"ПОМНI IМЯ СВАЁ..."

Шукайце i знаходзьце адзiн аднаго

КУРСАНТЫ З КАЛIНКАВIЧ
Пiсьмо-просьбу даслалi вучнi групы “Пошук” калiнкавiцкай СШ № 2. “У сувязi з пачаткам Другой сусветнай вайны i неабходнасцю падрыхтоўкi ваенных кадраў для часцей Чырвонай Армii з 13 снежня 1939 года стала фармiравацца ваеннае пяхотнае вучылiшча ў горадзе Калiнкавiчы Палескай вобласцi. У 1941 годзе адбыўся першы выпуск курсантаў вучылiшча. 16—17 чэрвеня маладыя лейтэнанты адбылi да месцаў службы i па прыбыццi ў свае часцi яны ў дотах сустрэлi Вялiкую Айчынную на тэрыторыi Беластоцкай i Гродзенскай абласцей, у Брэсцкай крэпасцi i iншых прыгранiчных раёнах. Пройдзены iмi баявы шлях быў вельмi цяжкiм. Многiя загiнулi, прапалi без вестак або памерлi ў нямецкiм палоне. У сувязi з пачаткам вайны 5 лiпеня 1941 года ў вучылiшчы быў праведзены датэрмiновы выпуск 815 лейтэнантаў, 640 з iх накiравалiся ў маскоўскiя дывiзii народнага апалчэння i адразу былi назначаны камандзiрамi рот. У нашай школе ствараецца музей, прысвечаны ваеннаму пяхотнаму вучылiшчу. Неабходны ўспамiны, франтавыя фотаздымкi, выразкi з газет таго часу. Просiм адклiкнуцца выпускнiкоў вучылiшча, iх родных i блiзкiх”.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
“Пiшу вам па просьбе былога мужа. Родам ён з Алтайскага краю, але вось ужо 25 гадоў жыве ў Магiлёве. Ён хоча адшукаць звесткi пра дзеда Ягора Пятровiча ВАРАБ’ЁВА. Быў сапёрам або мiнёрам. Загiнуў на тэрыторыi Беларусi i пахаваны пад Гродна або Гомелем. У пахавальнай было дакладна напiсана, але яна не захавалася. Антанiна Iванаўна Лукашова, горад Магiлёў”.
Сцепанiда Васiльеўна Шумская шукае магiлу бацькi Васiля Iванавiча ШУМСКАГА, 1910 года нараджэння. “Мама гаварыла, што ў пахавальнай адзначалася, што ён загiнуў пры ўзяццi Брандэнбургскiх варот у красавiку 1945 года. Звярталiся ў Чырвоны Крыж, адтуль паведамiлi, што бацька памёр ад ран i пахаваны ў Польшчы ў горадзе Такiшта”.
“Мой бацька Яўцiхiй Андрэевiч IВОНЧЫК, 1896 года нараджэння, у лiпенi 1943-га быў схоплены фашыстамi i вывезены ў канцэнтрацыйны лагер смерцi “Трасцянец”, як бацька двух сыноў-партызан. З таго часу нiякiх звестак пра яго не было. Мой брат Васiль Яўцiхiевiч IВОНЧЫК, 1926 года нараджэння, у 1944-м з партызан быў накiраваны на фронт. У тым жа годзе прапаў без вестак. Дапамажыце адшукаць месца гiбелi i пахавання бацькi i брата. Аляксандра Яўцiхiеўна Iвончык, горад Мiнск”.
Надзея Мiронаўна Блашкова з Оршы шукае брата Аляксея Мiронавiча БЛАШКОВА, 1922 года нараджэння. Пасля заканчэння вайны прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак.
Надзея Казiмiраўна Пуставойтава хоча даведацца, дзе пахаваны яе браты. Аляксандр Казiмiравiч КАРДАШАЎ падчас вайны абараняў Ленiнград. “Ён пайшоў на фронт добраахвотнiкам, быў зенiтчыкам. Загiнуў 16 сакавiка 1944 года. Другi брат Мiкалай Казiмiравiч КАРДАШАЎ загiнуў пад Сталiнградам у студзенi 1944 года”.
“Наша сям’я жыла ў вёсцы Дубовы Лог Бярэзiнскага раёна. Мой брат Мiкалай Мiхайлавiч КРЫВАШЭЕЎ, 1921 года нараджэння, паступiў у ваеннае вучылiшча, якое скончыў у 1941 годзе. Чакалi яго дадому, але пачалася вайна. Сувязь з братам абарвалася. Хутчэй за ўсё, ён пайшоў на фронт. Пiсьмаў не пiсаў. Пасля вайны прыйшло паведамленне, што ён загiнуў, аднак не было пазначана, дзе пахаваны. Ганна Мiхайлаўна Крывашэева, горад Мiнск”.
“Мой муж Васiль Мяфодзьевiч (iмя па бацьку можа быць недакладным) КУБЫШКIН, 1919 года нараджэння, лейтэнант, служыў у в/ч 79 ОРБ недалёка ад Слуцка. Напачатку вайны iх накiравалi на Мiнск. Прапаў без вестак у першыя днi. Хачу адшукаць яго родных па прозвiшчы Кубышкiны. I месца, дзе загiнуў i пахаваны  муж. Надзея Аляксандраўна Шарава, Мiнская вобласць”.
Месца пахавання бацькi Iосiфа Iванавiча ТКАЧОВА, 1910 года нараджэння, шукае Надзея Iосiфаўна Ткачова. “Прызываўся на фронт Чавускiм райваенкаматам. Можа, хто ведае, дзе ён пахаваны?”
Любоў Рыгораўна Лукашова шукае без вестак прапаўшага падчас Вялiкай Айчыннай бацьку Рыгора Адамавiча ЗАХАРАВА, 1907 года нараджэння, ураджэнца вёскi Хiмы Бабруйскага раёна.
Надзея Рыгораўна Дубiк шукае дзеда Iвана Мiхайлавiча ПЯНЬКОВА, 1906 года нараджэння. Восенню 1941-га пайшоў на фронт. Прызываўся Мурашкiнскiм райваенкаматам Горкаўскай вобласцi. Абараняў Ленiн-град. У вераснi—кастрычнiку 1942 года прыйшла пахавальная. Дзе загiнуў i дзе знаходзiцца магiла, невядома.
Iван Прохаравiч ДОЎЖЫК, 1908 года нараджэння (Васiлевiцкi раён Гомельскай вобласцi), да вайны працаваў ў Смалявiцкiм раёне, на торфазаводзе “Красное знамя”. У 1941 годзе прызваўся на фронт. Са Шклоўскага ваенкамата прыйшло паведамленне, што ў жнiўнi 1943-га ён прапаў без вестак. А праз некаторы час прыйшло яшчэ адно, быццам ён прапаў у вераснi 1944 года. Дачка Валянцiна Iванаўна Доўжык хоча даведацца, што ж здарылася з бацькам.
Маiсей Яфрэмавiч ТРУСАЎ, прыкладна 1900 года нараджэння, ураджэнец вёскi Кадзiна тады Смаленскай вобласцi, восенню 1943-га прызваўся на фронт Манастыршчынскiм райваенкаматам. У 1944-м сям’я атрымала паведамленне, што ён прапаў без вестак, i да гэтага часу пра яго нiчога невядома. Шукае яго пляменнiк Вiталь Аляксандравiч Харсееў з Мiнска.
Валянцiна Мiкалаеўна Казлова ў пошуках брата Мiкалая Мiкалаевiча ФАМIНА. “Мiкалай нарадзiўся ў 1921 годзе ў горадзе Тула (Расiя), быў прызваны на ваенную службу ў красавiку 1941 года. Да 22 чэрвеня служыў у Чарнавiцах (Украiна). Мы атрымалi паведамленне, што ён прапаў без вестак у красавiку 1942 года. Пасля вайны звярталiся ў Падольск, прыйшоў адказ, што Мiкалай служыў у 60-й танкавай брыгадзе. Яе абслугоўвала палявая паштовая станцыя 267. Вось i ўсё, што нам вядома”.
“Адшукваю чатырох братоў: Дарафея Фiлiпавiча, 1914 года нараджэння, Сямёна Фiлiпавiча, 1915 года нараджэння, Патрыяна Фiлiпавiча i Якава Фiлiпавiча ГАЛАШЧОВЫХ, ураджэнцаў вёскi Горкi Бешанковiцкага раёна. Былi прызваны на фронт райваенкаматам i прапалi без вестак прыкладна ў вераснi 1944 года. Можа, хто служыў з iмi i ведае, што здарылася? Фаiна Максiмаўна Салаўёва, горад Вiцебск”.
“Мой муж Макар Мiкалаевiч Казлоў з Берлiна вярнуўся з узнагародамi. Ён быў сапёрам. А два яго браты АНТОН, 1910-га, i IВАН, 1912 гадоў нараджэння, прапалi без вестак. Дапамажыце адшукаць месца iх пахавання”.
РОДНЫЯ ЛЮДЗI
“Дапамажыце знайсцi маю пляменнiцу Надзею Андрэеўну ДУХО-ВIЧ, 1946 года нараджэння. Мацi i бацьку сваiх яна памятае слаба: рана памерлi. Выхоўвала яе бабуля. Пасля сямiгодкi Надзя паступiла ў ФЗА, закончыла вучобу i працавала ў Вiцебску. Там пазнаёмiлася з будучым мужам Анатолем Кандрацьевым, i ён павёз яе да сваiх бацькоў у Лiтву. У 1973 годзе ў iх нарадзiлася дачушка Волечка. Пляменнiца з Вiльнюса прыязджала калi-нiкалi на радзiму. Але вось ужо гадоў пяць, як сувязь абарвалася. Я шмат разоў пiсала на знаёмы адрас i на адрас замужняй дачкi Надзеi, але адказу не атрымала. Да мяне дайшлi чуткi, што пляменнiца моцна хворая. Можа, ёй патрэбна дапамога? Марыя Iсакаўна Паранок, Сенненскi раён”.
Лiдзiя Васiльеўна Каваленка з Чашнiцкага раёна хоча даведацца пра сваю сястру Нiну Васiльеўну СЦЯПАНАВУ. “Сястра жыла ў Валгаградзе, ёй 80 гадоў. Мы пiсалi адна адной, але ўжо пяць гадоў, як сувязь абарвалася. Я ёй паслала нядаўна два заказныя пiсьмы, аднак адказу не атрымала, i пiсьмы мае не вярнулiся. Што ж здарылася з сястрой?”
“Мiнула шмат гадоў, як я рассталася са сваёй сястрой Лiдзiяй Марцiянаўнай САСКАВЕЦ, 1930 года нараджэння. Да вайны мы жылi ў Бярэзiнскiм раёне. Нашу маму звалi Праскоўя, бацьку — Марцiян. Пасля вайны сястра жыла ў Мiнску, працавала ў бальнiцы, дзе лячылiся хворыя на туберкулёз, была поварам. I больш нiчога пра яе не ведаю, бо з 1959 года мы не сустракалiся, не пiсалi i не тэлефанавалi адна адной. Вельмi хацелася б на схiле гадоў пабачыцца з сястрой i пагаварыць. Вольга Мар-цiянаўна Саскавец-Радзiвоненка, Аршанскi раён”.
ДЗЕ ПАДЗЕЎСЯ МУЖ?
Марыя Герасiмаўна Нiкiценка з Акцябрскага раёна шукае мужа Леанiда Аляксандравiча НIКIЦЕНКУ, 1953 года нараджэння, ён з Хойнiцкага раёна. “Калi адбылася чарнобыльская катастрофа, людзей з нашай мясцовасцi высялялi. I з таго часу я не ведаю, дзе мой муж. Са мной ён даўно не жыве, а шлюб не скасаваны. У свой час я была цяжарная, але хлопчык аказаўся мёртвы. Я вельмi гаравала. Потым здарыўся пажар, памерла мама, пайшлi iншыя няшчасцi i пакуты. Але нiчога не зробiш, трэба жыць i пераадольваць цяжкасцi. Са сваiмi праблемамi я пастараюся справiцца. Толькi дапамажыце мне ў пошуку мужа”.
СЦЯЖЫНКАМI ПАМЯЦI
“Дапамажыце знайсцi Уладзiмiра СIВАКОВА. Пазнаёмiлiся мы ў 1968 годзе ў горадзе Мсцiславе. Я жыла там на кватэры, гаспадыню звалi Келя. А яго я называла Воўкам. Гэта быў дабрэйшай душы чалавек. Дружба наша была чыстай i беззаганнай. Аднак злыя людзi нашкодзiлi нам. Я паехала з горада, атрымала адукацыю, работу. Але на працягу 35 гадоў бачу яго ў сне. Я, напэўна, прынесла яму вялiкi боль i крыўду i хачу папрасiць у яго прабачэння. Воўка! Адгукнiся! Алена Сяргееўна, Гродзенская вобласць”.
Пенсiянерка з Пiнска Нiна Iльiнiчна расказала гiсторыю сваёй маладосцi. “У 22 гады ў мяне быў каханы чалавек, стралок-парашутыст лётнай часцi, якая знаходзiлася непадалёку ад нашага горада. Мы збiралiся пажанiцца, але яго па службовых справах накiравалi ў Чыцiнскую вобласць. Пасля дэмабiлiзацыi ён паехаў дамоў у Чувашыю, бо там у яго была хворая мацi. Так атрымалася, што i я доўга чакаць не ўмела i выйшла замуж за яго сябра. Зараз у мяне двое дарослых дзяцей, сын i дачка, чацвёра ўнукаў, трое праўнукаў. Свайго першага ўнука я назвала ў яго гонар — Сяргеем. Чалавека, пра якога пiшу, завуць Сяргей Нiчыпаравiч НIКАНОРАЎ, 1932 года нараджэння. Мне ад яго нiчога не трэба, я не жадаю непакоiць яго сям’ю, проста вельмi хочацца ведаць, як склалася яго жыццё”.
ЗАПАЎ У ДУШУ
“Гэта было 50 гадоў таму. Я, вясковая дзяўчына, паехала ў “горад” — Старыя Дарогi. Ва унiвермагу да мяне прычапiлiся два хлопцы-салдаты. Адзiн з iх пачаў заляцацца да мяне. Я засаромелася i спрабавала збегчы з таго унiвермага. Аднак хлопцы нiчога благога не хацелi мне зрабiць, проста жартавалi. Напружанне спала. Мы пазнаёмiлiся. Я ўжо не памятаю, як iх звалi, толькi на руцэ аднаго была татуiроўка “ТОЛЯ” i лiчбы “1934” (мабыць, год нараджэння). Мы доўга размаўлялi, а потым мне трэба было iсцi. На гэтым i разышлiся. Той малады чалавек з татуiроўкай (Толя) запаў мне ў душу. I колькi я нi хадзiла пасля па горадзе, iх не бачыла. Яны, прыгадваю, служылi ў  Лiепаi, в/ч 22347. Можа, вярнулiся на радзiму пасля армii, i той Толя i зараз жыве ў Старых Дарогах, хай адгукнецца. Нiна Петруковiч”.

ЗНАЙСЦI ЧАЛАВЕКА
l Прыемную вестку атрымае Iна Мiкалаеўна Пляханава (Зяневiч) з Чэрвеньскага раёна. Жанчына шукала сябровак Таццяну Лутовiч i Таiсiю Беразоўскую, з якiмi ў 1981—1982 гадах вучылася ў вучылiшчы № 9 горада Мiнска. Адгуiкнулася Таiсiя Мiхайлаўна Беразоўская.
l Таццяна Васiльеўна Пархоменка з Добруша прасiла дапамагчы адшукаць выпускнiкоў 1972 года Дзям’янкоўскай школы-iнтэрната Добрушскага раёна. Мiнула столькi гадоў пасля апошняга школьнага званка, а жанчына не бачыла сваiх аднакласнiкаў, лепшых сваiх сябровак. На зварот адазвалася Вольга Юр’еўна Лачава.
l Будзе задаволена i мiнчанка Зiнаiда Дзмiтрыеўна Бельская. Яна спадзявалася знайсцi стрыечную сястру Нiну, а таксама родных бацькi Дзмiтрыя Пятровiча Бельскага. Пошукi стрыечнай сястры працягваюцца. А вось родныя па лiнii бацькi пачалi адгукацца. Мы атрымалi лiст ад Iосiфа Уладзiмiравiча Бельскага з вёскi Залессе Петрыкаўскага раёна (вiдаць, стрыечнага брата Зiнаiды Дзмiтрыеўны).
l Напачатку кастрычнiка друкавалася пiсьмо ад Паўла Якаўлевiча Гiрычава з Быхаўскага раёна. Ён шукаў таварышаў, з якiмi служыў у войску. У прыватнасцi, Сяргея Мiкалаевiча Шафарэнку, пра лёс якога не ведаў з таго часу, як закончылi службу i раз’ехалiся. С.М.Шафарэнка знайшоўся, i нашы калегi патэлефанавалi яму.
— Мы служылi разам у Пскоўскай вобласцi, шафёрамi, затым ён быў камандзiрам аддзялення, памкамузвода, — адразу ўспомнiў сябра Сяргей Мiкалаевiч. — Землякi мы i добрыя сябры былi. Я дэмабiлiзаваўся ў 1957 годзе. Працаваў у саўгасе шафёрам, потым на трактары. Маю
3 дзяцей, 8 унукаў, 1 праўнука. Я памятаю многiх саслужыўцаў. А Паўлу хачу пажадаць поспехаў i шмат гадоў жыцця.

Толькi сосны жалобна шумяць

Праз Зялёны Бор павiнна была пралегчы новая дарога. Экскаватар чэрпаў i чэрпаў пясок за агародамi. Коўш перакулiўся ў чарговы раз, i ўнiз пасыпалiся косцi. Работы спынiлi. Па вёсцы пайшла пагалоска, што ў зямлi былi астанкi чатырох чалавек. Валянцiна Аляксееўна Тамiла таксама пачула пра гэта. Але напачатку не звярнула асаблiвай увагi. I толькi пасля працы, задумаўшыся, яна прыгадала ваеннае лiхалецце i чатырох дзяўчат, якiх бязлiтасны лёс закiнуў у iх вёску.

У першыя днi вайны немцы пачалi адбiраць сабе батракоў i вывозiць на працу ў Германiю. Сярод тысяч маладых людзей, якiя выехалi туды, былi чатыры дзяўчыны. Некаторы час яны гнулi спiну ў Германii. Потым захварэлi i гаспадары адправiлi iх назад. Дзяўчат, якiя iшлi пешшу, у Салiгорскiм (тады Старобiнскiм) раёне спынiлi партызаны. Народныя мсцiўцы ахоўвалi вёску Гадзень Доўгаўскага сельсавета (цяпер яна носiць назву Зялёны Бор) ад фашыстаў, якiя хацелi яе спалiць. Знясiленых дзяўчат рассялiлi па сем’ях. Адна з iх кватаравала ў мацi 14-гадовай Валянцiны. На пытанне, як яе iмя, дзяўчына адказала: “Нюрка, так мяне звалi ў вёсцы i ў сям’i”. Сама яна быццам бы была з Жыткавiч. Заходзiла гаворка i пра Петрыкаўскi раён.
Валя пасябравала з Нюркай. Дзяўчаты мелi пры сабе вялiкiя чамаданы, напэўна, самаробныя. Везлi падарункi родным: пацеркi, брошкi, дзiцячыя цацкi. Яны пажылi ў вёсцы некаторы час, акрыялi, падкармiлiся. Затым узялi чамаданы i накiравалiся дадому. А на памяць Валянцiне тая Нюра падарыла брошку i фотаздымак, на якiм яны ўчатырох сфатаграфаваны ў Германii (Нюра другая злева ў спаднiцы i белай блузцы ў гарох). Было гэта (па падлiках) летам 1943 года.
Валя доўга чакала пiсьма ад сяброўкi. Але не дачакалася. Дзяўчаты, вiдаць, так i не дайшлi дадому, загiнулi па дарозе. Хадзiлi нейкiя цьмяныя чуткi, але дакладна нiхто не ведаў.
Усё гэта Валянцiна Аляксееўна ўзгадала, калi даведалася пра страшную знаходку. I падумала: а раптам гэта костачкi тых няшчасных дзяўчат? Усе абставiны сведчаць пра гэта. Чатыры чалавекi, маладыя, рознага целаскладу. Зашчымела сэрца, на вочы навярнулiся слёзы. Назаўтра яна папрасiла мужа i разам яны перапахавалi астанкi на вясковых могiлках. Тады неяк не падумалася пра тое, каб запрасiць спецыялiстаў, нешта высветлiць. Так дзесьцi 23—25 гадоў таму з’явiлася безыменная магiлка, якую старанна даглядалi працавiтыя рукi жанчыны. Да тых, хто тут ляжыць, як да родных, прыходзiлi на Радаўнiцу i iншыя святы, iх успамiналi светла i з жалем. Падрасталi стромкiя сосны, шапацелi лiсцем маладыя дубкi, якiя на сваёй мове расказвалi дзяўчатам пра каханне i шчасце, мiр i радасць.
Iшоў час. Валянцiна Аляксееўна Тамiла занядужала, хвароба прыкавала яе да iнвалiднай каляскi. Але пра магiлку не забылiся. Яе даглядаюць вясковыя жыхары. I ў царкве ставяць свечкi за спачын.
I ўсё ж не дае спакою думка: хто ляжыць у гэтай магiле, як прозвiшчы загiнуўшых дзяўчат? Пра Нюрку i яе сябровак, пра свае сумненнi 77-гадовая Валянцiна Аляксееўна Тамiла расказала Валянцiне Рыгораўне Вiтко з Салiгорска. А Валянцiна Рыгораўна ў сваю чаргу вырашыла звярнуцца за дапамогай да сумеснага пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i “Народнай газеты” “Помнi iмя сваё...” Паралельна яна распытвае пра абставiны, падключае да пошуку знаёмых i сяброў.
— Разам з дзяўчатамi ў вёску прывезлi яшчэ двух хлопцаў, — расказвае Валянцiна Рыгораўна Вiтко, якая зноў ездзiла ў Зялёны Бор, каб удакладнiць асобныя дэталi. — Адзiн з iх (яго нiбыта звалi Валодзя) пайшоў у партызаны, былi звесткi, што ён загiнуў. Другi, Федзя, пасялiўся ў хаце, гаспадар якой захварэў на тыф. Хлопец таксама падхапiў тыф, а потым у яго пачалася гангрэна. Аднялi адну нагу, а праз некаторы час i другую. Лячыла хлопца мясцовы ўрач. Яна пайшла з жыцця каля сямi гадоў назад, таму падрабязнасцей высветлiць не ўдалося. Вiдаць, пасля лячэння яму дапамаглi дабрацца дадому. Хадзiлi чуткi, што Федзя працаваў кiнамеханiкам. Ён пiсаў пiсьмы бабулi, у якой жыў. Але яна таксама памерла, i звестак больш няма.
Магчыма, Федзя ведаў, адкуль былi родам дзяўчаты. Можа, ён i зараз жывы цi засталiся яго родныя, знаёмыя, аднавяскоўцы, каму вядома гэта гiсторыя. З iх дапамогай можна знайсцi родных i блiзкiх загiнуўшых дзяўчат.
Мы таксама верым, што праз дзесяцiгоддзi нехта адшукае хоць магiлку сваiх дачок цi сясцёр, пераканаецца, што яны не прапалi без вестак. Яны загiнулi на той страшнай вайне. I спяць у прыгожым куточку Беларусi. Спадзяёмся, што нам дапамогуць чытачы. Уважлiва паглядзiце на фотаздымак. Можа, хто пазнае знаёмы твар, праз дзесяцiгоддзi ўспомнiць званочкавы смех i летуценнасць тых, хто назаўжды застаўся маладым.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter