"ПОМНI IМЯ СВАЁ..."

У саракавы раз у эфiры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё прагучалi пазыўныя праграмы “Помнi iмя сваё...”, якую можна пачуць у нядзелю ў 18.00 i ў сераду ў 21 гадзiну. А ў нашым выданнi чарговы выпуск сумеснага пошукавага праекта традыцыйна друкуецца ў пятнiцу. Амаль кожны тыдзень прыносiць добрыя весткi: людзi знаходзяцца, пiшуць пiсьмы, прызначаюць сустрэчы.

ЗНАЙСЦI ЧАЛАВЕКА
 Прыемную вестку атрымае Панфiл Iванавiч Яфiмчык з Салiгорскага раёна. Ён звяртаўся з просьбай знайцi сябра студэнцкiх гадоў Аляксандра Акiмавiча Паўлiчэнку. Ён быў для яго, як родны брат. У 1965 годзе хлопцы закончылi вучобу ў Мiнскiм педагагiчным iнстытуце iмя Горкага i рассталiся. Перапiсвалiся. Потым перапiска спынiлася. Сябар з нашай дапамогай знайшоўся. Ён таксама на пенсii, працаваў у лiцэi машынабудавання, выдатнiк прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi. Сыну 42 гады, дачцэ — 18, жонка таксама на пенсii. Падрабязна аб усiм напiша ў пiсьме.
ПА ЯКIМ ЗАКОНЕ НАС РАЗЛУЧЫЛI?
 Мiхаiл Iванавiч Раманоўскi з Барысава пiша, што бацькi памерлi рана. “Мы з сястрой ЗОЯЙ засталiся сiротамi. Я быў крыху старэйшы, а Зоi споўнiлася тады два з палавiнай гады. Яе ўладкавалi ў Клецкi дом дзiцяцi. У 1957 годзе Зою ўдачарыла сям’я ваеннаслужачага. “Жанчына была ў футры, а мужчына ў вайсковай форме”, — так мне сказалi. Мяне спачатку выхоўваў дзед, а потым аддалi ў дзiцячы дом. Пачалiся, так бы мовiць, мае жыццёвыя унiверсiтэты. Праз некаторы час апынуўся я ў Барысаве. Ажанiўся, выхаваў трох дачок. I ўсе гэтыя гады я думаў, як знайсцi Зою. Гадоў дваццаць таму быў на прыёме ў намеснiка мiнiстра юстыцыi, але гэта станоўчага вынiку не дало. Нядаўна звярнуўся ў Клецкi архiў i, як, мабыць, i трэба было чакаць, мне адмовiлi ў маёй просьбе. Я згодзен: закон ёсць закон. Але па якiм законе мяне навечна разлучылi з сястрой? Разумею: тайну ўсынаўлення нельга выдаваць. Я ўдзячны Зоiным прыёмным бацькам, што яны выхавалi яе. Яна не ведала таго, што зведаў я: недаяданнi, iнтэрнаты, блуканнi... Зоi цяпер гадоў 50. Якi ўзрост яе бацькоў, можна ўявiць. Можа, iх нават няма ўжо сярод жывых. А калi жывыя, то дай iм Бог пражыць яшчэ доўга ў здароўi i шчасцi. Можа, Зоiны бацькi пачуюць цi прачытаюць маё пiсьмо i зразумеюць, што гаворка iдзе пра iх, можа, яны раскажуць пра ўсё Зоi i тым самым дапамогуць нам сустрэцца. Я не маю намеру адняць у iх дачку. Я вельмi хачу знайсцi сястру i наладзiць з ёй роднасныя адносiны”.
ПРАПАЛI СЁСТРЫ
“Пiша вам Святлана Iванаўна Голуб з Бабруйска. У нас прапала сястра Тамара Iванаўна ЦЯРЭШКА. Ей 43 гады. Жыла ў вёсцы Вiльча Глускага раёна. З мужам Анатолем Канстанцiнавiчам выхавалi двое дзяцей, якiя жывуць у Бабруйску. У дачкi Людачкi нядаўна нарадзiўся сынок Андрэйка. Жыць бы, як кажуць, i радавацца. Але дзе там! Усе толькi i думаюць, дзе наша Тамара Iванаўна. Яна пайшла з дому ў пачатку лiстапада 2005 года i да гэтага часу не вярнулася. Ад невядомасцi можна звар’яцець. Пакутуюць усе родныя, дзецi. Старэнькая мацi Тамары Iванаўны зусiм дайшла, паўтарае ўвесь час: “Шукайце яе, шукайце!” Толькi б вось ведаць, дзе. Добрыя людзi, дапамажыце!”
“Мая малодшая сястра НIНА маладзенькай дзяўчынай паехала ў Казахстан па заклiку “Моладзь — на цалiну!” Засталася там, выйшла замуж, нарадзiла трох сыноў. Мы з ёй пiсалi адна адной, трымалi сувязь. Я павiншавала сям’ю сястры з новым 2000-м годам, але адказу доўга не было. I толькi напрыканцы сакавiка таго ж года сястра напiсала, што засталася адна, муж памёр, два малодшыя сыны жывуць ад яе далёка, а старэйшы Аляксандр Уладзiмiравiч СУПРУН побач, у Кустанаi. У 2002 годзе я павiншавала яе з днём нараджэння, але адказу не атрымала. Я працягвала пiсаць, але безвынiкова. Прайшло ўжо шмат часу, а я нiчога не ведаю пра яе лёс i жыццё. Мая сястра 1937 года нараджэння. Мне ўжо 80 гадоў. Я iнвалiд другой групы, хворая i вельмi хацела б адшукаць сястру, яе сыноў. Надзея Мiкiтаўна Падуновiч, горад Светлагорск”.
Сястру ФРАНЧЭСКУ шукае Пётр Iосiфавiч Вiльтоўскi з Мiнска. “Дваццаць гадоў таму Франчэска прыязджала з Польшчы наведаць бацькоў. Бацька наш, iнвалiд Вялiкай Айчыннай вайны, памёр. Мацi, былы вязень фашысцкай няволi, вельмi нездаровая i хоча ўбачыць сваю дачку. Польскi адрас Франчэскi мы ведаем, але колькi туды нi пiсалi, адказу няма. Просiм дапамагчы даведацца, у чым справа”.
АД ЯКУЦII  ДА КАЗАХСТАНА
“Мой сын Аляксандр Леанiдавiч Бiвянец жыў у Якуцку i быў жанаты. У сям’i расла дачушка Крысцiна Аляксандраўна БIВЯНЕЦ. У 1998 годзе сын памёр. Яго жонка пачала пiць гарэлку i трапiла ў турму. Наша ўнучка засталася без бацькоўскай апекi. Жыла ў цёткi, сястры мацi. Да 2003 года мы з ёй перапiсвалiся, а потым сувязь абарвалася. Дапамажыце даведацца пра лёс нашай унучкi. Леанiд Харытонавiч Бiвянец, горад Новалукомль”.
У Казахстане, вiдаць, давядзецца шукаць родных Грунi Юльянаўны Клiмовiч з Дзятлаўскага раёна. “Мой брат Мiкалай Юльянавiч Якубчык у 1958 годзе паехаў у Казахстан, дзе жыў 40 гадоў. У яго з жонкай было пяцёра дзяцей, праўда, двое старэйшых памерлi. Засталiся Алена, Таццяна i Аляксандр. У першага, Сашкi, была саркома. Калi нарадзiўся яшчэ адзiн сын, бацька сказаў яму: “Мама купiла хлопчыка, як мы яго назавём?” “Няхай будзе як i я, таксама Сашка, на памяць”, — адказаў ён. Так i назвалi другога сынка. Сям’я брата доўга жыла ў Паўладарскай вобласцi: Актугоцкi раён, саўгас “25 гадоў Кастрычнiка”. Брат памёр. Дзецi жывуць у розных месцах i iх адрасоў я не ведаю. Два гады таму пляменнiк Аляксандр Мiкалаевiч ЯКУБЧЫК прыслаў мне пiсьмо, у якiм паведамляў, што яны з мацi Нiнай Андрэеўнай ЯКУБЧЫК пераехалi на новае месца жыхарства. Я пiсала на iх новы адрас, але пiсьмы  вярталiся з надпiсам “адрасавана няправiльна”. Здароўе i ў Аляксандра, i ў яго мацi няважнае. Вельмi хвалююся за iх лёс”.
“Пiша вам Соф’я Мiкалаеўна Шпак з Барысава. Мне 70 гадоў. Дапамажыце мне, калi ласка, знайсцi пляменнiка Вiктара Бернартавiча ВАЙСБЕКЕРА, 1967 года нараджэння. Ён з бацькамi жыў у Казахстане, у горадзе Карагандзе, працаваў у аўтобусным парку вадзiцелем. Бацькi памерлi. У лiпенi 2001 года пляменнiк сказаў у тэлефоннай размове, што жыць стала цяжка, заробак не атрымлiвае i г.д. Пасля я пiсала яму  пiсьмы, заказвала тэлефонныя перагаворы, але з пошты адказвалi, што кватэра зачынена i, са слоў суседзяў, яе прадалi. Вiця! Дзе ты знаходзiшся, адгукнiся! Я буду рада. Чакаю дзень i ноч. Цёця Соня”.
“ХТО Я?”
Аляксандр Андрэевiч Колмак з Барысава хоча як след разабрацца ў сваёй бiяграфii, знайсцi свае каранi. “Мая мацi Кацярына Фёдараўна Колмак, 1926 года нараджэння, у 1942 годзе шаснаццацiгадовай дзяўчынкай трапiла ў Бельгiю, у горад Антверпен. Менавiта там, з мамiных слоў, 24 снежня 1944 года я нарадзiўся, быў ахрышчаны i iмя маё было Вiлi-Аляксандр Вэрахтэрт. У 1947 годзе мацi са мной уцякла з Бельгii i прыехала ў Барысаў. Казала, што бацька рабiў спробы даведацца пра нас, але яна старанна ўсё ўтойвала. I толькi праз 60 гадоў, калi пастарэла i занядужала, аб усiм расказала мне. Я звяртаўся на перадачу “Жди меня”, але адказу не атрымаў. Вельмi хочацца даведацца пра свайго бацьку i яго брата, як склалiся iх лёсы, i хто я”.
Калегi з радыё падрыхтавалi перадачу да эфiру, калi атрымалi... тэлеграму ад Аляксея Пятровiча Лызо. “Прашу ўсiх, хто ведаў загiнуўшага Валерыя ЛЫЗО i бываў у вёсцы Заказiнец Смалявiцкага раёна, адклiкнуцца i напiсаць мне”.
Мы разумеем, што Аляксей Пятровiч вельмi спяшаўся даслаць гэтую аб’яву, але лепш было даслаць пiсьмо, бо ў тэлеграме не раскажаш усіх падрабязнасцей. Аднак спадзяёмся, што радыёслухачы i чытачы “НГ” адгукнуцца на просьбу Аляксея Пятровiча.
ШЛЯХI-ДАРОГI ФРАНТАВЫЯ
“Дапамажыце знайсцi маю франтавую сяброўку Антанiну Iванаўну ПАДСЯВАЛАВУ, прыкладна 1920—1921 года нараджэння, якая, хутчэй за ўсё, жыве ў горадзе Падольску Саратаўскай вобласцi. У час ваеннага лiхалецця мы былi аперацыйнымi сёстрамi ў 363-м шпiталi. Пасля вайны не бачылiся i я не ведаю, як склаўся яе лёс. Вельмi прашу Антанiну адгукнуцца. Клаўдзiя Паўлаўна Сарокiна, горад Мiнск”.
МАЛАДЫЯ ГАДЫ, МАЛАДЫЯ ЖАДАННI...
Адзiн з жыццёвых эпiзодаў глыбока запаў у душу вiцябчанкi Надзеi Васiльеўны Егiнай (Туркiнай) i не дае спакою вось ужо больш за 40 гадоў. Менавiта тады яна сустрэла цудоўнага чалавека Генадзя Сямёнавiча НАСКОВА. Аднак лёсам было наканавана хуткае расстанне. Надзея Васiльеўна спадзяецца, што лёс будзе лiтасцiвым да яе i падорыць яшчэ адну сустрэчу з дарагiм чалавекам.
— Гэта быў 1960—1961 год, — успамiнае яна. — У ваенным гарадку. У клубе былi танцы. Iграў ваенны духавы аркестр. Я не чакала, што да мяне хтосьцi падыдзе, саромелася. I раптам падыходзiць малады прыгожы лейтэнант i запрашае на танец. Я па маладосцi адразу закахалася. Калi гэта штосьцi яму напомнiць — на мне была чорная сукенка ў белы гарох. Мы пасябравалi, ён праводзiў мяне дадому, сустракалiся. А потым, як ваеннага, перавялi некуды. Мы перапiсвалiся. Збiралiся пажанiцца. Прыехалi ў водпуск, i тут жа, у Вiцебску ў загсе, хацелi распiсацца. Але па нейкiх прычынах нас не зарэгiстравалi. Затым нашы адносiны сталi прахалоднымi i ўсё абарвалася.
Жыццёвыя дарогi Надзеi i Генадзя разышлiся. Малады афiцэр працягваў ваенную кар’еру, а дзяўчына выйшла замуж за ваеннага доктара. Па абавязку службы мужа давялося пабываць у Германii, Расii, Беларусi i Чэхаславакii. Аднак нiдзе iх дарогi так i не перакрыжавалiся.
— У мяне захавалiся чыстыя, добрыя, прыгожыя пачуццi да гэтага чалавека, — лiцо жанчыны азараецца цёплай усмешкай. — У мяне, лiчу, былi Генадзь Сямёнавiч i мой муж — двое харошых, моцных, мужных ваенных мужчын. Вельмi хочацца, каб Генадзь Сямёнавiч Наскоў патэлефанаваў мне. Магчыма, адгукнуцца i яго былыя калегi па службе: напачатку 1960-х гадоў ён служыў у Германii, у
1970-х — у Беларусi пад Слуцкам.
Дарэчы, у Генадзя Сямёнавiча 10 чэрвеня юбiлей. I Надзея Васiльеўна спадзяецца павiншаваць яго.
адрасат выбыЎ?
Алена Бандарэнка з Оршы шукае брата СЦЯПАНА, якi жыў у горадзе Паўладары, дзе застаўся пасля службы ў армii. “Яго жонку звалi Люба i ў iх было двое дзетак Галя i Валерык. З якога года дзецi, не ведаю, а брат мой 1944 года нараджэння. У 1991 годзе ён прыязджаў да нас у госцi i расказваў, што з Любай разышоўся i жыве ў iншай сям’i. Другую жонку звалi Лена i ў яе былi два сыны. Ведаем, што Лена старэйшая за нашага брата i працавала ў ларку на чыгуначным вакзале. У 1994 годзе памерла наша мама, i мы паслалi тэлеграму, каб брат прыехаў на яе пахаванне. Прыйшоў адказ, што адрасат выбыў. Я пасылала пiсьмы на адрасы, дзе жыў брат, але кожны раз прыходзiў такi ж адказ. Дарагi мой браток, адгукнiся, дзе ты? Дарагiя Люба, Галя i Валерык, дайце вестачку пра сябе”.
...I НА БАЦЬКУ ПАГЛЯДЗЕЦЬ
“Мая мама Галiна Мiхайлаўна ДУБКОВА нарадзiлася ў 1951 годзе ў Невельскiм раёне Пскоўскай вобласцi. Калi маме было дзесяць гадоў, памерла яе мацi. Родных братоў i сясцёр у мамы не было, але дакладна ведаю, што былi i ёсць зводныя сёстры па бацьку.
З-за якой прычыны яны рассталiся, мама нiколi не расказвала. Дапамажыце знайсцi сваякоў па лiнii мамы. Вельмi хочацца ведаць, што ў цябе ёсць блiзкiя, родныя людзi.
Яшчэ ў маёй мамы было прыгожае, але кароткае каханне. У 1974 годзе яна працавала ў горадзе Гродне на абутковай фабрыцы. Аднойчы трапiла ў бальнiцу i пазнаёмiлася там з маiм бацькам, якi да гэтага часу не ведае, што я нарадзiлася. Ён працаваў у бальнiцы, што недалёка ад стадыёна. Я спрабавала самастойна знайсцi бацьку, каб паглядзець на яго, але ў мяне нiчога не атрымалася. Аксана Пархiмчык, горад Бабруйск”.
СОН I ЯВА
“Больш за трыццаць гадоў бачу я адзiн i той жа сон: як прыязджаю ў Рыгу i шукаю свайго школьнага сябра. Вырашыла, што трэба яго знайсцi на самай справе. Завуць таго, хто не дае маёй душы спакою, Юрый Мiкалаевiч ПРЭЙМАНIС, 1942 года нараджэння. Мы з iм колiсь вучылiся ў Рызе ў адной школе. Спачатку Юра жыў на вулiцы, назву якой не памятаю. Потым iх сям’я пераехала ў цэнтр Рыгi. Цяпер ён там, вiдаць, ужо не жыве. Ведаю, што ў Рызе яго сын ад першага шлюбу. Патэлефанавала, але нiякiх звестак пра Юрыя не атрымала. Пад Рыгай, калi не памыляюся, у горадзе Огрэ, быў дом ягонай бабулi. Туды можна было даехаць электрычкай, i я там была неаднойчы. Тэлефанiсткi горада Огрэ сказалi мне, што там жывуць восем абанентаў з такiм прозвiшчам, але з такiмi iнiцыяламi няма. Сярод тых абанентаў могуць быць сваякi Юрыя: сястра, брат, пляменнiкi. Нейкае пачуццё ўсё ж мне падказвае, што Юрый жыве дзесьцi пад Рыгай. У Мiнск ён прыязджаў, калi вучыўся ў Рыжскiм унiверсiтэце, а я была студэнткай БДУ. Мы абое былi маладыя, шчаслiвыя, поўныя радасцi, светлых надзей... Можа, дзякуючы вам доўгiя пошукi Юрыя закончацца паспяхова. Галiна Станiславаўна Федашчак, горад Мiнск”.
СУСТРАКАЙЦЕСЯ ЧАСЦЕЙ, ВЫПУСКНIКI!
Выпускнiк 1955 года Iвянецкай дзесяцiгодкi Валожынскага раёна Эдуард Iосiфавiч Плiскоўскi напiсаў, што летась 25 чэрвеня яны адзначалi юбiлей — 50 гадоў пасля заканчэння школы. “Большая частка выпускнiкоў прыехала, прысутнiчалi i былыя нашы настаўнiкi. На жаль, сляды трох маiх аднакласнiц страчаны. Людмiла Савельеўна БЕРАЗОЎСКАЯ жыла ў Iвянцы. Яе мацi была зубным урачом. Затым мацi перавялi працаваць у Дзераўнянскую ўчастковую бальнiцу Стаўбцоўскага раёна. Шукаю таксама Марыю Уладзiмiраўну МАКАРАНКАВУ, якая выхоўвалася ў Iвянецкiм дзiцячым доме. Яшчэ хачу даведацца, дзе зараз Паляра Iванаўна ЮЖЭНКА”.
Анастасiя Ушава (Крывальцэвiч) запрашае былых навучэнцаў Гарадзейскай школы-iнтэрната Нясвiжскага раёна на сустрэчу выпускнiкоў, якая адбудзецца
10 чэрвеня ў 12 гадзiн.
“Я, Тамара Георгiеўна Галоўчанка (Зянюк), хачу знайсцi сваiх аднакурснiкаў. Мы вучылiся ў Мiнскiм педагагiчным вучылiшчы на школьным аддзяленнi ў 1947—1951 гадах. Сёлета спаўняецца 55 гадоў, як мы закончылi сваю навучальную ўстанову. Дзе вы, Вера ВАСКАБОВIЧ, Нiна БАРОЎСКАЯ, Шура БЯГУН, Лiда БОНДАР, Лена БЛАЖКО, Iра ГАЎРУК, Зiна ГРЫБКО, Лiля ЖАЛУДКО, Мая ЖУКОЎСКАЯ, Тамара КЕДА, Зiна ЛЫСАЯ. Адгукнiцеся таксама Лена АПАЦКАЯ, Лiда МIЛЬГУЙ, Соня МАРОЗ, Зiна ПЯКАРСКАЯ, Вера РАМАНАВА, Рэня РЫБIНСКАЯ, дзве Надзi САМСОНIК i ПУЙМАН, Насця ТАРАСАВА, Маня ПЛАШЧЫНСКАЯ, Галя ХАМЕНКА, Зiна ДРАМЛЮК. Можа, хто адгукнецца, захоча арганiзаваць сустрэчу”.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter