Помніць і жыць

У нядзелю вялікае народнае свята — Саракі. 22 сакавіка ва ўсіх беларускіх вёсачках чакалі прылёту птушак, дзеці гушкаліся на арэлях і гукалі вясну вясёлымі, гарэзлівымі заклічкамі-пацешкамі. Лічыцца, што птушкі іх чуюць здалёк, і таму ў дваццатых чыслах сакавіка заўсёды можна пачуць песню-званочак жаўранка.

Жаўранкі, якія прыляцелі 23 сакавіка 1943 года ў лясную вёсачку Хатынь, апалілі крылы полымем палаючых хат і назаўжды страцілі голас, пачуўшы крыкі і стогны людзей, якія зажыва гарэлі ў агні. Яны пасля доўга абміналі тое страшнае пажарышча, на якім не засталося нічога жывога — толькі чорныя коміны і выгаралая бясплодная зямля... Птушкі з’явіліся там пазней — калі коміны адазваліся званамі, калі на зямлі выраслі пасаджаныя кветкі, калі ў Хатыні з’явіліся людзі, якія прыязджаюць паглядзець, запомніць і зрабіць усё, каб жаўранкі напачатку вясны больш не страчвалі голас ад жаху.
Хатынь і сёння, праз столькі гадоў нікога не пакідае раўнадушным. Там пачынаеш разумець, якое гэта шчасце — проста жыць і адчуваць, як пахне абуджаная набрынялая зямля. Пачынаеш усведамляць, што варта цаніць гэта жыццё, якім бы складаным яно ні здавалася, што варта берагчы і любіць людзей, якім лёс прызначыў быць побач з табой. Што фраза “абы не было вайны” — не проста банальнае выслоўе, што ўсякія крызісы, непрыемнасці, неспадзяванкі можна пераадолець і пераЖЫЦЬ, калі на тваёй зямлі няма вайны.
Прыедзьце на гэтыя выхадныя ў Хатынь. Успомніць усіх, хто там ляжыць, паслухаць жаўранка і адчуць сябе ЖЫВЫМ.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter