Помнi iмя сваё

Сярод пісьмаў, якія прыходзяць на адрас сумеснага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё...”, ёсць лісты, прасякнутыя асаблівым душэўным болем. Дзеці, ад якіх адмовіліся бацькі, спрабуюць зразумець, чаму так адбылося, чым яны вінаватыя, што засталіся без самых родных людзей. Ужо ў дарослым узросце яны задаюць слушнае пытанне: ці памятаюць пра сваіх крывінак бацька і маці, ці турбуе іх калі сумленне?

Хачу ведаць
“Піша вам Алег Анатольевіч Рыжанкоў, 1989 года нараджэння, з Дрыбінскага раёна. Мая маці Галіна Сцяфанаўна Рыжанкова-Мінчанка, 1970 года нараджэння, у 1989-м закончыла прафтэхвучылішча. Хутка даведалася, што цяжарная. Яна не хоча пра гэта расказваць, і ўсё ж я крыху даведаўся пра свайго бацьку. Ён на год старэйшы за маю маці. Завуць яго Анатоль, імя па-бацьку, здаецца, Мікалаевіч. Мне шмат не трэба. Я толькі хачу ведаць, чаму, калі маці сказала яму, што цяжарная, ён на гэта не звярнуў ніякай увагі. Цікава, ці памятае ён пра мяне. Ці падумаў хоць раз, які я і як жыву. Думаю, што не. А шкада”.

Слёзы бацькоў
“Шукаю сына Андрэя Сцяпанавіча ТАЎЛУЯ, 1967 года нараджэння. Прапаў 27 красавіка 2001 года. Удзень ён быў на службе, а вечарам дамоў не вярнуўся. Пошукі Андрэя станоўчых вынікаў не далі. Дзіна Рыгораўна Таўлуй, Мінск”.
“Мой сын Мікалай Іванавіч ФУРС, 1948 года нараджэння, жыў у Маскве, загінуў у студзені 2005 года. Яго падабралі на вуліцы. Што здарылася, невядома. Дапамажыце даведацца, дзе ён пахаваны. Іван Макаравіч Фурс, Мінск”.

Наш любімы паэт
“40 гадоў пранесла я па жыцці за сотню ад рукі перапісаных вершаў Алены ХМЯЛЕЎСКАЙ. Яна 1946—1948 года нараджэння з горада Оршы. Непаўторны, цудоўны голас душы гэтай паэткі. У 1973—1976 гадах яна вучылася ў Гомельскім дзяржаўным універ-сітэце. Затым іх сям’я пераехала жыць ва Украіну. Алена, здаецца, вярнулася ў Беларусь. Я нічога больш не ведаю пра лёс гэтай дзяўчыны з маёй маладосці. А хочацца, каб нашчадкі ведалі пра яе цудоўныя вершы. Дарагая Алена! Наш любімы паэт! Адгукніцеся, патэлефануйце сям’і Ігнатавых
у Оршы”.

Сябры, сяброўкі
Мінчанка Зоя Аркадзьеўна Васільева шукае Леаніда ДЗЕЖЫЦА, які ў 1981 годзе закончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут па спецыяльнасці АСУ, вучыўся ў 63-й групе. Па размеркаванні быў накіраваны на працу ў Гродна.
“Брат майго мужа Расціслаў Мікалаевіч Сячко з вёскі Папоўцы Салігорскага раёна служыў на Чукотцы. Там пасябраваў з салдатам і земляком Браніславам Сцяпанавічам ХАРОШКАМ, 1939 года нараджэння, з вёскі Равіны Брэсцкай вобласці. Праз тры гады служба ў войску закончылася, але сябры вырашылі застацца служыць далей. Хутка Браніслаў прывёз на Чукотку жонку Дану. Праз пяць гадоў яны паехалі ў Баранавічы з малой дачушкай. Рас-ціслаў жыў на Чукотцы, а потым пераехаў у Хабараўск. Пераезды, няпростыя жыццёвыя абставіны — і сябры страцілі сувязь. Расціслаў Мікалаевіч хоча знайсці сябра маладосці ці членаў яго сям’і”.
Мікалай Анатольевіч Івашкін з вёскі Белы Мох Мсціслаўскага раёна шукае былога саслужыўца Уладзіміра Віктаравіча КІСЯЛЬКОВА. “Уладзімір са Шклоўскага раёна. Мы разам служылі ў Краснаярску з 1981 па 1983 год. Пасля службы заяз-
джалі да яго цёткі, якая жыве ў Магілёве”.
“Шукаю цудоўнага чалавека, сяброўку маладосці Ірыну Пятроўну ФІЛЯНОВІЧ. Мы ў 1959—1961 гадах разам працавалі ў вёсцы Хмелеўка Маларыцкага раёна. Я выйшла замуж і паехала ў Чэлябінск, дзе служыў муж. Хутка Ірына пакінула Хмелеўку, і мы страцілі сувязь. Родам яна была з Брэста. Муж яе стрыечнай сястры Іван Вірко ў тыя гады быў фотакарэспандэнтам газеты “Зара”. Таісія Пятроўна Сячко, Мінск”.
“Адшукваю сяброў, з якімі была ў мястэчку Ветрына Віцебскай вобласці, у воінскай часці. Пасля вайны мы ўдзельнічалі ў ваенным ансамблі, ездзілі з канцэртамі па вобласці. Акардэаніст Жора СЕРАБРАКОЎ, танцоры: МУСІН, Зіна ЗІНІНА, Нэля (прозвішча забылася). Цікава, дзе яны, як склаліся іх лёсы. Калі нашу воінскую часць расфарміравалі, паехалі хто куды. Я ў Докшыцах была работнікам архіва і зараз жыву тут. Таццяна Апанасаўна Гічанская (Саўліч)”.
Інеса Сяргееўна Зайчанка (Лемеш) з Магілёва шукае сяброўку дзяцінства і юнацтва Ніну ГУЛЕВІЧ, 1946 года нараджэння. “Разам з ёй у 1958-м я заканчвала Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум. Пасля вучобы мы перапісваліся. А потым страцілі сувязь. Магчыма, прозвішча Ніны зараз Сянько. Мяне часцей называлі не Інесай, а Інай”.
“Шукаю сяброўку Алену ЗАЙЦАВУ. Мы разам вучыліся ў Рэчыцкай школе медыцынскіх сёстраў у 1952—1953 гадах. Па маладосці не абмяняліся адрасамі, раз’ехаліся па размеркаванні на працу і страцілі сувязь. Я была накіравана ў Мазыр, тут жыву і зараз. Дзе сяброўка, не ведаю. Раіса Нічыпараўна Сіманенка”.

Прапалі без вестак
“Мой брат Сяргей Трафімавіч КАШЧЭЕЎ, 1921 года нараджэння, у 1939-м паступіў у ваенна-пяхотнае вучылішча. Закончыў яго і ў чэрвені 1941-га быў накіраваны на службу ў Віцебск. З дарогі прыслаў пісьмо без зваротнага адраса. Абяцаў прыслаць яшчэ ліст. Але ў Оршы яны даведаліся, што пачалася вайна. Пісьмаў ад брата мы больш не атрымлівалі, і дамоў ён не вярнуўся. Можа, хто ўспомніць брата по фотаздымку і адгукнецца. Іван Трафі-мавіч Кашчэеў, Сенненскі раён”.

Аднакласнікі, аднакурснікі
“Мы, выпускнікі Пінскага педагагічнага вучылішча імя А.С.Пушкіна 1957 года выпуску, дамаўляліся заўжды сустракацца 30 чэрвеня. Але жыццё раскідала ўсіх, і так атрымалася, што не бачыліся ажно паўстагоддзя. Я добра памятаю Валянціну Еўдакімаўну АСЯТРОВУ. Яна родам з вёскі Пілешчына Шклоўскага раёна (у сям’і было пяць сясцёр і брат Анатоль). З Лунінецкага раёна Ганна Андрэеўна ЛУСЕВІЧ, з Пінска Любоў Барысаўна ЯНКЕВІЧ. Разам з намі вучыўся Васіль Макаравіч ТУРКЕВІЧ, які пісаў вершы. Адгукніцеся, сябры! Запрашаю ўсіх на сустрэчу, якая адбудзецца 30 чэрвеня ў 12 гадзін у будынку былога педвучылішча (цяпер вучылішча мастацтваў) па вуліцы Леніна. Марыя Канстанцінаўна Лявошка (Гарагляд), Пінскі раён”.
Запрашаем на сустрэчу былых аднакурснікаў мастацка-графіч-нага вучылішча горада Віцебска 1957 года выпуску. Яна адбудзецца на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага універсітэта 10 ліпеня ў 12 гадзін. Жэня Вашленка, Нэлі Сарокіна, Мая Лебедзева”.
“Летась споўнілася 50 гадоў першаму выпуску 10-га класа Яршэвіцкай сярэдняй школы Валожынскага раёна. Сустрэчы не было, таму хочацца ўбачыцца сёлета. Свае прапановы, дарагія аднакласнікі, выказвайце, звярнуўшыся на праект “Помні імя сваё...”. Ганна Аляксееўна Сарока і Антаніна Станіславаўна Сарока з Мінска і Маладзечна”.
“Сёлета спаўняецца 50 гадоў, як мы закончылі шаркоўшчынскую СШ № 1. Вельмі хочацца сустрэцца з нашым юнацтвам, успомніць школьныя гады. У 10-м класе нас было каля 40 чалавек. Пра некаторых з іх мы не ведаем.
Адгукніцеся, Люда АЛЯКСАНДРАВА, Лёля ЗІНКЕВІЧ, Света БУРНОСЕН-КА, Іра ГРЫГОР’Е-ВА, Галя КАЖА-МЯКА, Мікалай ШВЕДАС, Чэслаў ДУЛІНЕЦ, Мікалай ЗЯЛЁНКА. Сустрэча адбудзецца ў ліпені. Стараста класа Вера Антонаўна Крупко, Брэст”.
Група выпускнікоў Мар’інагорскага саўгаса-тэхнікума 1962 года выпуску шукае сваіх аднакурснікаў. “Мы хочам арганізаваць сустрэчу ў чэрвені. Наша група “А” (стараста Мікалай Шыбко) была вельмі дружнай.
Выпускнікі, патэлефануйце Га-ліне Аляксандраўне Акульчык
(8-01796) 37-288, вёска Нача Крупскага раёна”.
“У 1951—1952 годзе я вучылася ў Навапольскай сельскагаспадарчай школе. Разам са мной былі іншыя дзяўчаты. Хочацца даведацца, як склаўся лёс Ядвігі Казіміраўны КОРЗУН, Аляксандры Сяргееўны КАРАВАЙ. Памятаю, у той час была суровая зіма. У інтэрнаце, дзе мы жылі, было вельмі холадна. Мы накрываліся дзвюма коўдрамі, а галовы нашы былі ў інеі і прымярзалі да падушак. Зінаіда Іванаўна Жлобіч, Глускі раён”.
“Шукаю сяброў і сябровак, з якімі ў 1959—1961 гадах разам вучылася ў Мінскай школе кулінарнага навучання. Адгукніцеся, Ларыса СЦЕФАНОВІЧ, Тамара ЯЦЭВІЧ, Зоя СТОЙЛІК, Вольга ГАРЛЕЎСКАЯ, Марыя КАГАН, Ірына ДАЛІДОВІЧ, Мая БАРАЎ-ЦОВА, Галіна СІНКЕВІЧ, Валянціна ДАЎГАПОЛІК, Лізавета КАВАЛЬЧУК і іншыя. Тамара Фёдараўна Атрошкіна, Барысаў”.

Блізкія людзі
“Шукаю брата Міхаіла Іванавіча ДЫМОВІЧА, 1942 года нараджэння. Больш за 30 гадоў ён з сям’ёй жыве ў горадзе Шахты Растоўскай вобласці. У 1992 годзе мы з ім яшчэ мелі сувязь. А ў 1993-м на тэлеграму з паведамленнем прыйшоў адказ, што адрасата няма. І потым на ўсе пісьмы і тэлеграмы адказу не было. Калі з братам нешта здарылася, у яго ёсць сын Юра, якому ўжо больш за 30 гадоў, і жонка Ганна. Яны б маглі паведаміць мне. Але гэтага не адбылося. Алена Якаўлеўна Рыбакова, Мінск”.
“У пачатку 20-х гадоў мой дзядзька, бацькаў брат Нестар Марцінавіч Малашчук пераехаў з сям’ёй з Брэстчыны пад Мінск. Дзядзькаў сын Сцяпан у 1947 годзе служыў у войску ў Гродна. Мы з ім перапісваліся, а потым сувязь страцілася. Я сэрцам адчуваю, што дзесьці побач, у адным з куточкаў роднай Беларусі, жывуць мае родныя: стрыечны брат Сцяпан МАЛАШЧУК, дзве яго сястры, іх дзеці. Дарагія, адгукніцеся! Анастасія Фамінічна Федзюковіч, Акцябрскі”.
“Шукаю стрыечную сястру Ганну Іванаўну ЛОГВІН. Маці яе звалі Пелагея. У іх сям’і было шасцёра дзяцей. Ганна мне была, як родная. Яна выйшла замуж і атрымала кватэру ў Оршы. Можа, хто ведае пра лёс Ганны, напішыце. Яшчэ хачу знайсці Ніну Сцяпанаўну ДЫНІСЮК. Мы з ёй жылі калісь у адным маленькім пакойчыку. У яе ўкралі альбом з адзінай фатаграфіяй маці. Ніна плакала, а мне было яе вельмі шкада. А яшчэ жаніх хадзіў да яе, а потым кінуў, ажаніўся з другой. Вельмі хачу ведаць, як склаўся лёс маёй сяброўкі. Можа, яна таксама жыве ў Беларусі? Надзея Максімаўна Галах, Івацэвіцкі раён”.
“Да вайны ў Мінску жыла родная сястра маёй маці, цётка Соня, дзявочае прозвішча ВІЛЕНСКАЯ. У яе быў муж Мечыслаў і дачушка Мара, якую я вельмі хачу знайсці. Сям’я жыла ў кватэры пры школе, здаецца, дзевятнаццатай. Цётка Соня і дзядзька Мечыслаў працавалі там настаўнікамі. Мне тады было 10 гадоў, а Марачцы — каля трох. Пасля вайны дзядзька Мечыслаў расказваў, што жонка загінула ў вёсцы Шацк, а ён і дачка выжылі. Мы вельмі прасілі прывезці да нас Марачку, але дзядзька паказаў толькі яе фотаздымкі. Ён зрэдку прыходзіў да нас. Затым мы пераехалі на новае месца жыхарства, і сувязь была страчана. Мне 77-ы год, а стрыечнай сястры, напэўна, 70. Не магу змірыцца з тым, што, магчыма, мы жывём у адным горадзе, ходзім блізка адна каля адной, а сустрэцца не можам. Эдзіт Генрыхаўна Калодкіна, Мінск”.
“Як сведчыць дакумент, выдадзены 13 сакавіка 1947 года, мой бацька Іван Трафімавіч ГАРОШКА нарадзіўся 7 снежня 1924 года ў вёсцы Крапіўна Бярэзінскага раёна. Сувязь з роднымі не падтрымліваў. Некалькі разоў збіраўся нас, тады яшчэ дзяцей, звазіць на сваю малую радзіму, ды так і не звазіў. Адзін раз, праўда, давёз да Маладзечна, звадзіў на арэлі-каруселі, і мы вярнуліся дамоў у вёску Кулікова Мядзельскага раёна, дзе ў той час жылі бацька, маці, я і сястра. Так пра радзіму бацькі і яго сваякоў мы нічога і не даведаліся. Няма ўжо на гэтым свеце бацькоў. Я жыву ў Полацку, сястра — у Літве. Родныя, адгукніцеся! Мікалай Іванавіч Гарошка”.
“Шукаю брата Уладзіміра Іванавіча ФРАЛЕНКУ, 1944 года нараджэння. За сваё жыццё я яго вельмі мала бачыла. З пяці гадоў мяне аддалі ў дзіцячы дом у Навабеліцы, дзе я жыла да 1954 года. Прыкладна ў той час туды прывезлі брата. Разам мы пабылі нядоўга, і нас зноў разлучылі. Праз год я паехала наведаць Уладзіміра, але мне сказалі, што дзіцячы дом расфарміравалі. Куды накіравалі брата, невядома. Праз некаторы час даведалася, што ён у Петрыкаўскім дзіцячым доме. Напісала туды. Адказалі, што яго там няма. З таго часу не ведаю, дзе шукаць брата. Мая Міхайлаўна Міхальчук (Савельева), Пінск”.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter