"Помнi iмя сваё..."

З Наваполацка на адрас пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i “Народнай газеты” “Помнi iмя сваё...” прыйшоў лiст ад Антанiны Мiхайлаўны Лiцвiнавай. “Я вельмi ўдзячная вам за тое, што вы так хутка адшукалi дарагога майму сэрцу чалавека Леанiда Iванавiча Лiленку, якога я не бачыла 58 гадоў. Мы патэлефанавалi ўжо адзiн аднаму, перапiсваемся i спадзяёмся на хуткую сустрэчу”. Яшчэ адно цёплае пiсьмо з падзякай даслала мiнчанка Зоя Аляксандраўна Крук. Яна прасiла знайсцi аднакласнiкаў мiнскай школы № 17, якую закончыла 50 гадоў таму. Ёй ужо патэлефанавалi аднакласнiкi.

ЗНАЙСЦI ЧАЛАВЕКА
Мiнчанiн Сяргей Сямёнаў у сваiм звароце прасiў дапамагчы адшукаць адрасы i тэлефоны настаўнiкаў, якiя ў 1981 годзе выкладалi ў 10А класе сталiчнай СШ N 70. Сёлета споўнiцца 25 гадоў, як вучнi гэтага класа закончылi школу. Яны плануюць арганiзаваць сустрэчу i вельмi хацелi б бачыць на ёй сваiх настаўнiкаў. Пошукi, арганiзаваныя з дапамогай настаўнiкаў i вучняў гэтай школы, размешчанай у Першамайскiм раёне, далi плён. Вось што паведамiла дырэктар Валянцiна Маргункова:
— Мы знайшлi журнал 10А класа, успомнiлi вучняў. Пачалi шукаць настаўнiкаў. На жаль, не ўсе яны жывыя, а некаторыя з’ехалi за мяжу. Але многiя i цяпер жывуць у Мiнску, яны будуць рады сустрэчы са сваiмi вучнямi. Я таксама 25 гадоў таму выпускала свой першы клас 10Б у Барысаве ў 1-й школе. Хачу выказаць падзяку вучням, якiя мяне знайшлi i арганiзавалi нашу сустрэчу. Можа, i мае аднакласнiкi адгукнуцца: у 1970 годзе я закончыла СШ N 73 Мiнска.
ДАПАМАЖЫЦЕ АДШУКАЦЬ
 Марыя Сцяпанаўна Новаш з Маладзечна шукае сваiх стрыечных сясцёр па бацькавай лiнii Валянцiну Iванаўну НОВАШ i Таццяну Iванаўну КРЫЧАР (Новаш). “Яны разам з мацi Зiнаiдай Васiльеўнай i цёткай Марусяй жылi ў Бабруйску. Валянцiна выйшла замуж, муж быў з Прыбалтыкi, у iх нарадзiлася дачушка (здаецца, Леначка). Таццяна пасля заканчэння тэхнiкума лёгкай прамысловасцi ў 1964 цi 1965 годзе працавала нейкi час у Маладзечне. Потым з’ехала, i сувязь абарвалася”.
“Нас у сям’i было трое дзяцей: Павел, я i Лiда, 1939 года нараджэння. Напачатку вайны бацька пайшоў на фронт. Мацi прапала без вестак. Мы засталiся з бабуляй. У 1944—1945 гадах бабуля хварэла i адвяла нас у Полацкi прытулак. Брата пасля сямiгодкi накiравалi ў Ленiнград вучыцца на токара, мяне — на швейную фабрыку “Сцяг iндустрыялiзацыi”. Лiда скончыла 10 класаў з залатым медалём i яе накiравалi ў педагагiчны iнстытут горада Полацка. У 1958 годзе я да яе прыязджала, а ў 1959-м яна прапала. Мы з братам знайшлi яе ў Карэлii. На наша пiсьмо адказалi, што яна выбыла ў невядомым напрамку. З таго часу мы пра нашу сястру Лiдзiю Пятроўну ЛЯХАВУ нiчога не ведаем. Францiса Пятроўна Ляхава (Смiрнова), Вiцебская вобласць”.
“А я шукаю сяброўку дзяцiнства Шуру СУВОРАВУ i першае каханне Анатоля ШУСТАЛА. З Шурай мы жылi ў Мiнску недалёка ад кiнатэатра “Ударнiк”. Потым дамы знеслi, i мы раз’ехалiся. Можа, хто з былых аднакласнiкаў з мiнскай школы № 55 успомнiць мяне? Пасля школы я пайшла працаваць на камвольны камбiнат, дзе пазнаёмiлася з Анатолем Шусталам. Некаторы час сустракалiся, а пасля яго забралi ў армiю. Спачатку перапiсвалiся, потым ён даў мой адрас свайму армейскаму сябру. Мяне гэта пакрыўдзiла, i перапiска спынiлася. Мы ўжо дарослыя людзi. У кожнага, мабыць, свае сем’i, клопаты. А так хочацца сабрацца. Прыязджайце, дарагiя сябры, да мяне. Жыву я недалёка ад Мiнска. Тут так прыгожа i спакойна, лепшага месца для адпачынку не знойдзеце. Тамара Жукоўская (Ярмак), Мiнская вобласць”.
Хачу адшукаць вязняў, якiх у сакавiку—красавiку 1944 года фашысты сiлай пагналi ў лагеры Беларусi i ў Германiю. Шлях праходзiў спачатку праз вёскi Капусцiна—Асоўнiк—Барчыцы—Глубокавiчы Кiраўскага раёна, а адтуль — у розныя лагеры. У вёсцы Хвойнiца ад голаду i хваробы памёр мой брат Мiхаiл, не прычакаўшы некалькiх тыдняў да вызвалення. Можа, засталiся сведкi тых шляхоў праз смерць да перамогi? Павел Пятровiч Ганчароў, горад Мiнск”.
“У 1941 годзе палiтрук партызанскага атрада № 8 “Навальнiца” брыгады Кiрылава Iван Iванавiч СТАЛЯРЭНКА ўзяў у атрад настаўнiцу Барсукоўскай пачатковай школы Крупскага раёна Вольгу Iльнiчну Багдановiч, маю маму. Пасля вайны яна не вярнулася дадому. Хачу адшукаць Iвана Iванавiча i спытаць пра лёс мамы. Ларыса Мiкалаеўна Багдановiч, Крупскi раён”.
На жаль, Iван Iванавiч Сталярэнка, як паведамiлi яго родныя, даўно пакiнуў гэты свет. Будзем спадзявацца, што адклiкнуцца iншыя людзi, якiя былi ў гэтым партызанскiм атрадзе.
“Мая цётка Iрына з мужам i дзвюма дочкамi жылi ў вёсцы Кулiкоўка Слаўгарадскага раёна. Падчас вайны яе мужа забралi на фронт. Цётка адна выхоўвала пяцярых дзяцей. Маёй стрыечнай сястры Танi ў той час было пяць гадоў. Аднойчы iх вёску акружылi немцы, выганялi людзей з хат i забiвалi. Ад фашысцкай кулi загiнула i цётка Iра. Дзецi цудам выратавалiся, суседзi перадалi iх другой маёй цётцы Ганне Тарасаўне Шыковай, якая жыла ў вёсцы Хоцiшча. Пасля вайны Таню ўладкавалi ў Ветранскi дзiцячы дом Быхаўскага раёна, дзе яна закончыла 7 класаў. Больш пра яе мы нiчога не ведаем. Таццяна Тарасаўна Драздова (Мельнiкава), горад Магiлёў”.
“Дапамажыце знайсцi стрыечную сястру Нiну Пятроўну БАРАНАВУ. Жыве яна ў Варонежы. Была замужам, але, вiдаць, не сышлiся характарамi. Прозвiшча, аднак, у яе можа быць мужа. Нiна вучылася ў Варонежы, там i засталася. А да гэтага жыла на станцыi Станавой, што ў дваццацi кiламетрах ад горада Яльца (раней Арлоўскай, цяпер Лiпецкай вобласцi). У гэтых мясцiнах нарадзiўся i мой бацька, таму была тут i я. Мае бабуля з дзядулем жылi недалёка ад Станавой. Дзядулю звалi Сямён Аляксеевiч, а бабулю Агаф’я Мiхайлаўна. Разам з iмi жылi чатыры дачкi, сёстры майго бацькi Шура, Марыя, Соф’я i Нюра. Усе яны былi вельмi добрыя. Я была ў iх у 1962 годзе разам з бацькам. Нiне тады было два гады. Спадзяюся сустрэцца з ёй. Тамара Аляксандраўна Мазурава, Асiповiцкi раён”.
Надзея Iванаўна Юшкевiч (Рудая) з Гродна шукае сваю лепшую сяброўку Веру ЛАГЕНЮ (прозвiшча дзявочае). “Рассталiся мы ў 1960 годзе. Тады яна таксама жыла ў Гродне. Я працавала, а яна не магла працаўладкавацца i паехала ў Мiнск цi ў Мiнскую вобласць”.
АДГУКНIЦЕСЯ!
10 чэрвеня 2006 года ў 13 гадзiн у Туркоўскай сярэдняй школе збiраюцца выпускнiкi 1956 года. Сваiх аднакласнiкаў шукае Алена Сафронаўна Балыка, якая жыве ў Бабруйскiм раёне.
“Ад iмя аднакласнiкаў да вас звяртаецца Зiнаiда Мiхайлаўна Ярмош (Крывеня) з Iўя. 40 гадоў таму мы закончылi Дзятлаўскую сярэднюю школу № 2. Наш 11Б быў зборны: выпускнiкi васьмiгодак з усяго раёна, класны кiраўнiк Любоў Аляксандраўна Грынько. 24 чэрвеня мы плануем сустрэцца, аднак амаль палову класа не можам адшукаць. Просiм адгукнуцца Галiну ГОЛУБ, Раiсу ГУЗОЎСКУЮ, Анатоля КАНАПIНЯ, Валянцiну КНЫШ, Аляксандра МУДРАГА, Васiля ЛУПIКА, Нiну ПIШЧУЛIНУ, Расцiслава ЦIШУКА, Марыю ФРАНЮК, Людмiлу ЧАРАНКО, Нiну УДОТ”.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
Весткi пра бацьку Мiкалая Андрэевiча ЧУКОЛIНА, 1902 года нараджэння, ураджэнца горада Табольска Цюменскай вобласцi, шукае Валянцiна Мiкалаеўна Кантаровiч з горада Камянца.
“Дапамажыце адшукаць брата Архiпа Ягоравiча ЯКАЎЛЕВА, 1925 года нараджэння. Падчас вайны ён быў вывезены ў Германiю на прымусовую працу. Брат даслаў фотаздымак i пiсьмо, у якiм паведамiў, што работа цяжкая, кормяць дрэнна. Калi скончылася вайна, вярнулiся дзяўчаты, вывезеныя разам з братам, а з хлопцаў нiхто не вярнуўся. Можа, пасля вызвалення ён трапiў у iншую краiну i застаўся там жыць, а можа, ад цяжкай працы памёр у Германii? Галiна Ягораўна Макарэнка, Гарадоцкi раён”.
Багуслава Iванаўна Тачоная з Зэльвы шукае весткi пра бацьку. Iван Фелiксавiч ЯМАНТ, 1916 года нараджэння, ураджэнец вёскi Роўбы Жэлудоцкага (цяпер Лiдскага) раёна Гродзенскай вобласцi ў 1945 годзе прапаў без вестак.
“Дапамажыце даведацца, дзе i калi загiнуў мой бацька Яфрэм Мiкалаевiч БАРАНОЎСКI, 1904 года нараджэння. У пачатку вайны ён быў прызваны ў армiю i з таго часу мы нiчога пра яго не ведалi, пiсьмаў не атрымлiвалi. Праўда, аднойчы маме перадалi запiску, што ён знаходзiцца ў лагеры для ваеннапалонных. Але бацькi там не было (мамiна сястра хадзiла). Пасля заканчэння вайны прыйшло паведамленне, што бацька прапаў без вестак у снежнi 1941 года. Нiна Яфрэмаўна Бараноўская, горад Мiнск”.
“Хачу адшукаць месца пахавання бацькi Iвана Iосiфавiча ГАЦКАГА. Ён прапаў без вестак у Германii якраз 9 мая. Так было напiсана ў паперы, якую атрымала яго мацi. Можа, хто з ветэранаў Вялiкай Айчыннай ведаў бацьку або быў сведкам яго смерцi — напiшыце. Ганна Iванаўна Шыманская (Гацкая), Карэлiцкi раён”.
Павел Паўлавiч Новiк са Свiслацкага раёна спадзяецца даведацца, дзе пахаваны яго бацька Павел Савельевiч НОВIК, 1913—1914 года нараджэння. “Нас прымусова вывезлi ў Германiю. Два гады працавалi там на нямецкага гаспадара. Калi прыйшла наша армiя, бацька пайшоў на фронт, а мама з дзецьмi вярнулася на радзiму. З таго часу бацькi мы не бачылi”.
Жыхарка вёскi Бераснёўка Брагiнскага раёна Валянцiна Сямёнаўна Новiк у пошуках сястры i пляменнiка. “Мая сястра Алена Пятроўна КIСЯЛЁВА (Плюшчай), 1949 года нараджэння, паехала ў горад Горкi (цяпер Нiжнi Ноўгарад). Ужо трынаццаць гадоў мы нiчога пра яе не ведаем. Можа, сястры няма ў жывых? У яе быў сын Аляксандр Валер’евiч КIСЯЛЁЎ, 1976 года нараджэння. Можа, пашчасцiць яго знайсцi? I яшчэ адна просьба. Мой бацька Сямён Арцёмавiч ПЛЮШЧАЙ загiнуў падчас Вялiкай Айчыннай. Мама расказвала, што здарылася гэта дзесьцi на пiнскiх балотах. Хачу ведаць, дзе ён пахаваны”.
Барысаўчанка Пракоф’ева (iмя i iмя па бацьку пазначаны iнiцыяламi) з вясны 1990 года шукае стрыечных сясцёр, брата i iх сем’i (прозвiшча ўсiх ЛЮРЦ). “Алiна настаўнiчала ў Гродне, выкладала матэматыку. Часлава таксама жыла ў Гродне разам з бацькамi, працавала энергетыкам. Я ў iх аднойчы гасцiла. Чэся чакала дзiця i новую кватэру. Мой бацька i дзядзька Пётр Iосiфавiч Люрц перапiсвалiся. Потым перапiска абарвалася. А пра стрыечнага брата Збiгнева ў адрасным стале ў 1990 годзе адказалi, што ён жыве ў Гродне. Але я яго не знайшла, як i iншых сваякоў”.
Марыя Вацлаваўна Зелянко (Камянецкая) з Пастаўскага раёна шукае звесткi пра дзядулю Нiкадзiма КАМЯНЕЦКАГА, прыблiзна 1865 года нараджэння. “У 1913-м ён з Валерыем Дробышам паехаў у Амерыку на заробкi. Сябар вярнуўся i расказаў, што яны працавалi на фабрыцы ў Дэтройце. Пра гэта я даведалася ад бацькi, якi ўжо памёр. Дзядулi, канешне ж, таксама даўно няма на свеце. Але засталiся ўнукi, якiя хочуць даведацца пра яго лёс i жыццё. Дапамажыце”.
“Даўно хачу даведацца пра лёс свайго зводнага брата Аляксандра Мiхайлавiча КАНДЫБОВIЧА. Наш бацька Мiхаiл Iванавiч Кандыбовiч шмат гадоў таму паехаў у Амерыку ў пошуках лепшай долi. Там ажанiўся, жонка Эмiлiя таксама была з Беларусi. У Нью-Йорку ў iх нарадзiўся сын Аляксандр. Праз некаторы час бацька вярнуўся на радзiму, адслужыў у Санкт-Пецярбургу ў войску сем гадоў пiсарам, i зноў вырашыў адправiцца ў Амерыку. Даехаў да Масквы, а далей не пусцiлi. Потым у бацькi з’явiлася новая сям’я. Аляксандр закончыў медыцынскi iнстытут i працаваў урачом. Аднойчы ён прыязджаў у Маскву i сустракаўся з бацькам. Яны доўга перапiсвалiся. Калi бацька памёр, пiсьмаў ад Аляксандра мы не атрымлiвалi. Улiчваючы ўзрост, разумею, што брата таксама няма ўжо ў жывых. Але ў яго былi дзецi. Вельмi хочацца на iх паглядзець, бо каранi iх — з Беларусi. Соф’я Мiхайлаўна Кандыбовiч, горад Мiнск”.
З ВЕРАЙ I НАДЗЕЯЙ
Марыя Пятроўна Багалейка са Слуцкага раёна просiць адшукаць сына Юрыя Уладзiмiравiча БАГАЛЕЙКУ, 1962 года нараджэння. “Ён паехаў на заробкi ў Iркуцкую вобласць. Жыў на станцыi Ангасалка. Тэлефанаваў i прыязджаў дамоў. Аднойчы папрасiў прыслаць яму даведку, метрыкi i дыплом. Мы адправiлi. Потым па тэлефоне сын паведамiў, што ён у Iркуцку. Два гады таму адрасаванае яму пiсьмо вярнулася. Я паслала тэлеграму на гэты адрас, прыйшоў адказ, што такога дома няма. Сын як скрозь зямлю правалiўся”.
Згубiлася маладая жанчына Марына Мiхайлаўна ЛАКАВА, 1981 года нараджэння. Яе мацi Святлана Леанiдаўна Лакава з Бабруйска паведамiла, што тры гады таму дачка паехала ў Маскву на працу. У першы год званiла, перадавала праз дзяўчат рэчы i грошы свайму сыночку. I ўжо два гады ад яе няма нiякiх звестак. “Дарагая дачушка, прыедзь дамоў. Гена забраў Кiрыла. Наведваць яго мы не можам. Дрэнна яму без цябе”.
ПРАЗ АДЛЕГЛАСЦЬ I ЧАС
Уладзiмiр Мiхайлавiч Пратасеня з гарадскога пасёлка Акцябрскi хоча знайсцi былую аднакласнiцу. “Мы закончылi дзесяць класаў у школе № 8 горада Мiнска. Мая аднакласнiца Лiля Мiхайлаўна КАВАЛЕЎСКАЯ з бацькамi, братамi i сястрой жылi ў вёсцы Вялiкi Трасцянец. Пасля выпускнога балю мы глядзелi фiльм у сельскiм клубе, а потым развiталiся. Цiкава, дзе i як жыве Лiля, чым займалася ўвесь гэты час. Хочацца, каб яна адгукнулася”.    
“Дапамажыце адшукаць маё першае каханне Валерыя Якаўлевiча МIШУТУ, 1941 года нараджэння. Мы абодва з Вiцебскай вобласцi, з аднаго раёна. Хочацца ведаць, дзе ён i як жыве. Можа, мы сустрэнемся. Прозвiшча маё прашу не называць”.
Яшчэ адна аўтарка захацела застацца ананiмам. “Дапамажыце знайсцi сябра маёй маладосцi. Завуць яго Андрэй ЗМУШКА. У 1962 годзе з Калiнкавiч ён прыязджаў паступаць вучыцца ў Мiнск. Тады мы i пазнаёмiлiся. Сустрэчы былi кароткiя. Я працавала, завочна вучылася. Сталася так, што вымушана была пайсцi замуж за чалавека, якога не вельмi кахала. У хуткiм часе мой муж паказаў, якi ён на самой справе. Але памяняць становiшча я не магла. Паехала потым у iншы горад. Сяброўка прысылала з Мiнска пiсьмы i кораценька паведамляла пра Андрэя. Так я даведалася, што ён пакiнуў iнстытут i паехаў з Мiнска. Больш пра яго нiчога не ведаю. Але ўсе гэтыя 43 гады ён у маiм сэрцы. Напэўна, сам Бог пасылаў мне Андрэя, хацеў засцерагчы ад жорсткага чалавека, якiм быў мой муж, а я была немачная. Цяпер я па-iншаму павяла б сябе. I ўнучку вучу, што за каханне трэба змагацца, ды i час iншы: няма тых прынцыпаў, якiя мне, лiчу, перашкодзiлi быць шчаслiвай”.

ДАПАМАЖЫЦЕ АДШУКАЦЬ

“Шукаю аднакурснiцу Лiдзiю Вiктараўну ЗАСУЛЬКА, 1937—1938 года нараджэння. 30 чэрвеня 1954 года мы скончылi Мiнскую школу медлабарантаў, аддзяленне медыцынскiх сясцёр, група 4. Я засталася ў Мiнску, а яе накiравалi ў Сноў пад Нясвiжам. У 1956 годзе Лiда прыязджала да мяне i з таго часу сувязь абарвалася. Вельмi хацелася б сустрэцца. Зiнаiда Цярэнцьеўна Салавей, горад Мiнск”.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце,   тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...”; е-mail:poisk@radio.tvr.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter