Помнi iмя сваё...

У суботу ў школах будзе шумна i весела. Хваля за хваляй будуць падымацца на сцэну выпускнiкi-юбiляры, што прыйшлi на сустрэчу праз 5, 10, 15...50 гадоў. Завiтаюць у свае класы ўнукi тых, чые школьныя гады рэзка абарвала вайна, каб больш нiколi не падарыць гэтых шчымлiва-радасных iмгненняў: "а памятаеш", "няўжо гэта ты?!", "бачыш, наша парта ў кутку". У iх таксама была свая парта i сшытак з алоўкам, нехта марыў стаць настаўнiкам, iншы лётчыкам. А самi прапалi без вестак у пекле Вялiкай Айчыннай. I па-ранейшаму iх магiлы шукаюць родныя. А сумесны праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i "Народнай газеты" "Помнi iмя сваё..." дапамагае ў пошуках.
Прапалi без вестак

Палiна Фролаўна Стасенка з Горацкага раёна просiць адшукаць звесткi пра брата Антона Фролавiча ПАСТУШЭНКУ, 1921 года нараджэння, ураджэнца вёскi Рэчыца Чэрыкаўскага раёна Магiлёўскай вобласцi. У 1939 годзе ён вучыўся ў Жытомiры ў пяхотным афiцэрскiм вучылiшчы. Скончыў вучобу з адзнакай, пра што родным паведамiў яго аднакурснiк са Смаленска. Жанчына не памятае яго прозвiшча, i адрас не захаваўся. У гады вайны брат быў назначаны камандзiрам узвода 826-га стралковага палка 197-й стралковай дывiзii. Пасля заканчэння Вялiкай Айчыннай бацькам прыйшло паведамленне, што iх сын Антон вясной 1944 года прапаў без вестак.

Сляды брата Канстанцiна Мiхайлавiча ТКАЧЭВIЧА, 1919 года нараджэння, шукае Ганна Iванаўна Вярбiцкая з Карэлiцкага раёна. Служыў ён у горадзе Кандалакша Мурманскай вобласцi ў танкавай часцi, там i застала яго Вялiкая Айчынная. З таго часу нiякiх звестак пра яго родныя не маюць.

Нiхто не забыты

Пра лёс партызана Мiхаiла Банiфацьевiча БОКШЫ, 1924 года нараджэння, пахаванага ў вёсцы Шавёлкi Верхнядзвiнскага раёна, спрабуе дазнацца Ева Максiмаўна Андруковiч. Пра Мiхаiла яна ведае са слоў яго старэйшай сястры, а сваёй свекрывi Мацiльды Банiфацьеўны Андруковiч. "У сям`i было чатыры дзяўчынкi i малодшы Мiхаiл. Рана засталiся без бацькоў. Мая свякроў дапамагала старэнькай бабулi ставiць усiх на ногi. Мiхаiл вырас працавiтым хлопцам. Калi пачалася вайна, пайшоў у партызаны. На Расоншчыне яго партызанскiя сцежкi перасеклiся са сцежкамi Пятра Мiронавiча Машэрава. У 1964 годзе да свекрывi прыязджалi прадстаўнiкi ад Пятра Мiронавiча i цiкавiлiся, цi патрэбна якая дапамога. Яна ж разлiчвала толькi на свае мазолiстыя рукi. Пасля вайны (мабыць, па партыйнай лiнii) Мiхаiла накiравалi на працу ў Мiёрскi раён. Быў старшынёй калгаса. Потым перавялi ў райцэнтр. У 1946 годзе вялiкую колькасць людзей выклiкалi ў Мiнск для атрымання ўзнагарод. Калi вярталiся дадому, то на станцыi ў Полацку адбылося крушэнне цягнiка. Людзi загiнулi. Усiх пахавалi на месцы трагедыi. Праўда, мая свякроў з малодшай сястрой Бранiславай дабiлiся дазволу забраць загiнуўшага брата, каб пахаваць на радзiме. Улады паставiлi яму помнiк. У 1978 годзе да мяне прыязджала сястра Мiхаiла Марыя. Пасля вайны яна жыла i працавала ў Маскве. Паведамiла, што атрымала дазвол на сустрэчу з П.М.Машэравым. Яна збiралася завезцi партызанскi дзённiк брата i iншыя дакументы. Але сустрэча не адбылася -- Машэраў трагiчна загiнуў. Праз два месяцы памерла i Марыя. Родныя ўсе паўмiралi, а сям`ю Мiхаiл не паспеў стварыць. Мiнулым летам я наведала яго магiлу. I слёзы самi пакацiлiся з вачэй. Жыў чалавек, ваяваў, ехаў працаваць куды скажуць, а вынiк -- поўнае забыццё ў 60-годдзе Перамогi. Дапамажыце адшукаць звесткi пра Мiхаiла Бокшу. Можа, тады я здолею дастукацца да мясцовай улады, каб яна дапамагла ўзнавiць памяць i добраўпарадкаваць магiлу. А то стаiць помнiк з чырвонай зоркай у бэзавым хмызняку". Мы пачынаем пошукi звестак пра партызана Мiхаiла Бокшу, а таксама накiруем лiст у Верхнядзвiнскi райвыканкам.

Дапамажыце адшукаць

Былая выхаванка Iўеўскага дзiцячага дома Валянцiна Аляксандраўна Чарнова марыць знайсцi таксама былую выхаванку Валянцiну Сямёнаўну ЛАБАНОВУ, 1938--1939 года нараджэння. Яна закончыла Ашмянскае педвучылiшча i спачатку працавала ў Валожынскiм раёне. Была ў яе старэйшая сястра, якая жыла ў горадзе Паставы або раёне. "У 2000 годзе адбылася сустрэча выхаванцаў дзiцячага дома, -- успамiнае жанчына. -- Мясцовыя ўлады арганiзавалi яе вельмi добра, дзякуй iм за гэта. Шкада толькi, што мы не ўсiх адшукалi. Мы дзецi вайны i ўсе пенсiянеры, але сустрэцца вельмi хочацца".

"Дапамажыце знайсцi маiх стрыечных сясцёр i брата Жанну, Маю i Уладзiмiра САВЯНОК, якiя жывуць у Аўстралii. Падчас вайны мой дзядзька Павел Платонавiч Савянок трапiў у палон, а адтуль у Аўстралiю. Родных яго немцы забiлi, засталася адна сястра. У Аўстралii Павел сустрэў дзяўчыну з Украiны, ажанiўся з ёй. У пачатку 50-х дзядзька прыслаў на радзiму пiсьмо, цiкавiўся лёсам сястры. Так мы даведалiся, што ён жывы. Перапiсвалiся сем гадоў. Павел паведамiў, што мае траiх дзяцей: дачок Жанну i Маю i сына Уладзiмiра. У апошнiм пiсьме яго жонка паведамiла, што Павел цяжка хворы. У 1968 годзе ў нас таксама здарылася няшчасце -- згарэла хата, дзе жыла мама. Яна захварэла i праз год памерла. Так мы i страцiлi адрас сям`i Паўла ў Аўстралii. А вельмi хочацца даведацца, як склаўся лёс маiх сясцёр i брата. З павагай Анастасiя Аляксандраўна Жолуд, Калiнкавiцкi раён".

Стрыечнага брата Мiхаiла Данiлавiча ДЗЕМЧАНКУ, 1938 або 1939 года нараджэння, ураджэнца Шклоўскага раёна, шукае Тамара Андрэеўна Кулiк са Шклова. Яны не бачылiся больш за 20 гадоў. На вайне загiнуў яго бацька, ад цяжкай хваробы памерла мацi. "Мiшу выхоўваў дзядуля, але яго забiлi бандыты. Брат трапiў у Магiлёўскi дзiцячы дом. Паспяхова скончыўшы сярэднюю школу, Мiша пайшоў служыць у армiю, а затым паступiў у Магiлёўскi хiмiка-тэхналагiчны iнстытут. Пасля заканчэння паехаў у Маскву працягваць вучобу ў аспiрантуры. Там Мiша ажанiўся, атрымаў кватэру, у яго ёсць сын Васiль. Перапiска з братам даўно абарвалася. Зараз усе нашы родныя вельмi перажываюць за Мiшу".

"Дапамажыце знайсцi ў Казахстане адрас Яны або Луiзы Мiкалаеўны АЛЯХНО. У 1987 годзе мы атрымалi ад iх вiншавальную паштоўку, але зваротнага адраса на ёй не было. Гэта мае дарагiя сястра i пляменнiца. Гiсторыя наша сумная. Янка выйшла замуж без згоды родных. Яна мусульманка, а наш брат -- праваслаўны беларус. Калi яе мацi даведалася, што яны распiсалiся, доўга сварылася i праклiнала маладых. Яны прыехалi на радзiму мужа ў Беларусь. Ды шчасце было нядоўгiм. Янка чакала дзiця. Раджаць паехала да сваёй мацi ў Казахстан, каб яна была побач, а заадно папрасiць прабачэння. Але так атрымалася, што за час, пакуль нарадзiлася дачка, Мiкалай памёр, нават не ўбачыў малую. Галiна Фёдараўна Аляхно, Кастрычнiцкi раён Гомельскай вобласцi".

Аляксандр Аркадзьевiч Чачотка шукае брата Валерыя Аркадзьевiча ЧАЧОТКУ, 1968 года нараджэння, ураджэнца Карэлiцкага раёна Гродзенскай вобласцi. У 1998 годзе ён паехаў на заробкi ў Цюменскую вобласць. "Першыя два гады тэлефанаваў i дасылаў бацькам тэлеграмы, -- пiша брат. -- Казаў, што ў яго ўсё добра, што працуе. Затым сувязь абарвалася. У студзенi 2003 года зноў патэлефанаваў i сказаў, што згубiў дакументы. Больш нiякай сувязi не было. Паехаў Валера на заробкi з хлопцам з суседняй вёскi Юрам Шыманскiм. Ён там ажанiўся. У 2004 годзе Юра прыязджаў дадому i заходзiў да нашых бацькоў, сказаў, што бачыў Валеру i каб бацькi далi грошай. Ён купiць яму бiлет i накiруе дадому. Грошы яны далi, але да гэтага часу нi брата, нi вестак пра яго няма. На адрас, па якiм жыве Юра з жонкай, я накiраваў пiсьмо, прасiў, каб паведамiў пра Валеру. Але мне ён так нiчога i не напiсаў".

"15 верасня мiнулага года на тэрыторыi Расii прапаў мой сябар. Яго шукаюць мясцовыя i расiйскiя органы ўнутраных спраў, але пакуль безвынiкова. Яго родныя ў адчаi. Завуць сябра Яўген Алегавiч IГНАТОВIЧ, 1984 года нараджэння. Мiнулай восенню разам з айчымам, якi працаваў "дальнабойшчыкам", паехаў у Санкт-Пецярбург. Везлi бульбу. Загружалi яе каля Брэста, у Навасёлках. Пасля гэтага ехалi праз Баранавiчы i заехалi дадому. Бабуля сабрала iм у дарогу паесцi. Праз два днi пазванiў айчым i паведамiў, што ў вёсцы Дуброўка (Пскоўская вобласць) у iх сапсавалася машына. Яны чакалi, пакуль прывязуць запчасткi з Баранавiч. Тут Жэня адчуў сябе дрэнна. Яны купiлi бутэльку гарэлкi i выпiлi. Жэня паводзiў сябе неадэкватна, пасля чаго пайшоў у невядомым напрамку. Ён быў апрануты: джынсы, цяльняшка з доўгiмi рукавамi i красоўкi. Нiчога з цёплай вопраткi на iм не было, усё засталося ў машыне. Не было пры iм нi грошай, нi дакументаў. Вельмi хочацца даведацца, што з iм. Бо няма нiчога больш страшнага, чым жыць у невядомасцi. З павагай Святлана Палыка, горад Баранавiчы".

Просiць дапамогi ў пошуках дзядзькi Фёдара Паўлавiча СЕНЮКА, 1944 года нараджэння, ураджэнца вёскi Чаланец Салiгорскага раёна Мiнскай вобласцi, дачка яго брата Надзея Мiкалаеўна Пранько з Салiгорска. У дзядзькi, паведамляе яна, засталася старэнькая мацi, якая хоча знайсцi сына. Ён павiнен жыць дзесьцi на Урале.

З верай i надзеяй

"У мяне прапаў сын Аляксандр Iванавiч МIРАНОВIЧ, 1963 года нараджэння, жыў у горадзе Смаргонь з мацi i айчымам. Пайшоў з дому, пасварыўшыся з бацькамi. У той час я быў у разводзе з жонкай. Але праз 37 гадоў мы зноў сышлiся з ёй i жывём разам. Куды я толькi не пiсаў: i ў мiлiцыю, i на астанкiнскую праграму "Жди меня" -- адказу не атрымаў", -- пiша Iван Iванавiч Мiрановiч. У 1979 годзе Аляксандр забраў сваё адзенне, дакументы, усе фотаздымкi, у дзвярах пакiнуў запiску, у якой прасiў яго не шукаць. Перад тым яго адлiчылi з Мiнскага сувораўскага вучылiшча. Пра ўсё гэта Iван Iванавiч не ведаў, жыў ён у Вiцебскай вобласцi.

Зiнаiда Iванаўна Кузьмiна спадзяецца знайсцi цётку Алесi БАГУЦКАЙ, якая павiнна жыць дзесьцi ў Мiнску. Справа ў тым, што Алеся хоча напiсаць пiсьмо сваёй цётцы i брату. Вось толькi шкада, што Зiнаiда Iванаўна Кузьмiна не паведамiла iмя i iмя па бацьку цёткi дзяўчынкi, а ўказала толькi яе прозвiшча -- Багуцкая. I ўсё ж будзем спадзявацца, што яна адгукнецца. Тым больш што пасля выхаду радыёперадачы (яе можна паслухаць на Першым канале ў нядзелю ў 18 i сераду ў 21 гадзiну) патэлефанавала жанчына з такiм прозвiшчам.

"Мне вельмi хочацца знайсцi брата Дзмiтрыя Iосiфавiча або пляменнiка Андрэя Дзмiтрыевiча СКIБIЦКIХ. Шмат гадоў таму пасля службы ў армii ён застаўся жыць у Казахстане. Яўгенiя Iосiфаўна Скiбiцкая, Гродзенская вобласць".

"Пiша вам Марыя Паўлаўна Мельнiк (Семянюк). Мой бацька Павел Канстанцiнавiч Семянюк, 1920 года нараджэння, расказваў, што ў яго ёсць брат ва Уругваi. У сталiнскi час дзядзька высвятляў, цi ёсць у Беларусi яго браты Павел, Леанiд i Анатоль. Тады бацька пабаяўся прызнацца, бо быў бы пакараны. Бацька наш у 1958 годзе паехаў з маладой жонкай у Новарасiйск да свайго сябра. Пабудаваў там дом. У iх нарадзiлiся два сыны. Праўда, вось ужо чатыры гады як ён памёр, але вельмi прасiў мяне адшукаць брата Алеся, так яго называлi ў юнацтве. Дзядзькi, напэўна, таксама сярод жывых, але павiнны быць яго дзецi i ўнукi".

Надзея Якаўлеўна Корнева са Шклова згубiла сляды сваiх пляменнiц: Веры Мiхайлаўны АНАНIЧ (павiнна жыць у Iзраiлi, у горадзе Хайфа) i Iны Мiхайлаўны ВАСIЛЬЕВАЙ (павiнна жыць ва Украiне, у горадзе Iвана-Франкоўск). Цётка вельмi хоча даведацца пра iх лёс i па магчымасцi сустрэцца

Адгукнiцеся!

"Я шукаю Яўгенiю Пятроўну КАМАРОВУ. Жыла яна ў Барысаве недалёка ад аўтавакзала. Пазнаёмiлiся мы ў чэрвенi 1989 года ў санаторыi-прафiлакторыi "Ялiзава". Доўга сябравалi, але па недарэчнасцi згубiлiся -- яна мяняла кватэру, i пасля гэтага я пра яе нiчога не ведаю. Жэнечка, адгукнiся! Я вельмi чакаю сустрэчы! Аляксандр Харытонаў, горад Бабруйск".

З Фiнляндыi даслаў пiсьмо Сяргей Куземчыкаў. Ён марыць дазнацца пра лёс бацькi, беларуса па нацыянальнасцi, Цiмафея Рыгоравiча КУЗЕМЧЫКАВА, 1910 года нараджэння. "На жаль, я не ведаю, дзе менавiта ў Беларусi ён нарадзiўся, -- пiша Сяргей. -- У 1939 годзе ён апынуўся ў Карэлii, дзе ў горадзе Беламорску зарэгiстраваў шлюб з маёй мацi Анастасiяй Лявонцьеўнай Гаўкiнай. Падчас вайны бацька быў цяжка паранены, яму ампутавалi нагу. Вясной 1945 года з Беламорска ён накiраваўся да сваiх бацькоў у Мiнск. Мама не змагла з iм паехаць -- была цяжарная, а ў Мiнску спачатку давялося б жыць у зямлянцы. Пасля гэтага сувязь мамы з бацькам абарвалася, але я застаўся на прозвiшчы бацькi -- Куземчыкаў. Пра ўсё гэта я даведаўся пасля смерцi мамы ад маёй цёткi. Вядома ж, хачу пабываць у Беларусi i пакланiцца магiле бацькi (напэўна, ён памёр ужо, бо мiнула столькi часу). Магчыма, у мяне ў Беларусi ёсць сваякi па лiнii бацькi. Я вельмi хацеў бы з iмi сустрэцца". Мы таксама спадзяёмся, што гэта пiсьмо пачулi па радыё цi прачытаюць у нашай газеце дзецi Цiмафея Рыгоравiча Куземчыкава. Калi ласка, адгукнiцеся. Вас шукае брат з Фiнляндыi.

"Я, Мiхаiл Станiслававiч Падзёрны, жыхар Быхаўскага раёна Магiлёўскай вобласцi, спрабую знайсцi маiх сяброў па тэрмiновай вайсковай службе. З таго часу мiнула амаль 40 гадоў, але я не губляю надзеi, што iх адшукаю. Служба праходзiла ў Азербайджанскай ССР, за 40 кiламетраў ад Баку, у пасёлку Насосны. З 1963 па 1965 год я служыў у вайсковай часцi 42322 i разам са мной былi два хлопцы з Беларусi: Васiль ШКАБАРА i Аляксандр ШЫЦЬКО, прыкладна 1943--1944 гадоў нараджэння. Iх iмёны па бацьку не памятаю, як i тое, з якiх абласцей былi прызваны ў армiю. Мы вельмi сябравалi, жылi ў адной казарме, разам заступалi ў нарад. А з 1965 года i да поўнай дэмабiлiзацыi я служыў у палку знiшчальнай авiяцыi 3-й эскадрыллi. Тут у мяне з`явiлiся яшчэ сябры: Iван ЗЮЛЬ, Уладзiмiр ГАЛУЗА i Мiкалай РАБУШКА. Iх я таксама памятаю, здаецца, былi прызваны з Маладзечна. Захаваўся фотаздымак падчас нашай дэмабiлiзацыi. Калi сябры жывыя, спадзяюся, абавязкова адклiкнуцца на маё пiсьмо.

Мы працягваем называць прозвiшчы беларускiх ваенных, якiя загiнулi ў афiцэрскiм лагеры ў Хамельбургу (Баварыя).

Гостка Васiль Iванавiч, лейтэнант, 1909 года нараджэння;
Гвоздзеў Васiль Паўлавiч, старшы лейтэнант, 1896 года нараджэння;
Кадушкiн Iван Трафiмавiч, фельчар, 1918 года нараджэння;
Клiмаў Васiль Мiхайлавiч, фельчар, 1914 года нараджэння;
Калбасаў Васiль Ульянавiч, лейтэнант, 1919 года нараджэння;
Казлоў Сцяпан Iванавiч, старшы лейтэнант, 1894 года нараджэння;
Казачонак Iван Дзям`янавiч, iнтэндант, 1912 года нараджэння;
Канапляннiкаў Андрэй Аляксандравiч, малодшы лейтэнант, 1912 года нараджэння;
Касцюкавец Мiкалай Пятровiч, малодшы лейтэнант, 1919 года нараджэння;
Кранцэвiч Павел Паўлавiч, ваенны тэхнiк, 1916 года нараджэння;
Крыксiн Аркадзь Афанасьевiч, старшы лейтэнант, 1911 года нараджэння;
Крывiцкi Мiкалай Iванавiч, малодшы лейтэнант, 1912 года нараджэння;
Крупянко Васiль Лявонцьевiч, капiтан, 1908 года нараджэння;
Лiцвiнаў Iосiф Рыгоравiч, малодшы лейтэнант, 1913 года нараджэння;
Лугiн Iван Савiч, лейтэнант, год нараджэння невядомы;
Ляшко Васiль Венядзiктавiч, лейтэнант, 1916 года нараджэння;
Малiкаў Мiкалай Сяргеевiч, лейтэнант, 1916 года нараджэння;
Матыгiн Мiкалай Дзмiтрыевiч, лейтэнант, 1909 года нараджэння;
Мядзведзеў Дзмiтрый Акiмавiч, малодшы лейтэнант, 1914 года нараджэння;
Мiхалевiч Аляксандр Рыгоравiч, ваенны тэхнiк, 1911 года нараджэння;
Навумчык Георгiй Нiкiфаравiч, iнтэндант, 1918 года нараджэння;
Пашкевiч Аляксандр Васiльевiч, лейтэнант, 1919 года нараджэння;
Пятроў Аляксандр Юр`евiч, iнтэндант, 1900 года нараджэння;
Пiсаховiч Сяргей Iванавiч, iнтэндант, 1906 года нараджэння;
Плiзiкаў Iван Якаўлевiч, лейтэнант, 1917 года нараджэння;
Пугачоў Мiкалай Iванавiч, лейтэнант, 1914 года нараджэння;
Рысявец Астап Сцяпанавiч, старшы лейтэнант, 1896 года нараджэння;
Селязнёў Мiкалай Сяргеевiч, лейтэнант, 1918 года нараджэння;
Троцкi Мiхаiл Яўстаф`евiч, малодшы лейтэнант, 1910 года нараджэння;
Тушынскi Вiтольд Iосiфавiч, ваенны iнжынер, 1910 года нараджэння;
Фралоў Эраст Макаравiч, лейтэнант, 1916 года нараджэння;
Цыганкоў Дзям`ян Сямёнавiч, лейтэнант, год нараджэння невядомы;
Шахноў Барыс Сямёнавiч, лейтэнант, 1918 года нараджэння;
Шэёнак Iван Дзмiтрыевiч, лейтэнант, 1908 года нараджэння;
Шуберт Мiкалай Паўлавiч, лейтэнант, 1915 года нараджэння;
Хуторны Рыгор Рыгоравiч, лейтэнант, 1916 года нараджэння;
Юшко Аляксандр Васiльевiч, iнтэндант, 1898 года нараджэння;
Яцкоўскi Дзям`ян Канстанцiнавiч, малодшы лейтэнант, 1909 года нараджэння.

На гэтым сумны мартыралог ахвяр хамельбургскага лагера абрываецца. Не так ужо i многа iмён удалося вярнуць з небыцця актывiстам Народнага саюза Германii па догляду за ваеннымi пахаваннямi. Але мы ўдзячныя iм за тое, што не засталiся раўнадушнымi да лёсу савецкiх ваеннапалонных. Гэта дзякуючы iх намаганням стала вядома яшчэ адна старонка Вялiкай Айчыннай вайны.

Калi вы знайшлi ў спiсах або ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздфмку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце http://www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.

Калi вы згубiлi сляды родных i дарагiх людзей у Беларусi цi на другiм кантыненце, хочаце даведацца пра лёс аднакласнiкаў i аднакурснiкаў, каханых i аднапалчан, звяртайцеся: у рэдакцыю "Народнай газеты":

220013, г.Мiнск, вул.Б.Хмяльнiцкага, 10а

з паметкай "Помнi iмя сваё..."

тэл.: 287-18-11

e-mail:regina@ng-daily.com

на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё:

220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4

перадача "Помнi iмя сваё..."

e-mail: poisk@radio.tvr.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter