"ПОМНI IМЯ СВАЁ..."

У мiнулым выпуску сумеснага пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i “Народнай газеты” “Помнi iмя сваё...” мы друкавалi пiсьмо Марыi Уладзiмiраўны Правалёнак. Ад iмя сваiх састарэлых цётак яна прасiла ўдакладнiць месца пахавання iх брата Пятра Канстанцiнавiча Стрэльчанкi. Яго прозвiшча родныя пачулi ў зачытаных па радыё i знайшлi ў надрукаваных у “НГ” спiсах ваенных, пахаваных у нямецкiм Цайтхайне.

Кiраўнiк радыёпраекта Алег Мiхалевiч зверыў яшчэ раз прозвiшча з новым спiсам савецкiх ваеннапалонных, якiя памерлi ў лагеры Цайтхайн. Гэты спiс амаль на 15 тысяч чалавек, з якiх звыш 600 беларусаў, разам з другiм пашыраным выданнем “Кнiгi Памяцi савецкiх ваеннапалонных лагера Цайтхайн” перададзены нашым калегам для больш дэталёвых пошукаў.  Згодна з новымi спiсамi, Пётр Канстанцiнавiч Стрэльчанка, 1915 года нараджэння, вёска Шурманы, Полацкi раён, Вiцебская вобласць, лейтэнант, загiнуў 19.11.1941 года ў Цайтхайне, могiлкi К 1. Цяпер сёстры, якiя 65 гадоў нiчога не ведалi пра брата, могуць быць упэўнены: ён знайшоў апошнi спачын на нямецкай зямлi. З-за салiднага ўзросту яны не змогуць пабываць на яго магiле. Па просьбе жанчын мы змяшчаем фотаздымак з вiдам на магiльнае поле з абелiскам, могiлкi 1 i 5 Эрэнхайн Цайтхайн, дзе пахаваны лейтэнант Пётр Стрэльчанка i яго таварышы.
ПЛАЧА МАЦI
Пра сваё вялiкае гора расказала нам у пiсьме Данута Фамiнiчна Ляшкевiч са Столiнскага раёна. “12 сакавiка 2004 года мой сын Пётр Сцяпанавiч ЛЯШКЕВIЧ, 1971 года нараджэння, паехаў у Санкт-Пецярбург прадаваць насенне агароднiны. Сын, на жаль, не паведамiў  месца свайго знаходжання. Пiсем ён не пiсаў, толькi зрэдку тэлефанаваў, апошнi раз у канцы мая 2004 года. Тады i сказаў, што будзе гандляваць прыкладна да дзесятага чэрвеня i адразу прыедзе дамоў. Я чакала яго, але ён не прыехаў нi ў чэрвенi, нi ў лiпенi, нi праз год. Ужо больш за два гады мiнула, як я не бачыла свайго Пятра. Змучылася, вочы ўсе выплакала, чакаючы яго. Звярталася на перадачу “Жди меня”, але станоўчага адказу не атрымала. А зараз уся надзея на вас.”
“Прашу дапамагчы мне ў пошуках сына Аляксандра Лявонцьевiча КАРАIМА, 1956 года нараджэння. Ён паехаў на працу ў Маскву. Я званiла ў фiрму “Будаўнiк”, куды ён  уладкаваўся, але, дзе ён канкрэтна працуе, так i не даведалася. Падала заяву на яго вышук. 9 сакавiка 2002 года ён патэлефанаваў i сказаў, што працуе ў Растове ва ўласнiка i летам прыедзе дамоў. Прайшлi лета i восень, а сын дамоў не прыехаў. Паслала пiсьмо ў Растоў. Атрымала адказ, што “ўсё праверана, вашага сына няма.” Справу перадалi ў Маскву, бо сын, сказалi, паехаў туды зноў. Паслала пiсьмо ў Краснасельскi аддзел унутраных спраў горада Масквы, але станоўчага адказу не атрымала. Некалькi пiсьмаў паслала на перадачу “Жди меня”, прасiла, каб дазволiлi мне прыехаць i паказаць фотаздымак сына. Але да гэтага часу не змагла трапiць туды. Можа, вы мне дапаможаце знайсцi сына. Валянцiна Паўлаўна Караiм, горад Баранавiчы”.
ДАПАМАЖЫЦЕ!
“Дапамажыце мне знайсцi пляменнiка Мiхаiла Iванавiча IВАНКОВА, 1945 года нараджэння. Ён жыў у горадзе Вялiкiя Лукi Пскоўскай вобласцi. Мы страцiлi з iм сувязь, а вельмi хацелася б узнавiць яе. Вера Мiходаўна Iванкова, вёска Залужжа Старадарожскага раёна”.
Яўгенiя Iванаўна Губернатарава з Навагрудскага раёна шукае каго-небудзь са сваякоў па лiнii Надзеi Пятроўны РАСОНЕНКI i яе брата Iвана Пятровiча ГУБЕРНАТАРАВА. “Надзея Пятроўна да нядаўняга часу жыла ў пасёлку Кастрычнiцкi Белгародскага раёна, а Iван Пятровiч — у самiм Белгарадзе. Iвана Пятровiча, ведаю, ужо няма сярод жывых, але ж нехта з яго  блiзкiх застаўся. Надзея Пятроўна, спадзяюся, i сама жывая,  i ўсё добра ў яе сям’i”.
“Хачу знайсцi ваеннаслужачага Васiля ТУРЫКА. У 1980—1981 гадах ён служыў у дывiзii, што знаходзiлася ў пасёлку Каменка Выбаргскага раёна Ленiнградскай вобласцi. Пазней быў пераведзены для далейшай службы ў Архангельск. Яго жонка Валянцiна Якаўлеўна Турык — настаўнiца матэматыкi, вучыла ў Каменцы маю дачку Святлану Немыцькову. Перад ад’ездам у Архангельск Васiль прасiў мяне паведамiць пра далейшы лёс. Вось я i хачу зрабiць гэта, калi даведаюся яго адрас. Дапамажыце мне, калi ласка. Вольга Iванаўна Турык-Немыцькова-Кагыльнiчан, Талачынскi раён”.   
ДЛЯ НАШЧАДКАЎ
“На схiле гадоў вельмi хочацца знайсцi сваякоў, каб, як кажуць, ведаць свае каранi. У мяне павiнна быць шмат родных, якiх я, на жаль, нiколi не бачыла. Жывуць яны ў Мiнску i дзесьцi непадалёку ад яго. Мая мацi Ганна Мiкалаеўна Няхайчык — ураджэнка вёскi Раўбiчы Мiнскага раёна. Бацька Лаўрэн Дзям’янавiч Мiхалевiч таксама адтуль. Жылi яны ў Раўбiчах да 1935 года. Потым пераехалi на станцыю Ясень Магiлёўскай вобласцi, дзе ў 1937 годзе нарадзiлася я. У мяне ёсць яшчэ старэйшая сястра, якая нарадзiлася ў Раўбiчах, а жыве цяпер у Ясенi. Ведаю, што ў бацькоў былi вялiкiя сем’i. У мамы два браты: Уладзiмiр i Мiхаiл. Адзiн з iх жыў у Мiнску, а другi — у вёсцы Каралёў Стан. Я там была ў дзяцiнстве. Род НЯХАЙЧЫКАЎ вялiкi, i вельмi хацелася б мець  звесткi аб iм i перадаць iх нашчадкам. Дапамажыце, калi ласка, у гэтай справе. Галiна Лаўрэнаўна Судакова, горад Пiнск”.
БАЛIЦЬ ДУША
“Пiша вам Вiктар Канстанцiнавiч Макарэвiч з горада Клiчава. 19-гадовым юнаком па волi лёсу я трапiў у горад Ангарск Iркуцкай вобласцi. Закончыў там медыцынскiя курсы, i мяне накiравалi медбратам у хiрургiчнае аддзяленне адной з бальнiц. Разам са мной там былi медыцынскiя сёстры Люба i Надзя. Працавалi мы з выдатнымi хiрургамi, былымi франтавiкамi. Люба мне вельмi падабалася, а цi падабаўся ёй я — не ведаю, але думаю, што падабаўся. Размаўлялi мы не пра каханне, а пра жыццё, будучыню: вельмi хацелi стаць урачамi. Дамовiлiся, што яна прыедзе да мяне ў Клiчаў i будзем паступаць у Мiнскi медыцынскi iнстытут. У красавiку 1953 года я прыехаў да сябе на радзiму. З Любай перапiсвалiся. Усё было нармальна. Я прыняў рэнтгенаўскi апарат i пачаў працаваць рэнтген-лабарантам. Так i адпрацаваў паўстагоддзя. Мне зараз 73 гады. Жыву адзiн. Дзецi выраслi, вывучылiся, атрымалi прафесii i жывуць цяпер у Расii. Да вас звяртаюся з вялiкай просьбай: хачу зняць цяжкую ношу з душы. Раскажу ўсё па парадку. Справа ў тым, што ў 1954 годзе, у кастрычнiку месяцы, я атрымаў пiсьмо з Грознага. Пiсала Люба: “Вiця, мiлы, прыязджай, забяры мяне, я не туды трапiла”. Я пайшоў да галоўнага ўрача, а ён мне: “Адпусцiць не магу, ды i ехаць у Чачню, маўляў, не варта”.  З таго часу, а гэта больш як 50 гадоў, я пра Любу нiчога не ведаю. А душа балiць. Цi ўдалося ёй вярнуцца на радзiму? Як склаўся яе лёс? Дапамажыце мне, па магчымасцi, хоць што-небудзь даведацца пра Любу. У яе ж, напэўна, ёсць дзецi, унукi, iншыя сваякi. Яе дзявочае прозвiшча Розава. Любоў Паўлаўна РОЗАВА. Да нашай сустрэчы яна жыла з бацькамi ў вёсцы непадалёку ад Волагды”.
ЗАПРАШАЕМ НА СУСТРЭЧУ
Мiнчанка Валянцiна Мiкалаеўна Доўгая звяртаецца да ўсiх дзяцей вайны, якiя выхоўвалiся ў Плiскiм дзiцячым доме Вiцебскай вобласцi. Вось iх iмёны: Фёдар i Станiслаў БАБРОЎСКIЯ, Юля БАРОХА, Iван БАСЯЦКI, Анатоль БРАЗГУНОЎ, Яўген БРУЕЎ, Фёдар БУЛАХ, Дуня ГРЫГОР’ЕВА, Уладзiмiр КАРАСЁЎ, Соня КАЧАН, Зоя i Рэня КОЎЗУНЫ, Юра КОРЗIН, Вiктар КАРЧЭЎСКI, Леанiд КРАСНОЎ, Вiктар КУЛIКОЎ, Муза i Iгар ЛАЗАРЭНКI, Ларыса ЛАДЗIСАВА (ЛАДЫСАВА), Алiна ЛЯСНЕЎСКАЯ, Ларыса ЛАБАНАВА, Маня МАНЯК, Мiкалай МАСАЛЬСКI, Лiда МАЦКЕВIЧ i Васiль МЯРЛО, Мiхаiл МIСЕЛЬБАУМ i Аляксандр МIХАЙЛЕНКА, Цiмафей i Яфiм НIКIФАРАВЫ, Анатоль СОБАЛЬ, Нiна i Мiкалай ЗВЯЖЭНКI. “Усiх, хто хоча сустрэцца са сваiмi настаўнiкамi i выхавальнiкамi, запрашаю прыехаць
8 лiпеня 2006 года на сустрэчу выпускнiкоў-выхаванцаў Плiскага дзiцячага дома”.
“Выпускнiкi 1956 года Дашкоўскай сярэдняй школы Магiлёўскага раёна запрашаюць на сустрэчу, прысвечаную 50-годдзю заканчэння навучальнай установы. Сустрэча адбудзецца
27 мая ў 12 гадзiн у школе. Аргкамiтэт: Святлана Захаранка, Галiна Клышына, Вiктар Галкоў”.
РАЗМIНУЛIСЯ, РАЗЫШЛIСЯ
Уладзiмiр Уладзiмiравiч Таран са Слуцкага раёна шукае жанчыну, з якой не бачыўся 31 год. “Яе дзявочае прозвiшча СТРЫЖАНОК, завуць Нiна Васiльеўна. Родам з-пад Полацка. Нiна вучылася ў Слуцку на масласырароба. Аднойчы яе разам з iншымi студэнтамi прыслалi ў нашу вёску Амговiчы на ўборку бульбы. Так мы i пазнаёмiлiся. Мне тады было 17 гадоў. Пасля вучобы яна паехала блiжэй да дому. Мы з ёй перапiсвалiся. Нiна запрашала прыехаць да яе ў госцi, але ў мяне не атрымалася. Потым мы рассталiся. Прайшло шмат гадоў, але я хачу даведацца пра яе. Толькi не падумайце, што я ўмешваюся ў яе сям’ю, я проста хачу ведаць лёс гэтага чалавека. Можа, Нiна Васiльеўна адгукнецца i захоча мне напiсаць цi пазванiць па тэлефоне.”
Размiнулiся, разышлiся,
Як вясновыя два ручайкi,
Што ў рачулку адну не злiлiся,
Кажуць людзi, што лёс наш такi.
Размiнулiся, разышлiся,
Нiбы два жаўрукi ў вышынi.
Дзе ты, знiчка мая? Адгукнiся
I хоць словам мяне папракнi...
Гэтыя паэтычныя радкi, здаецца, вельмi добра адлюстроўваюць пачуццi Уладзiмiра Уладзiмiравiча Тарана i iншых радыёслухачоў i чытачоў, якiя кожны па-рознаму размiнулiся са сваiм каханнем.
“ЯНА ВЫРАТАВАЛА МНЕ ЖЫЦЦЁ”
Раiса Аляксандраўна Самусенка з Вiцебска нарадзiлася ў 1937 годзе. Бацька жанчыны быў ваенным, i яе дзяцiнства прайшло ў вёсцы Белiца Жлобiнскага раёна. “Падчас вайны фашысты везлi нас у канцэнтрацыйны лагер “Азарычы”. На маiх вачах яны забiлi бабулю i прабабулю. Я засталася адна. Вельмi плакала. Ад слёз нiчога не бачыла. Тут да мяне падбегла нейкая жанчына i прытулiла да сябе. Дзядуля кiнуўся да нас, але яго не пусцiлi людзi, бо немцы пачалi страляць. Яму сказалi, што ўнучку падабралi i яна зараз у натоўпе. Потым ён мяне адшукаў. Неяк па радыё я слухала перадачу “Памяць Азарычы”. У ёй прымаў удзел мужчына, расказваў, што яго мацi па дарозе з “Азарыч” падабрала дзяўчынку. Калi тое адбылося каля чыгункi, то хутчэй за ўсё гэта была я. Я вельмi хацела б сустрэцца з гэтай жанчынай, бо яна выратавала мне жыццё.”

ДЗЕ ТЫ, БРАТОК?
“Я, Васiль Антонавiч Рапецкi з Пiнскага раёна, даўно шукаю свайго брата Мiкалая Антонавiча РАПЕЦКАГА. Ён закончыў  машынабудаўнiчы тэхнiкум, адслужыў у войску, у снежнi 1977 года паехаў працаваць у Цюмень. Пiсаў пiсьмы. У канцы мая 1978 года перапiска з iм абарвалася. Пошукi брата з дапамогай мiлiцыi i iншых службаў вышуку станоўчых вынiкаў не далi. Я да гэтага часу не ведаю, дзе мой брат. Але надзея, як кажуць, памiрае апошняй. Можа, вам удасца знайсцi майго брацiка. Высылаю фотаздымак, дзе ён сфатаграфаваны ў маладым веку. Раптам хто ўбачыць i пазнае яго.

ГАРУЕ БАЦЬКА
“Пiша вам жыхар вёскi Барыскавiчы Глыбоцкага раёна Канстанцiн Мiхайлавiч Андзiлеўка. Дапамажыце мне, калi ласка, знайсцi сына Юрыя Канстанцiнавiча АНДЗIЛЕЎКУ. Ён жыў у Рызе. Я пiсаў яму i яго былой цешчы, але адказу няма. Высылаю  яго вясельны фотаздымак i свой у больш маладым веку. Ён павiнен мяне пазнаць i адгукнуцца”.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter