"Помнi iмя сваё..."

На адрас сумеснага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i нашай газеты “Помнi iмя сваё...” звяртаецца за дапамогай шмат людзей. Просьба да ўсiх: пазначайце, калi ласка, дадатковую iнфармацыю пра тых, каго шукаеце. Прозвiшчы, iмёны i iмёны па бацьку пiшыце разборлiва, пажадана ставiць нацiскi ў прозвiшчах i назвах населеных пунктаў. Бо здараецца так, што мы называем i пiшам iх недакладна, што замiнае пошукам.

ЗНАЙСЦI ЧАЛАВЕКА
Наш праект дапамог знайсцi выпускнiкоў 1956 года школы № 17 горада Мiнска. Лiст ад Зоi Крук, якая шукала сваiх аднакласнiкаў, мы друкавалi ў мiнулую пятнiцу, а калегi напярэдаднi зачытвалi па радыё. Праз некалькi дзён у рэдакцыю патэлефанавала Людмiла Казiмiраўна Юркевiч, у школе яе звалi Люся Ласка. Доўгi час жанчына жыла за мяжой. Некаторых аднакласнiкаў не бачыла з дня апошняга званка. Яна падзялiлася сваiмi ўспамiнамi пра школьныя гады, узгадала настаўнiкаў, сяброў, парадавалася, што сустрэча адбудзецца.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
Вера Канстанцiнаўна Вярбiла (Шэнаева) хоча даведацца, дзе пахаваны яе бацька Канстанцiн Аляксеевiч ШЭНАЕЎ, 1914—1915 года нараджэння, ураджэнец горада Наўля Бранскай вобласцi.
Кацярына Сяргееўна Шалак з Крупскага раёна шукае звесткi пра свайго дзядзьку Якава Iванавiча ЗАХОЖАГА, 1923 года нараджэння, ураджэнца вёскi Мацевiчы Бярэзiнскага раёна Мiнскай вобласцi.
Звесткi пра бацьку Iвана Андрэевiча ДЗЯТЛАВА, ураджэнца Уборкаўскага сельскага Савета Лоеўскага раёна Гомельскай вобласцi, шукае Клаўдзiя Iванаўна Гольнiк.
“У маёй старэйшай сястры Раiсы Лапуцькi было трое дзяцей: Рая, Георгiй i Арнольд (10 лютага 1938 года нараджэння). Як пачалася вайна, Раiса з дзецьмi падалася з Нясвiжскага раёна да раднi ў Смалявiцкi. Па дарозе iх абагнала павозка, на якой ехалi сакратар Нясвiжскага райвыканкама Бяляўскi з жонкай, iх знаёмая Марыя Архiпаўна Сяргушка з двума дзецьмi. Раiса папрасiла падвезцi дзяцей, аднак з-за недахопу месца ўзялi толькi малога Арнольда. Раптам пачалася бамбёжка. Павозкi ўжо не было бачна. Калi бамбёжка скончылася, на шашы сустрэлася “паўтарачка” з салдатамi. Тыя бачылi павозку недалёка ад вёскi. Але Арнольд так i не знайшоўся. Пасля вайны я спрабаваў знайсцi людзей, з якiмi ехаў пляменнiк. Жонка сакратара райвыканкама Дар’я адказала, што яны высадзiлi Арнольда на шашы i паехалi далей. Сястра памерла ў 1970 годзе. Яе дачка жыве ў Рызе, сын — у Бабруйску. Яны таксама спрабавалi знайсцi брата — безвынiкова. Арнольда ў сям’i звалi Арыкам. А ён не вымаўляў “р” i называў сябе Алiкам. Можа, хто сустракаў у гады вайны маленькага хлопчыка Алiка? А можа, яго ўсынавiлi? Леанiд Андрэевiч Жыткевiч, горад Гродна”.
Свайго бацьку Аляксандра Iльiча КIРКО, 1909—1910 года нараджэння, ураджэнца вёскi Галоўнiчы Гродзенскага раёна, шукае Галiна Аляксандраўна Кiрко з Гродна.
Нiна Мiхайлаўна Коласава з Наваполацка адшуквае звесткi пра дзядулю Пятра Iгнацьевiча АНIСКОВIЧА, 1910 года нараджэння, i яго брата Паўла Андрэевiча МАСЛОЎСКАГА, 1906—1908 года нараджэння, ураджэнцаў вёскi Ганевiчы Лагойскага раёна Мiнскай вобласцi. “Шукаю таксама бабулю Нiну Вiктараўну СЫРКОЎСКУЮ i яе дачку Наталлю Мiкалаеўну ШЭЛЕСТ. Апошняе месца iх жыхарства — горад Купянск Харкаўскай вобласцi”.
“Мой бацька Рыгор Сяргеевiч ПРЫГАРА, 1895 года нараджэння, загiнуў у 1944 годзе i пахаваны на 157-м кiламетры пiкет 3Х30, у 40 метрах ад лiнii ўчастак Брэст—Лукаў Польскай чыгункi. Польскi Чырвоны Крыж паведамiў, што ўсходнi бераг ракi Вiслы быў вызвалены ў жнiўнi 1944 года, а бацька загiнуў у снежнi. Дзе ж на самай справе знаходзiцца бацькава магiла? Надзея Рыгораўна Караленя, горад Слонiм.”
Звесткi пра бацьку Харытона Рыгоравiча ЛУГIНА, 1914 года нараджэння, ураджэнца вёскi Гюрборава Глускага раёна Магiлёўскай вобласцi, шукае Рыгор Харытонавiч Лугiн з Глускага раёна.
Пра лёс старэйшага брата Iвана Канстанцiнавiча СРЭДА, 1921—1922 года нараджэння, ураджэнца горада Орша, спадзяецца даведацца Алена Канстанцiнаўна Зянько (Срэда) з Маладзечанскага раёна.
“Мой брат Адам Сямёнавiч ЗВЯРОК, 1922 года нараджэння, прызваны ў армiю 25 чэрвеня 1941 года. У апошнiм пiсьме (15 красавiка 1945 года, з Германii) была фотакартка, дзе Адам у рубашцы з нумарам цi 513, цi 1513. З таго часу пра яго больш нiчога не ведаю. Марыя Сямёнаўна Звярок, вёска Лiтва Стаўбцоўскага раёна”.
Сяргей Якаўлевiч Iльiн з Оршы хоча даведацца пра лёс старэйшага брата Пятра Якаўлевiча IЛЬIНА, 1924 года нараджэння, ураджэнца вёскi Должыца Чашнiцкага раёна Вiцебскай вобласцi, якi ў 1944 годзе прапаў без вестак.
“Мой брат Iван Спiрыдонавiч БЛIЗНЕЦ, 1919 года нараджэння, у рады Савецкай Армii пайшоў служыць у 1939 годзе. Службу праходзiў у Лiтоўскай ССР, г.Плунг (не надта разборлiва), у зброевай майстэрнi. Пасля вайны атрымалi паведамленне, што ён прапаў без вестак. Хто ведаў майго брата, адгукнiцеся! Iрына Спiрыдонаўна Корабава, Рэчыцкi раён”.
“Бацька Пётр Васiльевiч КАНАНЕНКА, год нараджэння не ведаю, пайшоў на вайну, калi мне было ўсяго два тыднi, паведамляе Надзея Пятроўна Дубiна. З iм змагацца з фашыстамi пайшоў i брат Iлля Пятровiч Кананенка, 1933 года нараджэння. Брат прапаў без вестак пад Ленiнградам, а пра бацьку нiчога невядома. Можа, ён ёсць у спiсах загiнуўшых у нямецкiх лагерах?”
“Мой бацька Гаўрыла Сцяпанавiч IГНАТОВIЧ памёр ад ран 30 жнiўня 1944 года ў шпiталi ў Польшчы, пахаваны на ваенных могiлках № 40. Такое паведамленне прыйшло напрыканцы вайны. Можа, ёсць людзi, якiя ведаюць, дзе знаходзяцца гэтыя могiлкi? Вольга Гаўрылаўна Ажэль, горад Ляхавiчы”.
Алена Цiтаўна Баранчык (Грыцэвiч) шукае брата Уладзiмiра Цiтавiча ГРЫЦЭВIЧА, 1933 года нараджэння, ураджэнца вёскi Мецявiчы Старобiнскага (Салiгорскага) раёна. “У сям’i нас было 7 дзяцей. У 1937 годзе памерла мама. У 1939-м бацька ажанiўся другi раз, але праз некаторы час яго забралi ў НКУС. Самага малодшага Валодзю забралi ў дзiцячы дом Мiнска. Апошнi раз летам 1940 года яго наведвала старэйшая сястра Ганна. I з таго часу пра яго няма нiякiх звестак”.
ДАПАМАЖЫЦЕ АДШУКАЦЬ
Мiнчанiн Аляксандр Iванавiч Вяркееў да 1945 года быў у атрадзе збройнiкаў на ваенным аэрадроме. Затым закончыў школу трактарыстаў, працаваў у Крычаўскай МТС, а ў 1949 годзе пайшоў у армiю. “Хачу адшукаць свайго сябра Iвана БАРЫСЕНКУ, якi ў той час працаваў на маiм трактары. Калi я вярнуўся, у войска пайшоў ён i дадому не вярнуўся”.
“Шукаю свайго брата Рыгора Васiльевiча ДАНIЛКIНА, 1959 года нараджэння (вёска Прыстань Пухавiцкага раёна). Ён жыў у Латвii, населены пункт Баўск. У iх з жонкай Святланай трое дзяцей: Крысцiна, Iнга i Руслан. Апошнi раз мы ездзiлi да iх у госцi ў 1992 годзе. I вось ужо трынаццаць гадоў нiякай сувязi. Няма такой мяжы ў жыццi, якая б раздзялiла родных людзей, мы пераадолеем тысячы кiламетраў, каб сустрэцца. Таццяна Васiльеўна Няборская, Мiнская вобласць”.
Каля паўстагоддзя таму апошнi раз бачыла сваю стрыечную сястру Кацярыну Сямёнаўну СЦЯПАНАВУ Матрона Арцёмаўна Нiтчанка (Сцяпанава). Ведае толькi, што яна жыве недзе ў Маладзечанскiм раёне. Кацярына разам з мужам Аляксеем працавалi ў школе настаўнiкамi. Сама яна нарадзiлася прыкладна ў 1927—1928 годзе ў вёсцы Хамiчы Запольскага сельсавета Рагачоўскага раёна.
Нiна Эдуардаўна Дубiцкая (Башура) з Радашковiч шукае ПАЎЛОЎСКIХ, сваякоў па лiнii бабулi. “Бабуля Юля — мацi майго таты Эдварда Эдвардавiча Башуры i дачка Каралiны i Рамана Зялёнкi, якiя жылi ў Налiбоках Стаўбцоўскага раёна. Перад пачаткам вайны да Башураў аднекуль прыязджала сям’я Паўлоўскiх з дзецьмi — сынам Вiктарам i дачкой Нюсяй. Размаўлялi яны на польскай мове. Жылi ў нас даволi доўга, а потым кудысьцi паехалi”. Яшчэ жанчына хоча даведацца пра лёс школьнай сяброўкi Iны Паўлаўны МIШУР.
“Да 1989 года мой брат Аляксей Нiкiфаравiч КАЛЕСНIКАЎ жыў у горадзе Прыазёрску Джэзказганскай вобласцi (такi адрас пазначаны ў пiсьме). На апошняй нашай сустрэчы ён гаварыў, што атрымаў кватэру ў горадзе Кургане (недалёка ад Прыазёрска). З мая 1989 года я не маю ад Аляксея нiводнай вестачкi. У яго ёсць жонка Галiна i дзве дачкi Вольга i Святлана. Можа, хто ведае, дзе зараз знаходзiцца брат? Васiль Нiкiфаравiч Калеснiкаў, Магiлёўская вобласць”.
“Мая стрыечная сястра Лiзавета Iванаўна ПЯТРОВА, 1922 цi 1923 года нараджэння, жыла з бацькамi ў Марыупалi. У 1942 годзе яе вывезлi на працу ў Германiю. Пасля вызвалення яна выйшла замуж за француза i пераехала ў Францыю. Некаторы час перапiсвалася са сваёй мацi (маёй цёткай). У яе трое дзяцей: Генрыет, Джылберт i Джон-П’ер. Завуць яе цяпер Элiзабет БОЖО. Хочацца даведацца пра яе далейшы лёс. Святлана Канстанцiнаўна Барташэвiч, горад Мiнск”.
“У 1920-х гадах мой дзядзька Павел Пятровiч ЧЫСТАП’ЯН са сваёй жонкай паехаў на заробкi ў Амерыку. Пасля Вялiкай Айчыннай дасылаў нам пасылкi. Аднойчы ад яго прыйшоў лiст з фотаздымкам сям’i. У яго былi тры дачкi: Марыя, Вольга, а як завуць трэцюю — не ведаю. Жылi яны тады ў Нью-Йорку. Больш нiчога пра сям’ю дзядзькi не ведаю. Iван Васiльевiч Дзенiсевiч, Мiнская вобласць”. 
АДГУКНIЦЕСЯ!
Цiхан Мiтрафанавiч Дускевiч з Салiгорскага раёна просiць адгукнуцца сваiх сяброў па службе ў армii ў вайсковай часцi 36732: Вiктара ШЫКАРОВА, Мiкалая НОВIКАВА з Магiлёўскай вобласцi, Васiля СIЛКО з Гомельскай, а таксама Яўгена Паўлавiча АКУЛАВА з Кiраўскай вобласцi Расii.
“Я выхаванка Целяханскага дзiцячага дома. Цяпер пенсiянерка. Вельмi хачу даведацца пра лёс сябровак дзяцiнства Тамары ЕРМАЛОВIЧ, Раiсы КАЧЫНАЙ, Юлii ПАЛХОЎСКАЙ, Вольгi НАЙДЗЁНАВАЙ i Нiны СКАРАХОД. Адгукнiцеся, дзяўчаты! Вера Арсенцьеўна Баль”.
Уладзiмiр Яўгенавiч Нiкалайчук з Вiцебска паведамляе, што ў маi плануецца арганiзаваць сустрэчу былых студэнтаў Навагрудскага педагагiчнага вучылiшча, якiя закончылi яго ў 1955 i 1957 гадах. Просяць адгукнуцца былых студэнтаў гэтай навучальнай установы Пятра ЯКУШЭВIЧА, Арнольда ВЯРЖБIЦКАГА, Сяргея КАРАТАЯ, Анатоля БАРАДАЯ, Генадзя МАРЦУЛЯ, Марыю Пятроўну ТРУХАН, Леанiда ГРУШУ, Людмiлу РАЖКОВУ, Вольгу СКАМАРОЎСКУЮ, В.В.КАРЭНЮК, Л.Ф.ГРЫНЬ.
“У гэтым годзе спаўняецца 50 гадоў нашаму выпуску Квасаўской сярэдняй школы Гродзенскага раёна. Вельмi хочацца арганiзаваць юбiлейную сустрэчу. Прашу адгукнуцца выпускнiкоў 10а. Мiкалай Кiрылавiч Шаланда, Карэлiчы”.
“Шукаю Людмiлу Iванаўну ЧАПУРЫНУ (прозвiшча дзявочае). Для яе ёсць шмат навiн. Адрас, па якiм яна жыла ў 1963 годзе: горад Талiн, вулiца Леэш. Людмiле тады было 18 гадоў. Хто прачытае знаёмае прозвiшча i iмя, адгукнiцеся. Ала Казаравец, Вiцебская вобласць”.
“У 1956 годзе я скончыла Жылiцкi сельскагаспадарчы тэхнiкум (Кiраўскi раён). Амаль усiх сваiх аднакурснiкаў памятаю i, здаецца, пры сустрэчы пазнаю кожнага. Званiце, пiшыце. Вольга Iсаеня (прозвiшча пазначана неразборлiва).
ПРАЗ АДЛЕГЛАСЦЬI ЧАС
Iрына Вiкенцьеўна Багдановiч (Рабушка) з Маладзечанскага раёна шукае сябра юнацкiх гадоў Iвана ЕФIМУКА. У 60-я гады ён служыў у Бабруйску. Яна працавала на Бабруйскiм мясакамбiнаце i завочна вучылася ў Пiнскiм мясамалочным тэхнiкуме (1961—1965 гады). Вайсковая часць, у якой служыў Iван, шэфствавала над прадпрыемствам, абменьвалiся мастацкай самадзейнасцю. “Iван вельмi добра iграў на баяне i ў пiсьме прапанаваў мне выканаць разам з iм песню “Опустился месяц над рекой”. Я тады якраз была на сесii, а калi вярнулася, яго звольнiлi ў запас. Так у нас i абарвалася сувязь. Мяркую, што ён можа жыць у Касцюковiцкiм або Клiмавiцкiм раёне”.
“Мабыць, я спазнiлася...  Але ж ёсць надзея, што яшчэ паспею адшукаць i пабачыць сябра свайго юнацтва Аляксандра БАБКОВА. У 1951—1955 гадах я вучылася ў Рослаўскiм чыгуначным тэхнiкуме Смаленскай вобласцi. Увосень 1952 года нас вазiлi ў калгас капаць бульбу. Там на вечарыне я i пазнаёмiлася з Аляксандрам. Ён вучыўся ў Кранштацкiм ваенна-марскiм вучылiшчы, прыехаў у водпуск. Перапiсвалiся. Пасля вучылiшча Сашу накiравалi ў вайсковую часць у Нова-Сакi, Крым. А мяне — у Беларусь, у Лунiнец. Потым адкамандзiравалi ў Маладзечна, дзе i жыву дагэтуль. З Сашам перапiску спынiла. А цяпер хачу даведацца, дзе ён, што з iм. Раю ўсiм: не губляйце сяброў. Тамара Яфiменкава”.
З ВЕРАЙ I НАДЗЕЯЙ
“11 сакавiка 1982 года ў Бабруйскiм раддоме Рауза Бялясаўна АХМЕДШЫНА нарадзiла хлопчыка. Ён праз некалькi дзён захварэў i iх перавезлi ў гарадскую дзiцячую бальнiцу. Там мацi яго пакiнула i знiкла. Хлопчыка вылечылi i накiравалi ў дзiцячы дом, пасля — у iнтэрнат. Вучыўся ў вучылiшчы, дзе я  выкладала. Мяне вельмi ўразiла гiсторыя жыцця Арцёма, я стала яго апякаць. Куды мы толькi з iм нi звярталiся, станоўчых адказаў не было. Ведаем толькi, што Арцём — трэцяе дзiця Раузы Ахмедшынай. Нарадзiлася яна 4 снежня 1961 года ва Ульянаўскай вобласцi. У Дзiмiтраўградзе жыў яе бацька Бяляс Гелясавiч. Мы пiсалi туды — безвынiкова. Магчыма, Рауза i не ведае, што сын яе выжыў. Ён вельмi чакае хоць якiх-небудзь звестак. Галiна Сяргееўна Шулякоўская i Арцём Паўлавiч (iмя i iмя па бацьку хлопчыку далi ў дзiцячым доме)”.
“У маi 2004 года прапаў без вестак мой брат Леанiд Сцяпанавiч СПЛЕНДЭР. Ён нарадзiўся 11 студзеня 1938 года ў  Салiгорскiм раёне. Жыў брат у Расii, у горадзе Ангарску Iркуцкай вобласцi. Апошнiя сем гадоў, пасля таго як памерла жонка, Леанiд жыў адзiн. Дзяцей у iх не было. Можа, ён вярнуўся ў Беларусь? Таццяна Сплендэр”.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11;
e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4, перадача “Помнi iмя сваё...”;   
e - mail:poisk@radio.tvr.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter