"ПОМНI IМЯ СВАЁ..."

Пiсьмы на адрас сумеснага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i “Народнай газеты” “Помнi iмя сваё...” прыходзяць не толькi з Беларусi, але i з блiзкага i далёкага замежжа. Людзi просяць знайсцi родных i знаёмых, а таксама прапаноўваюць сваю дапамогу ў пошуках. Зямляк i добраахвотны памочнiк з’явiўся ў Фiнляндыi.

Я — беларус
Да нашых калег на радыё патэлефанавалi з Фiнляндыi.
— Я вельмi рады, што нарэшце дазванiўся да вас з Фiнляндыi, дзе жыву з 1994 года ў маленькiм партовым гарадку Хамiна. Завуць мяне Сяргей Куземчыкаў. Тэлефаную з надзеяй, што з вашай дапамогай мне ўдасца даведацца хоць што-небудзь пра свайго бацьку — беларуса па нацыянальнасцi Цiмафея Рыгоравiча КУЗЕМЧЫКАВА, 1910 года нараджэння. На вялiкi жаль, пра свайго бацьку я ведаю вельмi мала, таму што рос без яго. Толькi са слоў маёй цёткi, якая параўнальна нядаўна расказала пра лёс нашага роду, нашай сям’i i пра бацьку, я даведаўся, што Цiмафей Рыгоравiч Куземчыкаў у 1945 годзе з Рэспублiкi Карэлiя, з горада Беламорска, паехаў у Беларусь, на радзiму, да сваiх бацькоў. I пасля гэтага нiякiх звестак пра бацьку нi мае родзiчы, нi я не атрымлiвалi. Ведаю, што бацька ваяваў, быў паранены, застаўся без нагi. I таму вясной 1945 года ён накiраваўся ў Беларусь, можна сказаць, на мылiцах. Мацi мая, цяжарная мною, разам з iм не паехала. Як патлумачыла цётка, адбылося гэта таму, што давялося б жыць у зямлянцы. Цётка сказала, што бацька паехаў у Мiнск. Вядома, на самай справе я не ведаю, куды менавiта прыехаў бацька i дзе жылi яго бацькi. У архiве горада Беламорска, куды я звярнуўся, паведамiлi толькi, што бацька з маёй мацi распiсалiся ў снежнi 1939 года. Я нарадзiўся пасля таго, як бацька паехаў з Беламорска. Але атрымлiваецца, што па бацьку я беларус па нацыянальнасцi. Гэта для мяне было, канешне, нечаканасцю. Але прыемнай нечаканасцю, таму што я нераўнадушны да Беларусi. Я стараюся i раней стараўся слухаць беларускiя перадачы. I цяпер мая вялiкая мара — пабываць на радзiме майго бацькi. I вялiкая надзея, што з вашай дапамогай удасца атрымаць хоць якiя звесткi пра яго. Прозвiшча рэдкае, наколькi я пераканаўся. Можа, тым больш яно ў некага на слыху, можа, хто ведае пра Куземчыкавых. Ёсць надзея, што па лiнii бацькi ў мяне жывуць у Беларусi родзiчы. Я быў бы шчаслiвы сустрэцца з iмi. I самае галоўнае — пабыць на магiле бацькi. Вось тое, пра што я мару i з чым з такой надзеяй звяртаюся да вас.
Мы ўдзячны Сяргею Куземчыкаву за цёплыя i шчырыя словы ў адрас Беларусi i нашага праекта. Дарэчы, ён згодны аказваць нам дапамогу ў пошуку прапаўшых, якiя знiклi ў Фiнляндыi. Яго дапамога абавязкова спатрэбiцца. Неабходна яна i ў Беларусi. Нашы калегi з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё звяртаюцца да ўсiх добрых людзей: калi вы згодны дапамагаць у пошуку прапаўшых людзей на добраахвотнай аснове — пiшыце на радыё. Для аператыўнай сувязi абавязкова ўкажыце свой тэлефон, пажадана таксама e-mail i хатнi адрас.
ЗНАЙШЛIСЯ!
l Нашы калегi зачытвалi, а мы друкавалi лiст, якi атрымалi з Германii ад Розы Анатольеўны Кажамякiнай (Мелiнг). Жанчына прасiла дапамагчы адшукаць сябровак, з якiмi вучылася ў 1966 годзе ў прафесiйна-тэхнiчным вучылiшчы ў горадзе Какчэтаве ў Казахстане. Сорак гадоў таму яны закончылi навучальную ўстанову i раз’ехалiся па ўсёй вялiкай тады краiне. Блiзкiмi сяброўкамi Розы Анатольеўны былi дзяўчаты з Беларусi Марыя Васiльеўна Комлiк i Любоў Чырко. Быў змешчаны i фотаздымак трох сябровак. Яго ўбачыла дачка Любовi Мiхайлаўны Чырко (цяпер Мiклашэўскай) i патэлефанавала ў “НГ”. Яна паведамiла, што ў iх дома ёсць такое ж фота, i расказала, што матулю можна знайсцi ў вёсцы Фёдараўка Любанскага раёна.
— Няўжо гэта праўда, — ажно заплакала Любоў Мiхайлаўна, калi мы звязалiся з ёй. — Я таксама добра памятаю Розу i збiралася шукаць яе праз расiйскую тэлеперадачу “Жди меня”. А тут вы з такой цудоўнай навiной. Дзякуй вам.
— А як вы трапiлi ў Казахстан?
— Тады вельмi цяжка было выбрацца з вёскi. У Мiнск не атрымалася. А ў Казахстане, у будаўнiчым вучылiшчы ўжо вучылася адна з нашых дзяўчат. Яна i параiла падацца туды. I тры аднакласнiцы: я, Маша Комлiк i Каця Сiнчэня накiравалi туды дакументы i атрымалi выклiк. Калi тата браў у калгасе даведку, яго ўгаворвалi не спяшацца. Я добра вучылася, можна было атрымаць ад калгаса накiраванне на вучобу. Але хацелася рамантыкi. I я не здалася. Так мы пасля 8 класаў апынулiся ў Какчэтаве. Там пазнаёмiлiся i пасябравалi з Розай, немкай па нацыянальнасцi. Вучылiся ў адной групе, удзельнiчалi ў самадзейнасцi, мы з ёй дуэтам спявалi. Пасля размеркавання разам з Розай крыху працавалi. Праз паўгода я прыехала дадому, пазнаёмiлася з хлопцам i назад не вярнулася. Мы яшчэ доўга перапiсвалiся. Потым Роза выйшла замуж, памяняла прозвiшча, i сляды яе згубiлiся. Пра Марыю Комлiк чула, што быццам бы жыве ў Мiнску. Хацелася б знайсцi i яе.
Адрас Любовi Мiхайлаўны ўжо знаходзiцца на шляху ў Германiю. Мы спадзяёмся, што сяброўкi неўзабаве сустрэнуцца.
l Жыхарка Севастопаля Iна Уладзiмiраўна Рымкевiч шукала сяброўку дзяцiнства i юнацтва Святлану Пятроўну Курачкiну (Селяўцову). “Мы рассталiся гадоў 18 таму. У маладосцi сябравалi нашы мамы, калi вучылiся ў медыцынскiм вучылiшчы. Праз многа гадоў мы пазнаёмiлiся са Святланай i толькi па фотаздымку ў сямейным альбоме пазналi, што нашы мацi таксама былi сяброўкамi. Апошняе пiсьмо ад Святланы было пра тое, што яна вельмi хворая. I перапiска абарвалася. Дапамажыце мне знайсцi маю любiмую сяброўку Светачку. Такой другой або нават падобнай сустрэць немагчыма — яна незвычайны чалавек. Я вельмi хачу ведаць, цi жывая яна, бо столькi гадоў чакаю ад яе вестачкi”.
Шаноўная Iна Уладзiмiраўна, у нас для вас прыемная навiна — ваша сяброўка жыве ў Аршанскiм раёне Вiцебскай вобласцi.
l I яшчэ адзiн лiст з Украiны, з горада Данецка. “Пiша вам грамадзянка Украiны рускага паходжання Вера Фяцiсаўна Гаева. У Беларусi пражыла 15 гадоў. Я — выхаванка Адампальскага дзiцячага дома. На Украiну трапiла, калi выйшла замуж. Вельмi люблю Беларусь, кожны год прыязджаю на адпачынак да сяброў дзяцiнства — былых выхаванцаў дзiцячага дома. Вось i сёлета я была ў Мiнску i Гродне. I там мне расказалi, што мяне хтосьцi шукае. Прозвiшчы тых людзей не запомнiлi, а толькi iмёны — Ядвiга Адольфаўна i нейкая Валя”.
Сапраўды, па радыё прагучаў, а мы друкавалi лiст Валянцiны Сцяпанаўны Урбановiч, якая шукала выхаванцаў Адампальскага дзiцячага дома. Калегi патэлефанавалi Валянцiне Сцяпанаўне i перадалi хатнi адрас сяброўкi. Яна абяцала напiсаць на Украiну. Спадзяёмся, што сувязь наладзiцца.
l Алена Сяргееўна з Гродзенскай вобласцi шукала сябра маладосцi Уладзiмiра Сiвакова. Шмат гадоў таму лёс развёў маладых людзей. Але да гэтага часу Алене Сяргееўне не дае спакою думка, што, магчыма, тады яна пакрыўдзiла Валодзю. “Мне нiчога не патрэбна ад яго. Я толькi хачу знайсцi яго i папрасiць прабачэння”, — пiсала жанчына.
Шаноўная Алена Сяргееўна. Уладзiмiр Мiкалаевiч Сiвакоў адгукнуўся i ўспомнiў маладыя гады:
— Лена, я табе дарую. I перадаю прывiтанне. У мяне сям’я, два сыны. Ёсць дачка ад першага шлюбу. У мяне другi шлюб, цудоўна жывём. Дзецi дарослыя ўжо, унукi ёсць.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
“Хачу знайсцi дзядзьку Леанiда Пракопавiча КОЗЕЛА, прыкладна 1929—1930 года нараджэння. У 1939 годзе сям’ю Козел (Аляксандру Яфiмаўну, Пракопа Якiмавiча, Марыю Пракопаўну i Аляксандра Пракопавiча) выслалi ў Валагодскую вобласць. Працавалi яны ў лесе. Пасля вайны дазволiлi вярнуцца на радзiму. Па дарозе Леанiд захварэў, яго паклалi ў бальнiцу ў горадзе Чкалаве. Больш пра яго нiчога невядома. Алена Васiльеўна Яхнавец, Брэсцкая вобласць”.
“Шукаю аднаго добрага чалавека, якi ў гады вайны партызанiў у Свiслацкiм раёне, заходзiў у нашу вёску Грынкi, — Аляксандра БАХЦIНА цi яго блiзкiх. Ён выратаваў мяне ад смерцi. Дзякуючы яго чуллiваму сэрцу я дажыла да сённяшнiх дзён. I хачу падзякаваць яму за гэта цi расказаць родным пра цудоўнага чалавека. Здаецца, ён сам з Вяцкай вобласцi, быў ветурачом. Любоў Давыдаўна Андрэйчык, Гродзенская вобласць”.
Галiну Рыгораўну Шуба са Слуцкага раёна дагэтуль турбуе лёс бацькi Рыгора Герасiмавiча ЛIТВIНЕНКI, 1919 года нараджэння, якога ў жнiўнi 1943 года арыштавалi фашысты. Яго жонка хадзiла ў Слуцк даведацца пра Рыгора Герасiмавiча, але ёй паведамiлi, што яго накiравалi ў Баранавiчы. Ездзiла яна i туды, але слядоў не знайшла.
Звесткi пра брата Iвана Iванавiча АНТАНЮКА, 1927 года нараджэння, ураджэнца вёскi Камень-Каралеўскi Антопальскага раёна Брэсцкай вобласцi, шукае Яўгенiя Iванаўна Чэрнiк. “У армiю ён быў прызваны ў красавiку 1945 года Антопальскiм ваенкаматам. Пiсьмы пiсаў часта. Паведамiў, што яго часць 12235”Д” знаходзiцца за 6 кiламетраў ад Мiнска, пiсаў нешта пра цяжкую артылерыю. Лiсты прыходзiлi са штампам “Проверено военной цензурой” 26541, 24585, 24712, 26966 i iнш. У перадапошнiм пiсьме напiсаў, што “жыццё маё змянiлася. Я ўжо ў iншым дывiзiёне i ў iншай батарэi i, напэўна, будзем вывучаць не пушку, а мiнамёт. А там пераедзем у iншае месца, куды — не ведаю. Таму мне часова не пiшыце”. Апошнi лiст атрымалi ад яго 3 верасня 1945 года. Паведамiў, што знаходзiцца ў Магiлёве. I больш звестак не было. Бацькi памерлi, не ведаючы, што з iх сынам”.
“Мой бацька Мiхаiл Фёдаравiч КОРБАН у 1941 годзе быў прызваны на фронт i да лiстапада 1944 года бiў фашыстаў i вызваляў нашы гарады i вёскi. Прыйшла пахавальная, што ён прапаў без вестак. Можа, адгукнуцца баявыя таварышы бацькi i паведамяць пра яго лёс. Уладзiмiр Мiхайлавiч Корбан, горад Мiнск”.
“Пiша вам жыхарка вёскi Лазавiца Клiмавiцкага раёна Марыя Барысаўна Давыдзенка. Я шукаю брата Аляксея Барысавiча ПАЛIКАРПАВА, 1925 года нараджэння, ураджэнца вёскi Дарашкоўка Шумяцкага раёна Смаленскай вобласцi. Апошняе пiсьмо ад яго атрымалi ў 1944 годзе. Пiсаў, што знаходзiцца ў Германii, у горадзе Браслаў, на перадавой. Пасля вайны мы яго шукалi, але безвынiкова. Зараз спадзяёмся на ваш праект”.
Ганна Рыгораўна Ятчанка з Брагiнскага раёна шукае звесткi пра дзядулю Iвана Нiкiцiча КРАЎЧУКА, 1899 года нараджэння. “Паведамленне пра тое, што ён загiнуў, бабуля атрымала пасля вайны. Будзем вельмi ўдзячныя, калi дапаможаце адшукаць месца яго пахавання. I яшчэ. Мая мама Кацярына Iванаўна Ятчанка просiць дапамагчы адшукаць яе сябра маладосцi Аляксандра Васiльевiча КАЛIТОШУ, 1926—1927 года нараджэння”.
“Пiшу па просьбе сваёй цёткi Тамары Iгнацьеўны Гурчанковай (Шахманавай) з Мiнска. Яна шукае свайго дзядзьку, брата бацькi Барыса Iванавiча ШАХМАНАВА, якi нарадзiўся ў 1915—1916 годзе ў вёсцы Буда Руднянскага раёна Смаленскай вобласцi. Сувязь з iм абарвалася напачатку вайны”.
“Дапамажыце адшукаць бацьку Захарыя Прохаравiча КАЗЛОЎСКАГА, якi ў студзенi 1945 года прапаў без вестак. Сафiя Захарыяўна Кавецкая, Талачынскi раён”.
Звесткi пра бацьку Iосiфа Iванавiча ТАЛКАЧОВА, 1910 года нараджэння, шукае i Надзея Iосiфаўна Талкачова з горада Чавусы. Ён прапаў без вестак у 1944 годзе.
Пра месца пахавання бацькi Данiiла Кузьмiча СВIРЫДАВА, 1914 года нараджэння, хоча даведацца Тамара Данiлаўна Свiрыдава з Магiлёва.
Магiляўчанка Ксенiя Якаўлеўна Шукайлава ў пошуках магiлы бацькi Якава Iванавiча ШУКАЙЛАВА, 1904 года нараджэння, якi ў снежнi 1943 года прапаў без вестак. Магчыма, ён трапiў у палон пад Ржэвам.
“Дапамажыце знайсцi магiлу бацькi Аляксандра Iльiча БЕСКАРАВАЙНАГА, 1903 года нараджэння, ураджэнца сяла Гапонава Караняўскага раёна Курскай вобласцi. Галiна Аляксандраўна Баброва, гарадскi пасёлак Бешанковiчы”.
ПРАЗ ДЗЕСЯЦIГОДДЗI
Пенсiянерка Нiна Антонаўна Вульчанка (Панчанка) з Шумiлiнскага раёна шукае звесткi пра брата, якога не дачакалiся з вайны. “Мой брат Iван Антонавiч ПАНЧАНКА, 1920 года нараджэння, працаваў у дэпо ў горадзе Полацку. Сям’я наша ў той час жыла ў вёсцы Язвiна Шумiлiнскага раёна. Восенню 1940 года праводзiлi мы яго ў войска. Служыў ён у горадзе Запарожжа, у якой часцi, не ведаю, бо мне было тады сем гадоў. Памятаю: калi брат збiраўся на вакзал, узяў мяне на рукi, падняў высока над галавой i сказаў: “Як я вярнуся, ты будзеш ужо вялiкая, закончыш цэлыя чатыры класы”. Тады ў войску служылi чатыры гады, i ён усё падлiчыў. Брат пацалаваў маму, родных, памахаў рукой на парозе i пайшоў. Потым ад яго прыйшло пiсьмо. Дамоў Iван пiсаў рэдка, бо бацькi былi непiсьменныя. Слаў лiсты сястры i брату, якiя жылi ў Вiцебску. Потым была вайна. Звестак ад брата мы не атрымлiвалi, але ведалi, што ён ваюе з фашыстамi. Ваеннае лiхалецце скончылася, а нам прыйшла пахавальная, што ў жнiўнi 1946-га брат прапаў без звестак i пахаваны з усiмi воiнскiмi ўшанаваннямi. Не магу зразумець: як можна пахаваць чалавека, калi невядома, дзе ён. Як змагаўся брат i дакуль? Можа, быў паранены i ляжаў у шпiталi? Цi былi ў яго баявыя ўзнагароды? Калi хавалi з ушанаваннямi, то дзе, у якiм месцы? Пра ўсё гэта хочацца ведаць. Мне зараз 73 гады, але памяць не дае жыць спакойна. Родныя памерлi, так i не даведаўшыся пра Iвана, хоць пiсалi i ў архiў у Падольск, i ў iншыя месцы. У нас выйшла кнiга “Памяць” пра  Шумiлiнскi раён. Туды занесены прозвiшчы многiх жыхароў раёна, а пра майго брата нават не ўспомнiлi”.
Нiна Антонаўна просiць таксама дапамагчы знайсцi сябровак, з якiмi ў свой час вучылася ў Лужаснянскiм сельскагаспадарчым тэхнiкуме. Ведае, што Галiну КУЦЬКIНУ ў 1956 годзе па размеркаваннi накiравалi ў Маладзечанскую вобласць. А Соф’я ТРАШКОВА працавала аграномам у калгасе, дзе чыгуначная станцыя Круляўшчызна. Спачатку сяброўкi пiсалi адна адной пiсьмы, потым сувязь абарвалася.
АПОШНЯЯ ПРОСЬБА
“Напiсаць вам прымусiла пачутае выказванне: “Вялiкi i цяжкi грэх не выканаць просьбу чалавека, якi памiрае”. У мяне менавiта такi выпадак. Дванаццаць гадоў таму памiраў адзiн вельмi добры чалавек, якi прасiў мяне знайсцi Дзмiтрыя Дзмiтрыевiча ЛУНЁВА, 1937 года нараджэння. У 1954 годзе ён закончыў школу № 8 горада Вiцебска i паступiў у Ленiнградскае вышэйшае ваенна-марское тэхнiчнае вучылiшча, якое закончыў у 1959-м. Быў накiраваны ў горад Жыткавiчы ў званнi лейтэнанта. Служыў у ракетных войсках. Iнжынер-хiмiк. У 90-х гадах вайсковую часць расфармiравалi. Прашу адгукнуцца родных, сяброў, знаёмых, якiя ведаюць што-небудзь пра Дзмiтрыя. Мне 70 гадоў, i часу, як разумееце, на пошукi засталося мала. Спадзяюся, што з вашай дапамогай усё атрымаецца. Галiна Вiктараўна Лемеш, горад Мiнск”.
У ГОРЫ I ХВАЛЯВАННI
“Дапамажыце знайсцi сына, 1964 года нараджэння. 9 мая 1996 года ён паехаў на працу ў пасёлак Новафёдараўка Цюменскай вобласцi. Пасялiўся там з брыгадай у iнтэрнаце. 17 мая,  расказвалi жыльцы iнтэрната, у 9 гадзiн вечара сын выйшаў пакурыць i не вярнуўся. Яго брат ездзiў у Новафёдараўку, але дарэмна. I ўсе нашы iншыя пошукi станоўчых вынiкаў не далi. А дома яго чакае сям’я: двое дзетак, хворыя бацькi. Аляксандра Iванаўна Цiхно, горад Баранавiчы”.
Напэўна, у вялiкiм горы i хваляваннi мацi забыла напiсаць, як завуць сына. Калi ласка, будзьце больш уважлiвыя. Iнакш мы не зможам вам дапамагчы.
Любоў Дзмiтрыеўна Супрончык з вёскi Яўсеевiчы Глускага раёна шукае сына Анатоля Мiкалаевiча СУПРОНЧЫКА, 1975 года нараджэння. “28 чэрвеня 2005 года ён паехаў у Санкт-Пецярбург на заробкi, i да гэтага часу нiякiх звестак пра яго няма. Мы ведаем толькi, што 29 чэрвеня 2005 года ў 11.06 ён браў бiлет на поезд № 390 з Мiнска да Санкт-Пецярбурга. Поезд адправiўся ў 12 гадзiн 49 хвiлiн, але цi паехаў на iм сын, невядома. Калi хто-небудзь бачыў яго або ведае, дзе знаходзiцца сын, паведамце мне. Я ўжо не ведаю, што i думаць”.
НЕ ЗАБЫВАЕЦЦА
Вера Сцяпанаўна Губар (дзявочае прозвiшча Навойчык) хоча даведацца што-небудзь пра сваю даўнюю сяброўку, з якой яна не бачылася больш за 15 гадоў. “Завуць яе Вольга ШЧЭРБА (прозвiшча па мужу, на жаль, не ведаю). Жыве ў Ленiнградскай вобласцi. Раней прыязджала да мацi ў вёску Праходы, дзе жыла i я, пакуль не выйшла замуж. Мы з Вольгай пiсалi адна адной пiсьмы, а потым наша сувязь абарвалася. У 1997 годзе памерла яе цётка, i даведацца пра маю сяброўку больш няма ў каго. Спадзяюся на вашу дапамогу. Думаю, што сяброўка мяне памятае. I яшчэ адна просьба. Хачу даведацца пра свайго дзядулю Аляксея Пятровiча ВЯРБIЦКАГА. Бабуля мне расказвала, што ў гады вайны ён быў у канцлагеры ў Любаве. Сведак, хто быў разам з дзядулем, на жаль, ужо няма сярод жывых. Пры жыццi яны расказвалi, што лагер бамбiлi, але, па iх словах, сярод памерлых майго дзядулi не было. Больш пра яго я нiчога не ведаю, а хацелася б атрымаць хоць якiя-небудзь звесткi”.
“Я, Аляксандра Сямёнаўна Пынiкава (Кулiк), шукаю сваiх былых аднакурснiкаў: Аляксандра ЗЛОБIЧА, Лiдзiю АЎТУХОВУ, Вольгу АНТАНОВIЧ, Ганну БАРАНОК. Разам з iмi я вучылася ў Вiцебскiм ветэрынарным тэхнiкуме, якi закончылi ў 1955 годзе. Нас паслалi на працу каго куды, але ў асноўным па роднай Беларусi. Вельмi хочацца сустрэцца з былымi сябрамi цi хаця б даведацца, дзе яны жывуць”.
Пра сябра маладосцi напiсала Зiнаiда Мiхайлаўна Захаранка  з горада Светлагорска. “Прашу знайсцi Мiкалая Лявонцьевiча НОВIКА, 1948 цi 1949 года нараджэння. Вучыўся i жыў у вёсцы Баравiкi Светлагорскага раёна. Яго мацi расказвала, што пасля службы ў армii Мiкалай паехаў у Мiнск. У маладосцi мы з iм сябравалi, а потым пасварылiся. Я вiнаватая перад iм i хачу папрасiць у яго прабачэння”.
АДГУКНIСЯ, АНДРЭЙ!
Казiмiр Баляслававiч Латыш з Наваполацка шукае сябра Андрэя САЛАЎЯ, 1940 года нараджэння. “Раней жыў у Ваўкавыску. 14 чэрвеня 1959 года нас прызвалi на вайсковую службу, якая праходзiла на востраве Новая Зямля. Замест трох мы праслужылi тры з паловай гады i ў лiстападзе 1962-га звольнiлiся ў запас. Я не думаў, што буду доўга жыць, а тут яшчэ i Чарнобыль дабавiў праблем. Многiх хлопцаў нашага прызыву няма ўжо сярод жывых. Стараюся вось знайсцi Андрэя. Высылаю яго фота i вельмi спадзяюся, што ён адгукнецца”.
ДЗЕ ТЫ, БРАТ?
“Мы з братам Мiхаiлам Радзiвонавiчам ШЧАГЛОВЫМ, 1939 года нараджэння, выхоўвалiся ў дзiцячым доме ў Шчучынскiм раёне. Потым яго адправiлi ў Гродна вучыцца на токара. Далейшы яго лёс мне невядомы. Вельмi хачу знайсцi брата i яго сям’ю. Марыя Радзiвонаўна Дарафяйчук (Шчаглова), горад Брэст”.
ПАХАВАНЫ Ў БЕЛЬСКУ ПАДЛЯСКIМ
Мы працягваем друкаваць прозвiшчы савецкiх салдат, якiя загiнулi на тэрыторыi Польшчы i пахаваны на могiлках у Бельску Падляскiм:
АТАМАНЧУК Калiна Мацвеевiч, радавы, 1896 года нараджэння, загiнуў 30 сакавiка 1945 года;
БЯРОЗКАЎ Аляксей (альбо Аляксандр) Антонавiч;
КУЗЬМIЧ Варлаам Нiкiфаравiч, радавы, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Агароднiкi;
ЛЕВIНЮК Антон, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Агароднiкi;
НIГАМЕТЗIНАЎ Марык, старшына;
ШАРНЯКОЎ Мiхаiл Васiльевiч, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Агароднiкi;
ШАЦIН Васiль Рыгоравiч, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Агароднiкi;
ТЫБОЙКА Рыгор Якубавiч, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Агароднiкi;
лейтэнант ХОНIШАЎ (iмя невядома);
лейтэнант НОВIКАЎ (iмя невядома);
лейтэнант НОЗДЗЕРАЎ (iмя невядома);
лейтэнант СЕВАСЦЬЯНАЎ (iмя невядома);
лейтэнант СУРКОЎ (iмя невядома);
АБРАМАЎ (iмя невядома) Максiмавiч, сяржант;
НIКIЦЕНКА Марыя Iванаўна, сяржант.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter