"ПОМНI IМЯ СВАЁ..."

У пошукавай рабоце, што тычыцца часоў Вялiкай Айчыннай вайны, мы звяртаемся да любой крынiцы iнфармацыi. З нашымi калегамi з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, з якiмi мы вядзём сумесны праект “Помнi iмя сваё...”, звязаўся грамадзянiн Польшчы. Ён даслаў кнiгi, у якiх змешчаны звесткi пра пахаваннi савецкiх салдат на тэрыторыi Польшчы. Матэрыял апрацоўваецца i хутка пачнецца пошукавая работа ў гэтым кiрунку.

А нядаўна беларускiя i расiйскiя архiвiсты прэзентавалi зборнiк дакументаў i матэрыялаў “Беларусь у першыя месяцы Вялiкай Айчыннай вайны”, якi таксама дапаможа нам высветлiць невядомыя старонкi гiсторыi. Выданне складаецца з дакументаў i ўспамiнаў, якiя захоўваюцца ў Нацыянальным архiве Беларусi, iншых мiнскiх архiвах, Дзяржаўным архiве Расiйскай Федэрацыi. Асноўная частка матэрыялаў друкуецца ўпершыню. У канцы зборнiка змешчаны паказальнiк прозвiшчаў. Узгадваюцца каля 1800 чалавек. Гэта людзi, якiя цi жылi ў Беларусi, цi мелi тут сваякоў, або былi непасрэднымi ўдзельнiкамi тых падзей. Па гэтых прозвiшчах знаёмыя цi родзiчы праз дзесяцiгоддзi могуць знайсцi i знаходзяць адзiн аднаго.
На розных кантынентах
Клiмянцiна Фамiнiчна Пташнiк (Крэнь) з Мiнскай вобласцi адшуквае сваю сястру Станiславу Фамiнiчну КРЭНЬ, 1925 года нараджэння. “У 1942 годзе яе забралi немцы ў Германiю на працу. Пасля вайны апынулася ў Канадзе (горад Квебек). Выйшла замуж, муж Iосiф Бялюн нарадзiўся ў Браславе. У iх было два сыны i дачка. Мы перапiсвалiся, потым на мой лiст прыйшоў адказ — адрасат выбыў. I вось ужо некалькi гадоў мы нiчога адна пра адну не ведаем. Можа, хто з родных Iосiфа Бялюна на Вiцебшчыне ведае, як склаўся лёс маёй сястры i яе сям’i? Паведамiце, вельмi хачу хоць патэлефанаваць маёй Станiславе”.
Рыгора Пiлiпавiча АНIСКЕВIЧА адшуквае пляменнiца Нiна Сцяпанаўна Абрамчук (Хамяк) з Гродна. “Дзядзька нарадзiўся ў 1916 годзе ў вёсцы Мурыны Камянецкага раёна. У 1941-м пайшоў на фронт, трапiў у палон. Немцы вывезлi ў Германiю. Пасля вызвалення шмат палонных выехала ў Англiю. Сярод iх быў i мой дзядзька. Першы лiст ад яго родныя атрымалi ў 1953 годзе. Паведамляў, што жывы-здаровы. Можа, калi i прыедзе. Колькi жыла бабуля, чакала сына. Аднак ён так i не вярнуўся. Можа, адгукнуцца яго дзецi цi ўнукi, хочам сустрэцца з роднымi людзьмi”.
Станiслава Канстанцiнаўна Горбач шукае родную сястру Уладзi-славу Канстанцiнаўну ЛIПСКУЮ, 1923 года нараджэння. Яна жыла ў Польшчы (горад Маронг, вобласць Ольштын). Сувязь памiж сёстрамi абарвалася ў 1990 годзе. Уладзi-слава мае дачку Ванду.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
“Наш бацька Iван Гаўрылавiч БАЗЫЛЬЧУК, 1907 года нараджэння (вёска Просцi цяпер Нясвiжскага раёна), у 1944 годзе быў прызваны ў армiю. Служыў на Трэцiм Беларускiм фронце санiтарам. Рэгулярна пiсаў дадому пiсьмы. А 27 красавiка 1945 года прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак. Аднак яго аднапалчане сцвярджалi, што бацька застаўся ў жывых. Пасля вайны да нас прыязджаў яго камандзiр i таксама падчас размовы з мацi казаў, што тата жывы. Праз некаторы час да нас прыйшла пасылка без зваротнага адрасу, у якой ляжала сiняя тканiна i адзiн медаль. Хто прыслаў, не ведаем дасюль. Мы спрабавалi адшукаць бацьку сярод загiнуўшых на тэрыторыi Германii i Польшчы, аднак у спiсах  такое прозвiшча не пазначана. Вельмi б хацелася даведацца, што здарылася з татам. Мiхаiл Iванавiч Базыльчук, горад Мiнск”.
“Да вайны мой бацька Мяфодзiй Адамавiч КАРОБКIН, 1914 года нараджэння, служыў у Лiепаi (Латвiя). Туды забраў i сям’ю. У першыя днi вайны нас эвакуiравалi ў Саратаўскую вобласць. Дзе ваяваў бацька, не ведаю. 25 мая 1945 года мы атрымалi пасведчанне, што ён прапаў без вестак у красавiку 1942-га. Я звярталася ў Лiепайскi ваенны камiсарыят, але ў спiсах загiнуўшых ён там не лiчыцца. У кнiзе “Памяць” Брагiнскага раёна я прачытала, што мой бацька прапаў без вестак каля Лiепайскай крэпасцi ў 1944 годзе. Магчыма, ён трапiў у палон у Германiю. Можа, яго прозвiшча ёсць у спiсах загiнуўшых у Цайтхайне? Яўгенiя Мяфодзьеўна Загавалка (Каробкiна), Гродзенская вобласць”.
“Мой бацька Барыс Лукiч МАРДЗIЛОВIЧ, 1915 года нараджэння, партызанiў у Карэлiцкiм раёне. Затым на фронце быў сувязiстам. Апошнi лiст ад яго сям’я атрымала 10 сакавiка 1945 года, а потым прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак у сакавiку таго ж года. У спiсах загiнуўшых не пазначаны — адказалi з Падольскага архiва. Бацька нарадзiўся ў горадзе Колпiна Ленiнградскай вобласцi. Там засталiся яго родныя Мардзiловiчы. Можа, хто з iх адгукнецца. Надзея Барысаўна Самец (Мардзiловiч)”.
“У 1945 годзе наша сям’я атрымала паведамленне, што бацька Сцяпан Радзiвонавiч ЛАСЯНКОЎ прапаў без вестак. Ён нарадзiўся ў 1912 годзе ў вёсцы Чудзяны Чэрыкаўскага раёна. Пасля вайны вярнуўся з палону Павел Кудраўцаў з суседняй вёскi Асiнаўка. Ён расказаў, што быў разам з нашым бацькам у Заходняй Германii. Мацi доўга маўчала, толькi цяпер расказала пра гэта. Лiчыла, што ён быў здраднiкам. Аднак час усё паставiў на свае месцы. На жаль, мацi не памятае дакладна, у якiм горадзе ў Германii быў бацька. У Паўла Кудраўцава застаўся сын, якi расказаў, што нашы бацькi спачатку былi ў лагеры ў Крычаве, потым iх накiравалi ў Польшчу ў лагер смерцi Майданэк. Аднак печы, дзе спальвалi ваеннапалонных, былi няспраўнымi, таму iх эшалон адправiлi ў Заходнюю Германiю. Там яны шылi i рамантавалi спецадзенне. Па словах сведак, наш бацька захварэў i быў пераведзены ў iншы лагер. Куды — дакладна невядома. П.Кудраўцава з палону вызвалiлi амерыканцы. А пра бацьку мы нiчога не ведаем. Можа, хто-небудзь раскажа нам, як склаўся лёс таты? Iван Сцяпанавiч Ласянкоў, горад Вiцебск”.
Барысаўчанка Аляксандра Васiльеўна Комар шукае дзядзьку Iвана Мiкалаевiча БАРАДУЛЬСКАГА, 1920 года нараджэння. “У нашым Бягомльскiм раёне ў вайну была партызанская зона. Як прыйшлi немцы (летам 1943 года), загадалi ўсiм жыхарам ехаць у суседнi Мсцiжскi сельсавет на перапiс. Дзяцей i састарэлых адпусцiлi, а моладзь, сярод якой быў Iван Барадульскi, некуды павезлi. З таго часу пра лёс дзядзькi нiчога невядома. Можа, засталiся сведкi тых падзей, цi з кiм ён разам ехаў у Германiю, адгукнiцеся”.
Апошняе пiсьмо Мiхаiл Герасiмавiч МАЦЮК даслаў 23 чэрвеня 1941 года. Служыў тады ў горадзе цi вёсцы Белавежа Брэсцкай вобласцi. Больш нiякiх звестак пра яго сям’я не атрымала. “Колькi я нi спрабавала знайсцi горад цi вёску Белавежа, безвынiкова. Калi там засталiся якiя-небудзь звесткi пра дзядзьку, якi нарадзiўся ў 1917 годзе ў вёсцы Наваднiчы Багушэўскага раёна, паведамце. Вера Мiкалаеўна Купава (Петухова)”.
Месца пахавання свайго бацькi Iвана Iосiфавiча ЯФIМЕНКI адшуквае дачка Нiна Iванаўна Рэут (Яфiменка). “Бацька нарадзiўся прыкладна ў 1920—1921 годзе ў вёсцы Смелы Лоеўскага раёна. Як пачалася Вялiкая Айчынная, пайшоў на фронт. Даслаў толькi адзiн лiст. Аднак мацi пасля вайны сустрэла салдата з суседняй вёскi, якi разам з бацькам быў на Одэры. Расказваў, што тата збiраўся на нейкае заданне. Што з iм здарылася, гэты чалавек не ведаў. Можа, мой бацька ёсць у спiсах загiнуўшых?”
“Па адных звестках мой бацька Канстанцiн Iосiфавiч ЦВIРКО, 1912 года нараджэння, у гады вайны прапаў без вестак, па другiх — памёр у палоне. Быццам сведкам гэтага быў мужчына з суседняй вёскi Хмялёў. Хачу даведацца, што адбылося на самой справе. Лiдзiя Канстанцiнаўна Данiленка, Мiнская вобласць”.
Кацярына Аляксееўна Палхоўская (Лях) хоча даведацца пра лёс дзядзькi Васiля Аляксеевiча ЛЯХА, якi нарадзiўся ў 1921 года ў вёсцы Стары Лепель Лепельскага раёна. “У 1940-м яго прызвалi ў армiю, служыў у Берабiджане. Як пачалася вайна, пайшоў на фронт. Напiсаў толькi ў 1944 годзе, паведамiў, што паранены некалькi разоў, служыць у разведцы. А 25 красавiка таго ж года прыйшло пiсьмо ад камандзiра яго часцi. Ён паведамляў, што дзядзька не вярнуўся з задання. Пайшло 12 чалавек, вярнулася 11. Ён мне часта снiцца, быццам жывы i скардзiцца, што не шукаем. Можа, ён выжыў?”
ВАЙНА, ПАЛОН, КАНЦЛАГЕР
“Шукаю сваiх знаёмых i сяброў, з якiмi разам у 1943 годзе быў у лагеры пад вёскай Вятрэнка Быхаўскага раёна. Немцы ўзялi нас у палон. Потым накiравалi ў Вiцебск, адтуль ва Усходнюю Прусiю. Мяне арыштавалi за сувязь з партызанамi. Пра наша iснаванне ў палоне не хочацца ўзгадваць. Яшчэ хачу адшукаць стрыечнага брата Яўгена Антонавiча ВЯРАКСУ, 1937 года нараджэння. Яго бацька загiнуў на фронце, а Яўгена i маленькую сястрычку аддалi ў дзiцячыя дамы Магiлёўскай вобласцi. Як склаўся iх лёс, не ведаю. Адольф Станiслававiч Жаравовiч, горад Магiлёў”.
Аляксандр Емяльянавiч Пан-фiлаў хоча адшукаць вязняў нямецкага канцлагера, якi знаходзiўся на станцыi Лясная Баранавiцкага раёна. Зусiм маленькiм хлопчыкам яго вывезлi з усёй сям’ёй з Калужскай вобласцi. Памятае толькi, як ад тыфу памерла сястра. Як хадзiлi немцы i нешта крычалi. Усе родныя, з кiм Аляксандр Емяльянавiч быў у палоне, загiнулi. Ён нават не памятае, якiм чынам iх адтуль вызвалiлi.
ДАПАМАЖЫЦЕ АДШУКАЦЬ
Тамара Iванаўна Аляксандрава з Крычава шукае стрыечнага брата Анатоля Паўлавiча КРЫВАРУЧКУ, прыкладна 1941 года нараджэння (вёска Забалацце цi Забалоцце Асiповiцкага раёна). “Мацi маёй, Кацярыне Самуiлаўне Русаковiч, 80 гадоў. Усё жыццё яна адчувае вiну за тое, што аддала пляменнiка ў дзiцячы дом. Гэта было адразу пасля вайны. Яна сама яшчэ была дзяўчо, калi старэйшая сястра памерла, пакiнуўшы сына. Мацi не ведала, што рабiць з хлопчыкам i аддала ў Асiповiцкi дзiцячы дом. З таго часу пра яго мы нiчога не ведаем, куды толькi нi звярталiся — станоўчых адказаў не было”.
“На Далёкiм Усходзе, у горадзе Свабодны Амурскай вобласцi, жыў мой пляменнiк Леанiд Львовiч ДАМАНСКI, 1929 года нараджэння. Летась я напiсала яму два пiсьмы, аднак яны вярнулiся назад — адрасат выбыў. Дзе ж дзеўся Леанiд? У тым жа горадзе жыла i яго дачка Вольга Леанiдаўна ДАМАНСКАЯ (прозвiшча дзявочае). Суседзi-расiяне, дапамажыце адшукаць пляменнiка цi яго сям’ю. Эма Анiсi-маўна Герасiмовiч, горад Мiнск”.
“У 1949 годзе я прызваўся ў армiю ў Знаменск Калiнiнградскай вобласцi. Служыў у першай стралковай роце, в/ч 61905. Разам са мной служыў Пётр ДАВIДОВIЧ з Беларусi. Мы з iм сябравалi. Потым нас расфармiравалi па розных ротах камандзiрамi аддзяленняў. Памочнiкам камандзiра ўзвода быў Пётр ГЕЦМАН, 1927 года нараджэння, з Баранавiцкага раёна. Вельмi хацелася б знайсцi гэтых таварышаў. Iх шукае армейскi сябар Фёдар Пархомчык”.
“УСПАМIНАЮ СЯБРА МIШКУ”
“З Мiхаiлам Фёдаравiчам БЕЛЕНЬКIМ, прыкладна 1944—1945 года нараджэння, мы разам выхоўвалiся ў дзiцячых дамах: спачатку ў вёсцы Давыдаўка Акцябрскага раёна, потым у Тураўскiм. У 1959 годзе яго расфармiравалi i нам з Мiшам пашчасцiла разам трапiць у Бабiцкi дзiцячы дом Рэчыцкага раёна. Там скончылi 10 класаў (у 1961 годзе). Сядзелi за адной партай. Пасля школы раз’ехалiся. Абяцалi пiсаць, аднак згубiлiся. Калi праходзiў вайсковую службу (1962—1965 гады), сустрэў хлопцаў з нашага дзiцячага дома. Яны казалi, што Мiша застаўся там працаваць пiянерважатым, а потым быццам паступiў у сельскагаспадарчую акадэмiю ў Горкi. Больш нiчога пра яго не ведаю. Я працаваў у Казахстане, потым ваенным праслужыў да пенсii ў розных кропках СССР. Вярнуўся ў Беларусь. Часта праглядаю свой фотаальбом. Успамiнаю пра дзiцячыя гады. Вельмi хачу сустрэцца са сваiм сябрам Мiшкам i знайсцi аднакласнiкаў, якiя вучылiся ў Бабiцкiм дзiцячым доме. Уладзiмiр Васiльевiч Ткачук, Вiцебская вобласць”.
УДЗЯЧНАЯ ЗА ЎСЁ
“Дапамажыце адшукаць Раiсу Мiхайлаўну ЛЕПIХАВУ цi ЛЕМЕХАВУ (пазначана неразборлiва), якая жыла ў Гродне. Яе адрас я згубiла. Мы не бачылiся шмат часу. У цяжкiя пасляваенныя гады яна была для мяне сястрой i сяброўкай. Раечка, адгукнiся, я ўдзячная табе за ўсё, што ты зрабiла для мяне. Калi прачытаюць яе родныя, напiшыце мне. Ганна Iванаўна Фралова (Шашкова)”.
ДЗЕ ТЫ, СЫНОК?
Тамара Паўлаўна Кабялка чакае дадому сына Валерыя Васiльевiча КАБЯЛКУ, якi нарадзiўся 25 лiстапада 1963 года ў населеным пункце Краснае Буда-Кашалёўскага раёна. “24 лютага 2005 года ён паехаў на заробкi ў Санкт-Пецярбург. Званiў некалькi разоў, абяцаў прыехаць
10 снежня, перад Новым, 2006 годам. Але не прыехаў i не патэлефанаваў. Апошнi раз званiў з горада, здаецца, Кiжыса Ленiнградскай вобласцi”.
Паважаныя чытачы! Калi хто-небудзь таксама ездзiў працаваць у Расiю, у Ленiнградскую вобласць, адгукнiцеся. Можа, вам вядома, дзе працаваў Валерый Васiльевiч Кабялка.
ЗАПРАШАЕМ НА СУСТРЭЧУ
“Гарадзейскай школе-iнтэрнату Нясвiжскага раёна спаўняецца 45 гадоў. Адмiнiстрацыя школы запрашае на сустрэчу ўсiх выпускнiкоў. Выпускнiкi 1973 года, званiце па нумары тэлефона ў Мiнску 278-87-49 Настассi Крывальцэвiч (Ушавай)”.
ПАД КОЛАЎ СТУК
Галiна Iванаўна Далжэцкая, жыхарка населенага пункта Глуша Бабруйскага раёна, шукае маладога чалавека прыкладна 30 гадоў. “Завуць яго МIКАЛАЙ. Жыве ў Столiнскiм раёне. Працаваў вадзiцелем на пiлараме цi ў яго свая пiларама. Так здарылася, што мы ехалi ў адным цягнiку. Мiкалай забыўся некаторыя свае рэчы. Я хачу iх перадаць”.
“Я НIКОЛI НЕ БАЧЫЛА СЯСТРУ”
“Сваю сястру я нiколi не бачыла, толькi ведаю, як яна выглядае. Мая мацi зусiм маладая зацяжарыла. Нарадзiла ў Баранавiчах i пакiнула дзiця (дзяўчынку) у бальнiцы. Я не асуджаю матулю, здараецца ўсялякае. Свой крыж яна нясе праз усё жыццё. Зараз маёй сястры 25 гадоў. Ведаю, што яе ўсынавiла сям’я ваеннаслужачага. Можа, яны расказалi ёй усю праўду? Па дакументах яе завуць Аляксандра Аляксандраўна ЧЭШКА. Мацi не ведае, што я напiсала вам. Баiцца сустрэчы са сваёй дачкой, якую бачыла ўсяго некалькi дзён. А я вельмi хачу адшукаць Аляксандру. Хай ведае, што ў яе ёсць яшчэ дзве сястры: я (Наталля) i Насця. Нашай пляменнiцы мы далi iмя сваёй старэйшай сястры — Аляксандра. Магчыма, пры ўсынаўленнi ёй змянiлi iмя i прозвiшча. А можа, яна жыве зусiм блiзка. Буду вельмi ўдзячная ўсiм за сустрэчу i пошукi сястры. Наталля Сумар, Слуцкi раён”.

ПРАЗ МОРЫ-АКIЯНЫ
“Падчас Вялiкай Айчыннай немцы забралi маю сястру Наталлю Iванаўну ЛЕМЯЗУ, 1926 года нараджэння, на працу ў Германiю. Яна пiсала з вёскi Лангеведзiнген, якая знаходзiлася каля Магдэбурга. Гаспадара, у якога працавала, звалi Альберт Меер. Разам з сястрой працавалi яшчэ дзве дзяўчыны (з суседняй вёскi Альшаны). Калi iх вызвалiлi, вярнулiся толькi гэтыя дзяўчаты, а сястра дадому не паехала. Дзяўчаты расказвалi, што ў яе быў хлопец з Польшчы i яны быццам разам паехалi ў Аўстралiю. Адразу пасля вайны прыйшоў лiст ад яе з Аўстралii. Адказу мы не далi. Больш пiсьмаў не было. Я вельмi хачу адшукаць хоць якiя-небудзь звесткi пра сястру. На фотаздымку яна пасярэдзiне, сядзiць на крэсле. Мiкалай Iванавiч Лемяза, Брэсцкая вобласць”.

ЦЯЖКА Ў ЦIШЫНI АДЗIНОЦТВА
Тамара Васiльеўна Аляксандрава з Вiцебска не ведае сваiх бацькоў i дзе нарадзiлася. “Нават iмя па бацьку далi мне несапраўднае. Расла i выхоўвалася ў дзiцячых дамах. Кажуць, што дзiця памятае самыя вострыя моманты свайго жыцця. У маёй памяцi захавалiся толькi нейкая жанчына, якая хавала мяне ў жыце, потым у маленькай хатцы. Везлi на нейкай машыне. Вядома, што нарадзiлася ў 1933 годзе. У Велiжскi дзiцячы дом Смаленскай вобласцi трапiла з Суражскага раёна Вiцебскай вобласці. Я пiсала ў розныя архiвы, але дакладнага адказу не атрымала. Цяжка жыць у цiшынi адзiноцтва. Можа, дзе-небудзь на Вiцебшчыне жывуць мае родныя — Аляксандравы?”

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter