“Помнi iмя сваё...”

“Вельмi добра, што ёсць такi праект, якi аб’ядноўвае народы розных краiн”, — напiсала нам Алiцыя Бейнаровiч з Лiтвы. Мы з калегамi з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, разам з якiмi акунаемся ў пошукавую работу i рыхтуем “Помнi iмя сваё...”, таксама рады такой акалiчнасцi. Бо, як зазначаюць многiя з тых, хто звяртаецца па дапамогу, падарыць сустрэчу хаця б некалькiм людзям, адшукаць магiлку франтавiка цi партызана — гэта ўжо радасць для чалавека, якi дзесяцiгоддзi чакаў i спадзяваўся. Дзякуй усiм за высокую ацэнку нашай яшчэ не зусiм дасканалай працы. I за вашу дапамогу, дарагiя чытачы i радыёслухачы, з якой пошукi iдуць хутчэй.

ЗНАЙСЦI ЧАЛАВЕКА
Прыемная навiна сёння адрасавана Валянцiне Сцяпанаўне Урбановiч, якая прасiла адшукаць былых аднакласнiкаў, выхаванцаў Адампальскай школы-iнтэрната Навагрудскага раёна. На яе запыт адгукнуўся Iван Захаравiч Пранкевiч. Ён патэлефанаваў, каб расказаць пра свой лёс, успомнiць школьны час, а прайшло ўжо 44 гады. Узгадаў Валянцiну Урбановiч, якая дапамагала яму з урокамi, iншых аднакласнiкаў. I, вядома ж, выказаў жаданне сустрэцца ў Адампалi.
Мы спадзяёмся, што такая сустрэча абавязкова адбудзецца.
ДАПАМАЖЫЦЕ АДШУКАЦЬ
“Хачу даведацца пра лёс свайго армейскага сябра Фёдара АЛЕНСКАГА, прыкладна 1932 года нараджэння. Я звольнiўся ў запас 6 снежня 1954 года, Федзя крыху раней. Мы разам служылi ў Чэлябiнскай вобласцi, в/ч 20156. Я быў памочнiкам камандзiра ўзвода, ён — камандзiрам аддзялення. Жыў ён у Ташкенце, хаця сам з Беларусi. Яго маленькага разам з малодшай сястрой вывезлi з Беларусi ў Ташкент (мабыць, у гады Вялiкай Айчыннай вайны). Там Фёдар вучыўся, яшчэ да армii ажанiўся. Дзяўчыну звалi Ганна. Быў у iх сын (здаецца, Ваня). Пасля армii мы перапiсвалiся гады два. Потым перапiска абарвалася. Прайшло паўвека ўжо, а я памятаю Фёдара. Магло здарыцца i такое, што ён пераехаў жыць у Беларусь. Калi ўзгадае хто знаёмае прозвiшча, перадайце, што вось ужо каторы дзесятак гадоў яго шукае армейскi сябар Вiктар Аляксандравiч Ялцэвiч”.
“Да вас звяртаецца Iван Акiмавiч Калеснiк з горада Пiнска. Сам я нарадзiўся ва Украiне (Харкаўская вобласць), але з 1973 года жыву ў маляўнiчым куточку свету з яго шчырымi i працавiтымi людзьмi — Беларусi. У гады Вялiкай Айчыннай вайны без вестак прапаў мой бацька Акiм Дзмiтрыевiч КАЛЕСНIК, 1906 года нараджэння. Можа, ён ёсць у спiсах ваеннапалонных, якiя вы раней зачытвалi i друкавалi? Мы нават не ведаем, дзе ён пахаваны. Ёсць яшчэ адна просьба. Хачу знайсцi армейскага сябра Фёдара САРОКIНА, здаецца, родам з Хойнiцкага раёна. Служба наша пачыналася з 1959 года ў горадзе Маманава Калiнiнградскай вобласцi i скончылася на Кубе ў 1962-м. Служылi мы ў марской авiяцыi. Пасля дэмабiлiзацыi сувязь прапала. Тым больш што я пераехаў у Беларусь. Можа, ён жыве на Гомельшчыне, чакаю ад яго адказ”.
З ВЕРАЙ I НАДЗЕЯЙ
“У жнiўнi 1981 года пасля дэмабiлiзацыi мой сын Васiль Анатольевiч РАБЫШ, 1960 года нараджэння, паехаў на заробкi ў Цюменскую вобласць. Апошнi лiст ад яго я атрымала ў 1992 годзе. Зваротны адрас быў такi: Цюменская вобласць, Нiжнявартаўскi раён, пасёлак Ахцяур’е. Дапамажыце, людзi добрыя, мацярынскае сэрца рвецца ад болю, ад невядомасцi, што з маiм сынам. Надзея Рабыш, Вiцебская вобласць”.
“Мой сын Валерый Мiкалаевiч ПУЛЬЯНАЎ, 7 верасня 1962 года нараджэння, 25 лiпеня 2002 года паехаў на заробкi ў Маскву. I дасюль пра яго нiчога невядома. Не дай Бог вам зведаць таго, што адчувае мацi, калi сын у мiрны час прапаў без вестак. Сэрца балiць кожную хвiлiнку. Валера, калi ты цi хто знаёмы, пачуеце цi пачытаеце мой зварот, напiшыце, адгукнiцеся! У доме нашым пасялiлася бяда: летась пайшоў з жыцця муж, чацвёрты год шукаю сына. Адна надзея на добрых i чулых людзей. Дапамажыце! Зiнаiда Яфрэмаўна Пульянава, горад Орша”.
Нiна Дзмiтрыеўна i Мiхаiл Аляксандравiч Маскоўскiя з Наваполацка таксама шукаюць свайго сына Сяргея Мiхайлавiча МАСКОЎСКАГА, 1957 года нараджэння. “Сын у 1988 годзе паехаў у Якуцiю, горад Алдан. Спачатку тэлефанаваў, пiсаў. У Алдане ў яго была сям’я: жонка Аксана Валянцiнаўна Шавялёва i сынок, 1993 года нараджэння. У 1994-м Сяргей прыязджаў да нас у адпачынак. Апошнi раз тэлефанаваў у 2003 годзе, абяцаў прыехаць. Аднак з таго часу мы больш яго не бачылi i нiчога пра яго лёс не ведаем. У Алдане яны жылi па адрасе: вул.Камарова, дом 59, кв.1. Мы туды пiсалi — безвынiкова. Звярталiся да яго жонкi, адказу не было. Што рабiць далей — не ведаем”.
“Я, Вiктар Дзмiтрыевiч Славiнскi, шукаю сваю сястру Ганну Дзмiтрыеўну СЛАВIНСКУЮ, 29 лютага 1936 года нараджэння. Калi памерла мацi, бацька аддаў яе ў Мiнскi дзiцячы прытулак. Ганне тады было ўсяго паўгода. Усе дакументы, якiя сведчылi, куды дакладна сястра трапiла, згубiлiся. Толькi засталося пасведчанне аб нараджэннi. Бацька памёр ужо. Няма ў каго даведацца, дзе мая сястра. А я вельмi хачу знайсцi роднага чалавека”.
АДГУКНIЦЕСЯ!
“Кажуць, што першае каханне застаецца ў сэрцы назаўсёды.  Сапраўды, не забываецца, на сабе зведала. Закахалася я без памяцi ў салдацiка Мiшу. Гэта было ў 1956 годзе, ён тады служыў у Балбасаве i прыязджаў на машыне на Аршанскi хлебазавод. Там мы i пазнаёмiлiся. Сталi сустракацца. А калi прыйшоў час дэмабiлiзацыi, ён прапанаваў мне, як кажуць, руку i сэрца. I паехаць разам на яго радзiму ў Куйбышаў. Аднак не змагла я з iм паехаць, хоць i кахала. Праз некаторы час выйшла замуж за iншага, нарадзiлiся дзецi, потым унукi. Усяго хапiла ў жыццi. Прайшло столькi гадоў, а я памятаю тое першае, самае-самае светлае ў жыццi каханне. Здаецца, хоць бы разок пабачыць яго — Мiхаiла САКАЛОВА. Калi пачуе цi прачытае, хай ведае: яго нiколi не забывала Зiнаiда Мурашка”.
“А я хачу знайсцi каханага маёй цёткi, якая зараз жыве ў Пермскай вобласцi Расiйскай Федэрацыi. Яго завуць Вячаслаў Сiдаравiч СТАРЖЫНСКI, 7 мая 1928 года нараджэння (вёска Старыя Дарогi Асiповiцкага раёна). Служыў у Пермскай вобласцi каля вёскi Ашап (такi адрас пазначаны ў пiсьме). Там Слава i пазнаёмiўся з Марыяй Разумавай. Пасля дэмабiлiзацыi ён павёз маладую жонку да сябе на радзiму ў Беларусь. Нешта ў iх не зладзiлася, Марыя вярнулася назад. Праз некалькi месяцаў нарадзiўся ў яе сын Аляксандр. Замуж Марыя больш так i не выйшла. Усю любоў аддала сыну, а потым унукам Марку i Маi. А цяпер яна хоча даведацца пра сваё першае i адзiнае каханне. Можа, хто з яго родных адгукнецца”.
Ганна Iльiнiчна Алейнiк шукае двух чалавек, з якiмi лёс развёў у гады вайны i ў мiрны час. Свайго бацьку Iлью Андрэевiча АЛЕЙНIКА, 1908 года нараджэння, якi прапаў без вестак у гады Вялiкай Айчыннай вайны. А таксама сяброўку Нiну РЭЧЫЦКУЮ (прозвiшча можа быць iншае, бо ў пiсьме дакладна не пазначана). “Нiна была кумой маёй сястры Надзеi Iльiнiчны Высоцкай. У 1963—1964 гадах мы жылi ў Казахстане на станцыi Ашчыголь Ленiнградскага раёна. У адным доме жылi я, сястра i муж яе Лёва, а праз сцяну — Нiна. Прыкладна ў 1964 годзе мы ўсе раз’ехалiся. Я — ва Украiну, сястра з сям’ёй — у Беларусь. А куды паехала Нiна, не ведаю. Сама яна, здаецца, з Вiцебскай вобласцi. Быў у яе муж, малдаванiн Васiль Шандро. Ад нашай дружбы застаўся толькi фотаздымак, на якi я кожны дзень гляджу i быццам апынаюся там, у Казахстане, дзе мы жылi, як адна сям’я”.
А гэты лiст прыйшоў з Лiтвы. Алiцыя Бейнаровiч (прозвiшча дзявочае), якая зараз жыве ў Вiльнюсе, хоча знайсцi сваю сяброўку юнацтва Зiнаiду Пятроўну ПАШКОВIЧ (прозвiшча дзявочае), 1933 года нараджэння. “Раней яна жыла ў вёсцы Лаўрынаўка Глыбоцкага раёна, прыкладна ў 1955—1956 гадах працавала ў дзiцячым доме “Русакi”. Дзе яна цяпер, як склаўся яе лёс? Буду вельмi рада атрымаць адказ з Беларусi”.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
“Прашу дапамагчы ў пошуку майго брата Васiля Iванавiча ВЫРВIЧА, якi нарадзiўся ў 1918 годзе ў вёсцы В.Лыскоўка Дубровенскага раёна. Васiль скончыў Горацкую сельгасакадэмiю. Працаваў у Якуцкай вобласцi. Быў жанаты. Жонка яго ўрач. Пасля вайны працаваў начальнiкам аўтакалоны. Аднойчы майму другому брату Яўгену расказалi, што ў Шклове ёсць мужчына вельмi на яго падобны i прозвiшча яго Вырвiч. Аднак сустрэча так i не адбылася. У блакаду ў Ленiнградзе прапаў без вестак яшчэ адзiн мой брат Канстанцiн Iванавiч ВЫРВIЧ. Казалi людзi, што ён не перажыў голаду. Я i мая сястра Агрыпiна Iванаўна Халецкая, якой ужо 80 гадоў, столькi часу шукаем сваiх братоў”.
Звесткi пра бацьку Цiта Арсенцьевiча ПАНКАЎЦА, 1903 года нараджэння, ураджэнца вёскi Дубое Пiнскага раёна, якi падчас вайны прапаў без вестак, хоча знайсцi Кацярына Цiтаўна Шумская з Пiнска.
“Можа, з дапамогай вашага праекта мне пашчасцiць адшукаць Уладзiмiра Антонавiча СУМНIКАВА, 1919 года нараджэння. У 1940-м Аршанскiм ваенкаматам быў прызваны на службу. Служыў у Азербайджанскай ССР, прыстань Алят. Калi пачалася вайна, перапiска з iм абарвалася. А.А.Сумнiкава, горад Орша”.
Удзельнiк Вялiкай Айчыннай вайны Пётр Дзмiтрыевiч Цiткоў хоча даведацца пра роднага брата Iвана Дзмiтрыевiча ЦIТКОВА. Нарадзiўся ён у 1925 годзе ў вёсцы Нова-Зарэчча Ленiнскага сельсавета Чачэрскага раёна. “У 1943-м Iван быў паранены, трапiў у шпiталь горада Клiнцы. Пасля служыў у санчасцi Гомель-Доўск. А 18 сакавiка 1945 года прыйшлi звесткi, што ён узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркi. Пахаваны ў Германii (могiлкi называюцца, здаецца, Церавы, але гэта недакладна). Вельмi хочацца знайсцi месца спачыну майго брата”.
“Сваё першае i апошняе каханне наша матуля Кацярына Iванаўна пранесла праз усё жыццё, але так i не дачакалася свайго адзiнага любага. Яна толькi i жыла надзеяй, што аднойчы на парозе з’явiцца наш бацька Iван Iванавiч ПУШКАРЧУК, 1911 года нараджэння (вёска Каменка Уздзенскага раёна). У гады Вялiкай Айчыннай ён прапаў без вестак. Аднавяскоўцы, якiя разам ваявалi, расказвалi, што бацька быў моцна паранены пад Баранавiчамi. Шпiталь, дзе ён ляжаў, трапiў у акружэнне. Ён, вiдаць, выбрацца не змог. Дзе б я нi была, заўсёды заходжу на брацкiя могiлкi: можа, там спачывае мой татачка? А раптам ён выратаваўся i недзе жыў? Можа, засталiся сведкi цi яго родныя? Ядвiга Iванаўна Цiхановiч-Пушкарчук, горад Мiнск”.
Мiкалай Майсеевiч Бандарэнка шукае магiлу бацькi Майсея Анiсавiча БАНДАРЭНКI, 1905 года нараджэння (пасёлак рыбгас “Трэмля” Капаткевiцкага раёна тады Палескай вобласцi). З пачатку вайны бацька быў мабiлiзаваны ў Чырвоную Армiю. Нi разу пра сябе не паведамiў. Пасля вайны прыйшла “пахавальная”, што Майсей Анiсавiч Бандарэнка прапаў без вестак у красавiку 1944 года. Такiя ж звесткi атрымалi ў лютым 1945-га года i пра бацькавага роднага брата Дзмiтрыя Анiсавiча БАНДАРЭНКУ, 1912 года нараджэння. Дзе пахаваны бацька i дзядзька, Мiкалай Майсеевiч дасюль не ведае.
“Хачу адшукаць родных мне людзей. Андрэй Фядотавiч ШАЎЧУК працаваў у 30-х гадах у Мiнску на адказнай пасадзе. Была ў яго сям’я: жонка Зiна i дачушка Валя. Жонка яго была роднай сястрой Галадзеда. I, вiдаць, Андрэй Шаўчук разам з iм працаваў. У 1938—1939 гадах сям’я Андрэя прапала. Зiнаiда Сiльвестраўна Грынкевiч, горад Мiнск”.
Праскоўя Цiмафееўна Сенчанкава шукае магiлу бацькi Цiмафея Ягоравiча ПАПКОВА, 1892 года нараджэння. Быў прызваны ў армiю Чавускiм ваенкаматам. Прапаў без вестак.
“Мне ўжо 83 гады, але я не страчваю надзеi адшукаць свайго без вестак прапаўшага брата Васiля Гардзеевiча ПАЎ-ЛОВIЧА, 1927 года нараджэння. Нарадзiўся ён у вёсцы Вулька-2 Лунiнецкага раёна Брэсцкай (Пiнскай) вобласцi. У 1945 годзе Лунiнецкiм ваенкаматам прызваны ў армiю i накiраваны ў Бабруйск. Са слоў сябра, з якiм брат прызываўся, iх расфармiравалi i Васiля накiравалi ў Германiю. Брат пiсаў, што моцна захварэў. I больш лiстоў мы ад яго не атрымалi. Варвара Гардзееўна Паўловiч, Брэсцкая вобласць”.
“У гады Вялiкай Айчыннай вайны за тое, што мой бацька Пётр Iванавiч Аксюта быў у партызанскiм атрадзе, нашу сям’ю: матулю Ксенiю Ягораўну, майго брата Фёдара i мяне за сувязь з партызанамi адвезлi ў нямецкi лагер у вёсцы Паўловiчы Вiцебскай вобласцi. Было гэта ў снежнi 1942-га—лютым 1943-га. Потым нас перавялi ў лагер “Беразiно” Мiнскай вобласцi. Мацi працавала на кухнi, я з братам нiкуды ад яе не адыходзiлi, баялiся. Лагер гэты згарэў, нас павезлi ў Германiю. Але чыгунку падарвалi партызаны, усе палонныя разбеглiся. Мы трапiлi ў лес. Чаго толькi не бачылi за гады вайны. Нам дапамагаў сын дзеда Талаша Павел Васiльевiч Iсаеў. Калi вызвалiлi нашу тэрыторыю, мы вярнулiся на радзiму ў вёску Заполле Бешанковiцкага раёна. Хачу знайсцi людзей, якiя былi з намi ў гады вайны (у лагеры, у палоне, а потым у дзеда Талаша). Яўгенiя Пятроўна Баркевiч, Вiцебская вобласць”.
“Пасля вайны прыйшло паведамленне, што наш бацька Ягор Цiтавiч МАКСIМЕНКА, 1913 года нараджэння, прапаў без вестак у жнiўнi 1944 года. З першых дзён вайны прызваўся на фронт Мiнскiм райваенкаматам. Да вайны жыў i працаваў у Мiнску. Хачу даведацца пра яго лёс, знайсцi магiлу. Ганна Ягораўна Маляванава”.
“Хачу знайсцi людзей, якiх у гады вайны выратаваў мой бацька Трафiм Фёдаравiч Старавойтаў. Гэта было ў вёсцы Пянчын Гомельскай вобласцi (былы Уваравiцкi раён). Мой бацька быў старастам, сувязным з партызанамi. Аднойчы палiцаi злавiлi каля нашай вёскi трох партызан. Iх вельмi пакалечылi. Мой бацька выпрасiў iх, каб завесцi ў шпiталь ва Уваравiчах: там была ўрач, таксама звязаная з партызанамi. Уратаваных, здаецца, адправiлi да сваiх. А яшчэ бацька хаваў у сеннiку двух савецкiх салдат, потым накiраваў iх да партызан. Можа, хто-небудзь i чуў такiя гiсторыi цi застаўся ў жывых. Мы ж нейкiм чынам параднiлiся. Бо бацька, хоць i быў старастам, аднак немцам не служыў. У яго была свая справа: дапамагаць нашым. Чакаю звестак. Марыя Трафiмаўна Старавойтава, горад Гомель”.

ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
“У гады Вялiкай Айчыннай вайны без вестак прапала мая цётка Ганна Яфрэмаўна ПРАКОПЧЫК, якая нарадзiлася ў вёсцы Стары Двор Варатынскага сельсавета тады Бабруйскай вобласцi. У 1941 годзе яна заканчвала трэцi курс Смаленскага медiнстытута i прыслала дадому пiсьмо, што прыедзе на канiкулы. Вайна разлучыла сям’ю з Ганнай. Куды мы толькi нi звярталiся, адказ адзiн — прапала без вестак. Зiнаiда Сiльвестраўна Грынкевiч, горад Мiнск”.

“Шукаю брата Iвана Пятровiча ЗЫЛЯ, 1919 года нараджэння, ураджэнца вёскi Рудня Чэрвеньскага раёна, якi прапаў без вестак у 1941 годзе. Мама шукала яго адразу ж пасля заканчэння вайны. Цяпер гэтай справай займаюся я з надзеяй, што, можа, з’явiлася якая-небудзь iнфармацыя. Вельмi цяжка жыць у няведаннi. Можа, хто ведаў цi чуў пра брата? Хочацца ведаць, дзе ён знайшоў апошняе сваё прыстанiшча, каб хаця ўнукi змаглi прыйсцi на магiлу i ўшанаваць памяць. Галiна Мiкiтаўна Бяляўцава (Зыль), Мiнск”.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей, хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а, з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11;
e-mail: regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г. Мiнск, вул.Чырвоная, 4, перадача “Помнi iмя сваё...”;
 e-mail : poisk@radio.tvr.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter