзілася прыкладна ў канцы 1962 ці на пачатку 1963 года ў Германіі, там у 1963 годзе нарадзіўся і наш сын. Яны вярнуліся ў Саюз у 1965-м, а мы праз год. Пасяліліся Малышавы ва Узбекістане: Ташкенцкая вобласць, горад Алмалык. Мы перапісваліся, наведалі іх у Алмалыку. Потым перапіска рэзка абарвалася. Я спрабавала напісаць туды, безвынікова. Гады два таму яшчэ раз напісала, думала, можа, хто з суседзяў адпіша ці людзі, якія жывуць на іх месцы. Прыйшоў адказ: пераехалі чатыры гады таму. Куды — не паведамлялася. Ліда Малышава (дзявочае прозвішча, можа, Вядзернікава) родам з Урала, яе брат і сястра, здаецца, жылі ў горадзе Рудны. Можа, яны адгукнуцца? Тамара Аляксееўна Папалава, Наваполацк”.
Лёлю (Неанілу) БАРТАШЭ-ВІЧ, 1938 года нараджэння, шукае Ірына Антонаўна (прозвішча пазначана неразборліва) з Бабруйска. “У пачатку 1970 года Лёля паехала з Бабруйска ў Эстонію і да 1976 года жыла ў горадзе Кохтла-Ярве. Па маёй віне наша перапіска абарвалася, аб чым я зараз вельмі шкадую. У Лёлі была дачка Лена, прыкладна 1960—1962 года нараджэння. Хачу адшукаць сяброўку. Магчыма, у Беларусі засталіся яе родныя, каму вядома, як склаўся лёс Лёлі (Неанілы)?”
“Шукаю сям’ю Сцяпана Данілавіча НАВУМЧЫКА. Гэта гісторыя пачалася ў 1954 годзе, калі нас выселілі ў Казахстан. Маці вельмі хварэла, мела чацвёра дзяцей, старэйшай сястры было 16 гадоў, мне 14, малодшым братам 7 і 5. Бацькі не было. Цяжкае жыццё было ў Казахстане, але знайшліся добрыя людзі, якія нас падтрымалі. Напрыклад, сям’я Сцяпана Данілавіча Навумчыка. У той час ён працаваў шафёрам, дапамагаў нам, як мог. У 1961 годзе нашай сям’і і сям’і Навумчыка дазволілі вярнуцца на радзіму. Мы паехалі ў Пастаўскі раён, а Навумчыкі — у Брэсцкую вобласць. Хачу даведацца, як склаўся лёс гэтых людзей, падзякаваць ім за ўсё, што яны зрабілі для нас. Ніна Пятроўна Вештарт (Колас), Паставы”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter