“Помні імя сваё”

Можна выбраць хвілінку-другую і прысвяціць яе прыемным успамінам пра юнацтва, першае каханне, сваіх родных. Паспрабаваць знайсці нумары тэлефонаў  ці звярнуцца па дапамогу ў пошуках на сумесны праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё”.  А затым прызначыць жаданую сустрэчу.

Можна выбраць хвілінку-другую і прысвяціць яе прыемным успамінам пра юнацтва, першае каханне, сваіх родных. Паспрабаваць знайсці нумары тэлефонаў  ці звярнуцца па дапамогу ў пошуках на сумесны праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё”.  А затым прызначыць жаданую сустрэчу.

Са слязамі на вачах
Ніна Георгіеўна Бурэнь з Полацка з 1995 года не мела звестак пра брата Аляксея Ягоравіча Гамзюка, які жыў у Новасібірску (Расія). Яна звярталася ва ўпраўленне ўнутраных спраў гэтага горада і атрымала адказ, што брат з жонкай Ганнай Іванаўнай у 2000 годзе выехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Томскую вобласць. З дэпартамента па культуры Томскай вобласці Расіі паведамілі звесткі пра родных Ніны Георгіеўны, якія накіраваны ёй пісьмом.
Мінчанка Яніна Іосіфаўна Календа шукала былога аднакурсніка Уладзіміра Станіслававіча Бардашэвіча, разам з якім вучылася ў Горацкай сельгасакадэміі. Яны сябравалі, дапамагалі адно аднаму і былі шчаслівыя. У.С. Бардашэвіч знайшоўся, і сябры маладосці ўжо размаўлялі па тэлефоне.
Горкае рэха вайны
“Я, Ларыса Яфімаўна Морская, -- ураджэнка горада Пераяслаў-Хмяльніцкі Кіеўскай вобласці (Украіна). Мой бацька Яфім Карлавіч МОРСКІ (Марскі), ураджэнец таго ж горада, прапаў без вестак у лістападзе 1943 года каля вёскі Качарова, за семнаццаць кіламетраў ад горада Карастышаў Жытомірскай вобласці. Можа, ёсць інфармацыя пра майго бацьку ці з’явіліся добраахвотнікі ва Украіне?”
“Мой дзядзька Аляксандр Сяргеевіч ШАРЭВІЧ, прыкладна 1908--1910 года нараджэння, ураджэнец вёскі Вікторынская Рудня Буда-Кашалёўскага раёна, да вайны закончыў ваеннае вучылішча. Загінуў у 1944 годзе пры вызваленні Беларусі, недзе на правым беразе Дняпра. Ігнат Мікалаевіч Шарэвіч, Калінкавічы”.
“Мой бацька Мікалай Ільіч БУКАЧОЎ, 1907 года нараджэння, ураджэнец вёскі Першыя Навасёлкі Магілёўскага раёна. Перад пачаткам вайны яго забралі на палявыя зборы. У 1943-м сям’і паведамілі, што бацька загінуў пад Сталінградам. А ў Магілёўскім ваенкамаце далі даведку, што ён прапаў без вестак у 1944 годзе. Галіна Мікалаеўна Мартыненка (Букачова), Магілёў”.
“Шукаю бацьку Леаніда Васільевіча ТКАЧОВА, 1917 года нараджэння, ураджэнца вёскі Лужкі Рагачоўскага раёна. У 1939-м наша сям’я пераехала ў суседнюю вёску Красніца, адкуль бацька і быў прызваны ў 1941 годзе. Прыслаў адзін ліст з Беластока, з паметкай “Асовен, аэрадром”. Атрымалі даведку, што бацька прапаў без вестак у маі 1944-га. Галіна Леанідаўна Розум (Ткачова), Мінск”.
“Шукаю месца пахавання бацькі Міхаіла Васільевіча ЗАБРОДСКАГА. Да вайны наша сям’я жыла ў Мар’інай Горцы. Бацька пасля заканчэння Горацкай сельгасакадэміі быў накіраваны на работу ў Мар’інагорскі тэхнікум. Калі пачалася вайна, разам са студэнтамі і выкладчыкамі ён пайшоў у партызанскі атрад імя Камсамола. Загінуў вясной 1944 года. Кацярына Міхайлаўна Лебедзева, Мінск”.
“Хачу ведаць, ці ёсць у спісах перапахаваных на савецкіх вайсковых могілках у горадзе Бранева Эльблонгскага (зараз Вармінска-Мазурскае) ваяводства (Польшча) імя дзядзькі Васіля Яфімавіча ВУСА, ураджэнца вёскі Дубкі. Яго забілі 15 сакавіка 1945 года. Адразу быў пахаваны ў брацкай магіле Брандэнбургскага раёна Кёнігсбергскай акругі (Усходняя Прусія). Пасля вайны гэта тэрыторыя адышла да Расіі, а воінаў з брацкай магілы перапахавалі. Валянціна Міхайлаўна Рыдлеўская, Віцебск”.
“Мой бацька Іван Прохаравіч ДОЎЖЫК, 1908 года нараджэння, ураджэнец  Васілевіцкага (зараз Рэчыцкага) раёна, да вайны працаваў ў Смалявіцкім раёне на торфазаводзе “Чырвоны Сцяг”. У 1941-м накіраваны на фронт. Са Шклоўскага ваенкамата прыйшло паведамленне, што ў жніўні 1943 года ён прапаў без вестак. А праз некаторы час яшчэ адно, што прапаў у верасні 1944-га. Валянціна Іванаўна Доўжык (Касачова), Аршанскі раён”.
“Мая маці Кацярына Ціханаўна Бода, ураджэнка вёскі Прусы Старадарожскага раёна, нічога не ведае пра свайго брата Піліпа Ціханавіча БРАТЧЭНЮ, 1920 года нараджэння. У 1940-м яго прызвалі на тэрміновую службу. Быў сувязістам у Ленінградзе. Пачалася вайна. Вестак ад яго не было. Таксама маці просіць знайсці магілу свайго другога брата Івана Ціханавіча БРАТЧЭНІ, 1922 года нараджэння, які загінуў пад Баранавічамі. Галіна Аляксандраўна Жуковец, Старадарожскі раён”.
“Мой дзядзька Аляксандр Мікалаевіч ГОЛЯС нарадзіўся ў 1909 годзе ў горадзе Рэчыца. Служыў у Чырвонай Арміі, быў памочнікам начальніка штаба 164-га артылерыйскага палка 2-й стралковай дывізіі 10-й арміі. Перад вайной полк, у якім служыў дзядзька, знаходзіўся ў населеным пункце Кнышын на Беласточчыне. Калі напалі фашысты, ён развітаўся з маці, жонкай і сынам, пабег у штаб. З архіва мы атрымалі паведамленне, што ў чэрвені 1941 года ён прапаў без вестак. Невядома, што сталася з яго жонкай Аляксандрай Голяс-Акулавай і сынам Уладзіславам. Юрый Мікалаевіч Голяс, Мінск”.
Прапалі ці выжылі?
“Па просьбе сваёй стрыечнай сястры Тамары Антонаўны Кухарэнкі (Кушняровай) шукаю дзядзьку Антона Іванавіча КУШНЯРОВА, 1912 года нараджэння, ураджэнца вёскі Чарапы Шклоўскага раёна. У 1939--1940 годзе ён паехаў на заробкі ў Мурманск. Працаваў на рыбным заводзе. Адтуль і пайшоў на вайну. У 1941-м родныя атрымалі паведамленне, што ён прапаў без вестак. А пазней яго сыну ў архіве выдалі даведку, што бацька памёр у палоне. Сусед дзесьці ў 1980 годзе сустрэў Антона Іванавіча ў электрычцы Мінск--Дзяржынск, размаўляў з ім. Той выйшаў на прыпынку паблізу Дзяржынска. Пазней яго бачылі каля гэтага горада. Дачка і сын ездзілі, шукалі, але безвынікова. Можа, іх бацька змяніў прозвішча і жыве зараз дзе? Ці засталіся яго дзеці, унукі? Зінаіда Дзмітрыеўна Краўцова, Магілёў”.
“Іосіф Вікенцьевіч ЛАПАТКА, прыкладна 1913--1914 года нараджэння, ураджэнец вёскі Слабодка Пліскага раёна Полацкай вобласці (зараз Бабруйскі раён Магілёўскай). У 1937 годзе ажаніўся з Марыяй Аляксееўнай Валасевіч. Да вайны жылі ў яго бацькоў у Слабодцы. У гады акупацыі Марыю забралі немцы ў Германію. Яна вярнулася толькі ў верасні 1945 года. Іосіф з сакавіка 1943-га да ліпеня 1944-га быў у партызанах, у атрадзе “Камсамолец” брыгады імя Суворава. Потым пайшоў у рады Чырвонай Арміі. Быў стралком 1190-га палка. Ваяваў у Прыбалтыцы. У студзені 1945 года прапаў без вестак. У кастрычніку Марыя атрымала ліст ад франтавога таварыша Іосіфа. Ён пісаў, што перад апошнім боем яны з сябрам паабяцалі адзін аднаму: калі хто з іх застанецца жывы, а другі загіне, то паведаміць пра смерць родным. Але прасіў не губляць надзеі, бо Іосіфа сярод забітых не знайшлі. Марыя чакала свайго мужа да апошніх дзён жыцця. Думала, што ён паранены трапіў у палон, а потым, баючыся рэпрэсій, стаў жыць далёка ад радзімы.  Хацелася б і нам паверыць у гэта. Калі Іосіф на самай справе выжыў, можа, у яго былі дзеці, унукі? Леанарда Браніславаўна Штуро,  Глыбокае”.
Блізкія людзі
Валянціна Іванаўна Доўжык (Касачова) з Аршанскага раёна шукае сваю стрыечную сястру Марыю ДОЎЖЫК (прозвішча дзявочае), 1938 ці 1939 года нараджэння. “Я ў 1957--1958 годзе жыла ў горадзе Васілевічы Гомельскай вобласці.  Маці Марыі памерла, а бацька пайшоў да іншай жанчыны. У тым горадзе жыла таксама яе цётка па лініі маці  Вера Прохараўна, якая працавала ў царкве. Дакладны адрас Марыі згубіўся, і я страціла сувязь з сястрой. Хачу таксама знайсці стрыечнага брата Віктара Юзафавіча ЖАНДЗІНСКАГА, 1941 года нараджэння. Да вайны ён з бацькамі і братам Лёдзікам жыў у Брэсце. Аднойчы фашысты забралі яго маці, бо была жонкай вайскоўца, і расстралялі. Перад выхадам яна аддала хлопчыка суседцы. Пасля вайны Лёдзік шукаў брата. Звяртаўся да суседкі, але тая не прызналася, дзе Віктар. Аднавяскоўцы расказвалі, што яна выхоўвае дзіця. Так і страцілася сувязь паміж роднымі. Лёдзік памёр, а я працягваю пошук брата. Магчыма, дапаможа фота бацькоў Віктара”. 
“Прашу адгукнуцца стрыечнага брата Ігара Віктаравіча ПАЗДЗЕЕВА ці яго сына Андрэя, прыкладна 1983 года нараджэння. Яны раней жылі ў Маскве каля станцыі Шаша Энтузіястаў. Ігар працаваў на аўтазаводзе інжынерам. Уладзімір Барысавіч Паздзееў, Мінск”.
“Хачу знайсці свайго хроснага бацьку Уладзіміра Малахавіча ПЕРАМОТАВА, 1933 года нараджэння. У 1980-м мы бачыліся з ім апошні раз. Ён жыў у той час у горадзе Анадыр Магаданскай вобласці. Любоў Пятроўна Лаўрэнава, Паставы”. 
 “Восем гадоў таму мы прыехалі на пастаяннае месца жыхарства ў Беларусь. Наша ўнучка Марына Эдуардаўна КІРЫЧЭНКА, 1990 года нараджэння, ураджэнка горада Белазёрскае Данецкай вобласці (Украіна). Жыла там разам з бацькамі Зінаідай Сяргееўнай Кірычэнка і Эдуардам Мікалаевічам Пісанкам і бабуляй Маргарытай Андрэеўнай Кірычэнка. Пасля нашага пераезду сувязь з унучкай абарвалася. Лідзія Міхайлаўна і Мікалай Іванавіч Пісанкі, Бярозаўскі раён”.
“Шукаю пляменніцу, дачку брата Яніну Антонаўну ВІТКОЎСКУЮ (прозвішча дзявочае), 1958--1960 года нараджэння. Яна раней жыла ў Баранавічах. Я звярталася паўсюль. Адказ адзін: адрасат выбыў. Лідзія Аляксандраўна Віткоўская, Барысаўскі раён”.
“Мой сын Валянцін Іванавіч СКОРЫН, 1961 года нараджэння, служыў у арміі ў горадзе Находка Прыморскага краю, вайсковая часць №70053Б. Пасля службы застаўся  працаваць у горадзе, быў вахцёрам у інтэрнаце. Жыў у Находцы на кватэры ў Пятра Паўлавіча Камінскага. Нейкім чынам ён згубіў усе дакументы. З 1998 года пра яго нічога невядома. Аляксандра Сцяпанаўна Скорына, Пінскі раён”.
“Прашу адгукнуцца мужа маёй стрыечнай сястры Веранікі Феліксаўны ГОЛУБ (Корзан) і яе дачку, якія жывуць у Оршы. У мяне ёсць звесткі пра іх роднага чалавека. Уладзімір Антонавіч Корзан, Шаркоўшчына”.
“Мая стрыечная сястра Марыя Сямёнаўна МЕЛЬНІКАВА (Джулева), 1929 года нараджэння, да вайны жыла ў вёсцы Гунчанкі Суражскага раёна Віцебскай вобласці. Пасля перамогі аказалася ў Запарожжы, ва Украіне. Там жыў яе брат Васіль. Пазней памерла іх маці Ульяна. Праз некаторы час Марыя выйшла замуж, але яе муж памёр. У 1996 годзе прыязджала ў пасёлак Сураж. Пасля пра яе нічога невядома. Ніна Міхайлаўна Іванова, Віцебскі раён”.
Дарагія сябры
Мінчанін Анатоль Міхайлавіч Яскевіч шукае сябра юнацтва, з якім у 1956--1957 гадах працавалі на будоўлі ля Камсамольскага возера ў сталічным будтрэсце №4. Павел Васільевіч ШЧАЛОК, 1938 года нараджэння, ураджэнец Гродзенскай вобласці. У першыя дні лістапада 1957 года Павел Васільевіч пайшоў на тэрміновую службу. Служыць яму давялося ў Падмаскоўі, горадзе Ступіна. Пасля заканчэння тэрміну застаўся жыць у вёсцы Кашыра ці Старое Кашыра Маскоўскай вобласці. Перапіска паміж сябрамі працягвалася да 1962--1963 года.
“Мой сябар дзяцінства і школьных гадоў Віктар Браніслававіч ПАНЯТОЎСКІ, 1937 года нараджэння, жыў у пасёлку Дойнічава Бабруйскага раёна. Пасля заканчэння шасці класаў Камінтэрнаўскай школы паехаў з бацькамі ў Молатаўскую (зараз Пермскую) вобласць. З таго часу мы з ім не бачыліся. Я больш за трыццаць гадоў адсутнічаў у родных мясцінах. Калі прыехаў на малую радзіму, мне сказалі, што Віктар наведваў яе. Быў ён у званні капітана-артылерыста. Хачу ўбачыць сябра, пагаварыць з ім. Аляксандр Іванавіч Шпілеўскі, Бабруйск”. 
“У 1980-м я была накіравана на працу настаўніцай пачатковых класаў у адну са школ Бабруйска. Са сваім мужам Яўгенам Іванавічам Касачовым, афіцэрам Савецкай Арміі, туды прыехала Ірына Браніславаўна КАСАЧОВА. Я працавала ў падрыхтоўчым класе, а яна ў другой палове дня была выхавальніцай гэтых дзетак. Мы пасябравалі. Праз год я выйшла замуж за сябра свайго дзяцінства з Капыльскага раёна. Так сталася, што зацяжарылі мы з Ірынай амаль адначасова. У дэкрэтны водпуск я паехала да сваёй матулі, а муж Валянцін у той час быў яшчэ студэнтам. З Ірынай мы перапісваліся. 25 ліпеня 1982 года я нарадзіла сына Мікалая, а Ірына 2 жніўня -- дачку Вікторыю. Мужа сяброўкі накіравалі на службу ў Чэхаславакію. Яны паехалі туды прыкладна ў 1984 годзе. У гэты час я нарадзіла дачку Вікторыю (назвала тым жа імем, што і ў дачкі  Ірыны). Сяброўка з-за мяжы прыслала для дзяўчынкі дэфіцытныя тады рэчы: паўзункі, касцюмчыкі і іншае. Дэкрэтны водпуск па доглядзе дзяцей скончыўся, і мы  вярнуліся ў Бабруйск, дзе стаялі ў чарзе на атрыманне кватэры. Вось у такі цяжкі час, калі не было свайго жылля, муж шукаў працу, цяжкія абставіны складваліся на маёй працы, бо дзеці часта хварэлі, пераездаў з кватэры на кватэру, я і згубіла сувязь з сяброўкай. І ўжо на працягу многіх гадоў хачу знайсці яе, даведацца, як жыве, кім сталі яе дзеці (у Касачовых нарадзіўся яшчэ сын Валерый), абняць яе і расказаць пра сваё жыццё. Шукала іх у  Гомелі, дзе жылі бацькі мужа Ірыны (туды, як сказалі знаёмыя, Касачовы маглі пераехаць, калі Яўген закончыў вайсковую службу), але безвынікова. Наталля Віктараўна Мыслівец, Бабруйск”.
Пазнаёміліся на танцах
“Шукаю сяброўку маладосці Веру Мікалаеўну КУРАЧКІНУ, 1948 года нараджэння. Мы пазнаёміліся ў Валожыне на танцах. Я вучыўся ў інстытуце і прыехаў туды на  канікулы. Вера была навучэнкай прафесійна-тэхнічнага вучылішча ў Мінску, марыла аб прафесіі будаўніка, у Валожыне праходзіла практыку. Гэта была прыгожая, добразычлівая, сціплая дзяўчына, якая пакінула ў маёй душы незабыўнае ўражанне. Але, як кажуць, шляхі нашы разышліся. У канцы жніўня я паехаў у свой інстытут, а Вера засталася яшчэ ў ПМК на практыцы. Спачатку мы перапісваліся, а потым страцілі сувязь. Вінаватым у нашым расстанні лічу сябе і шкадую, што мы не разам. Іван Мікалаевіч Смольскі, Чачэрскі раён”.
Аднакласнікі, аднакурснікі
“Да вас звяртаюцца выпускнікі 1959 года СШ №1  пасёлка Багушэўск Сенненскага раёна. Шукаем былых аднакласнікаў Соф’ю Якаўлеўну ГЕНІНУ, Антаніну Дзмітрыеўну МАНДРЫК, Віктара КАЗЛОВА і Віктара ЦЯСТОВА, Івана ІВУСА і Соф’ю БАГДАНАВУ, Яўгенію ЛЯПЛЕНКА і Валянціну ГУСЕВУ. Чакаем любімых настаўнікаў Ніну Рыгораўну Лукашову, Валянціну Кірылаўну Шлык, Дзіяну Кірылаўну Цярэню. Сустрэча адбудзецца 8 жніўня каля таго месца, дзе раней была школа. Ад імя ўсіх Валянціна Рыгораўна Шлыкава з пасёлка Віцьба і Ганна Андрэеўна Лявонава з пасёлка Багушэўск”.
“Паўстагоддзя таму мы закончылі кармянскую СШ № 1. Я ўсіх памятаю, але, як склаўся лёс у многіх, не ведаю. Шлю прывітанне з нашай маладосці Надзі ЧУМАКОВАЙ, Валянціну ДУБРОЎСКАМУ, Мікалаю КАСЦЮКОВУ, Мікалаю ШВЕДАВУ, Валянціне КАРАТКЕВІЧ, Вользе ШЛЕГ, Шуры ХАРЫТОНЕНКА... Таццяна Караткевіч, Магілёў”.
 “У сярэдзіне ці другой палове жніўня мы плануем правесці сустрэчу з нагоды 50-годдзя заканчэння эканамічнага факультэта Беларускай сельгасакадэміі. І не можам знайсці Надзею БАЛБАТОВІЧ, Яўгенію ГЛЕБАВУ, Людмілу ЛОРЧАНКА, Леаніда МІТРАФАНАВА, Веру ГАРАЎЦОВУ-МАРЧАНКА, ЖУКАВЫХ, Соню ГОРДЗІНУ, Лену ФРЭЙДЛІНУ і іншых. Аляксандра Васільеўна Шараева, Лёзна”.

Радыёпраграма “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю ў 18.00 і ў сераду ў 21 гадзіну.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter