"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Пра лёс сваёй сяброўкi Антанiны Славiнскай прасiла нас даведацца пастаянная падпiсчыца “НГ” жыхарка Мiнска Марыя Фiлiпаўна Трыбухоўская (дзявочае прозвiшча Яско). Яны разам хадзiлi ў школу ў горадзе Лепелi, сябравалi. Не бачылiся больш за 40 гадоў. У рэдакцыю патэлефанавала ўзрушаная Антанiна Васiльеўна Навiцкая (Славiнская) са Стоўбцаў. Яна таксама хоча сустрэцца з сяброўкай, бо ўвесь гэты час памятала яе. Ведала, што жыве ў Мiнску, але дакладнага адраса не было. Пра вынiк пошукаў мы паведамiлi Марыi Фiлiпаўне, якая вельмi ўзрадавалася i запэўнiла, што абавязкова запросiць нас на доўгачаканую сустрэчу.

Чакаюць эканамiстаЎ
Кандыдат эканамiчных навук, дацэнт Аляксандр Васiльевiч Ахрамовiч узначальвае клуб “Эканамiст”, якi створаны пры Беларускiм дзяржаўным эканамiчным унiверсiтэце i аб’ядноўвае людзей гэтай прафесii. Ён расказаў нашым калегам з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, што яны ладзяць сустрэчы выпускнiкоў, якiя закончылi унiверсiтэт 50 гадоў таму. 16 чэрвеня ў Мiнску на вулiцы Свярдлова, 7 (актавая зала БДЭУ) чакаюць выпускнiкоў 1957 года. Кантактныя тэлефоны ў Мiнску: 288-06-08, 248-67-91.

Гiсторыя адной сям’i
“Я, Марыя Рыгораўна Папянкова, шукаю сястру Вольгу Рыгораўну МАКАРАНКУ (Папянкову), 1912 года нараджэння, а таксама яе дзяцей: сына Мiкалая Андрэевiча МАКАРАНКУ (на пачатку вайны яму было прыкладна тры гады) i дачку Таццяну Андрэеўну, якой тады быў годзiк. У 1940-м сям’я па вярбоўцы паехала ў Архангельскую вобласць. Калi пачалася вайна, муж сястры Андрэй Навумавiч Макаранка, 1913 года нараджэння, пайшоў на фронт i прапаў без вестак. З таго часу нiчога не ведаю пра лёс сястры i яе дзяцей. Пасля вайны нашы бацькi, сястра Праскоўя i я з Бранскай вобласцi прыехалi жыць у Ваўкавыск. Можа, адгукнуцца людзi, якiя жылi побач з сястрой у Архангельску, можа, хто ведае яе дзетак? Звяртаемся i да ветэранаў Вялiкай Айчыннай: калi хто ваяваў разам з Андрэем Навумавiчам Макаранкам, паведамiце”.

Без бацькоЎ i родных
“Дапамажыце знайсцi маiх родных. Маму маю завуць Iнэса Харбiртаўна КЛЕЙНЦ. Iнга — цыганка, жыве ў Рызе. Мае дзядзькi Агiс i Вiлыс БУРКЕВIЧЫ, а таксама цётка Нюша жывуць, здаецца, у горадзе Вiдзы цi, можа, у iншым месцы. Па волi лёсу я маленькай трапiла ў дом дзiцяцi, што ў Лiдзе. Разам са мной там апынуўся i мой брацiк Жан Арлоўскi. Калi мацi прыехала па нас, то бацька сказаў, што сына яна можа забраць, а дачка няхай застаецца ў Беларусi. Жыву я ў доме-iнтэрнаце ў Аршанскiм раёне. Анжалiка Аляксандраўна Страх”.

Гора мацi
“Дапамажыце знайсцi сына Iгара Мiкалаевiча СЯМКОВА, 1965 года нараджэння, якi ў вераснi 2004-га з Пiнскага раёна паехаў на працу ў Цюменскую вобласць (Новы Урэнгой). Пазванiў, што даехаў нармальна i ўладкаваўся працаваць вадзiцелем. Абяцаў, што 2005 год будзе сустракаць у сямейным коле. Але не прыехаў. Мы занепакоiлiся i патэлефанавалi на працу сына. Нам паведамiлi, што Iгар у камандзiроўцы, а як вернецца — абавязкова патэлефануе дамоў. Сапраўды, праз некаторы час ён адгукнуўся i сказаў, што хутка атрымае грошы i вернецца. Але i да гэтага часу дома яго няма. На нашы тэлефанаваннi на месца працы сына адказалi, што ён разлiчыўся i паехаў, куды — не ведаюць. Юстыння Васiльеўна Сямкова, горад Пiнск”.
“Мой сын Уладзiмiр Анатольевiч ЯКУБОВIЧ, 1955 года нараджэння, 11 лютага 2000 года паехаў на заробкi ў Рэспублiку Саха, горад Ленск. У сакавiку 2001-га прыслаў пiсьмо, а ў жнiўнi патэлефанаваў, паведамiў пра жыццё i працу. Пасля гэтага я некалькi разоў пiсала i тэлефанавала яму, але адказу не атрымала. Паслала два заказныя пiсьмы. Яны вярнулiся з паметкай: сын па такiм адрасе не жыве. Маё сэрца адчувае, што сын жывы, але нехта перашкаджае яму падтрымлiваць сувязь са мной i вярнуцца дамоў. Я хворая, iнвалiд 2-й групы, хачу на схiле гадоў убачыць сына. Дапамажыце ў маiм горы. Надзея Антонаўна Якубовiч, Маладзечанскi раён”.
“Пiша вам Рэня Мiкiтаўна Яфрэменкава з Вiцебска. Ведаю, што шукаеце майго сына Юрачку. У мяне здарылася яшчэ адно вялiкае гора: муж дачкi спалiў маю кватэру, i мне даводзiцца жыць у вёсцы, у старой мамiнай хаце, а мне ўжо больш за 70 гадоў. Сын пра гэта не ведае i дзе яму ведаць, калi невядома, дзе ён сам. Раней Юрый Антонавiч ЯФРЭМЕНКАЎ, 1959 года нараджэння, жыў у горадзе Валгадонску Растоўскай вобласцi”.

Вестачка ад каханага
“Дапамажыце знайсцi каханага чалавека Мiкалая Iванавiча ХАТКЕВIЧА. Раней ён жыў у Быхаўскiм раёне, а потым паехаў адтуль, быццам бы ў Цюменскую вобласць. Вельмi хочацца сустрэцца з iм, пагаварыць, абмеркаваць наша жыццё i справы. Не хачу разбiваць сям’ю, мы ўжо ў сталым узросце, маем унукаў. Проста цiкава даведацца, як склаўся лёс, можа, i яму зараз нялёгка, i ён хоча сустрэчы. Раней мы жылi непадалёку, ведалi сем’i адзiн аднаго, бацькоў, родных. Цiкава, цi наведвае Мiкалай сваю вёску, малую, так бы мовiць, радзiму? Чакаю ад яго вестачку. Валянцiна Ягораўна Кавалёва”.

Праз дзесяцiгоддзi
“Даўно жыву ў Мiнску, а родам з Дрыбiнскага раёна. Хачу знайсцi Мiкалая Канстанцiнавiча КРАСНОВА, 1930 года нараджэння. Ведаю, што жыве ён у Ленiнградскай вобласцi. Мiкалай, адгукнiся! Шукаю таксама былых аднавясковак Таццяну Пятроўну i Алену Пятроўну АНТОНАВЫХ, якiя ў 1950 годзе жылi ў Мiнску, а потым паехалi да родных у Днепрапятроўскую вобласць. Валянцiна Iванаўна Казак (Лосева)”.

“Шукаю бацьку Юзэфа Данiлавiча БАЛЫЧА або яго родных. Бацька нарадзiўся ў 1918 годзе ў Львоўскай вобласцi. Потым разам з роднымi пераехаў у Кракаў (Польшча). У пачатку Вялiкай Айчыннай быў прызваны ў польскую армiю, затым служыў ў Чырвонай армii фельчарам батальёна — ёсць пасведчаннi. У 1944-м ён быў пераведзены ў армiю Касцюшкi. Валянцiна Iосiфаўна Сазонава, Магiлёў”.
“Дапамажыце знайсцi братоў мамы. Калi iх няма сярод жывых, дзе пахаваныя. Пётр Мiкалаевiч ГАЙСА, 1915 года нараджэння, у 1937-м быў на тэрмiновай службе ў польскай армii. Праз два гады павiнен быў вярнуцца дадому, але пачалася вайна. Трапiў у палон. Iосiф Мiкалаевiч ГАЙСА, 1917 года нараджэння, у 1939-м быў на тэрмiновай службе ў польскай армii. Пачалася вайна, ён трапiў у палон. Зiнаiда Антонаўна Кузьма, Гродна”.
Данута Iосiфаўна Стульба з Баранавiч пiша, што падчас Вялiкай Айчыннай фашысцкiмi захопнiкамi былi сасланы ў Германiю яе родныя: Iосiф Гаўрылавiч ГРЭБЕНКА (дзядуля), Стэфанiда Iванаўна ГРЭБЕНКА (бабуля), Сяргей Iосiфавiч ГРЭБЕНКА (дзядзька), Iосiф Iосiфавiч ГРЭБЕНКА (бацька). На радзiме засталася толькi мацi Юзэфа Мацвееўна Грэбенка з маленькай Данутай на руках. З таго часу яны нiчога не ведаюць пра родных.

У санiтарным поездзе
“Мой бацька Павел Iосiфавiч МАЦIЕЎСКI, 1907 года нараджэння, быў прызваны на фронт у лiпенi 1944-га Радашковiцкiм райваенкаматам. На развiтанне ён сказаў мацi: “Зося! Калi мяне цяжка параняць i павязуць праз нашы мясцiны ў шпiталь, я дам табе вестачку, калi буду пры памяцi”. У лiстападзе 1944 года на чыгуначнай станцыi Маладзечна спынiўся санiтарны поезд, якi iшоў з Усходняй Прусii. На перон выйшла медсястра, сказала, што яна суправаджае поезд, у якiм знаходзiцца цяжка паранены радавы Павел Iосiфавiч Мацiеўскi, 1907 года нараджэння, родам з гарадскога пасёлка Радашковiчы. Калi ёсць хто з родных, блiзкiх, знаёмых, можа аддаць яго. На вакзале ў той час была далёкая сваячка Ганна Лаўроўская, якая разгубiлася. Праз некалькi хвiлiн поезд пайшоў у кiрунку на Мiнск. Медсястра выходзiла на станцыях Радашковiчы, Заслаўе i аб’яўляла тое, што i ў Маладзечне. Былi сведкi, якiя бачылi гэта, чулi i перадалi потым маме. Цяжка параненага салдата павезлi далей, а ён быў так блiзка, амаль дома. 26 лiстапада 1946 года прыйшло паведамленне, што 12 лiстапада 1944 года наш бацька памёр ад ран i месца пахавання яго невядома. Дзе яго закапалi, дзе магiла бацькi? Людзi добрыя! Можа, хто памятае гэты выпадак, ехаў у адным поездзе з нашым бацькам, служыў з iм, ведае, чуў, бачыў, паведамiце. Шмат гадоў мiнула, але боль ад страты дарагога чалавека не праходзiць. Марыя Паўлаўна Закружная-Мацiеўская, Маладзечна”.

Сумую па іх
“Да вайны я жыла ў вёсцы Лебядзёўка Слаўгарадскага раёна. Па суседству жылi Нiна i Марыя АНIСЬКАЎЦОВЫ (на фота). Яны мне вельмi дарагiя. У вайну наш дом згарэў. Карову забралi немцы. А нас было чацвёра: мацi, я i брацiкi 8 i 6 гадоў. Мы галадалi, хадзiлi абарваныя. Яны прынялi нас у сваю сям’ю, як родных. Памятаю, як iх мацi кожны дзень давала нам малачка. Мiж тым, у вёсцы ў нас былi родзiчы, але нiхто i не падумаў прыняць пагарэльцаў. Адразу пасля вайны iх мацi Ксенiя памерла, а потым i бацька Фёдар. Дзецi паехалi з вёскi ў горад, куды — не ведаю. Я з’ехала з вёскi раней, у 1948-м. Даведаўшыся мой адрас, яны прыслалi мне ў 1957 годзе ў Бабруйск пiсьмо i фота са станцыi Палюшная. Тады якраз у мяне было двое малых дзяцей, дома iшла будоўля i адрас згубiўся. Так перарвалася наша перапiска. Колькi жыву, столькi сумую па iх. Мне 85 гадоў, хаджу на мылiцах, паехаць нiкуды не магу. Калi яны знойдуцца, няхай прыязджаюць да мяне, пiшуць, тэлефануюць. Iрына Аляксееўна Кiпель (Фёдарава), Бабруйск”.

На тэрыторыi Польшчы
“Бацька загiнуў у час вайны на фронце. Мацi памерла. Мы з сястрой трапiлi ў дзiцячы дом. Я нават не ведаю дакладна, у якi дзень i год я нарадзiўся. Як запiсалi ў дзiцячым доме, з тым i жыву. Аднойчы вырашыў шукаць, дзе загiнуў i пахаваны бацька. Пiсаў у Светлагорскi ваенкамат. У той час вёска Кiцень, дзе я нарадзiўся, была ў Светлагорскiм раёне, зараз у Жлобiнскiм. Атрымаў даведку, у якой прозвiшча бацькi напiсана Саманенка, Фядос Сямёнавiч САМАНЕНКА. Упамiнаецца ў ёй i наша мацi Марыя Паўлаўна Саманенка. Нас жа з сястрой у дзiцячым доме запiсалi Сiманенкi. З даведкi вядома, што бацька загiнуў на тэрыторыi Польшчы. Вы зачытвалi i друкавалi iмёны i прозвiшчы салдат, якiя палеглi на польскай зямлi ў гады Вялiкай Айчыннай. Можа, сярод iх ёсць i наш бацька? Мiкалай Фёдаравiч Сiманенка, горад Бабруйск”.
Мы яшчэ раз прагледзiм узгаданыя спiсы i абавязкова паведамiм пра вынiкi.

Па прозвiшчы Пянчук
Мiкалай Леанiдавiч Пянчук з Кiева адшуквае ў Беларусi людзей з аднолькавым проз-вiшчам. Ён хоча знайсцi сяброў цi нават родных. Бацька яго Леанiд Дзмiтрыевiч (Мiкiтавiч) Пянчук памёр у 1988 годзе, а дзед Дзмiтрый (цi Мiкiта) Сiдаравiч (Iванавiч) Пянчук прапаў без вестак у 1945-м на фронце.

Маргiта з Германii
Таццяна Мiкалаеўна Нiкiцiна (Жаркова) шукае Маргiту ТОЙХЕРТ (Вiнклер). “Яна нарадзiлася 19 сакавiка 1955 года ў Ельстэрвердзе (Германiя). Я з Маргiтай вучылася ў тэхналагiчным iнстытуце харчовай прамысловасцi ў Маскве (1973—1978 гг.), яна добра размаўляла па-руску. Пасля вучобы Маргiта вярнулася ў Германiю, а я па размеркаваннi паехала ў Мiнск. Мы перапiсвалiся некаторы час. Я нават ездзiла да яе ў госцi ў Германiю (у 1979 i 1983 гадах). Маргiта была замужам за Людвiгам Тойхертам, ён нарадзiўся ў Хоенштайн-Ернштале (так у электронным лiсце). У 1994 годзе Маргiта з мужам прадалi кватэру ў Берлiне i пераехалi ў прыгарад. Я некалькi разоў спрабавала аднавiць сувязь, аднак пiсьмы вярталicя без адказу. Магчыма, я няправiльна пазначыла iх адрас. Спадзяюся на дапамогу жыхароў Германii”.

Аднакласнiкi, аднакласнiцы
“Я вырашыў знайсцi выпускнiкоў 10-га класа Верхменскай школы 1951 года выпуску, каб гэтай вясной сустрэцца. Нас было шаснаццаць.
Пяцярых былых аднакласнiкаў, на жаль, няма сярод жывых. Шэсць чалавек я знайшоў, а траiх не атрымлiваецца. Не ведаю, дзе знаходзiцца Мiхаiл Мiкалаевiч КОПАЦЬ, прыблiзна 1932 года нараджэння. Па прафесii ён зубапратэзiст, да нядаўняга часу жыў у Лiдскiм раёне. Хачу, каб адгукнулася Галiна Вiктараўна ПЯРШАЙ (прозвiшча дзявочае). Яна закончыла Мiнскi iнстытут фiзкультуры, працавала ў Слуцку. Спадзяюся, пашанцуе знайсцi i Галiну Анатольеўну САЛАГУБАВУ, якая таксама закончыла Мiнскi iнстытут фiзкультуры i, як мне сказалi, жыве ў Казахстане. Нарадзiлiся i жылi мае аднакласнiкi ў Смалявiцкiм раёне, прыгожым краi на Мiншчыне. Фелiкс Iванавiч Патаповiч, Жодзiна”.

Яны выратавалi мяне
“Я былая партызанка. Аднойчы, у час вайны наша група выехала з Налiбоцкай пушчы на баявое заданне. У дарозе прыйшлося заначаваць. У тую ноч фашысты раптам напалi на спячых партызан i пабiлi iх, некаторых узялi ў палон. Я забегла ў маленькую хатку. Там у ложку ляжаў хворы i каля яго стаялi дзве дзяўчынкi, гадкоў па восем. Яны сталi прасiць хворага бацьку: “Татачка! Скажы, што яна наша”. Немцы i палiцаi зайшлi ў хату i пачалi бiць мяне. Чалавек у ложку пачаў прасiць, каб адпусцiлi, сказаў, што я — пляменнiца, даглядаю яго, хворага. Так я засталася жывая. Даўно хачу знайсцi дзяўчынак, якiя выратавалi мяне, i падзякаваць iм. Яны, канешне, сталыя жанчыны i, напэўна, памятаюць гэту гiсторыю. Вёска, у якой яны тады жылi, называлася Пярхурава. Станiслава Iгнатаўна Болдзiна, Мiнск”.


Адгукнiся!
Станiслава Фёдараўна Казачонак шукае Марыю Васiльеўну СТРЫЖЭВIЧ, з якой разам працавала ў Круглянскай школе-iнтэрнаце. Калега пераехала ў Мiнск. “У мяне доўгi час вельмi хварэў муж, таму я не магла часта падтрымлiваць сувязь з Марыяй. Прайшло ўжо шмат гадоў, i я хачу даведацца, як склаўся лёс сяброўкi”.

Вырвала з лап смерцi
“У 1940 годзе я быў прызваны ў рады Чырвонай армii, закончыў палкавую школу механiкаў-вадзiцеляў. Неўзабаве пачалася вайна. Успамiнаю адзiн бой, жорсткi, кровапралiтны. Мой танк падбiлi фашысты. Я выскачыў з палаючай машыны i пабег да траншэi. У гэты момант выстралiў нямецкi снайпер. Куля трапiла мне ў жывот. Непрытомны, я звалiўся ў траншэю. Моцна бiла артылерыя, непадалёку разарваўся снарад, i ў дадатак мяне яшчэ паранiла ў нагу i засыпала зямлёй. Праз некаторы час па гэтым месцы прайшлi санiтары, сапёры, падабралi параненых, а я застаўся ляжаць пад абломкамi блiндажа. Мяне знайшоў санiтарны сабака. Ён пачаў выць i цягнуць за сабой санiтарку на тое месца, дзе быў я. Мяне дасталi i адправiлi на лячэнне. Ляжаць у шпiталi доўга не давялося, крыху ачуняў i зноў на фронт. Вызваляў многiя гарады, народы, з баямi дайшоў да Берлiна. Шмат гадоў мiнула, як закончылася вайна. I ўвесь гэты час я вельмi ўдзячны той санiтарцы, дзяўчыне з Казахстана, якая, можна сказаць, вырвала мяне з лап смерцi, дзякуючы якой жыву дагэтуль, а мне ўжо 87 гадоў. Дапамажыце знайсцi дарагога мне чалавека. Напэўна, гэта ўжо сталая жанчына. Завуць яе Соня ТАМАЗЛЫКАР. Шукаць яе, мяркую, трэба ў Казахстане. Васiль Дзмiтрыевiч Цюнiс, Талачынскi раён”.

Масток у дзяцiнства
“Хачу сустрэцца з сяброўкай дзяцiнства. Мы жылi побач, вучылiся ў адной школе, сядзелi за адной партай. Наша малая радзiма — Валожынскi раён, вёска Галубы. I прозвiшчы нашы з сяброўкай — Галубы. Я Валянцiна Iгнатаўна Галуб (па мужу Пашко). Сяброўка Вера Антонаўна ГАЛУБ (Комлева). Я 1925 года нараджэння, яна — 1926-га”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter