"ПОМНI IМЯ СВАЁ..."

Геаграфія пошукаў пастаянна пашыраецца Калегi з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, з якiмi мы рыхтуем сумесны пошукавы праект “Помнi iмя сваё...”, падзялiлiся цiкавай навiной. Як сведчаць сацыялагiчныя даныя, перадачу слухаюць у Злучаных Штатах Амерыкi, Канадзе, Iзраiлi, Аргенцiне, Iспанii, Мексiцы, Iталii, Японii, Англii, Францыi i iншых краiнах. Так што геаграфiя пошуку вельмi шырокая. Пра гэта сведчаць i пiсьмы радыёслухачоў i чытачоў “НГ”.

ГIСТОРЫЯ АДНОЙ СЯМ’I
“Я, Пётр Сямёнавiч Холад, прашу дапамагчы знайсцi маiх родных — брата Кiма Сямёнавiча ХОЛАДА, 1937 года нараджэння, i сястру Дзiну Сямёнаўну ХОЛАД, 1935 года нараджэння. Гады, можа, не зусiм дакладныя, такiя засталiся ў памяцi. Калi я з iмi расстаўся, мне было 13 гадоў. Я нарадзiўся 10 мая 1929 года ў вёсцы Слаўцы Полацкага раёна. У 1936-м наша сям’я пераехала жыць у вёску Лiхачова Горацкага раёна. У 1942 годзе памерла мама Вера Цiханаўна Холад, бацька Сямён Пятровiч Холад загiнуў на вайне. Нас, пецярых дзяцей: мяне, Кiма (яму было ўсяго пяць гадоў), Андрэя, Леанiда, Дзiну (ёй было сем гадоў) — 16 лiстапада 1943 года вывезлi ў Германiю. Знаходзiлiся мы ў лагеры ў горадзе Дэсау. Потым адправiлi ў мястэчка Орслебэн, што непадалёку ад горада Магдэбурга, працаваць да баўэра. Прозвiшча яго не памятаю. Былi там на сельгасработах, аж пакуль нас не вызвалiлi. Перад адпраўкай на радзiму праходзiлi праверку ў асобым аддзеле ў Брандэнбургу. Брат Кiм i сястра Дзiна засталiся ў Германii ў мястэчку Орслебэн. Iх забрала на выхаванне нямецкая сям’я, сваiх дзяцей у iх не было. А мы, тры браты, у 1945 годзе паехалi дамоў, у родную Беларусь. Вярнулiся, а жыць не было дзе, фашысты спалiлi нашу вёску. Мы былi яшчэ непаўналетнiя, i нас забрала да сябе сястра бацькi Валянцiна Пятроўна Холад. Браты мае старэйшыя памерлi, я жыву ў вёсцы ў Полацкiм раёне. Вельмi хачу знайсцi брата i сястру, якiя ў далёкiя пасляваенныя гады засталiся ў Германii. Няхай адгукнуцца яны, iх дзецi цi ўнукi”.
РОДНЫЯ ЛЮДЗI
“Мая цётка Арына Станiславаўна Барсукова жыла ў Слаўгарадскiм раёне. Мужа яе рэпрэсiравалi ў гады сталiнiзму, i дагэтуль мы пра яго нiчога не ведаем. Цётка мая, старэйшая сястра мамы, памерла ўжо. Я вельмi хачу знайсцi яе дзяцей, стрыечных братоў цi сясцёр. Маму маю ў дзявоцтве звалi Марыя Станiславаўна Барсукова (па мужу Лапiцкая). Лiдзiя Якаўлеўна Лапiцкая (Лiхадзiеў-ская), горад Магiлёў”.
Цяжка быць адной, прызнаецца Вольга Аляксандраўна Шавардова з Дрыбiнскага раёна. Таму хоча знайсцi брата Аляксандра Аляксандравiча ШАВАРДОВА, 1941 года нараджэння. “Дваццаць сем гадоў таму ён з сям’ёй жыў у Какчатаўскай вобласцi ў Казахстане. Дакладнага адраса не ведаю, бо з iм у асноўным вялi перапiску бацькi. Яны, на жаль, памерлi. Я засталася адна. У мяне няма нават свайго дома: жыву ў добрых людзей у сваёй вёсцы Еськаўка. Да нас неяк прыязджала дачка брата Жанна. Ён быў жанаты на жанчыне, iмя якой Соф’я. Потым у яго была другая жонка — Галiна. Больш я нiчога не ведаю”.
“Мой брат Уладзiмiр Рыгоравiч САХАНЬКОЎ, 1948 года нараджэння, жыў у Нiжнiм Тагiле, на Урале. Мы падтрымлiвалi сувязь, але вось ужо шэсць гадоў, як адно пра аднаго нiчога не ведаем. На запыт раённага аддзела ўнутраных спраў горада Быхава ў Нiжнi Тагiл прыйшоў адказ, што брат жыве па названым мной адрасе. На мае ж пiсьмы адказу ад яго няма. Я заказала тэлефонную размову з братам. Прыйшло паведамленне, што па гэтым адрасе ён не жыве. Каму ж верыць? Мне ўжо сёмы дзесятак, падводзiць здароўе. Паехаць у Нiжнi Тагiл i ўсё высветлiць я не магу. Вельмi спадзяюся на вашу дапамогу. Валянцiна Рыгораўна Цiмашэнка, горад Быхаў”.
“Дапамажыце знайсцi стрыечнага брата Мiхаiла Андрэевiча цi Мiхаiла Цярэнцьевiча (iмя па бацьку дакладна не ведаем) ГРЭКАВА. Нарадзiўся ён у 1950 годзе i жыў у вёсцы Праабражэнск Дрыбiнскага раёна. Хлопчыку было два гады, калi памерлi бацькi. У 1952 годзе бабуля з цёткай аддалi яго ў дзiцячы дом у Мсцiславе, дзе сказалi, што там ён будзе да трох гадоў, а потым перавядуць у iншы. Бабуля пры афармленнi магла запiсаць Мiшу на сваё прозвiшча СIЎЦОЎ Мiхаiл. Калi яна паехала праведаць унука, ёй паведамiлi, што Мiшу ўсынавiлi. Два гады таму мы ездзiлi ў архiў горада Мсцiслава, дзе даведалiся, што ў тыя гады дырэктарам дзiцячага дома быў Сяргей Iванавiч Ксянзоў, якi, на жаль, памёр. Выхавальнiкамi працавалi Барысава, Дзядкова, Гайко, Пятроўская, Падгайская, Федасенка, пiянерважатым Дзенiсенка, урачом Паўлава. Пазней дырэктарам установы быў Пётр Дзмiтрыевiч Рублёўскi. Лёсам выхаванцаў дзiцячага дома цiкавiлiся былыя выкладчыкi мясцовага педвучылiшча Касцянiч i Кейзер. Можа, хто з гэтых людзей жывы i ведае пра нашага Мiшу? Марыя Сцяпанаўна Кажурова i Нiна Сцяпанаўна Тарасава, горад Магiлёў”.
МУЖ ПАЕХАЎ НА ЗАРОБКI
“Да вас звяртаецца Надзея Карнееўна Шымбарэвiч са Скiдзеля, што на Гродзеншчыне. Мой муж Уладзiмiр Рыгоравiч ШЫМБАРЭВIЧ, 1941 года нараджэння, паехаў на заробкi ў Расiю i ў 1991 годзе яшчэ прыязджаў дамоў. Потым паехаў i абяцаў вярнуцца назаўжды. Але гэта не адбылося. Пiсалi мы ў Расiю, шукалi яго. Прыйшоў адказ, што з таго iнтэрната, дзе жыў, ён выпiсаўся. Знаходзiўся мой муж у горадзе Набярэжныя Чаўны, працаваў там сантэхнiкам на цагельным заводзе. Больш няма нiякiх звестак. Дапамажыце нам яго знайсцi”.
ПАМЯТАЕМ НАШ ДОМ
“Да вас звяртаюцца былыя аднакласнiцы, жыхаркi Брэста Вера Падмостка (Казакова) i Раiса Бойка (Палiшчук). Мы — выпускнiкi брэсцкай школы-iнтэрната № 4 1966 года. 40 гадоў мiнула, як мы пакiнулi сцены нашага Дома. Называем так, бо ў iм мы знаходзiлiся 24 гадзiны ў суткi, i ён сапраўды стаў для нас нашым Домам. Многiя жывуць у Брэсце, некаторых, на жаль, ужо няма сярод нас, а з iншымi так i не бачылiся ўсе гэтыя сорак гадоў. А так хочацца сустрэцца! Нам будзе пра што пагаварыць, успомнiць. Адгукнiцеся: Валя МУЛЯРЧЫК, Нiна КУЖАЛЕВА, Люда ШАРШАКОВА, Саша КОРБУТ, Юра КАРПАЎ, Вiктар АЛЕНДАРЭНКА i тыя, каго, магчыма, не назвалi”.
ВЫПАДКОВАЯ СУСТРЭЧА
Бывае, што выпадковая сустрэча западае ў сэрца. I хочацца бачыць гэтага чалавека яшчэ i яшчэ, гутарыць з iм бясконца. Менавiта так адбылося з мiнчанкай Зiнаiдай Сямёнаўнай Сiмончык. Вось што яна расказала:
— Я ехала з базара Ждановiчы. Села ў 107-ы аўтобус. Разгаварылася з адным мужчынам пра дачу, пра машыны. Калi спахапiлiся, ён кажа, што ўжо яго прыпынак, трэба выходзiць. Назваўся Валодзем. Я яму дала свой тэлефон. Ён добра запомнiў нумар, ды толькi, вiдаць, пераблытаў маё iмя. Шумна было, можа, i не дачуў. Мяне завуць Зiна, а ён звонiць i называе Нiна. У мяне жыве пляменнiца, яна тройчы адказвала, што Нiны тут няма. Аднойчы я сама падняла трубку. Мужчына спытаў Нiну. Я адказала, што Нiны тут няма. На гэтым усё закончылася. Дапамажыце знайсцi гэтага чалавека. Валодзя! Ты павiнен памятаць мой тэлефон, адгукнiся. Мяне завуць Зiнаiда Сямёнаўна, Зiна.
ЗНАЙШЛIСЯ!
Кожны з радыёслухачоў i чытачоў “НГ” чакае прыемную вестку. Яны ёсць i будуць. У нялёгкай пошукавай рабоце нам часта дапамагаюць прадстаўнiкi розных арганiзацый, у тым лiку i РУП “Белтэлекам”. На гэты раз нашы калегi выказваюць падзяку тэлефанiстцы Iне Аркадзьеўне Мацяйковiч.
Калегi зачытвалi, а мы друкавалi лiст ад мiнчанкi Таiсii Канстанцiнаўны Фiлатавай. Жанчына прасiла дапамагчы адшукаць пляменнiкаў Алега Аляксандравiча i Аляксандра Аляксандравiча Шэпецюкоў. Яна вельмi хацела iх убачыць, даведацца, як склаўся iх лёс. Пляменнiкi знайшлiся. Калегi гутарылi з iмi па тэлефоне. Яны перадаюць цётцы прывiтанне. Iх хатнi адрас i нумар тэлефона высланы поштай.
А.Ф.Iгнатовiч з Навагрудка шукала сваю ўнучку Дзiяну Iгараўну Iгнатовiч. Дзiяна жыла ў бабулi з двух месяцаў да шасцi гадоў. Пасля паехала са сваёй мацi ў Мiнск. I дагэтуль бабуля пра яе не ведала. Яна спадзявалася ўбачыць унучку. Цяпер бабуля можа з ёй сустрэцца. Высветлiлася, што ўнучка жыве ў Гомелi.
Сябра свайго юнацтва шукала Валянцiна Iванаўна Казлоўская з Барысава. З Iванам Мiхайлавiчам Жыхам яна пазнаёмiлася на вечарыне на швейнай фабрыцы ў Барысаве. Тады ён служыў у Лядзiшчах у танкавых войсках. Дэмабiлiзаваўся ў лiстападзе 1965 года. Паехаў у Гродзенскую вобласць. Потым пераехаў у Гродна. Была перапiска. Затым сувязь абарвалася. Як аказалася, Iван Мiхайлавiч сваё месца жыхарства не мяняў i цяпер разам са сваёй сям’ёй жыве ў Гродне.
Валянцiна Васiльеўна Суржэнка з Гомельскай вобласцi, былы камсорг трэцяй групы, выпускнiкоў 1967 года Краснабярэжскага сельгастэхнiкума (Жлобiнскi раён) прасiла дапамагчы ў пошуку былых аднакурснiкаў. 25 студзеня 2007 года яны будуць адзначаць 40 гадоў з дня заканчэння тэхнiкума. З шасцю сувязь пакуль не наладжана. Гэта Генадзь Галавач, Васiль Селязнёў (прозвiшча напiсана неразборлiва), Аляксандр Лубцоў, Святлана Дорашава (цi Дарошава), Аляксандра Iосiфаўна Жанжэўская, Надзея Шахнiцкая. Пакуль што нiхто з iх не адгукнуўся. А вось кiраўнiк групы Пётр Мiхайлавiч Першуновiч вельмi рады, што былыя  выхаванцы памятаюць пра яго.
— У тэхнiкуме я быў i выкладчыкам, i кiраўнiком групы, — расказаў ён у тэлефоннай размове. — Памятаю калег i многiх студэнтаў. Працаваў там да 1971 года, потым пераехаў у Мiнск. На жаль, з выпускнiкамi 1967 года не ўдавалася сустрэцца, таму пра iх мала ведаю. Я вельмi ўдзячны, што яны не забылiся пра свайго класнага кiраўнiка. Калi здароўе дазволiць, пастараюся прыехаць на сустрэчу.
Зiнаiда Мiхайлаўна Захаранка са Светлагорска шукала сябра маладосцi Мiкалая Лявонцьевiча Новiка. Ён вучыўся i жыў у вёсцы Баравiкi Светлагорскага раёна. Пасля службы ў армii паехаў у Мiнск. У маладосцi Зiнаiда i Мiкалай сябравалi, а потым пасварылiся. Жанчына лiчыць сябе вiнаватай i вельмi хоча папрасiць прабачэння. Так атрымалася, што Мiкалай Лявонцьевiч два гады таму пайшоў з жыцця, аб гэтым паведамiў яго сын. Будзем спадзявацца, што ён дараваў Зiнаiдзе Мiхайлаўне крыўду.
ДАРАГI НАШ ЧАЛАВЕК
“Да вас звяртаюцца Леанiд Iванавiч Гузаў з Чавускага раёна i Марыя Рыгораўна Стаканкова-Iванова з Мiнска. Хочам даведацца пра ваенны лёс дарагога нам чалавека Iвана Мiхайлавiча ГУЗАВА, 1910 года нараджэння. У 1941-м, у самым пачатку вайны, ён быў прызваны ў армiю з вёскi Дзедня Чавускага раёна. Навучаў навабранцаў у лесе i потым з iмi быў адпраўлены на фронт. З таго часу мы нiчога не ведаем пра яго. Пасылалi пiсьмо ў архiў горада Падольска, але адказу  не атрымалi. Можа, адгукнецца хто-небудзь з тых, хто ведаў Iвана Мiхайлавiча Гузава. Напрыклад, былыя навабранцы, якiх ён навучаў”.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
Тамара Васiльеўна Лапцёнак (Чарняўская) шукае бацьку Васiля Iванавiча ЧАРНЯЎСКАГА, якi нарадзiўся прыкладна ў 1908 годзе ў вёсцы Вуглы Калiнкавiцкага раёна. У 1941-м прызваўся на фронт. Праз некалькi месяцаў прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак. Аднак сусед бачыў яго жывым у канцлагеры пад Бабруйскам. Ёсць звесткi, што яго быццам бы вывезлi ў лагер пад Беласток (Польшча).
Людмiла Андрэеўна Мялешка шукае без вестак прапаўшага ў гады Вялiкай Айчыннай дзядулю Аляксандра Андрэевiча ЛIПСКАГА, 1924 года нараджэння, ураджэнца вёскi Каролiн тады Пiнскай вобласцi. “Апошнi лiст з фронту ён даслаў 23 верасня 1944 года (мы яго свята захоўваем). Зваротны адрас такi: палявая пошта № 48573 Н. Больш нiчога пра дзеда невядома. Толькi ў 1947 годзе прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак. Куды мы толькi нi звярталiся — безвынiкова. Можа, ён ёсць у спiсах загiнуўшых?” 
Фелiкс Iосiфавiч Дамашэвiч адшуквае брата Iвана Iосi-фавiча ДАМАШЭ-ВIЧА, 1923 года нараджэння. “Яго вывезлi ў 1943 годзе ў Германiю. Спачатку Iван знаходзiўся ў канцлагеры Вэдэль, а потым працаваў ля Гамбурга. Дадому пасля вайны не вярнуўся. Як склаўся яго лёс, невядома”.
Iнеса Андрэеўна Герасiмовiч (Статкевiч) з Любанi шукае дзядзьку Iвана Клiменцьевiча ЛЮЦКО. Прыкладна ў 1939—1940 гадах прызваўся ў армiю. Служыў у горадзе Ломжа (Польшча). У 1944 годзе прапаў без вестак.
Нэла Мiхайлаўна Пачатаўская з Мiнска шукае звесткi пра дзядзьку Аляксея Якаўлевiча ЕРМАЛОВIЧА, прыблiзна 1923 года нараджэння. “Ён быў захоплены ў палон фашыстамi за сувязь з партызанамi. Знаходзiўся ў канцлагеры на вулiцы Шырокай у Мiнску (раён Камароўскага рынка). Далейшы яго лёс невядомы”.
“Хачу адшукаць звесткi пра бацьку Iвана Мiкалаевiча ДРАЗДОВА, 1910 года нараджэння. Падчас вайны знаходзiўся ў Магiлёве. Можа, ён якiм-небудзь чынам трапiў за мяжу? Валянцiна Iванаўна Фiлатава (Драздова), г.п.Копысь Аршанскага раёна”.
“Мой бацька Фёдар Фамiч ШЧАЎЛЕЎ, 1909 года нараджэння, з першых дзён Вялiкай Айчыннай быў мабiлiзаваны ў Чырвоную Армiю. Мы не атрымалi ад яго нiводнага пiсьма, бо былi акупiраваны фашыстамi. Пасля вайны атрымалi паведамленне, што радавы Шчаўлеў прапаў без вестак. Я не разумею, чаму бацька быў радавым. Як нам расказваў удзельнiк вайны з суседняй вёскi, ён сустракаў бацьку ў Маскве на перафармiраваннi войскаў у 1942 годзе, i ён быў у афiцэрскай форме. Сусед размаўляў з нашым бацькам. Можа, хто мае звесткi, дзе i як загiнуў тата, паведамiце. Леанiда Фёдараўна Лявоненка, Дрыбiнскi раён”.
“Хачу знайсцi звесткi пра дзядзьку Нiкiфара Iванавiча ФIЛIПОВIЧА. Са слоў мамы ведаю, што перад вайной ён з сям’ёй жыў у Гомелi. Працаваў урачом, здаецца, быў загадчыкам чыгуначнай палiклiнiкi або бальнiцы. Калi пачалася Вялiкая Айчынная, яго прызвалi ў армiю, i з таго часу пра яго нiчога невядома. Прашу адгукнуцца тых, хто ведае пра яго лёс. Валерыя Фёдараўна Смольская, горад Магiлёў”.
“Дапамажыце адшукаць брата Мiкалая Рыгоравiча МАЛЕВIЧА, 1920 года нараджэння. Восенню 1940-га быў прызваны ў Чырвоную Армiю. Апошняе пiсьмо ад яго атрымалi напярэдаднi Вялiкай Айчыннай. Брат паведамляў, што знаходзiцца ў вучэбным класе. Служыў у горадзе Аланец на Анежскiм возеры. I больш нiякiх звестак не было. Шукалi — безвынiкова. Ганна Iосiфаўна Малюш, горад Мiнск”.
“Я, Юлiя Васiльеўна Пятрова, шукаю брата Рамана Васiльевiча ПРАСНЯКОВА, прыкладна 1918—1922 года нараджэння. У 1940—1941 гадах быў прызваны на воiнскую службу ў горад Уладзiвасток, бухта “Вольга”. Пачалася вайна, i з таго часу мы не атрымлiвалi ад яго нiякiх вестак. Вядома толькi, што воiнская часць, дзе служыў брат, абараняла Сталiнград”.
“Мой дзядзька Васiль Аляксандравiч ПЯЧКОЎСКI служыў у танкавых войсках дзесьцi пад Брэстам. Родныя атрымалi паведамленне, што ён прапаў без вестак. Хочацца даведацца, што з iм здарылася. Марыя Мiхайлаўна Дашчанка, горад Пiнск”.
“Мы жылi ў вёсцы Таль Любанскага раёна (тады Магiлёўскай вобласцi). Да вайны брата Якава Аляксандравiча СЛIНЬКО, 1919—1920 года нараджэння, прызвалi ў Чырвоную Армiю на тэрмiновую службу, а потым пачалася Вялiкая Айчынная. Ён не вярнуўся дадому, нiякiх паведамленняў ад яго не атрымлiвалi. Можа, хто ведае пра яго лёс? Наталля Аляксандраўна Колас, горад Гомель”.
Анатоль Яфiмавiч Тышкевiч з Мiнска просiць адшукаць месца гiбелi бацькi Яфiма Сямёнавiча ТЫШКЕВIЧА, 1911 года нараджэння. У 1943-м пайшоў на фронт. Родныя атрымалi толькi адно пiсьмо. А ў 1945 годзе прыйшло страшнае паведамленне, што ён прапаў без вестак.
“Я ведаю, што сустрэцца са сваiм бацькам Юльянам Антонавiчам ДЗЕГIСАМ не давядзецца, але вельмi хачу даведацца, дзе яго магiла, пакласцi на яе кветкi, пастаяць ля яго ног. Я захавала пiсьмы бацькi з фронту i, калi становiцца сумна, чытаю iх. Рэгiна Юльянаўна Барэйка, Пастаўскi раён”.

ЗГУБIЛА ДАЧУШКУ
“Я — мацi, якая 15 гадоў таму згубiла сваю дачушку Дану РОЖКУ. Яна жыла ў Мiнску, працавала ў тралейбусным парку. Людзi бачылi, як 21 жнiўня 1992 года Дана чакала транспарт на прыпынку, але дамоў яна не вярнулася. З таго дня я i шукаю дачушку. Знемаглася ўся, заўчасна састарэла, але не страчваю надзеi. У першыя гады сваёй страты спадзявалася знайсцi Дану жывой. Цяпер надзеi стала менш: хаця б убачыць яе магiлу. I тады б спакайней дажывала адведзеныя мне Богам днi. Дапамажыце мне, добрыя людзi, падключыцеся да пошуку. У маёй дачушкi быў пратэз правай нагi. Можа, гэта акалiчнасць дапаможа пазнаць яе. Я некалькi разоў звярталася ў мiлiцыю i пракуратуру Мiнска, узбуджалiся крымiнальныя справы, але безвынiкова. Ядвiга Iванаўна Рожка, горад Мiнск”.

СЯБРЫ ПА СЛУЖБЕ
“Пiша вам Геронцiй Паўлавiч Ардынскi з Шаркоўшчынскага раёна. Хачу даведацца пра лёс свайго сябра Вiктара Рыгоравiча МАРОЗА, разам з якiм у 1954—1957 гадах служылi ў Германii. Ён таксама беларус, шмат расказваў пра Брэсцкую крэпасць. Нам ужо за семдзесят. Хочацца ведаць, як склаўся лёс сябра, як ён жыве. Вiктар, адгукнiся, i мы разам будзем шукаць нашых сяброў па службе”.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей, хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”:
220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё:
220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter