“Помнi iмя сваё...”

САПРАЎДНАЯ ДРУЖБА НЕ ЗАБЫВАЕЦЦА
“Можа, так наканавана лёсам, каб праз дзесяцiгоддзi людзi праносiлi каханне цi сапраўдную дружбу i не забывалi сваiх сяброў. Я таксама шукаю такога чалавека. Аляксандр IВАНОЎ быў мне за брата. Мы разам вучылiся ва Усесаюзным завочна-iнжынерным будаўнiчым iнстытуце ў Маскве. Скончылi вучобу ў 1973 годзе, з таго часу не бачылiся. Я згубiў яго адрас. Ведаю, што раней Саша жыў у горадзе Апочка Пскоўскай вобласцi, здаецца, на вулiцы Чырвоных камандзiраў. Уладзiмiр Iванавiч Ларывонаў, горад Орша”.
“Больш за 25 гадоў прайшло, як я скончыла Мiнскае чыгуначнае вучылiшча. Раскiдалi нас, сябровак-аднакурснiц, рэйкавыя шляхi па розных гарадах i краiнах. Вельмi хацелася б даведацца, як склаўся лёс у Таццяны КАНАВАЛIК, Надзеi ШАШКО (яна, здаецца, з Беразiно), Зiны ЦIМАШЭНКI (мы разам працавалi праваднiцамi на цягнiку Мiнск—Масква). Наталля Мiкалаеўна Акiмцава (Калiнка)”.   
Любоў Васiльеўна Цэбрук (Шэпяцюк) з Навагрудка шукае сваiх аднакласнiкаў, якiя 36 гадоў таму скончылi Поразаўскую школу-iнтэрнат Свiслацкага раёна.
 Пра лёс свайго знаёмага хоча даведацца Аляксандра Васiльеўна Шараева. Аляксандр ПЕТРУСЕВIЧ, 1926 года нараджэння, прызваўся ў армiю напрыканцы вайны. Прыкладна ў 1950—1955 гадах вучыўся ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii (Горкi), на факультэце механiзацыi.
КАРАНI НА СЛУЧЧЫНЕ I НА КАПЫЛЬШЧЫНЕ
Iван Аляксеевiч Туравец шукае брата Сяргея Аляксеевiча ТУРАЎЦА, якi нарадзiўся ў 1919 годзе ў вёсцы Еўлiчы Слуцкага раёна. “У снежнi 1939 года прызваўся ў армiю. Служыў у Баранавiчах. Затым перавялi ў Лiду. Пiсаў дадому пiсьмы. У 1941 годзе перапiска абарвалася. Нехта бачыў машыну з ваеннапалоннымi. Сярод iх быў Сяргей. Ён выкрыкнуў, каб перадалi родным i блiзкiм, што яго вязуць у Германiю. Можа, яму пашчасцiла выжыць у палоне i дзе-небудзь жыве яго сям’я. Хай ведаюць, што каранi iх на Случчыне. Там чакаюць iх родныя i блiзкiя”.
Нiна Цiмафееўна Нятрэбiна з Мiнскай вобласцi шукае брата сваёй бабулi Юрыя (Георгiя) Мiкалаевiча ГАЛУЗУ, якi нарадзiўся ў вёсцы Дубейкi Капыльскага раёна. Яшчэ да вайны ён паехаў у Амерыку, з таго часу родныя i блiзкiя пра яго нiчога не ведаюць.
ДЗЕ ЗАГIНУЛI НАШЫ РОДНЫЯ?
“Нас у сям’i было сямёра дзяцей. Пасля вайны засталося толькi пяцёра. З канцлагера вярнулася старэйшая сястра Вера. За сувязь з партызанамi ў 1944 годзе арыштавалi нашу мацi Варвару Емяльянаўну i сястру Ганну Данiлаўну ГАЛУЗАЎ. Спачатку яны былi ў лагеры ў вёсцы Вяляцiчы Барысаўскага раёна, потым у лагеры ў Барысаве. Пасля вайны Вера аддала нас, траiх малодшых, у дзiцячы дом. Мы былi разам i чакалi мацi i Ганну. Можа, ёсць звесткi, куды накiравалi нашых родных, дзе яны загiнулi. Марыя Данiлаўна Варанцова, горад Мiнск”.
“За сувязь з партызанамi немцы павесiлi нашу мацi. Бацька Васiль Васiльевiч БАРАШКА служыў у Тульскай вобласцi, 388 стралковы полк, 172 стралковая дывiзiя. Першы бой прыняў пад Рагачовам. Гэта ўсё, што мы ведаем пра яго. Пасля вайны я засталася з братам. Пакуль жыў, ён шукаў звесткi пра бацьку. Безвынiкова. Святлана Васiльеўна Грыцук, Брэсцкая вобласць”.
“Толькi год таму мы знайшлi некаторыя звесткi пра нашу мацi Ганну Iванаўну ГАЛУБОВIЧ (ДОСIНУ), якая нарадзiлася ў 1916 годзе ў вёсцы Баравое Дзяржынскага раёна. У 1943 годзе яе арыштавалi карнiкi. Летась сярод старых запiсаў i папер мы адшукалi запiску ад яе. Паведамляла, што знаходзiцца ў канцлагеры ў Мiнску, на вулiцы Шырокай. Яе нумар быў 294. Матуля прасiла, каб перадалi што-небудзь з прадуктаў, хвалявалася пра дзяцей. Што здарылася потым, не ведаем. Можа, хто застаўся ў жывых з канцлагера, якi iснаваў у 1944 годзе ў Мiнску, будзем удзячныя за любую iнфармацыю. Нэлi Мiкалаеўна i Марат Мiкалаевiч Галубовiчы”.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
“Мне было ўсяго чатыры гады, як браты пайшлi на фронт. Са слоў матулi, старэйшы Барыс Iванавiч КАРПIЕВIЧ, 1921 года нараджэння, прызываўся Слуцкiм ваенкаматам яшчэ да Вялiкай Айчыннай на абавязковую службу. У вайну даслаў адзiн лiст, у якiм паведамляў, што лёгка паранены, але просiцца на фронт. Больш пiсьмаў ад яго не атрымалi. Другi, Мiкалай Iванавiч КАРПIЕВIЧ, 1923 года нараджэння, таксама прызываўся Слуцкiм ваенкаматам. Прыкладна ў 1943—1944 гадах быў танкiстам, потым сувязiстам. Прыйшло паведамленне, што ён памёр ад цяжкiх ран. Дапамажыце адшукаць месца пахавання маiх братоў. Кацярына Iванаўна Кавалiк, Мiнская вобласць”.
“Хачу даведацца, дзе i ў якiх войсках ваяваў i дзе загiнуў мой бацька Мiкалай Мiхайлавiч ЛАБАЗIН, якi нарадзiўся ў 1908 годзе ў вёсцы Гразiвец Чавускага раёна. На фронт прызываўся раённым ваенкаматам. У жнiўнi 1944 года прапаў без вестак. Мiкалай Мiкалаевiч Лабазiн”.
Весткi пра свайго брата Лаўрэнцiя Рыгоравiча ГАРАГЛАДА чакае Марыя Уладзiмiраўна Валчковiч з Пiнскага раёна. Жанчыне вядома толькi, што брат дайшоў да Берлiна.
Родныя i блiзкiя адшукваюць звесткi пра Яраслава Канстанцiнавiча ПАРЧУКА, якi прапаў падчас Вялiкай Айчыннай вайны. Нарадзiўся ў 1926 годзе ў вёсцы Ладарож. “Магчыма, загiнуў ва Усходняй Прусii. А можа, ён жывы”.
“Наш бацька Зяляй Зеляйдзiнавiч БАГАУТДЗIНАЎ (прыкладна 1901—1903 года нараджэння, горад Троiцк Чэлябiнскай вобласцi) да вайны служыў у горадзе Лепелі. Затым яго перавялi ў Томск. У 1941 годзе служыў недзе ў Днепрапятроўскай вобласцi. Мы страцiлi з iм сувязь напачатку вайны. Магчыма, яго iмя ёсць у спiсах загiнуўшых у канцлагерах”. 
“Дапамажыце знайсцi звесткi пра бацьку Свiрыда Iванавiча КУЛЯШОВА, (1906 год нараджэння, вёска Вежкi Дубровенскага раёна). На фронт прызываўся мясцовым ваенкаматам. Пiсьмаў не пiсаў. Напрыканцы вайны прыйшло паведамленне, што бацька прапаў без вестак. Хацелася б даведацца, дзе ён пахаваны. Вера Куляшова (Рамановiч)”.
“Звесткi пра майго бацьку Аляксандра Андрэевiча ЧЫСЛОВА (1902 год нараджэння) розныя. Ён прапаў без вестак у 1944 годзе, але паведамлення мы не атрымалi. Аднавясковец, якi затым загiнуў, напiсаў, што бацька быў паранены. Можа, хто пачуе цi прачытае знаёмае прозвiшча i iмя, паведамце. Нiна Аляксандраўна Марфонава, горад Магiлёў”.
“Дапамажыце даведацца пра брата, лейтэнанта Iвана Мiхайлавiча МАРТЫНЕНКУ, 1918 года нараджэння, якi прапаў без вестак у гады Вялiкай Айчыннай вайны. Ганна Мiхайлаўна Сiкiрыцкая, горад Магiлёў”.
“Мой бацька Якаў Пятровiч ЦIМАФЕЕЎ, 1914 года нараджэння, ураджэнец Курскай вобласцi Расii. У канцы лiстапада 1939 года прызваны ў армiю, служыў на Беларусi. Там i застала вайна. Прапаў без вестак у кастрычнiку 1943 года. Калi б паведамiлi, што такое адбылося ў 1941-м, я зразумела б: на перадавой лiнii склалi галовы многiя ваеннаслужачыя. Але калi прапаў восенню 1943 года, ён жа дзесьцi гэты перыяд знаходзiўся i саслужыўцы былi побач. Можа, хто-небудзь з iх застаўся жывым. Галiна Якаўлеўна Кузняцова, горад Мiнск”.
“Шукаю брата Васiля Трафiмавiча ЦIШЧАНКУ, 1921 года нараджэння, ураджэнца вёскi Дронькi Арэвiцкага сельсавета Хойнiцкага раёна. Адтуль i пайшоў у пачатку вайны разам са сваiмi равеснiкамi на фронт. Пiсьмаў ад яго не было. Потым прыйшло паведамленне, што прапаў без вестак. З таго часу мы нiчога пра яго не ведаем. Бацька Трафiм Ерафеевiч Цiшчанка таксама прапаў без вестак у пачатку вайны. Раiса Трафiмаўна Кузьменка (Цiшчанка), горад Мiнск”.
Звесткi пра Антона Iванавiча КАШКАНА, 1912 года нараджэння, адшуквае дачка Ларыса Антонаўна Малюцiна з Мiнска. “У вераснi 1944 года прыйшло паведамленне, што бацька прапаў без вестак. Пiсьмаў ад яго не засталося. Ён нарадзiўся ў вёсцы Ладыга Уздзенскага раёна. Да вайны працаваў бухгалтарам у фiнаддзеле УМВД Мiнскай вобласцi. З Падольска прыйшло паведамленне, што бацька не лiчыцца ў базе даных загiнуўшых на тэрыторыi Германii ваеннапалонных. Дзе ж магiла таты, дзе ён загiнуў?”
“17 студзеня 1944 года прыйшла “пахавальная” на майго бацьку Пiлiпа Iванавiча ГОЛУБЕВА, што яго магiла ў горадзе Вялiкiя Лукi. Бацька нарадзiўся ў 1907 годзе ў Дзямiдаўскiм раёне Смаленскай вобласцi. На фронт прызываўся мясцовым ваенкаматам. Пiсаў, што паранены, ляжаў у шпiталi, здаецца, ва Украiне (Жытомiры). Я ўжо шмат гадоў жыву ў Беларусi. Але, каб даведалася, дзе пахаваны тата, паехала б хоць на край свету. Можа, хто ведае дакладна, дзе знаходзяцца салдацкiя могiлкi ў Вялiкiх Луках? Валянцiна Пiлiпаўна Панасюк, горад Мiнск”.
НА ФРОНТ  — З ГАРМОНIКАМ
Андрэй Мiкiтавiч ГРЭБНЕЎ (ГРАБНЁЎ) з 23 жнiўня 1943 года быў байцом партызанскага атрада “Мсцiўца” брыгады Аляксея Данукалава. 5 мая 1944 года прапаў без вестак. Андрэй Мiкiтавiч быў добрым музыкантам: на фронт узяў з сабой толькi гармонiк. Можа, хто па гэтай прыкмеце ўспомнiць яго. Родным i блiзкiм вядома, што ён прапаў без вестак пры прарыве нямецкай блакады ў раёне Ушач. Сын i жонка адшукваюць свайго роднага чалавека i хочуць сустрэцца з яго ваеннымi сябрамi цi з iх роднымi.
АДГУКНIЦЕСЯ!
“У сярэдзiне 1930 гадоў мой бацька Мiкалай Дзям’янавiч БУЛЫГIН прыехаў працаваць у Бабруйск, дзе i пазнаёмiўся з маёй мацi. Пажанiлiся. У 1938 годзе нарадзiлася я, Тамара Булыгiна. А напачатку 1939-га бацьку забралi ў армiю. Адтуль пайшоў на фронт. У чэрвенi 1944 года прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак. Ведаю, што ён нарадзiўся ў 1917 годзе ў Кiеве. Праз некаторы час сям’я пераехала ў Оршу (гэта можа быць недакладна). У бацькi былi браты. Спадзяюся, што засталiся ў Беларусi (можа, пад Оршай) бацькавы родныя — Булыгiны. Адгукнiцеся! Дапамажыце знайсцi магiлу майго бацькi”.
МНЕ СОРАМНА...
Ганна Паўлаўна Сазонава з Гродна хоча даведацца пра лёс Пятра МАРКОЎСКАГА. “2 лютага 1971 года (пра што сведчыць запiс у кнiзе, якую я спрабавала чытаць у поездзе Гродна—Масква), пазнаёмiлася я з Пятром i яго мацi. Яны вярталiся з гасцей з Гродна, а я ехала ў Мiнск. Мае спадарожнiкi выйшлi ў Маладзечне. У Мiнску я жыла ў iнтэрнаце на вулiцы Кастрычнiцкай. Пятро, якi тады быў студэнтам iнстытута механiзацыi сельскай гаспадаркi, некалькi разоў наведваў мяне, хадзiлi з iм у кiно. Потым я перайшла ў iнтэрнат БДУ на Паркавай магiстралi. Мяне вельмi здзiвiла, што Пётр прыйшоў да нас у пакой. Мы рассталiся па маёй вiне. “Я пайду, а ты пашкадуеш”, — сказаў тады Пётр. Часта ўспамiнаю гэтыя словы, у iх, здаецца, дрэнная энергетыка. Мне сорамна за свае паводзiны”.

“Яе я прызнаю за маці”

Развiтваючыся назаўсёды, бабуля папрасiла Вольгу, каб тая ўсю сям’ю “трымала ў руках”. Так яна i робiць: сустракаецца, дапамагае парадай, радуецца за шчаслiвых i молiцца, каб бяда абмiнула ўсiх родных — у Беларусi, Англii, Амерыцы, Румынii... Лёс i войны раскiдалi Скараходаў, Калягаў, Палячонкаў па свеце. Таму ў радаводзе Вольгi Мiкалаеўны Палачанiнай з Докшыц столькi разгалiнаванняў, што толькi яна можа дакладна “правесцi” па iм i назваць усе iмёны, пачынаючы з 1809 года. Толькi адно iмя яна не ведае — свайго зводнага брата, якi, магчыма, жыве ў Румынii. Яго i хоча адшукаць з дапамогай сумеснага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i “Народнай газеты” “Помнi iмя сваё...”

Скупыя радкi пiсьма паклiкалi ў дарогу. Незвычайнай была гiсторыя кахання i жалю. Ды i сама аўтар падалася вельмi шчырай i добрай жанчынай. Толькi такi чалавек мог напiсаць, што прыме невядомую румынку за мацi.
Вольга Мiкалаеўна то плакала, то смяялася, расказваючы гiсторыю свайго роду.
— Мяне назвалi ў гонар цёткi Волькi, бацькавай сястры. У 16-гадовым узросце яна трапiла ў Нямеччыну ў канцлагер. Паехала, каб нiколi ўжо не вярнуцца ў родную старонку. У канцлагеры была з трыма зямлячкамi. Потым яны пасябравалi з дзяўчаткамi з Украiны i Расii. Усе 16 сябровак, падтрымлiваючы адна адну, дачакалiся вызвалення. I ўсе разам паехалi ў Англiю, напалохаўшыся, што дома расстраляюць. У горадзе Болтан iх накiравалi на ткацкую фабрыку. Усе яны там замуж выйшлi, кумамi памiж сабой сталi, i дзецi iх сябруюць. А мне цётчына дачка Iра пiша пiсьмы на польскай мове. Шкада, што да нас яны так нi разу i не прыехалi.
1942 год быў асаблiва горкiм для сям’i Палячонкаў. Трапiла ў Германiю Вольга, немцы спалiлi iх вёску, быў прызваны ў армiю сын Мiкалай, якi таксама ледзь не застаўся на чужыне. Толькi па зусiм iншай прычыне.
Звесткi пра бацькава вялiкае каханне Вольга Мiкалаеўна збiрала па крупiнках.
— Мой бацька Мiкалай Мiхайлавiч Палячонак, 1922 года нараджэння, 9 мая 1944 года быў цяжка паранены ў Бухарэсце ў галаву i нагу, — распавядае яна. — 25 сутак праляжаў у непрытомнасцi. Думалi, што памёр, i збiралiся хаваць. Палезлi ў шынель за дакументамi, а ён адкрыў вочы. Паклалi ў шпiталь, а там бацьку выхадзiла дзяўчына, вiдаць, румынка, па-нашаму яе звалi Юлiя. Яна там працавала, напэўна, санiтаркай.
Маладыя людзi пакахалi адзiн аднаго — светла, чыста, не ведаючы нi моўных, нi iншых перашкод, нягледзячы на жахi вайны. Юлiя чакала дзiця. I Мiкалай вырашыў застацца з ёй, стварыць сям’ю. Напiсаў бацькам. Тыя адказалi: “Сынок, заставайся, калi кахаеш”. I раптам ён вяртаецца дадому. “Чаго ты прыехаў?” — пытаюцца бацькi. А ён расказвае, што Юлiя спалохалася: а раптам тут сям’ю расстраляюць цi яму не будзе жыцця ў Румынii? I пераканала вярнуцца. Было гэта ў 1946 годзе. Нiхто не ведае, як яны развiтвалiся, што было на душы ў закаханых, цi спадзявалiся на сустрэчу хаця б у старасцi.
— Тата доўга не жанiўся. Толькi ў 1949-м маму сустрэў. Я нарадзiлася ў 1951-м, а брат Пеця — у 1954 годзе. Упершыню я пачула пра тую гiсторыю, калi была зусiм малая. Мы з братам цiхенька ляжалi на печы. Матуля была на працы. Тата прыйшоў разам са сваiм братам Васiлём. Чую, горка плача i раз за разам паўтарае: “Я ж яе цяжарную пакiнуў”, — уздыхае Вольга Мiкалаеўна.
Тады яна была малой i не звярнула ўвагi на бацькавы слёзы. А ў 1963 годзе ён памёр, ведаючы, што дзесьцi расце яго сын-першынец. А яшчэ амаль праз тры дзесяцiгоддзi Вользе Мiкалаеўне сказалi, што нiбыта ў яе ёсць брат у Польшчы, падобны на бацьку як дзве кроплi вады. Яна не паверыла. I цяпер вельмi дакарае сябе, што не распытала.
— А гады два назад мне пачаў снiцца сон пра брата. Калi патэлефанавала цётка Лёня, я спытала, цi праўда, што тата пакiнуў цяжарную жанчыну. Яна пацвердзiла i сказала, што сапраўды ў мяне ёсць брат. Аказваецца, Юлiя пiсала пiсьмы татавай цётцы Любе, якая была на той час з мужам у Францыi. Адтуль весткi траплялi ў Беларусь. I фотаздымак быў. Мы спрабавалi знайсцi, але дарэмна. Ведаю толькi, што тая Юлiя была маладзейшая за бацьку, светлая, паўнаватая. Ад мяне чамусьцi ўсё ўтойвалi. А цяпер так цяжка знайсцi сляды. Амаль усё мiнулае лета я правяла ў пошуках. Пiсала ў Польшчу, звярталася ў Чырвоны Крыж. Але ж я не ведаю прозвiшча той жанчыны i як яе iмя пiшацца па-румынску. Можа, вы дапаможаце знайсцi майго брацiка, — па шчоках жанчыны коцяцца слёзы смутку i надзеi.
Яшчэ Вольга Мiкалаеўна спадзяецца, што жывая i Юлiя.
— Я прызнаю яе за мацi. Яна ж тату жыццё выратавала i тым самым нам жыццё дала.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце,
тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by).
Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх.
Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”:
220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...”;e-mail:poisk@radio.tvr.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter