"ПОМНI IМЯ СВАЁ..."

— Знаёмая сказала, што ў газеце апiсана мая бiяграфiя, толькi iмя па бацьку iншае, — патэлефанавала ўзрушаная жанчына. Высветлiлася, што Леанiд Iгнатавiч Мармыш з Гродзенскага раёна шукае менавiта яе, Соф’ю Аляксандраўну Мiсевiч.

ЗНАЙСЦI ЧАЛАВЕКА
Леанiд Iгнатавiч звярнуўся да сумеснага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i “Народнай газеты” “Помнi iмя сваё...”, каб адшукаць Соф’ю i яе брата Аляксандра, расказаць iм гiсторыю iх сям’i i паказаць месца пахавання бацькi, мацi i бабулi (“НГ”за 29 верасня г.г.).
Соф’я Аляксандраўна нарадзiлася ў 1938 годзе. Дзiцячая памяць захавала тую пераправу да партызан па Нёмане, пра якую ўзгадваў аўтар пiсьма, i яшчэ сёе-тое.
— Калi бабуля памерла, я бадзялася па вёсках, каб дзе прытулiцца, чаго паесцi, потым патрапiла ў дзiцячы дом, — успамiнае жанчына. — Брата, якi на 5 гадоў малодшы за мяне, не выпускала з поля зроку: наведвала ў дзiцячым доме, хоць дабiрацца туды было складана, толькi пяшком 15 кiламетраў. Даты нараджэння ў дзiцячым доме нам запiсвалi па святах. Мяне запiсалi 1 мая 1938 года. I ўвесь час вельмi карцела даведацца, калi на самай справе я нарадзiлася. I вось мне прыснiўся сон: нiбыта я ў той вёсцы, дзе нарадзiлася, размаўляю з жанчынай на пашы, тлумачу, хто я i пытаюся пра дату нараджэння. А яна адказвае: “4 лютага, у пятнiцу”. Каб удакладнiць, мы паехалi ў вёску Жалудок шукаць царкву, дзе маглi б захавацца запiсы. Аднак высветлiлася, што яе спалiлi немцы. I ў вёску Галынка, дзе я нарадзiлася, з’ездзiлi на могiлкi, але нiхто не змог паказаць месца пахавання нашых родных. А ўдакладнiць названую ў сне дату нараджэння я змагла з дапамогай камп’ютэра: 4 лютага прыпадала на пятнiцу ў 1938 годзе. Вiдаць, той сон быў у руку. А цяпер, спадзяюся, наведаю i магiлкi родных.
ПРА ГIСТОРЫЮ РОДУ
Сцяпан Iванавiч Мiксюк з Мiнска працуе над кнiгай пра гiсторыю свайго роду i таму адшуквае сваiх родных. Брат яго мацi Лук’ян Адамавiч ГУД нарадзiўся ў 1918 годзе ў вёсцы Нова-Высокае Ельскага раёна. Удзельнiчаў у фiнскай вайне. Вялiкая Айчанная застала яго ў мястэчку Ставiскi Белгародскага раёна (Польшча), дзе ён служыў пiсарам. Прапаў без вестак. Родныя шукаюць таксама Вячаслава Цiмафеевiча МIКСЮКА, прыкладна 1914 года нараджэння. Ёсць даныя, што Вячаслаў у 1934 годзе паехаў у Адэсу, быў мараком. Вось i ўсё, што вядома.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
Настасся Цiмафееўна Ражкова шукае братоў цi месца iх пахавання. “Фёдар Цiмафеевч РАЖКОЎ, 1918 года нараджэння (вёска Святазер’е Чавускага раёна), да вайны працаваў у Карагандзiнскай турме. У яго была жонка i дзiця. Пiсьмы дадому не пiсаў i я нават не ведаю, дзе ваяваў. Другi брат Васiль Цiмафеевiч РАЖКОЎ, 1924 цi 1925 года нараджэння, добраахвотнiкам пайшоў на фронт. Па словах вiдавочцаў з суседняй вёскi, загiнуў пад Смаленскам i пахаваны ў брацкай магiле”.
“Я ўжо страцiла надзею знайсцi свайго брата Аляксандра Iванавiча ПАШКЕВIЧА, якога ў 1942 годзе немцы забралi на працу ў Германiю. З таго часу звестак пра яго няма. Брат нарадзiўся ў 1926 годзе ў вёсы Рубель Столiнскага раёна. Адтуль яго i забралi. Можа, хто быў з iм разам i ведае, што здарылася? Агаф’я Iванаўна Стружко”.
“Мой брат Аляксандр Васiльевiч СКАЧОК, 1917 года нараджэння, да вайны жыў з жонкай Валянцiнай i сынам Генам у Смаленску. Адтуль яго накiравалi вучыцца ў Ленiнград. Пачалася вайна, i сувязь абарвалася. Аляксандр пiсаў брату Iвану, якi служыў пад Уладзiвастокам. Апошнi лiст прыйшоў у лiпенi 1943-га. Пiсаў, што цяжка паранены. Прасiў перадаць жонцы i сыну прывiтанне. Больш звестак не было. Можа, ён загiнуў падчас вызвалення Ленiнграда i там дзе-небудзь ёсць брацкiя магiлы? Марыя Васiльеўна Ажойчык, Мiнская вобласць”.
Таццяна Афанасьеўна Гiчанская (Саулiч) шукае брата Антона Афанасьевiча САУЛIЧА, 1908 года нараджэння. Да вайны жыў у Цюменскай вобласцi, сяло Велiжаны. Быў жанаты. Апошняе пiсьмо з фронту напiсаў, калi пад’язджалi да Ржэва.
“Апошнi лiст ад нашага бацькi Яўгена Фёдаравiча УЛЬЧЫКА прыйшоў у кастрычнiку 1944 года. Зваротныя адрасы былi такiя: палявая пошта в/ч 53440 “У”, а таксама в/ч 45436 “У”. Бацька нарадзiўся ў 1916 годзе ў вёсцы Якаўчыцы Жабiнкаўскага раёна. Пайшоў на вайну, па словах мацi, напачатку 1944-га. Ён нават не ведаў, што ў вераснi нарадзiлася дачка Нiна. У кастрычнiку 1946 года прыйшло паведамленне з Жабiнкаўскага райваенкамата, што бацька прапаў без вестак. Можа, дзе захавалiся пра яго звесткi? Алена Яўгеньеўна Курылюк, Жабiнкаўск раён”.
“Дапамажыце адшукаць магiлу бацькi Лаўрэнцiя Мiкiтавiча ГАЛАВАЧА, прыкладна 1900—1902 года нараджэння. Да вайны жыў у вёсцы Кашчына Халопенiцкага раёна Мiнскай вобласцi (зараз Вiцебская). Разам з iм на фронт пайшлi яшчэ два аднавяскоўцы. Дадому нiхто з iх не вярнуўся. У 1944 годзе мацi атрымала пасведчанне, што бацька прапаў без вестак. Валянцiна Лаўрэнцьеўна Галавач, горад Вiцебск”.
“Мая мацi Фаiна Пятроўна Гайдук (Марцiновiч) шмат гадоў адшуквае свайго брата Фiлiпа Пятровiча МАРЦIНОВIЧА. Ён нарадзiўся ў 1920 годзе ў вёсцы Ухлё Чашнiцкага раёна. Перад вайной паступiў у Гомельскi дзяржаўны педiнстытут. Праходзiў сямiмесячныя курсы па геаграфii i прыродазнаўстве. Па некаторых звестках, жыў у Гомелi на вулiцы Ветраная. Быў мабiлiзаваны на вайну i прапаў без вестак. Можа, засталiся якiя-небудзь дакументы пра яго цi яго былыя аднакурснiкi?”
 Iвана Iосiфавiча ДАМАШЭВIЧА, якi нарадзiўся ў 1923 годзе ў Ганцавiцкiм раёне, немцы забралi ў Германiю ў 1943-м. Гэта быў першы набор моладзi з Ганцавiч для працы ў Германii. Iван Iосiфавiч трапiў у канцлагер “Вэдаль” (магчыма, назва недакладная). Потым працаваў недалёка ад Гамбурга. Дадому не вярнуўся. Яго адшуквае брат Фелiкс Iосiфавiч Дамашэвiч.
Ганна Фелiксаўна Воранава (Шушкевiч) шукае брата Рыгора Фелiксавiча ШУШКЕВIЧА, 1922 года нараджэння (вёска Засценкi Пашкоўскага сельсавета Магiлёўскай вобласцi). Скончыў у Маскве палiттэхнiкум. Прыехаў у Магiлёў, адтуль быў адпраўлены на вайну. Прапаў без вестак.
Антанiна Емяльянаўна Панкратава шукае месца пахавання бацькi Емяльяна Трафiмавiча ТРУСАВА. Нарадзiўся ў 1911 годзе ў вёсцы Зломнае Жлобiнскага раёна. “Пайшоў на вайну напачатку яе. З фронту не пiсаў. У красавiку 1944-га мацi атрымала паведамленне, што бацька прапаў без вестак”.
Бацьку адшуквае i брэстчанка Марыя Рыгораўна Якуш. Радавы Рыгор Мiхайлавiч БАНДАРЭНКА, 1906 года нараджэння, ураджэнец вёскi Ястрабка Лоеўскага раёна, прапаў без вестак у маi 1944 года. У якой часцi i дзе служыў, невядома.
“У 1939 годзе мая сястра Марыя Аляксееўна СЫЧОВА была накiравана на працу ўрачом на станцыю Варапаева былой Беластоцкай чыгункi. Захавалася яе апошняе пiсьмо (з 1941 года). Сястра пiсала, што ў жнiўнi збiраецца на адпачынак прыехаць дадому. Пачалася Вялiкая Айчынная. Больш звестак мы ад яе не атрымлiвалi. Ведаю, што на станцыi была размешчана чыгуначная часць НКУС. Можа, знойдзецца чалавек, якi памятае маю сястру. Леанiд Аляксеевiч Сычоў, горад Орша”.
ПЕРАЕХАЛI Ў АРЭНБУРГСКУЮ ВОБЛАСЦЬ
Алена Васiльеўна Мусько (Маркiна) з Гомельскай вобласцi шукае стрыечнага брата Мiкалая Ягоравiча МАРКIНА. “Ён нарадзiўся ў Омскай вобласцi. Бацька, якi быў ваенным, разам з другiм сынам пайшлi на фронт i не вярнулiся. А Мiкалай з мацi пераехалi ў Арэнбургскую вобласць. Ёсць звесткi, што Мiкалай некаторы час жыў у горадзе Бугуруслан. Мяне пасля вайны ў 1946 годзе ў Беларусь прывёз нейкi салдат. Больш нiчога пра сваiх родных, якiя, можа, i зараз жывуць у Арэнбургскай вобласцi, не ведаю”.
ЗАГIНУЛI НА ПЕРАПРАВЕ?
Нiна Васiльеўна Дронава (Адаменка) з Магiлёва шукае звесткi пра бацьку Васiля Сiльвестравiча АДАМЕНКУ, 1901 года нараджэння. “Сам ён быў з беднай сям’i i жыў ў вёсцы Рудня Гарадоцкага раёна. У 1937 годзе працаваў дырэктарам торфазавода “20 гадоў Кастрычнiку” ў Суражскiм раёне Вiцебскай вобласцi. У 1938 годзе бацька паехаў вучыцца ў Горацкую сельскагаспадарчую школу (зараз акадэмiю). Пасля заканчэння быў накiраваны ў Расонскi раён на МТС намеснiкам дырэктара. Перавёз жонку Соф’ю, дачок Галю i Нiну. Калi пачалася вайна, мабiлiзавалi дырэктара МТС, а бацьку пакiнулi на яго пасадзе. Як пачалi акружаць немцы, далi яму групу мужчын, якiх неабходна было вывесцi, i яны накiравалiся ў бок Вялiкiх Лук (Расiя). Было гэта прыкладна ў лiпенi 1941 года (аднак гэта недакладна). Што з iмi здарылася, нiхто не ведае. Можа, загiнулi на пераправе?”
З ДАПАМОГАЙ “ПАМЯЦI”
15-гадовая Таня Насевiч з Капыльскага раёна шукае звесткi пра свайго прадзядулю Фёдара Андрэевiча ЧАРКАСА. “Нарадзiўся ў 1901 годзе. У 1937-м яго забралi i павезлi ў невядомым напрамку. Першае i апошняе пiсьмо сям’i напiсаў з Архангельска, абяцаў забраць да сябе жонку з дзецьмi. На гэтым сувязь абарвалася. У кнiзе “Памяць” напiсана, што Чаркас Ф.А. загiнуў у 1943 годзе, аднак не ўказана дзе. Нiякiх пасведчанняў аб яго смерцi родныя не атрымлiвалi. Можа, у кнiзе пазначаны iншы чалавек?”
Сям’я Ваўчок адшуквае месца пахавання бацькi i дзядулi Мiхаiла Лявонцьевiча ВАЎЧКА, якi загiнуў напачатку 1945 года ва Усходняй Прусii. З кнiгi “Памяць” Гродзенскай вобласцi родныя даведалiся, што ён быў пахаваны ў горадзе Паусвальд (Усходняя Прусiя). Можа, хто ведае, дзе канкрэтна знаходзiцца гэты горад?
ДЗЕ МОЙ ПЕРШЫ МУЖ?
“Мой першы муж Павел Макаравiч БУДЗЯНКОЎ нарадзiўся ў 1918 годзе ў вёсцы Першына Горацкага раёна. Пайшоў на фронт восенню 1943 года. Напiсаў толькi адно пiсьмо. Летам 1944-га прыйшло паведамленне, што прапаў без вестак. Аднак пасля вайны аднавясковец нiбыта бачыў яго ў Расii, у Тамбове. Быў ён у званнi лейтэнанта. Аднак доказаў такой iнфармацыi не было. Ды i не хацелася верыць, што ён пакiнуў мяне i недзе жыве адзiн (цi з iншай). Мне ўжо 81 год. У мяне дарослыя ўнукi, ёсць праўнукi. Прайшло, здаецца, усё жыццё. А непакоiць адна думка: дзе ж мой першы муж, першае каханне? Марыя Сямёнаўна Странадкiна, горад Мiнск”.
САСЛУЖЫЎЦЫ I СЯБРЫ
Мiхаiл Iванавiч Коканаў з Магiлёўскай вобласцi хоча адшукаць сваiх салдат. “130-я таганрогская дывiзiя закончыла вайну на тэрыторыi Чэхаславакii. Пасля мы дайшлi да Брэста i размясцiлi нас у Паўночным гарадку. Я быў памочнiкам камандзiра ўзвода. У 1948 годзе прыбыло папаўненне: у асноўным з Мiнскай вобласцi (Рудзенск), вельмi добрыя хлопцы. Мы паважалi адзiн аднаго i сябравалi, нягледзячы на ўзрост i званне. Можа, хто прыгадае мяне, буду вельмi рады. I яшчэ. У 1941 годзе я скончыў Чэрнякоўскую сямiгодку. У нас быў вельмi прыгожы i добры класны кiраўнiк Валянцiна Аляксандраўна МАКОВIЧ, здаецца, з-пад Бабруйска. Можа, хто ведае, як склаўся яе лёс?”
Сваiх саслужыўцаў шукае Мiкалай Мiхайлавiч Жыгайла, 1941 года нараджэння. Ён служыў у в/ч 2139 ОКПП горада Выбарг Ленiнградскай вобласцi з 1961 па 1964 год. Усе саслужыўцы з Мiнска: Яўген ДРАНIЦА, Сцяпан ДРОЗД, Мiхаiл ТРУБЧЫК, Аляксандр ШАПКО, Вячаслаў ЦIХАНАЎ i iншыя. Аўтар пiсьма да таго ж усё жыццё адшуквае месца пахавання бацькi Мiхаiла Рыгоравiча ЖЫГАЙЛЫ, 1909 года нараджэння. Прапаў без вестак у красавiку 1945 года. Прызываўся Высокаўскiм райваенкаматам.

Вiцебчанка Лiдзiя Сямёнаўна Акiф’ева (Яжгурава) падчас Вялiкай Айчыннай страцiла амаль усiх родных па мужчынскай лiнii. Калi пачалася вайна, ёй было ўсяго 3 месяцы. Сям’я была вялiкая: 6 дзяцей. А жылi яны ў вёсцы Цяцерына Круглянскага раёна. Пра свайго бацьку Сямёна Iванавiча яна ведае са слоў мацi Надзеi Харытонаўны. Лiтаральна на чацвёрты дзень вайны бацька добраахвотнiкам пайшоў на фронт, нягледзячы на ўсе ўгаворы мацi: усё ж 6 дзяцей на руках заставалiся. Пайшоў i не вярнуўся. I нiводнай вестачкi не даслаў з фронту, мабыць, па прычыне сваёй непiсьменнасцi. Закончылася вайна i распачаўся пошук.
— Мы з сястрой пiсалi ў Падольск, — узгадала Лiдзiя Сямёнаўна. — I адтуль прыйшла першая вестачка, што наш бацька, стралок 5 палка (якой часцi, не паведамiлi), прапаў без вестак у лютым 1942 года.
У пошукавую эпапею сваю лепту ўнёс i брат Сямёна Iванавiча.
— Дзядзя, стрыечны бацькаў брат, сустрэўся з iм у лесе пад Смаленскам. Гэта быў 1941 год. Сказаў яму: “Сямён, я пагавару са сваiм камандзiрам, папрашу, каб перавёў цябе да нас”. I дамовiўся з татам, каб праз паўгадзiны той падышоў на гэта месца, ён забярэ брата i да камандзiра завядзе, — працягвае жанчына. —  Але тут наляцелi нямецкiя самалёты. Пасля бамбёжкi дзядзька падышоў туды, але бацьку так i не знайшоў.
Iшлi гады. У сярэдзiне 1950-х Лiдзiя Сямёнаўна пераехала з Латвii, куды забраў яе брат бацькi, ва Украiну да старэйшай сястры. I зноў узнавiлi пошук.
— Я патэлефанавала ў Падольск. Там паглядзелi па камп’ютэры i кажуць, што Яжгураў Сямён Iванавiч, ураджэнец Магiлёўскай вобласцi (назвалi, колькi дзяцей засталося, як зваць жонку), прапаў без вестак у чэрвенi 1944 года.
А тым часам на бацькаўшчыне да родных прыйшлi работнiкi Круглянскага райваенкамата i дапытвалiся пра сям’ю Яжгуравых, пакiнуўшы ў сэрцы блiзкiх маленькую надзею. Надзея знайсцi хоць якi-небудзь след Сямёна Iванавiча ЯЖГУРАВА жыве больш за 60 гадоў. Яго родныя адзiн за адным адыходзяць з жыцця, даючы наказ жывым: знайсцi месца пахавання i пакланiцца яго магiле. Такi ж запавет i ў адносiнах прапаўшых без вестак братоў бацькi i мацi.
— Яшчэ я шукаю свайго дзядзьку Паўла Iванавiча ЯЖГУРАВА. Ён быў старшынёй сельскага Савета, камунiст. Правая рука была паралiзавана, таму ў армiю не ўзялi. Калi прыйшлi немцы, вясковы здраднiк Лявон данёс на яго. Немцы дзядзьку забралi i, па расказах, недзе спалiлi. Хачу знайсцi i Пятра Iванавiча ЯЖГУРАВА. Да вайны ён працаваў дырэктарам школы ў Вiцебскай вобласцi (тады Сiроцiнскi раён, цяпер Шумiлiнскi). Разам з iм працавала настаўнiцай палячка Зося. Калi пачалася вайна, дзядзька быў непрызыўнога ўзросту. Ён сказаў жонцы: “Калi сюды прыйдуць немцы, мяне расстраляюць: я ж камунiст. Таму iду ў партызаны.” З iм была i Зося. Пайшлi ў Польшчу. З таго часу мы нiчога не ведаем пра яго.
Лiдзiя Сямёнаўна спадзяецца даведацца таксама пра самага меншага матулiнага брата Сяргея Харытонавiча МАРОЗАВА. Ён быў шафёрам у вёсцы. У час вайны пайшоў без павесткi на фронт. Пiсьмаў ад яго не было. Пасля вайны яго сябар сказаў цётцы: “Я сустракаў Сяргея ў Цёплым лесе”.
— Мне б вельмi хацелася знайсцi магiлы маiх родных i выканаць волю сваiх памерлых сясцёр i братоў i мамы, — спадзяецца жанчына.

ПАХАВАНЫ Ў БЕЛЬСКУ ПАДЛЯСКIМ

Мы пачынаем друкаваць спiсы савецкiх салдат, якiя загiнулi ў час Вялiкай Айчыннай вайны i былi пахаваны ў Бельску Падляскiм (Польшча).
АГАНЬШЫН, ГРУШЫН, ГУСЕЎ, IВАШКIН, ЕРМАКОЎ, КРЭТАЎ, МАРОЗАЎ, ПАЛЯКОЎ, САФРОНАЎ, ШАСТАКОЎ — загiнулi 18 жнiўня 1945 года, першапачаткова пахаваны на Ратушнай плошчы Бельска Падляскага;
АХНАЗАРЫН Антон Аркадзьевiч, старшы сяржант, БАСАЛКЕВIЧ Лявон Пятровiч — загiнулi 27 жнiўня 1944 года, першапачаткова пахаваны на Чыгуначнай плошчы Бельска Падляскага;
ФIЛIМОНАЎ Сяргей Iванавiч, сяржант, загiнуў 26 чэрвеня 1945 года, першапачаткова пахаваны на Чыгуначнай плошчы Бельска Падляскага;
ГУБАН Павел Iванавiч, лётчык, загiнуў 24 лютага 1945 года, першапачаткова пахаваны на Чыгуначнай плошчы Бельска Падляскага;
КАБАНАЎ Ян Сцяпанавiч, КРУКАЎ Ян Пятровiч, ЛIНЮК Антон Пятровiч, МАСЛЕНКА Сямён Сямёнавiч, РУБЯНЦОЎ (Дзмiтрый) Змiцер Iльiч, ВАРАБ’ЁЎ Васiль Мiхайлавiч першапачаткова пахаваны ў мястэчку Агароднiкi.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter