"ПОМНI IМЯ СВАЁ..."

Апошнiм часам здаецца, што выхаванцы Адампальскай школы-iнтэрната будуць ладзiць адразу некалькi сустрэч. Пасля звароту Валянцiны Сцяпанаўны Урбановiч адгукнулiся яе аднакласнiкi, якiя скончылi школу звыш 40 гадоў таму. А лiтаральна днямi Марыя Антонаўна Кучун расказала, што яе брат Антон Антонавiч Фалько таксама знаходзiўся ў школе-iнтэрнаце, але пазней, у 70-я гады, i хацеў бы пабачыцца са сваiмi аднакласнiкамi.

ПIСЬМЫ З ДАМАВIЦКА
“Народную газету” выпiсваю ўжо 15 гадоў. Калi з’явiўся ваш праект, у душы зацеплiлася надзея знайсцi сваiх сябровак, з якiмi разам вучылiся ў вучылiшчы № 9 г.Мiнска ў 1981—1982 годзе. Прафесiя — кранаўшчык. Iх год нараджэння, можа, 1963—1964-ы. Таццяна ЛУТОВIЧ (iмя па бацьку не памятаю) жыла ў Любанскiм раёне, вёска Таль. А вось з другой сяброўкай Таiсiяй Мiхайлаўнай БЕРАЗОЎСКАЙ (прозвiшча дзявочае) сувязь перарвалася дзесьцi ў 1986 годзе. Яна напiсала, што атрымала кватэру ў Мiнску на вулiцы Русiянава. Мужа звалi Леанiд. Працавалi яны на МАЗе. Вельмi хачу ўбачыць iх, даведацца, як склалася жыццё. Iна Мiкалаеўна Пляханава (Зяневiч), вёска Дамавiцк, Чэрвенскi раён”.
На рабоце Iна Мiкалаеўна сказала жанчынам, што будзе шукаць сябровак. Яе калега Марыя Мiхайлаўна Пiльневiч папрасiла знайсцi зводнага брата.
“Шукаю свайго брата ад першага шлюбу бацькi. Завуць яго Валерый Мiхайлавiч ПIЛЬНЕВIЧ, год нараджэння прыблiзна 1966-ы. Нарадзiўся ў вёсцы Задуб’е Брэсцкай вобласцi. Мацi звалi Яўгенiя. Па апошнiх звестках, яны памянялi месца жыхарства ў сувязi са здароўем мацi i паехалi ў Прыбалтыку”.
I яшчэ адна просьба ад нашай чытачкi, якая спадзяецца, што мы дапаможам жыхарцы вёскi Дамавiцк.
Наталля Мiхайлаўна Забаўская (Паныш) адшуквае сяброўку юнацтва Марыю КАРЖОВУ (Гарбацэвiч). Год нараджэння прыблiзна 1956—1957-ы, ураджэнка  Стаўбцоўскага раёна. Жылi разам у iнтэрнаце на вулiцы Чыгуначнай у Мiнску. Працавала на будоўлi маляром, ДБК-1. Сяброўкi не бачылiся 30 гадоў.
АДНАКУРСНIЦЫ, СЯБРОЎКI
“Мая аднакурснiца Галiна Сяргееўна МАЛАХВЕЙ (прозвiшча дзявочае) нарадзiлася 2 мая 1950 года ў вёсцы Сяргеевiчы Слонiмскага раёна. У 1970-м была прынята на падрыхтоўчае аддзяленне, а ў 1975 годзе закончыла фiзiка-матэматычны факультэт Гродзенскага педiнстытута (у гэты ж час у медiнстытуце вучылася яе сястра). Былi звесткi, што Галя выйшла замуж i паехала ў Калiнiнград. Але на мой запыт адказалi, што нi ў горадзе, нi ў  вобласцi яна не была прапiсана. Пiсала ў вёску Сяргеевiчы на сельсавет, прасiла перадаць пiсьмо каму-небудзь з родзiчаў. Нiхто не адказаў. Наша група збiраецца кожныя пяць гадоў, i толькi Галiн адрас мы не ведаем. Ларыса Мiкалаеўна Сялiхiна, Гродна”.
“Шукаю Тамару Сяргееўну ДЗЕМIДОВIЧ, 1936 года нараджэння, ураджэнку Капыля. У 1959-м яна скончыла Мiнскi педагагiчны iнстытут iмя М.Горкага. Нейкi час працавала ў Дабрынеўскай школе Лагойскага раёна. Выйшла замуж (1962—1964 гады). Магла змянiць прозвiшча. Яе муж Уладзiмiр гiдролаг цi геолаг, меў пастаянную прапiску ў Мiнску. Эма Станiславаўна Марцынкевiч, Барысаўскi раён”.
НА СУВЯЗI АШУЛУК
У 1976—1981 гадах Канстанцiн Валянцiнавiч Мацюрэнка вучыўся ў Даўгаўпiлскiм авiяцыйна-iнжынерным вучылiшчы. Памятае таварышаў па вучобе на факультэце эксплуатацыi лятальных апаратаў i рухавiкоў i афiцэраў-настаўнiкаў, што дапамагалi спасцiгаць ваенную навуку i жыццёвую мудрасць. Наша калега з радыё сустрэлася з падпалкоўнiкам Мацюрэнкам на палiгоне Ашулук у Астраханскай вобласцi. Больш за 18 гадоў ён служыць у цэнтры падрыхтоўкi баявога прымянення зенiтных ракетных войскаў Расiйскай Федэрацыi. Канстанцiн Валянцiнавiч прыгадаў таварышаў па вучылiшчы, ураджэнцаў Беларусi Сяргея КУНIЦЫНА i Аляксея БЕКШУ. Спадзяемся, што яны адгукнуцца.
СУСТРЭЧА НЕВЯДОМЫХ ГЕРОЯЎ
“На жаль, усё менш застаецца ветэранаў Вялiкай Айчыннай вайны. Гэтыя людзi цаной нечалавечых намаганняў выратавалi Радзiму (i не толькi) ад фашызму. Наша бязмежная падзяка iм за гэта. Але многiя з iх i прызваныя ў Савецкую Армiю ўжо пасля вайны здзейснiлi не менш значны подзвiг — выратавалi чалавецтва ад ядзернай катастрофы. Я маю на ўвазе тых, хто служыў у ракетных войсках стратэгiчнага прызначэння i iншых вiдах узброеных сiл, якiя забяспечвалi ваенны парытэт з тады яшчэ больш чым рэальным працiўнiкам. Цi шмат мы сёння ведаем пра гэтых людзей i тыя падзеi, што ўвайшлi ў гiсторыю ўсёй цывiлiзацыi, якую яны змаглi ўратаваць. А многiя ж з гэтых невядомых герояў нарадзiлiся i сёння жывуць у Беларусi. Нiколькi не прынiжаючы подзвiг авiятараў, падводнiкаў, пагранiчнiкаў, разведчыкаў, напярэдаднi 50-годдзя палiгона Сарышаган (Балхашскага палiгона), 40-годдзя стварэння палiгона (затым i касмадрома) Плесецк, 60-годдзя Капусцiнага Яра (палiгона i касмадрома), 60-годдзя стварэння 1-й брыгады Асобага прызначэння РВГК... — ды столькi яшчэ памятных дат у маiм асобым календары, прашу адгукнуцца тых, хто меў непасрэдныя адносiны да гэтых падзей або iх родзiчаў (можа, у iх захавалiся матэрыялы, дакументы). Паколькi да Масквы (а тым больш да названых пунктаў) сёння далёка, можа, ёсць сэнс арганiзаваць (у Мiнску, Слуцку) сустрэчу ветэранаў Ваенна-Касмiчных сiл Мiнiстэрства абароны СССР, узяўшы, скажам, за аснову 13 мая — дзень прыняцця рашэння аб стварэннi палiгона КапЯр або 4 кастрычнiка (калi ў Расii адзначаецца Дзень ваенна-касмiчных сiл). Я гатовы прыняць у падрыхтоўцы такога, на мой погляд, карыснага (у першую чаргу з пункту гледжання патрыятычнага выхавання) мерапрыемства самы актыўны ўдзел. У маiм архiве вялiкая колькасць сабраных за дзесяцiгоддзi матэрыялаў, у тым лiку i унiкальных. Адгукнiцеся, ветэраны! Уладзiмiр Ларыёнаў, горад Гомель”.
БАБУЛЯ ШУКАЕ БРАТА
 “Пiшу ад iмя сваёй бабулi Ефрасiннi Iванаўны Шкоп. Сёлета ёй споўнiлася 97 гадоў. Мы позна спахапiлiся з пошукамi яе брата Рыгора Iванавiча ШКОПА, вельмi позна. Але ўсё ж... Мацi маёй бабулi Еўдакiя Карпаўна, бацька Iван Васiльевiч Шкоп. Падзеi тых гадоў, як я зразумела, адносяцца да часоў Першай сусветнай вайны, таму што, як кажа бабуля, паехалi ў Расiю з-за таго, што “немец пайшоў”. Ёй у той час было 6 гадоў, а нарадзiлася яна ў 1909-м. Вярнулiся на радзiму напярэдаднi зiмы: голад. Бацька памёр яшчэ ў Расii. З-за хваробы мамы брату Мiшу (тады яму было 14) давялося адвесцi бабулю i другога брата Грышу ў прытулак “Дубiца”, у кiламетры ад Брэста, за два кiламетры ад чыгуначнай станцыi. Прытулак быў часовым. Пазней дзяцей размяркоўвалi па пастаянных. У Дубiцы яны прабылi месяц. Спалi на саломе, брудныя, нямытыя. Праз некаторы час дзяцей вымылi, пераапранулi. Грышу накiравалi ў Брэст на лячэнне, а бабуля трапiла ў прытулак у Кобрыне. Iх шляхi разышлiся на ўсё жыццё. Мацi маёй бабулi хутка памерла. Бабуля засталася сiратой. Зараз яна жыве ў мяне. Спадзяёмся, што мой лiст пачуе цi прачытае Рыгор Iванавiч Шкоп i адгукнецца. А можа, хто-небудзь ведае пра яго лёс — напiшыце. Святлана Iосiфаўна Кузьмiч, горад Брэст”.
ДЗЕ БАЦЬКАВА МАГIЛКА?
“Мой бацька Герасiм Апанасавiч БЕЛЯНОВIЧ, 1900 або 1901 года нараджэння, ураджэнец вёскi Галiца Мiнскай вобласцi, да Вялiкай Айчыннай вайны жыў з сям’ёй (нашай мамай i 4 дзецьмi) у вёсцы Юхнаўка Каладзiшчанскага сельсавета Мiнскага раёна. Працаваў старшынёй калгаса “Перамога” гэтага ж раёна. 27 чэрвеня 1941 года ён разам са сваёй партарганiзацыяй (быў членам партыi) паехалi, каб не застацца ў акупацыi. У Оршы iх мабiлiзавалi, i ён з баямi дайшоў да Тулы. У Тульскай вобласцi трапiў у акружэнне, збег з палону i прабiраўся дамоў да сям’i. Прыйшоў дадому дзесьцi ў канцы лiстапада або пачатку снежня 1941-га. Дома не прабыў i сутак, стараста данёс на яго. Ноччу прыехалi немцы, збiлi яго, але не забралi: загадалi з’явiцца ў камендатуру, а калi не з’явiцца — заб’юць усю сям’ю. Назаўтра ранiцой ён пайшоў, мама сказала, што ў Мiнск. Прыкладна тыднi праз два прыслаў вестачку, што знаходзiцца ў лагеры ваеннапалонных каля парка Чэлюскiнцаў. Мама яго адшукала, дамовiлася, што можна выкупiць. Але калi прыйшла з выкупам, яго ў лагеры не аказалася. Гэта ўсё са слоў мамы. Пасля вайны мама яго доўга шукала. У 1949 годзе прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак у кастрычнiку 1944 года. Магчыма, мацi нам штосьцi не дагаварыла, яе цяпер з намi няма. Але з паведамлення вынiкае, што ён да кастрычнiка 1944 года быў жывы i знаходзiўся на вайне. I гэты боль па сённяшнi дзень у маiм сэрцы, а мне ўжо 77 гадоў, а таксама брата i сястры (і яны сталага ўзросту). Просiм вас даведацца хаця б, дзе яго магiлка. Марозава Алена Герасiмаўна, горад Мiнск”.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
“Адшукваю сваiх родных братоў, якiя прапалi без вестак у гады Вялiкай Айчыннай вайны. Бранiслаў Iосiфавiч НАРКЕВIЧ нарадзiўся прыблiзна ў 1915 годзе ў вёсцы Студзёнка Хутарскога сельсавета Чэрвенскага раёна. Пайшоў па прызыву ў дзеючую армiю ў 1941 годзе. Вестак ад яго не было. Другi брат Мiхаiл Iосiфавiч НАРКЕВIЧ нарадзiўся прыблiзна ў 1917—1919 годзе, таксама ў Студзёнцы. У пачатку вайны праходзiў тэрмiновую службу ў дзеючай армii на савецка-польскай мяжы. Прызваны прыблiзна ў 1938—1939 гадах, вярнуцца павiнен быў восенню 1941-га. Да прызыву працаваў дырэктарам школы ў вёсцы Прусы Крываносаўскага сельсавета Старадарожскага раёна, адкуль i быў прызваны ў армiю. Франя Iосiфаўна Баранава, горад Мiнск”.
“Я, Марыя Пархiмаўна Клiмовiч, шукаю свайго брата Мiхаiла Пархiмавiча МАТУСЕВIЧА, 1922 года нараджэння, нарадзiўся ў вёсцы Бор Пухавiцкага раёна. Служыў у Асiповiчах. Узяты ў палон у 1940—1941 годзе i вывезены ў Германiю. Везлi яго праз Пухавiчы i Вендзеж, i праз акно ў Вендзежы ён выкiнуў запiску, што яго павезлi ў Германiю. Абходчык знайшоў запiску i прынёс нам. Дапамажыце адшукаць, дзе брат пахаваны, i даведацца, што з iм здарылася”.

НА БРАЦКIХ МОГIЛКАХ У ГЛОТАВЕ

Памяць
Да нас па дапамогу звярнуўся ўнук радавога 314-га стралковага палка, 46-й стралковай дывiзii Iвана Андрэевiча АЎРАЙЦЭВIЧА, 1922 года нараджэння, ураджэнца вёскi Вытрэскi Крывiцкага раёна Вiлейскай (цяпер Мядзельскага раёна Мiнскай) вобласцi.
— Мой дзядуля са сваiм родным братам Мiхаiлам, 1924 года нараджэння, у 1944-м добраахвотнiкамi пайшлi на фронт, — пачынае свой аповед жыхар Маладзечна Сяргей Мiхайлавiч Васiлевiч. — Вясной 1945 года яго жонка, мая бабуля Ганна Фамiнiчна Аўрайцэвiч (Дземашкевiч) атрымала паведамленне аб тым, што яе муж, якi знаходзiўся на фронце, забiты 15 студзеня 1945 года. Пахаваны ў Польшчы, правы бераг Вiслы, пасёлак Глотава.
Па ўспамiнах жа брата, Iван Андрэевiч 15 студзеня 1945 года яшчэ быў жывы. Мiхаiл Андрэевiч у канцы лютага быў цяжка паранены, i далейшы лёс брата яму невядомы. Са слоў М.А.Аўрайцэвiча баi тады iшлi ў раёне Усходняй Прусii i Польшчы.
— У маi—чэрвенi 2005 года мы з мацi (дачкой Iвана Андрэевiча Аўрайцэвiча) Раiсай Iванаўнай Васiлевiч наведалi Рэспублiку Польшча, каб адшукаць магiлку, — расказвае Сяргей Мiхайлавiч. — У мясцовай школе горада Ружан нам патлумачылi, што вёскi Глотава (варыянт Глодава) у гэтым i суседнiх ваяводствах няма. Такая вёска ёсць толькi ў гмiне Добрэ Място Ольштынскага ваяводства. З’ездзiлi мы i ў вёску Глотава, былы нямецкi населены пункт. Мясцовы ксёндз Марэк Прозек параiў наведаць мясцовага жыхара, ветэрана вайны Яна Валадзько.
Лёс пана Янэка пераплецены з лёсам многiх насельнiкаў Радзiмы, якой яго пазбавiлi. Нарадзiўся ў Ашмянскiм раёне. У 1944 годзе як этнiчны паляк быў прызваны ў Войска Польскае. Прымаў удзел у баях з нямецка-фашысцкiмi войскамi, i пасля дэмабiлiзацыi з армii ў 1947 годзе яму добраахвотна-прымусова прапанавалi пасялiцца ў Глотаве, куды ўжо з Беларусi выселiлi яго бацькоў. Праз нейкi час тут ён сустрэў i будучую жонку, таксама ўраджэнку Беларусi.
Пан Янэк патлумачыў гасцям, што з мясцовых жыхароў застаўся былы казак царскай армii, якi трапiў у палон яшчэ падчас 1-й сусветнай вайны. Пасля вызвалення на радзiму ён не вярнуўся (у сувязi з вядомымi падзеямi ў Расii), ажанiўся з нямецкай дзяўчынай. У час баёў у Глотаве былi вялiкiя страты як з нямецкага, так i савецкага боку. Баi праходзiлi зiмой 1944—1945 гадоў, i пахаваннем трупаў нiхто не займаўся. Толькi з пачаткам вясны нямецкiх салдат пахавалi ў дзве, а савецкiх — у адну брацкую магiлу. Дарэчы, на нямецкiх пахаваннях устаноўлены два драўляныя крыжы. Пасля вайны царскi казак на рускай брацкай магiле ўстанавiў крыж, зрабiў узгорачак з зямлi. Прайшлi гады, стары рускi салдат памёр, узгорачак над магiлай зраўняўся з зямлёй. Новыя пакаленнi палякаў на тым месцы сталi хаваць сваiх блiзкiх. Пры гэтым у зямлi знаходзiлi астанкi воiнаў, амунiцыю, каскi савецкiх салдат. Настаяцель касцёла забаранiў у далейшым хаваць нябожчыкаў на касцях салдат. Ён планаваў паставiць памятны знак на месцы брацкай магiлы, але не паспеў: прама на службе стары святар памёр. I цяпер на могiлках каля агароджы застаецца кавалачак зямлi, дзе не хаваюць нябожчыкаў.
— На месцы, дзе закончыўся зямны шлях людзей, якiя аддалi сваё жыццё ў той вайне, мы з мацi паклалi кветкi, запалiлi свечкi. Пан Янэк паабяцаў паставiць тут праваслаўны крыж. I па сённяшнi дзень я не магу сказаць, што менавiта на могiлках у Глотаве ў брацкай магiле ляжыць мой дзядуля, — Сяргей Мiхайлавiч у роздуме i хваляваннi. — Але там ляжаць iншыя савецкiя салдаты, незаслужана забытыя. Бо менавiта дзякуючы крывi загiнуўшых гэтыя некалi нямецкiя землi заселены новымi пакаленнямi палякаў.
Аўтар звароту просiць адгукнуцца сведкаў i непасрэдных удзельнiкаў тых баёў. Яшчэ жывая ўдава яго дзядулi, i ёй пры жыццi хацелася б даведацца, дзе дакладна загiнуў муж, дзе яго магiлка.
Сяргей Мiхайлавiч пераканаўся, што не адзiнокi ў сваiх пошуках. I праз 60 гадоў пасля вайны прыязджаюць у Глотава родныя нямецкiх салдат i афiцэраў, якiя ваявалi ў гэтых месцах, i таксама адшукваюць магiлы сваiх блiзкiх.

ПАХАВАНЫ Ў ГАЙНАЎЦЫ

Мы працягваем друкаваць прозвiшчы салдат i афiцэраў Савецкай Армii, якiя падчас Вялiкай Айчыннай вайны загiнулi на тэрыторыi Польшчы i пахаваны ў Гайнаўцы.

УСАКОЎ Мiкалай, загiнуў у 1944 годзе;
УФIМЦАЎ Мiкалай Мiкалаевiч, 1915 года нараджэння, загiнуў у 1941 годзе, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Чыжы;
УСАЧОЎ Леў Рыгоравiч, 1924 года нараджэння, загiнуў 20 лiпеня 1944 года, першапачаткова пахаваны ў Белавежы;
ВАГIН Мiкалай Iосiфавiч, 1924 года нараджэння, загiнуў 28 лiпеня 1944 года, першапачаткова пахаваны ў Белавежы;
ВЕРВIН Е.П., загiнуў 5 жнiўня 1944 года, першапачаткова пахаваны ў Белавежы;
ВIНАГРАДАЎ Пётр Уладзiмiравiч, загiнуў у 1941 годзе, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Iсток;
УЛАДЫКIН Рыгор Васiльевiч, 1920 года нараджэння, загiнуў у 1944 годзе, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Дубiчы Царкоўныя;
УЛАСАЎ Аляксей, загiнуў у 1941 годзе, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Вiтава;
ВАЛЫНСКI Ян Фёдаравiч, 1921 года нараджэння, загiнуў у 1944 годзе, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Старае Бярозава;
ВАРОБКIН Уладзiслаў Iванавiч, загiнуў 20 лiпеня 1944 года, першапачаткова пахаваны ў Белавежы;
ВАРОНIН (iмя i iмя па бацьку невядомы), загiнуў у 1944 годзе;
ЗАХАРЧАНКА Павел Рыгоравiч, малодшы лейтэнант, 1908 года нараджэння, загiнуў 22 лiпеня 1944 года, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Асоўка;
ЗАХАРАЎ Фёдар Рыгоравiч, старшы лейтэнант, 1924 года нараджэння, загiнуў у 1944 годзе, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Прагалле;
ЗАНЕНКА Васiль Адамавiч, 1905 года нараджэння, загiнуў у 1944 годзе;
ЗЕЛЯНКОЎ Рыгор Паўлавiч, 1914 года нараджэння, загiнуў у 1944 годзе, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Дубiчы Царкоўныя;
ЗАМIХIН Iлья Яфiмавiч, старшы сяржант, загiнуў у 1944 годзе;
ЗАЛАТУХIН Сцяпан Рыгоравiч, старшына, загiнуў 23 лiпеня 1944 года, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Шастакова;
ЗУБЕЦ Барыс Антонавiч, сяржант, 1921 года нараджэння, загiнуў у 1944 годзе;
ЗАХАРАЎ Мiкалай Канстанцiнавiч;
ЗЛIДЗЕНКА Пётр Паўлавiч, старшына, загiнуў у 1944 годзе, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Стажына.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter