"ПОМНI IМЯ СВАЁ..."

СУСТРАКАЙЦЕСЯ З СЯБРАМI, А МЫ ДАПАМОЖАМ Для сустрэч аднакласнiкаў i аднакурснiкаў няма строга абмежаванай пары года. Летась мы разам з калегамi з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё дапамагалi ладзiць iх, пачынаючы з зiмы. Пiк прыпаў на школьныя вечары, што праводзяцца ў першую суботу лютага, а таксама на вясну i лета. Сёлета ж пошукi сяброў актывiзавалiся ўвосень. I праект “Помнi iмя сваё...” рады прыняць у iх самы актыўны ўдзел.

АДНАКЛАСНIКI, АДНАКУРСНIКI
У рэдакцыю патэлефанавала Людмiла Аркадзьеўна Шарстнёва з Рагачова. Паведамiла, што 18 лiстапада адбудзецца сустрэча выпускнiкоў 1976 года Рагачоўскага медыцынскага вучылiшча, 44-й групы фельчараў.
— Група наша была вельмi дружная, вясёлая, актыўная, — успамiнае былы прафорг. — Старастай была Валя Дзяржыцкая. Хацелася б даведацца пра Славiка БАКШАНСКАГА, Валю ШАПАРКОВУ, Галю МАКСIМАВУ, Вольгу ЛАПЦЕВУ, Вольгу БУКЕТАВУ, Раiсу БОГДАН, Галю ДРАГУН... Прашу адгукнуцца i патэлефанаваць мне ў Рагачоў, хатнi тэлефон 8-02339-3-50-38.
Выпускнiк школы-iнтэрната 1967 года (вёска Бачэйкава Бешанковiцкага раёна) Уладзiмiр Антонавiч Корзан хоча, каб адгукнулiся аднакласнiкi: Вiктар IВАНОЎ (жыў у Вiцебску), Маша КРУКЛIНСКАЯ, Аляксандр ЯНВАРСКI. “У нас былi выхавацелi Ганна Аляксандраўна Зуева i Надзея Тарасаўна (прозвiшча, на жаль, не памятаю), а таксама Ламаносава”.
Святлана Мiхайлаўна Тарноўская (Бурая) з Мiнска адшуквае сваiх сябровак-аднакурснiц. “Адразу ж пасля заканчэння чыгуначнага вучылiшча ў 1977 годзе я выйшла замуж i страцiла сувязь са сваiмi аднакурснiцамi. А зараз вельмi хачу сустрэцца з Тамарай БУСЬКО (прозвiшча дзявочае)”.
Выпускнiца Ашмянскай школы-iнтэрната 1966 года Тамара Кiсель шукае сваiх аднакласнiкаў: Раiсу БУГАЁВУ, Зiнаiду ВЕЛЮЦЬ, Галiну ЖЫДЗЕЛЬ, Галiну КУЛIКОЎСКУЮ, Станiслава МАЦIЕЎСКАГА, Зою АСКЕРКА, Галiну ПАБЫВАНЕЦ, Марыю ПУТРЫЧ, Валянцiну РАМАНЮК, Алену СКАРУЛЬСКУЮ, Нiну ФЯДЗЬКО, Нiну ХВАТ, Зiнаiду ЧАПЛIНСКУЮ, Святаслава ШУНЬКО i Зiнаiду ЯКУБЕНЮ.
“Дапамажыце адшукаць маiх сяброў-аднакласнiкаў. З 1950 па 1960 год я выхоўвалася ў Шклоўскiм дзiцячым доме № 2. Скончылi 10 класаў i раз’ехалiся хто куды. Ведаю толькi, што Мiкалай КАРНАУХАЎ i Васiль РЫЖАНОК — у горад Златавуст. Працавалi там на адным з заводаў. Я шукала iх праз пашпартны стол, адказу не атрымала. Галiна БАШАРЫМАВА i Марыя ЧУПАСАВА (прозвiшчы дзявочыя) паехалi ў Караганду. Ад iх таксама звестак не было. Можа, засталiся iх родныя ў Беларусi i ведаюць, дзе зараз мае сябры. Эма Андрэеўна Ражкова (Мышко)”.
ЗНАЙШЛIСЯ!
l Мiнчанка Жанна Грышкевiч патэлефанавала нам ад iмя сваёй мацi i бабулi. Яна папрасiла ўдакладнiць прозвiшча роднага чалавека. Яго знайшлi ў надрукаваным у “НГ” спiсе ваеннапалонных, загiнуўшых у нямецкiм канцлагеры Цайтхайн.
— Мой дзядуля Анатоль Фiлiпавiч Скурко ваяваў, вярнуўся i амаль 20 гадоў таму памёр, — расказала Жанна. — А вось пра яго роднага брата Аркадзя Фiлiпавiча Скурко да нядаўняга часу мы нiчога не ведалi. На радзiме дзядулi ў вёсцы Новiкi Мядзельскага раёна доўга захоўвалi “Народную газету” i перадалi яе маёй маме i бабулi. Iншых родных у Аркадзя Фiлiпавiча не было, ажанiцца ён не паспеў.
Больш дакладнае месца пахавання Жанне падкажуць у Прадстаўнiцтве Народнага саюза Германii па догляду за ваеннымi магiламi. А мы з калегамi рады, што яшчэ адна сям’я праз шэсцьдзесят гадоў даведалася пра лёс блiзкага чалавека.
l Павел Рыгоравiч Куцiн з Кобрына шукаў родных з такiм жа прозвiшчам. Адгукнуўся жыхар гэтага ж горада Анатоль Канстанцiнавiч Куцiн. Магчыма, яны не родзiчы, але Анатоль Канстанцiнавiч, па яго словах, рады нагодзе пазнаёмiцца з цёзкам па прозвiшчы.
ДЗЕ КАРАНI?
Таццяна Дарафееўна Раманчанка звярнулася да нас па просьбе сваёй сяброўкi Лiлii Георгiеўны Паўлавай (прозвiшча дзявочае), 1940 года нараджэння. Яна шукае сваiх родных. “Мы разам з Лiляй выхоўвалiся ў дзiцячым доме ў Чэрвенi. Потым нас накiравалi ў Казахстан. Я адпрацавала два гады i пераехала ў Мiнск, а Лiля засталася там. Зараз яна жыве ў Германii i вельмi шкадуе, што так далёка ад сваёй радзiмы Беларусi, аднак такое жыццё... Пра сваiх родных яна ведае, што бацька быў ветурачом. У 1943 годзе мацi (Марыя Аляксандраўна Паўлава-Лапiцкая, 21 чэрвеня 1921 года нараджэння) атрымала паведамленне, што ён загiнуў недзе ў Польшчы. У бацькi былi браты, але пра iх нiчога невядома. Мацi памерла ў 1947 годзе i пахавана ў Лагойску. Больш у Лiлi нiкога роднага не засталося, i яна хоча адшукаць свае каранi — ПАЎЛАВЫХ, ЛАПIЦКIХ.
НЕ ГУБЛЯЙЦЕ СЯБРОЎ I КАХАНЫХ
Антанiна Дзмiтрыеўна Новiкава з Вiцебска шукае сяброўку юнацтва Тамару Мiхайлаўну МIХАЛЬЧАНКА. 37 гадоў, як лёс разлучыў iх, i з гадамi ўсё мацней узнiкае патрэба ў сустрэчы. Адчуць у цяжкiя хвiлiны падтрымку блiзкага чалавека, як тады — у шасцiдзесятыя. Антанiна прыехала ў Вiцебск з Гарадоччыны, Тамара — з Лёзненшчыны.
— Пасля 10 класаў мы прыехалi ў Вiцебск i працавалi на фабрыцы “25 гадоў Кастрычнiка” (так называлася раней, потым перайменавалi ў швейнае аб’яднанне “Рассвет”), — узгадвае Антанiна Дзмiтрыеўна. — З Тамарай можна было падзялiцца, пагутарыць. У 1969 годзе яна паехала ў Мiнск, выйшла замуж. Прыязджала да мяне, але мы не змаглi сустрэцца, бо мяне не было дома. Пасля гэтага нашы дарогi разышлiся.
Свайго ваеннага сябра Iвана Афанасьевiча БАГРАЦОВА, 1927 года нараджэння, адшуквае Фелiкс Валянцiнавiч Стэфановiч. З 1944 па 1951 год яны разам служылi ў в/ч 61328,
10-га механiзаванага палка, размяшчалiся ў Асiповiцкiм раёне. Куды толькi нi звяртаўся Фелiкс Валянцiнавiч, каб адшукаць сябра — безвынiкова.
Рэня Васiльеўна Кажамякiна-Лiсок, 1935 года нараджэння, хоча знайсцi свайго школьнага сябра. З Мiкалаем Дзянiсавiчам КАНАВАЛЕНКАМ яны сядзелi за адной партай. Жылi i вучылiся ў вёсцы Нягоўка (цi Нячоўка) Буда-Кашалёўскага раёна. Пасля школы Мiкалай адразу ж пайшоў у армiю. А Рэню ўзяў да сябе ў Свярдлоўск дзядзька. Яны некаторы час перапiсвалiся, апошнi лiст ад Мiкалая прыйшоў 22 сакавiка 1955 года. Тады ён служыў у Прыморскiм краi (горад Уладзiвасток, бухта Вольга). На гэтым сувязь абарвалася. Шмат гадоў жанчына спрабавала знайсцi свайго сябра, аднак безвынiкова. Летась яна даведалася, быццам бы Мiкалай Дзянiсавiч пераехаў жыць у Гомель. Калi так, хай абавязкова напiша цi патэлефануе.
Жыхар Гомеля Рыгор Iванавiч Ярмоленка шукае Аркадзя Iванавiча КРУСА, якi скончыў Гомельскi iнстытут у 1970-х гадах па спецыяльнасцi геолаг i быў накiраваны на працу ў Кобрын.
Паўла ТОРАПАВА, прыкладна 1949—1950 года нараджэння, шукае Лiдзiя Пятроўна Шчарбакова. Яны пазнаёмiлiся ў Полацку ў 1967—1968 гадах. Тады Павел служыў у армii, у Задзвiннi. Сам ён жыў у Пiнску.
Як склаўся лёс у сябра юнацтва Мiкалая Iванавiча СЕМЯНЯКI, хоча даведацца Галiна Аляксандраўна Казакова (Гацыха). Яны не бачылiся 34 гады.
Сваё першае каханне Уладзiмiра СКОЛ-ДЗIНАВА, 1926 года нараджэння, адшуквае Марыя Емяльянаўна Павялiца з Бабруйска. Пазнаёмiлiся яны ў 1946 годзе. Уладзiмiр вучыўся ў лётным вучылiшчы ў Харкаве, а 17-гадовая Галiна працавала бiлетна-багажным касiрам. Пасля вучобы Уладзiмiра накiравалi ў Тбiлiсi. Так разышлiся iх жыццёвыя сцежкi.
Надзея Iосiфаўна Талкачова з Чавус шукае сваiх сябровак АЛУ i РАЮ. “Прозвiшчы iх не памятаю. У 1960 годзе мы разам былi ў Казахстане (Акцюбiнская вобласць, пасёлак Карабутак). Рая была з Гомельскай вобласцi i працавала на пошце. Ала з Мiнска. Iх добра ведае Анатоль НАДВIКОЎ”.
АДГУКНIЦЕСЯ, РОДНЫЯ
Сабiна Валер’еўна Батура са Шчучынскага раёна шукае ўнука Iвана Iосiфавiча БАТУРУ, 14 мая 1989 года нараджэння. Жыў у горадзе Кiрава-Чапецк (Кiраўская вобласць, Расiя). Апошнiя два гады бабуля нiякiх звестак ад унука не атрымлiвала. Ёй ужо 80 гадоў, таму паехаць да яго не можа. На пiсьмы адказаў няма, i назад яны не варочаюцца. Сын аўтара пiсьма Iосiф Тадэвушавiч Батура быў лiквiдатарам аварыi на ЧАЭС. Захварэў i памёр у 1997 годзе, застаўся ў яе толькi адзiн унук.
Вольга Кiшкорна шукае сына Валерыя Iванавiча КIШКОРНА, 1962 года нараджэння, ураджэнца горада Паставы. Спачатку ён жыў у вёсцы Чабусы Любанскага раёна. Адтуль у 1991 годзе паехаў на заработкi ў Хабараўскi край (Верхнягурскi раён, станцыя Алонка). Прыслаў пiсьмо, што паедзе на Сахалiн. Што з iм здарылася, чаму больш нiводнага лiста не даслаў — невядома.
Алена Мiтрафанаўна Дабашынская ў пошуках мужа Казiмiра Мацвеевiча (iмя па бацьку напiсана неразборлiва) ДАБАШЫНСКАГА. Ён нарадзiўся ў Лiтве, у вёсцы Заршыка. “Муж паехаў у вераснi 1964 года ў Карагандзiнскую вобласць. Прысылаў алiменты з калгаса “Энтузiяст” прыкладна ў 1972—1973 гадах. Больш пра яго нiчога невядома. Бацьку шукае i сын Вiктар”.
Свайго стрыечнага брата Анатоля Мiкалаевiча НАВУМАЎЦА (нарадзiўся перад самай вайной, дакладная дата невядома) шукае мiнчанка Ларыса Васiльеўна Кучук (Навумавец). “Мацi Анатоля завуць Ганна, бацьку  — Мiкалай. Ён працаваў настаўнiкам. Яны жылi ў Барысаўскiм раёне. Мы нi разу не бачылiся. А так хочацца знайсцi роднага чалавека. Магчыма, у Барысаўскiм раёне засталiся людзi, якiя ведаюць цi ведалi сям’ю Навумаўцоў?”
НЕВЯДОМЫ САЛДАТ
“Пiша вам жыхарка сяла Дубое Пiнскага раёна Марыя Лiцвiнка. На нашых могiлках ёсць магiла невядомага салдата Вялiкай Айчыннай вайны. Яго пахавалi жыхары вёскi Iван Сямёнавiч Лагодзiч i Зiгмунт Станiслававiч Каспшак. Праўда, яны памерлi, але жыве жонка Зiгмунта, дзецi. Ведаю, дзе гэта магiлка i я”. Спадзяёмся, што гэта зацiкавiць пошукавыя атрады.
УВАГА. ВЫШУК!
Мiнскiм упраўленнем унутраных спраў устанаўлiваецца месцазнаходжанне без вестак прапаўшай Святланы Уладзiмiраўны ЛIСТРАЦЕНКI, 1970 года нараджэння, якая ў 1996 годзе пайшла з дому i да гэтага часу яе месцазнаходжанне невядома. Прыкметы: на выгляд 36 гадоў, рост сярэднi (да 160—174 сантыметраў), валасы прамыя цёмна-русыя, вочы блакiтныя. З дзяцiнства мае псiхiчныя захворваннi. Мiлiцыя просiць грамадзян, якiм вядома месцазнаходжанне прапаўшай, паведамiць па тэлефонах: 267-36-46, 263-02-02, 267-26-39, або 02.
ПОДЗВIГ НЕ ЗАБЫТЫ
Нашы калегi зачытвалi, а мы друкавалi iмёны загiнуўшых савецкiх ваеннапалонных у нямецкiх канцлагерах “Цайтхайн” i “Хамельбург”. У пошукавай рабоце дапамагаў ветэран вайны, удзельнiк вызвалення Беларусi Мiкалай Васiльевiч Дуброўскi. Зараз ён займаецца пошукамi родных i блiзкiх Мiкалая ПАХЛЯБАЕВА, аднаго з удзельнiкаў у справе гауляйтэра Кубэ. У гады Вялiкай Айчыннай Мiкалай Пахлябаеў працаваў дырэктарам нямецкага кiнатэатра ў Мiнску, быў сувязным памiж Марыяй Осiпавай i Аленай Мазанiк. З яго дапамогай было спланавана забойства Кубэ. Мiкалай Васiльевiч Дуброўскi хоча, каб на радзiме Пахлябаева ведалi пра героя.
— Яго родныя — жонка Антанiна Iванаўна, унук Мiкалай, дачка Людмiла, два браты i дзве сястры — жылi ў Маскве. Мiкалай Васiльевiч Пахлябаеў 25 чэрвеня 1941 года быў прызваны ў рады Чырвонай Армii, прымаў удзел у баях з фашыстамi на тэрыторыi Беларусi. Тут быў цяжка паранены, лячыўся ў шпiталi, якi размяшчаўся ў сельгасакадэмii ў Горках, — расказвае М.В.Дуброўскi. — Быў выкуплены ў нямецкай аховы за пяць курыных яек — такая была цана савецкага ваеннапалоннага. Па дакументах ён значыцца прапаўшым без вестак. Мне вельмi хацелася б знайсцi родных гэтага цудоўнага чалавека, якi здзейснiў подзвiг на беларускай зямлi.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
Яўгенiя Iванаўна Маркоўская з Пiнска шукае месца пахавання бацькi Iвана Якаўлевiча МЕЛЬЧАНКI, 1904 года нараджэння, якi ў 1944 годзе прапаў без вестак.
Нiна Iванаўна Клiмава (Вiнакурава) з Наваполацка шукае месца пахавання брата Пятра Iванавiча ВIНАКУРАВА, 1925 года нараджэння. Загiнуў 3 студзеня 1944 года ва Украiне (Запарожская вобласць, хутар Краснадняпроўск). А прызываўся на фронт з Касаланаўскага раёна Марыйскай АССР.
Уладзiмiр Андрэевiч Зуб з Палтаўскай вобласцi Украiны цiкавiцца, цi захавалася магiла загiнуўшага на фронце стрыечнага брата Аляксея Дзянiсавiча ШАЎКАПЛЯСА, 1915 года нараджэння. Загiнуў 7 лiпеня
1944 года i пахаваны ў вёсцы Шчалкоўка Мiнскага раёна.
Мiкалай Iванавiч Гармаза шукае брата Антона Iванавiча ГАРМАЗУ, якi нарадзiўся ў вёсцы Баравое Дзяржынскага раёна ў 1909 годзе (дата нараджэння пазначана недакладна). Прызваны на Вялiкую Айчынную Чавускiм райваенкаматам. У пачатку мая 1945 года Мiкалай Iванавiч атрымаў лiст ад брата, якi быў паранены i ляжаў у шпiталi ў Польшчы. Цi выжыў брат, ён не ведае.
Вiцяблянка Ефрасiння Захараўна Гушчанка (Варзобава) шукае брата. “Васiль Захаравiч ВАРЗОБАЎ, 1921 года нараджэння, ураджэнец вёскi Добрына Рудакоўскага сельскага Савета Вiцебскага раёна, у 1940-м быў прызваны ў армiю. Служыў ва Украiне: Жытомiрская вобласць, горад Корасцень. Прыслаў два пiсьмы i фотаздымак. Апошнi лiст датаваны 3 чэрвеня 1941 года. З фронту паведамленняў не было. Саслужыўца расказаў, што служыў брат у 189-м асобным зенiтна-артылерыйскiм дывiзiёне ў складзе 6-й армii. У вераснi 1941 года трапiў у палон. Частку палонных пагналi на Крэмянчуг. Саслужыўцу ўдалося збегчы i дабрацца дадому. А Васiль так i не з’явiўся. Можа, хто ведае пра яго лёс?”
“Хачу даведацца, дзе пахаваны мой бацька Васiль Дзям’янавiч IСАЧАНКА, прыблiзна 1916—1918 года нараджэння. Прызываўся на фронт хутчэй за ўсё з Ельскага райваенкамата, бо апошнi час мы жылi ў Ельску. Тамара Васiльеўна Мiнiна, горад Валожын”.
“26 красавiка 1945 года ў Германii загiнуў мой родны брат Дзмiтрый Фамiч БАРОК, 1923 года нараджэння. Дапамажыце даведацца, дзе ён пахаваны. Я б з апошнiх сiл туды паехала i пакланiлася зямлi, якая прытулiла брата. Памятаю, бацькi мае ўзгадвалi горад Браслау цi Прынцлаў, дзе быццам бы загiнуў Дзмiтрый. Людмiла Фамiнiчна Шэвялёва, Вiцебская вобласць”.
Свайго брата Iвана Iванавiча ХАЦЬКОВА, 1924 года нараджэння, шукае Галiна Iванаўна Хацькова. “Наша матуля Вольга Фёдараўна памерла, калi мне было ўсяго 9 месяцаў. У 1937 годзе бацьку выслалi ў Варкуту, потым у Казахстан, дзе ён застаўся жыць. Мы з братам жылi ў дзядулi i бабулi (бацькоў таты) у вёсцы Мяжа Вiцебскай вобласцi. Падчас вайны наш дом разбамбiлi. Бабуля i дзядуля згарэлi, а мы з братам згубiлiся. Я жыла ў чужых людзей. У 1950 годзе паехала да бацькi ў Казахстан. Даведалася, што брат быў прызваны на фронт 6 сакавiка 1942 года Усвяцкiм райваенкаматам Вялiкалукскай вобласцi. Як склаўся яго далейшы лёс — невядома”.
Марына Пятроўна Атрошчанка (Дзяцел) шукае месца пахавання брата. Iлля Пятровiч ДЗЯЦЕЛ, 1921 года нараджэння, пайшоў служыць у армiю ў снежнi 1940-га. Перад пачаткам вайны напiсаў адзiн лiст, зваротны адрас быў в/ч 269 ОСБ. Больш нiякiх звестак пра яго няма. Марына Пятроўна шукае таксама знаёмых цi родных. “Мiкалай Цiханавiч ДЗЯЦЕЛ, 1905 года нараджэння, да вайны паехаў працаваць у Маскву. Уладкаваўся ў мiлiцыю на Яраслаўскай чыгунцы. Можа, засталiся яго дзецi?”
“Мая бабуля Вольга Салiфонаўна Трафiмовiч шукае сваю сястру Еву Салiфонаўну КАВЯЦIНЕЦ. Да Вялiкай Айчыннай вайны яны жылi ў вёсцы Вялiкая Вулька Пiнскага раёна. Падчас акупацыi бабулiну сястру вывезлi ў Германiю. З ёй разам былi i аднавяскоўцы. Яны казалi, што Ева пазнаёмiлася з палякам i пасля вайны паехала ў Польшчу. Праз некаторы час ад яе прыйшло пiсьмо (першае i апошняе, зваротны адрас нiхто не памятае). Магчыма, у Польшчы засталiся яе знаёмыя, калi яна на самай справе жыла там. Алена Карнееўна Багурына, горад Брэст”.
Магiлу бацькi Максiма Фамiча МЯЦЕЛIЦЫ, 1910 года нараджэння, шукае Мiхаiл Максiмавiч Мяцелiца. “Пасля вайны прыйшло паведамленне, што бацька загiнуў 3 верасня 1944 года i пахаваны на Украiне: у вёсцы Шарвiнiкi Шахецiнскага раёна”.
У кастрычнiку 1943 года фашысты спалiлi вёску Талiчкоў (цi Талiчкаў) Гомельскай вобласцi, усiх маiх родных забiлi, толькi цудам выратавалася мая матуля, была яна моцна паранена. Некаторы час жылi ў лесе, потым сагналi нас у Азарычы. Пасля вызвалення мы паехалi ў нейкi невялiкi горад, здаецца, Калiнкавiчы. Там памерла мая матуля. I я засталася адна. Больш нiчога з тых падзей не памятаю. Хачу даведацца, дзе пахавана мая мацi i дакладную дату свайго нараджэння. Валянцiна Сцяпанаўна Базыленка, Мiнская вобласць”.
“Хачу знайсцi дзядзьку Леанiда Пракопавiча КОЗЕЛА, прыкладна 1929—1930 года нараджэння. У 1939 годзе сям’ю Козел (Аляксандру Яфiмаўну, Пракопа Якiмавiча, Марыю Пракопаўну i Аляксандра Пракопавiча) выслалi ў Валагодскую вобласць. Працавалi яны ў лесе. Пасля вайны дазволiлi вярнуцца на радзiму. Па дарозе Леанiд захварэў, яго паклалi ў бальнiцу ў горадзе Чкалаве. Больш пра яго нiчога невядома. Алена Васiльеўна Яхнавец, Брэсцкая вобласць”.
“Шукаю аднаго добрага чалавека, якi ў гады вайны партызанiў у Свiслацкiм раёне, заходзiў у нашу вёску Грынкi, — Аляксандра БАХЦIНА цi яго блiзкiх. Ён выратаваў мяне ад смерцi. Дзякуючы яго чуллiваму сэрцу я дажыла да сённяшнiх дзён. I хачу падзякаваць яму за гэта цi расказаць родным пра цудоўнага чалавека. Здаецца, ён сам з Вяцкай вобласцi, быў ветурачом. Любоў Давыдаўна Андрэйчык, Гродзенская вобласць”.

МАЛАДЫЯ ГАДЫ

Мiкалай Васiльевiч Панцялеенка хоча знайсцi свайго сябра юнацтва Аляксандра Васiльевiча ВАСIЛЬЕВА, 1931 года нараджэння. У 1950—1951 гадах яны разам жылi ў iнтэрнаце ў населеным пункце Локса Талiнскай вобласцi (Эстонiя). “У лiстападзе 1951 года мяне забралi ў армiю. Мы перапiсвалiся з Аляксандрам. Праз год яго таксама прызвалi ў армiю ва Улан-Удэ. Перапiска нечакана абарвалася ў канцы 1954 года. Магчыма, пасля армii Саша вярнуўся ў Эстонiю. Захавалася  фотакартка, на якой  ён  з дзяўчынай (здаецца, сяброўку звалi Нiна). А можа, ён пераехаў у Беларусь, хаця сам нарадзiўся ў Расii: цi ў Наўгародскай, цi ў Пскоўскай вобласцi. Калi хто ведае сябра, паведамiце.

50 ГАДОЎ ТАМУ

Ала Фамiнiчна Скрыпчык-Луферчык адшуквае свайго лепшага сябра МОЖАРА Iвана (iмя па бацьку невядома). Ён служыў у армii ў горадзе Дзвiнску ў 1952—1953 гадах. “Я адчуваю сваю вiну перад iм i хачу папрасiць прабачэння”.

ПАХАВАНЫ Ў БЕЛЬСКУ ПАДЛЯСКIМ

Мы працягваем друкаваць прозвiшчы савецкiх салдат i афiцэраў, якiя загiнулi падчас Вялiкай Айчыннай вайны i пахаваны на тэрыторыi Польшчы на могiлках у Бельску Падляскiм.
ШЧАРБАКОЎ Уладзiмiр Васiльевiч, старшына, першапачаткова пахаваны ў мястэчку Браньск;
БАРАНАЎ Аляксандр Сiдаравiч;
БЕЛАБРОДАЎ Рыгор Iванавiч, сяржант;
БЯЛЯВIН Аляксей (альбо Аляксандр) Мiхайлавiч, лейтэнант;
IЖКА Павел Антонавiч;
БАТУРЫН Сямён Iванавiч;
БЯРОЗКIН Георгiй Мiкiтавiч;
ЭБУСАЎ Рыгор Мiкалаевiч, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Агароднiкi;
КIБIСАЎ Георгiй Мiкiтавiч, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Агароднiкi;
ПIКЛIЙ Максiм Сямёнавiч, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Агароднiкi;
ШЭЛЯГ Сцяпан Фёдаравiч, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Агароднiкi;
ЗУЗУЛЬКIН Дзям’ян Нiкiфаравiч;
ТОВIН Георгiй, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Агароднiкi;
МУРАТАЎ Нiкiфар Мiхайлавiч.
СЛАВIКАЎ Iван Мiкалаевiч, радавы;
ШАСТАКОЎ Вiктар Мiкалаевiч, малодшы сяржант;
11 салдат i афiцэраў, iмёны i прозвiшчы якiх невядомыя;
БЕДЧЫКАЎ (iмя невядома);
ХУРУМАЎ В., старшы сяржант, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Шэрнi;
ЧАРНЕНКА Георгiй Лук’янавiч;
ДАРАШЭНКА Iван Данiлавiч, малодшы лейтэнант;
IВАНОЎ Змiцер Паўлавiч, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Агароднiкi;
КУЗЬМIНАЎ Аляксей Васiльевiч, старшы лейтэнант, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Маленнiкi;
РАМАНАЎ Iван, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Агароднiкi;
10 салдат i афiцэраў, iмёны i прозвiшчы якiх невядомыя;
ПАЛАШЧАВА Сафiя, першапачаткова пахавана ў вёсцы Крывяцiчы;
САМУЛЕНЯК (Самулёнак) Станiслаў, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Кнорыды;
СЯМЯНКА Iван, старшы лейтэнант, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Плёскi;
СМОЛЯК Фёдар, радавы, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Шэрнi;
ШУЛIМАЎ Мiкалай Аляксандравiч;
ЦЯЛЮВIН Iван, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Мянкiшы;
УДОВIН Iван Васiльевiч, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Плёскi;
366 салдат i афiцэраў, iмёны i прозвiшча якiх невядомы, першапачаткова пахаваныя ў вёсцы Мянкiшы;
АБРАМАЎ Уладзiмiр Арыстархавiч, радавы.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...”;  e-mail:poisk@radio.tvr.by

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter